Рымскiя iмпрэсii

Сяргей Абламейка

 

Калi вы перасякаеце аўстрыяцка-iтальянскую мяжу, дык, на першы погляд, мала што мяняецца. Тая самая альпiйская архiтэктура вясковых дамоў, тыя самыя горы, i карункi грандыёзных бэтонных вiядукаў над прорвамi памiж iмi. Але пасьля вы заўважаеце, што памiж рэйкамi на станцыях шчэбень брудны, зь яго вытыркаюцца калiвы пустазельля й невысокага хмызьняку, там-сям валяюцца нейкiя йржавыя жалезiны, i ўвогуле — парадку стала менш. Вы ў Iталii. Я сябе адчуў так, нiбыта зь Нямеччыны ўехаў на тэрыторыю Польшчы.

У купэ iтальянскiх цягнiкоў людзi, дастаўшы цукеркi цi яшчэ якi прысмак, шчыра i з ахвотай частуюць усiх суседзяў. У Чэхii цi Нямеччыне гэта немагчыма, i ты адразу разумееш, наколькi малая розьнiца памiж каталiкамi й праваслаўнымi на ўсходзе й захадзе Эўропы ў параўнаньнi з рацыянальным пратэстанцтвам у ейным цэнтры й на поўначы.

У маiм купэ, якое пасьля перасячэньня мяжы запоўнiлася iтальянцамi цалкам, тры чалавекi дасталi й пачалi чытаць... комiксы. Я ўжо быў наважыўся зрабiць нядобрыя высновы пра iнтэлектуальны ўзровень гэтага народу, як адзiн пасажыр насупраць мяне, даволi iнтэлiгентны з выгляду чалавек, скончыў праглядаць свой сшытак з малюнкамi, адклаў яго, дастаў з партфэля кнiжку й пачаў чытаць. Кнiжка называлася «Нэйрафiзыялёгiя»...

Iтальянцы — ня самы высокi народ у Эўропе.

У iтальянскiх жанчынаў буйныя твары.

Iтальянскiя жанчыны любяць насiць чорныя кальготы.

Дзецi iтальянцаў падобныя да цыганскiх.

У Менску няма столькi аўто, колькi ў Рыме матаролераў i мапэдаў на вулiцах. Тут свой стыль i свая мода, свая выкшталцонасьць i свая прэтэнзiя. Ёсьць матаролеры, даражэйшыя за нямецкiя аўто. За рулём гэтых паўматацыклаў часта можна бачыць паважных мужчынаў у гарнiтурах i прывабных паненак, апранутых ад Арманi i Вэрсачэ. Здаецца, выхадкi зухаў на матаролерах i мапедах пад час руху на рымскiх вулiцах — гэта й ёсьць адна з праяваў iтальянскага тэмпэрамэнту й iхнага адчуваньня тэмпу. Напэўна, i адзiн з самых распасюджаных тыпаў траўматызму тут — трапляньне пад колы аўта на матаролеры.

У Рыме пад колы аўтаў трэба кiдацца, iнакш яны не дадуць вам перайсьцi вулiцу. Калi вы бачыце некага, хто стаiць i чакае, пакуль аўтаў паменее, каб перайсьцi — гэта замежнiк.

На вулiцах Рыму цi ня кожны трэцi аўтамабiль мае глыбокiя драпiны i ўвагнутасьцi ад сутыкненьняў. Ня ведаю, чаму iтальянцы iх не рамантуюць. Можа дорага, а можа й ня мае сэнсу, улiчваючы поўны хаос i бязладзьдзе на дарогах i няўрымсьлiвы тэмпэрамэнт гэтага паўднёвага народу.

У Рыме больш за 700 храмаў. 400 зь iх — збудаваныя да 17 стагодзьдзя. Многiя дзясяткi — антычнай, часта яшчэ паганскай пабудовы... Прычым, некаторыя зь iх так i не былi адаптаваныя хрысьцiянамi.

У Рыме шмат форумаў i паганскiх храмаў-ратондаў з калёнамi. Клясычных антычных калёнаў — сотнi, калi ня тысячы. Мне падумалася, што каб у нас у Беларусi знайшлi хоць кавалак адной такой калёны... Колькi б гонару было....

Сярод антычных помнiкаў Рыму — сваiмi памерамi й колькасьцю ўражваюць так званыя «тэрмы», iнакш кажучы — лазьнi. Чыстаплотнымi людзьмi былi старажытныя лацiны.

Я лiчыў сябе знаўцам архiтэктурных стыляў. Але тое, што ў Беларусi вiдавочнае, зусiм невiдавочнае ў Рыме. Цэлы квартал цудоўна захаваных шматпавярховых дамоў з чырвонай цэглы ля форумаў Траяна i Аўгуста i грандыёзную квадратную абарончую вежу над iмi я датаваў 12 стагодзьдзем, а яны аказалiся антычнымi...

Некалi рымляны перавезьлi з Эгiпту i ўсталявалi на плошчах гораду 13 фалiчных абэлiскаў, якiя паходзяць з 2 тысячагодзьдзя да н.э. Усе яны сёньня й стаяць на сваiх месцах...

У Рыме я ўпершыню зазнаў, як чалавеку можа зрабiцца блага ад добрых эмоцыяў. Я хадзiў па Вечным Горадзе. Натыкаўся на сьцяне бруднага дому ў брудным завулку на фрэскi Рафаэля, глядзеў на творы Мiкельанджэла ў Саборы Сьвятога Пятра, слухаў шапаценьне вады ля фантанаў, уздымаўся да Капiтолiя й аглядаў з Капiталiйскае выспы Калiзэй, стаяў на мосьце 1 ст. да н. э. i на мосьце 2 ст. н. э., глядзеў зь iх на дзiвосную па колеры ваду ў Тыбры, сядзеў на мармуровай падлозе ў Пантэоне 27 году да н. э. i спрабаваў даўмецца таямнiцы дзiўнай адтулiны ў ягоным купале, мацаў рукамi мазаiкi ў антычных базылiках, брыў па антычнай дарозе, забрукаванай гiганцкiмi абчасанымi з аднаго боку валунамi... i мне ўрэшце рэшт стала блага. Я перастаў успрымаць убачанае i стаў iнакш думаць пра Беларусь. На пераадоленьне шоку спатрэбiлася два днi. Пасьля iх я стаў дазаваць сабе рымскую красу... I ўспомнiў, што я яшчэ й паломнiк.

11 гадоў таму я вучыў у школе дзяцей гiсторыi Старажытнага Рыму i, як высьветлiлася, абсалютна не ўяўляў сабе, колькi ўсяго засталося ад яго ў Рыме сёньняшнiм...

Сабор Сьвятога Пятра — гэта нават не музэй. Гэта — сьвет, прастора, сусьвет. Гэта — найвялiкшы помнiк Iсусу Хрысту, калi-кольвечы ўзьведзены чалавекам. Боскае, храмавае й мастацкае зьлiлося ў iм у фантастычную гармонiю сугучча й суладзьдзя Зямлi й Нябёсаў. Велiч пабудовы, велiч iмёнаў мастакоў, якiя яе стваралi, i велiч Таго, у Чый гонар пастаўлены Храм, змушаюць цябе не зразумець, але самой iстотай адчуць, дзе на зямлi цэнтар Хрысьцiянства... Стоячы ў Саборы й каля яго, ты разумееш, што рукою Рафаэля й Мiкельанджэла вадзiў ня iхны розум, але Боскi Провiд... Экскурсавод завучана паўтарае турыстам: даўжыня Сабору 211 мэтраў, даўжыня цэнтральнага нэфа ўсярэдзiне — 186 мэтраў, унутраная вышыня купалу — 119 мэтраў... i я стаю i думаю, што большы храм ужо нiхто нiколi не пабудуе.

Мне сказалi, што ў Саборы Сьвятога Пятра толькi два маляваныя абразы... Астатняе — мазаiкi...

Катэдральны сабор Рымскiх Папаў — зусiм не Сабор Сьвятога Пятра. Непадалёк ад цэнтру ёсьць базылiка Сан Джаванi — гэта й ёсьць рымская Катэдра. Яна закладзеная ў пачатку 4 стагодзьдзя, а сёньняшнi выгляд набыла ў 1735 годзе. Побач зь ёй — славуты Папскi палац — рэзыдэнцыя Папаў да пачатку 14 стагодзьдзя. Праз пляц ад Катэдры — невялiкая царкоўка Скала Санта. Дзеля яе я сюды й прыйшоў. Тут захоўваецца Сьвятая Лесьвiца. Гэта — сходы з дому Понтыя Пiлата, па якiх арыштаваны Збаўца падняўся да таго, хто загадаў яго ўкрыжаваць... Iх перавезла сюды ў пачатку 4 стагодзьдзя мацi iмпэратара Канстантына — Алена. Сотнi паломнiкаў кожную гадзiну ўздымаюцца на каленях па гэтых сьцёртых i патрэсканых сходах... Узьняўся па iх i я...

Я стаяў i малiўся ля магiлы Сьвятога Апостала Пятра, ля магiлы Сьвятога Апостала Паўла, ля мошчаў Сьвятога Яна Залатавуснага i ля мошчаў Сьвятога Язафата... i думаў, што нiхто з маёй сям’i: анi дзяды, анi прадзеды, анi бацькi — не былi ў гэтых сьвятых месцах, ля гэтых сьвятыняў... i думаў таксама, што й няшмат беларусаў бывае тут, асаблiва з тых, каму рупiць лёс Беларусi... I таму малiўся й за сябе, i за iх, i за яе...

Я хацеў памалiцца ля цудадзейнай скульптуры Сьвятога Апостала Пятра ў Саборы ягонага iмя, але некалькi групаў нямецкiх турыстаў сталi ў даўжэзную чаргу й пачалi «аздараўляцца» дотыкам да сьцёртага за шмат стагодзьдзяў правага ступака Апостала, фатаграфуючы й здымаючы сябе на вiдэа. Я малiўся, назiраючы гэта, турыстаў прыбывала, i каб таксама дакрануцца да Пятра, я мусiў стаць у iх чаргу... Паломнiку ў Рыме цяжка пазбыцца адчуваньня турыста.

Цiкава, цi ведаюць праваслаўныя беларусы, што Сьвяты Апостал славянаў Кiрыл пахаваны ў Рыме ў базылiцы Сьвятога Клiмэнта, i што ягоны брат, Сьвяты Мятод, быў прызначаны Папам архiбiскупам Маравii й пахаваны ў Селеградзе ў Чэхii? Iншымi словамi (i наўмысна спрашчаючы), цi ведаюць праваслаўныя, што iхныя Апосталы былi каталiкамi?

Найбольш нетактоўна ў рымскiх храмах пад час набажэнстваў паводзяць сябе японцы й iншыя турысты-мангалоiды з Азii...

Клiмат Iталii я iлюструю так. Пры 20 градусах цяпла я, чалавек з поўначы, аблiваўся потам, ходзячы ў адной летняй майцы ў канцы кастрычнiка. Iтальянцы пры гэтым былi надзетыя ў курткi й плашчы, з-пад якiх часам выглядалi й швэдры. А ў дзень ад’езду пры 18 градусах па Цэльсiю я сустрэў мурына ў дублёнцы... Усiм адносна...

У Рыме поры дня мяняюцца вельмi хутка. У 18 гадзiнаў —сьветла, а ў 18.15 — ужо цёмна. Тут няма прыцемкаў. Напэўна, гэта таксама вызначае iхны тэмп.

У Рыме, якi аточаны гарамi й стаiць за 20 кiлямэтраў ад мора, надвор’е можа мяняцца два разы на дзень. Калi ранiцай вам горача, дык гэта яшчэ не азначае, што ўвечары вы не закалееце ад холаду. Назаўтра сытуацыя можа паўтарыцца, толькi наадварот, i так да бясконцасьцi. Адзiн рымскi жыхар мне сказаў — холад сыходзiць з гор. У Рыме, у адрозьненьне ад Прагi й Менску, шмат прастытутак-мурынак. Адна зь iх, высокая й прыгожая, мяккiм голасам прапаноўвала мне аддацца асалодзе ў 9 ранiцы на пляцы памiж Папскай калегiяй, якую скончылi выдатныя беларускiя сьвятары, памiж якiх бiскуп Часлаў Сiповiч, i рымскай базылiкай 5 стагодзьдзя Санта Марыя Маджорэ, на алтар якой у 9 стагодзьдзi Сьвятыя Апосталы славянаў Кiрыл i Мятод паклалi толькi што зроблены iмi пераклад Сьвятога Пiсьма на славянскую мову... Наiўная.

У тутэйшых рэстарацыях турысты замаўляюць пiцу нячаста. Напэўна, наелiся ў сваiх краiнах, з аднаго боку. А з другога, яна тут i нясмачная. Пiцу ў Рыме ня любяць. Яе, аказваецца, прыдумалi ў Нэапалi. А ў Рыме ядуць пасту.

Iтальянцы амаль не ядуць супу. На першую страву ў iх — паста (розным спосабам прыгатаваныя макароны). Пасьля ядуць мяса з тушанай гароднiнай. Усё гэта запiваецца вiном. Пасьля мяса ядуць буйна пакрышаную салату й iншую сьвежую зелянiну, дадаючы ў яе вiннага воцату й алею. На дэсэрт у абед —садавiна, а ў вячэру — пудынгi, лёды цi салодкiя пiрагi. I такi парадак захоўваўся ўсюды, дзе мне давялося абедаць цi вячэраць. Сьняданкi ў iх сымбалiчныя. Самая пажыўная ежа —увечары.

Я ў жыцьцi ня выпiў столькi сухога вiна, колькi за гэтыя 10 дзён у Iталii.

У Рыме прадаюцца толькi салодкiя яблыкi. Мая мара. I я думаю, чаму гэта на ўсходзе Эўропы столькi яблыкаў кiслых?

Мне давялося пакаштаваць у Рыме 5-6 гатункаў iтальянскае шынкi, і нiводная зь iх не была вэнджанаю як, напрыклад, у чэхаў. Усе — вяленыя. Як у нас.

Супрацоўнiкi Беларускай Сэкцыi Радыё Ватыкану блытаюць беларускiя словы «сабе» i «сябе».

Малады езуiт-славенец Эшка, зь якiм я пазнаёмiўся ў Рыме, распавёў мне пра славенскую легенду, паводле якой гэты народ прыйшоў на Балканы зь Беларусi. Эшка сказаў, што нядаўна пытаўся пра яе ў прафэсара-гiсторыка зь Любляны, i той легенду пацьвердзiў...

У адным «путеводителе» прачытаў — «церковь римского стиля».

Калi бачыш пэўную занядбанасьць сёньняшняга Рыму i бруд на ягоных вулiцах, няўрымсьлiвы тэмпэрамэнт iтальянцаў i iх невысокi рост, дык агулам здаецца, што iтальянцы — ня самыя лепшыя спадкаемцы старажытных лацiнаў... Бачылiся мне ў iх i рысы старажытных лянгабардаў i вандалаў...

Праваслаўны, якi наведае Рым, можа й ня стане каталiком. Затое каталiк, якi тут пабывае, застанецца каталiком назаўжды.

Прага-Рым-Прага. 21-31 кастрычнiка 1998 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0