ЛIСТЫ Ў РЭДАКЦЫЮ


 

Добры дзень, «Наша Нiва»!

Пiша вам Марозаў Арцём з Барысава. Даруйце, калi ласка, за памылкi, якiя я, можа, дапусьцiў у лiсьце: працэс русiфiкацыi зрабiў сваю чорную справу. Мне 15 гадоў. Газэта ваша мне вельмi падабаецца. Вы ня толькi апiсваеце апазыцыйныя падзеi ў нашай краiне, але й пiшаце на роднай мове, на якую наш народ ужо зусiм забыўся. Мне, як гаворыць мой бацька, далёка да палiтыкi, але ж я разумею становiшча нашае краiны, да якога нас давёў спадар Лукашэнка.

Я чытаю шмат iншых часопiсаў i газэт, але «НН» лепшая ад усiх. Мне вельмi падабаецца ваша iдэя «Дзень без чужога слова». Вядома, лепей бы гучала «Жыцьцё без чужога слова», вось толькi пры цяперашнiм становiшчы ў краiне гэта немагчыма. Я iмкнуся, каб у мяне кожны дзень быў без чужога слова, але гэта не заўжды атрымлiваецца. Мая сям’я гэтаксама мяне не разумее. Але я ўжо пераступiў той бар’ер, якi замiнае гаварыць па-нашаму.

Да пабачэньня!

Арцём Марозаў, Барысаў


 

Шаноўныя спадары!

Чытаючы «Нашу нiву» i зьвяртаючы асаблiвую ўвагу на моўныя пытаньнi, я проста дзiўлюся з таго эмацыйнага, павярхоўнага, iншым разам дылетанцкага i амаль заўсёды запалiтызаванага падыходу, якi нярэдка выяўляюць ня толькi вашы чытачы ў сваiх лiстах, але й самi супрацоўнiкi.

Можна, напрыклад, параўноўваць сучасны беларускi лiтаратурны правапiс з тым, што дзейнiчаў да 1933 году, або з тым, якi выкарыстоўваецца ў вас (чамусьцi вы аб’ядноўваеце два апошнiя варыянты пад адным азначэньнем «тарашкевiца», што некарэктна), але наўрад цi варта процiпастаўляць iх адзiн аднаму так дыямэтральна, як гэта робiце вы. Такое процiпастаўленне проста недарэчнае, бо сучасны правапiс грунтуецца на правапiсе Бранiслава Тарашкевiча i адрозьненьняў памiж iмi значна менш, чым падабенства. Тым больш немэтазгодна на аснове гэтых адрозьненьняў падзяляць беларускую мову на «сапраўдную» i «несапраўдную», «клясычную» i «савецкую», «жывую» i «мёртвую». Беларуская мова адна, пакуль яшчэ трохi жывая, i такi падзел ёй наўрад цi патрэбен.

Вельмi прадузята i аднабакова падаецца ў вашай газэце рэформа беларускага правапiсу 1933 году. Нiбыта гэтая рэформа нi села нi пала была навязаная беларускай мове бальшавiкамi цi «народнымi камiсарамi» (iхны ўдзел чамусьцi асаблiва падкрэсьлiваецца) выключна з мэтай яе русiфiкацыi. Але ж гэта ня так. Патрэба ў рэформе насьпела яшчэ ў сярэдзiне дваццатых гадоў. Iначай навошта было б у 1926 годзе склiкаць Акадэмiчную канфэрэнцыю па рэформе беларускага правапiсу i азбукi? Навошта было б абмяркоўваць на ёй i тое самае адлюстраваньне асымiляцыйнай мяккасьцi на пiсьме, i аканьне зь яканьнем, i правапiс iншамоўных словаў, i iншае?

«Беларуская граматыка для школ» Бранiслава Тарашкевiча была фактычна першай буйной спробай кадыфiкацыi артаграфiчных, марфалягiчных i сынтаксычных нормаў беларускай лiтаратурнай мовы. Наколькi гэтая спроба была ўдалая, сведчыць тое, якую вялiкую ролю адыграла Тарашкевiчава праца ў развiцьцi беларускай мовы, якое значнае месца заняла ў яе гiсторыi. Аднак яна не магла быць бездакорнаю. З гэтым не спрачаўся i сам Тарашкевiч, якi ў прадмове да пятага выданьня свайго падручнiка, што выйшла ў Вiльнi ў 1929 годзе, пiсаў: «Аўтар «Бел. грам. для школ» сам цяпер бачыць дужа выразна цэлую чараду яшчэ спрэчных пытаньняў (у аканьнi, у правапiсе чужаземных словаў i iнш...), бачыць патрэбу i магчымасьць спрашчэньня правапiсу, але не бярэцца праводзiць якiя-колечы паважнейшыя зьмены такiм iндывiдуальна-партызанскiм спосабам, накiдаючы свой праект праз школьны падручнiк. Гэта павяло б толькi да шкоднага хаосу». Мiж тым, менавiта «iндывiдуальна-партызанскiмi» можна назваць дзеяньнi сёньняшнiх заўзятых прыхiльнiкаў новай артаграфiчнай рэформы.

Усе зьмены, праведзеныя ў 1933 годзе, трактуюцца ў «Нашай Нiве» як гвалт над беларускай мовай, калечаньне яе. Аднак большасьць гэтых зьмен зноў жа не была выссана з пальца «народнымi камiсарамi» зьнянацку. Возьмем, напрыклад, такое «краевугольнае» пытаньне, як пазначэньне на пiсьме асымiляцыйнай паляталiзацыi зычных. Хоць мяккi знак зьяўляецца сёньня нечым накшталт «сьвятарнай каровы» для прыхiльнiкаў «тарашкевiцы», трэба зазначыць, што гэтае пытаньне цалкам дыскусiйнае. Такiм яно было i ў дваццатыя гады. Так, на Акадэмiчнай канфэрэнцыi 1926 году адмовiцца ад вышэйназванага пазначэньня прапаноўвалi Язэп Лёсiк, Вацлаў Ластоўскi, якiх нiяк не залiчыш да «русiфiкатараў». Праўда, большасьць удзельнiкаў канфэрэнцыi не падтрымалi гэтых прапановаў. Аднак у працэсе далейшай працы над праектам артаграфiчных зьменаў створаная пры Iнстытуце беларускай культуры правапiсная камiсiя, у якую ўваходзiлi Лёсiк, Ластоўскi, Пётр Бузук, Янка Купала й iншыя, прыняла ўсё ж рашэньне асымiляцыйнай мяккасьцi на пiсьме не перадаваць. Для такога рашэньня былi й ёсьць пэўныя тэарэтычныя й практычныя падставы. Па-першае, яно разьвiвала вызначаную Тарашкевiчам дыфэрэнцыяцыю двух асноўных прынцыпаў беларускага правапiсу —фанэтычнага i этымалягiчнага (першы для галосных, другi — для зычных). Па-другое, пазбаўляла правапiс некаторай грувасткасьцi, якую надавала яму вялiкая колькасьць мяккiх знакаў. Гэтае рашэньне, прынятае, як бачым, яшчэ ў канцы 20-х гадоў, было зацьверджана пастановай СНК. Русiфiкатарскiм яно здаецца толькi пры павярхоўным разглядзе, бо яно не лiквiдоўвала асымiляцыйнага зьмякчэньня, ня мела на мэце пазбавiць беларускую мову гэтай адметнай рысы, таму што ўвогуле датычыла не фанэтыкi, а артаграфii.

Вядома, сёньня мы маем аргумэнты на карысьць вяртаньня дарэформавага напiсаньня, найважнейшы зь якiх — неабходнасьць ухiленьня няправiльнага вымаўленьня спалучэньняў зычных, якое нярэдка ўзьнiкае пад уплывам правапiсу. Аднак цi адзiны гэта спосаб дасягнуць азначанай мэты? Цi абавязкова вяртаць тое, што было й што выявiлася спрэчным, кiдацца то ў адзiн, то ў другi бок? Мабыць, не. Мабыць, больш увагi трэба надаваць культуры маўленьня, артаэпii, якая ў нас зусiм занядбаная. Бяз гэтага не абысьцiся, бо ўсё роўна нельга дасягнуць поўнай адпаведнасьцi памiж вымаўленьнем i напiсаньнем (i непрактычна, i немэтазгодна было б). Аднак гэта магчыма толькi ў сапраўды нацыянальнай дзяржаве.

Часам выказваюцца прапановы такога роду: асымiляцыйнае зьмякчэньне пазначаць, але не мяккiм знакам, а, скажам, апострафам, як у транскрыпцыi, цi «крэскай», як у польскай мове. Аднак такое рашэньне ўяўляецца мне зусiм ужо малакарысным. Яно б толькi ўскладнiла графiчную сыстэму беларускай мовы i не дало пры гэтым чаканага практычнага эфэкту (у пляне ўплыву на вымаўленьне) у параўнаньнi зь мяккiм знакам.

Зрэшты, i наконт эфэкту ўжываньня мяккага знаку можна спрачацца. Неяк адзначалася адным з чытачоў «Нашай Нiвы», што нават у асобаў, якiя выступаюць за пазначэньне асымiляцыйнай паляталiзацыi на пiсьме, гэтая рыса не заўсёды прысутнiчае ў вымаўленьнi. Тлумачэньне тут простае. Наогул асымiляцыйнае зьмякчэньне зычных уласьцiвае ня толькi беларускай мове. Прысутнiчае яно i ў расейскай, i ва ўкраiнскай мовах, але па сваёй якасьцi адрозьнiваецца ад нашага. У беларускай мове выразнае асымiляцыйнае зьмякчэньне сьвiсьцячых зычных (якое толькi й пазначалася на пiсьме ў Тарашкевiча) абумоўлена найперш самiм характарам мяккiх сьвiсьцячых, iх значным адрозьненьнем ад парных цьвёрдых. Калi ў расейскай цi ўкраiнскай мовах артыкуляцыя як цьвёрдых, так i мяккiх сьвiсьцячых адбываецца амаль аднолькава — з утварэньнем шчылiны памiж пярэдняй часткай языка й зубамi, — дык у беларускай мове пры артыкуляцыi мяккiх месца ўтварэньня шчылiны ссоўваецца да пярэдняга, а то й сярэдняга паднябеньня. Таму зычныя [с’], [з’] маюць у нас выразнае шапеляватае адценьне. Дакладней, павiнны мець, бо многiя носьбiты беларускай мовы вымаўляюць гэтыя гукi няправiльна, так, як гэта характэрна для расейскай мовы. Гэта й прыводзiць да мiжвольнай страты асымляцыйнай мяккасцi цi да яе невыразнасьцi, што назiраецца i ў сучаснай расейскай лiтаратурнай мове. Адбываецца гэта ня толькi пад уплывам артаграфii, але й з фанэтычных прычын. Тым часам пры правiльным вымаўленьнi носьбiтамi беларускай мовы мяккiх сьвiсьцячых у iх не ўзьнiкае праблем i з асымiляцыйным зьмякчэньнем: яно ўзьнiкае аўтаматычна, само сабой.

Такiм чынам, бачым, што само па сабе напiсаньне мяккага знаку зусiм ня вырашыць гэтай праблемы. Даказвае гэта й тое, што цяпер нават тыя рысы беларускай фанэтыкi, якiя адлюстроўваюцца на пiсьме, церпяць пры нядбалым, зрусiфiкаваным вымаўленьнi. Шмат такiх невукаў, у прыватнасьцi, сядзяць на Беларускiм тэлебачаньнi. Вядучы «Панарамы» Аляксандар Мартыненка, як i многiя ягоныя калегi, нярэдка нават словы накшталт «пiсьменьнiк», «пiсьменства», дзе мяккасьць сьвiсьцячага (этымалягiчная) пазначана мяккiм знакам, вымаўляе зь цьвёрдым [с]. Невыразныя ў ягоным маўленьнi i яканьне, i дзеканьне зь цеканьнем, хоць усе гэтыя асаблiвасьцi адлюстроўваюцца артаграфiяй. Лiшне казаць, што такiя заганы сустракаюцца ўсюды. Дый як можа быць iначай пры нашым «дзьвюхмоўi»?

Закранём яшчэ некаторыя аспэкты рэформы 1933 году. Нязьменнае напiсаньне часьцiцы «не» i прыназоўнiка «без» незалежна ад месца нацiску ў наступным слове, якое таксама, вiдаць, лiчаць калечаньнем, было рэкамэндаванае зноў жа яшчэ Акадэмiчнай канфэрэнцыяй у 1926 годзе. Удзельнiкi яе зыходзiлi з таго, што гэта ўсё ж асобныя словы, хоць i службовыя, таму й напiсаньне iх павiнна быць трывалым.

Выклiкае спрэчкi сёньня i правапiс запазычанай лексыкi. Вядома, параўноўваючы напiсаньнi «музэй» i «музей», «бэнзын» i «бензiн», «клясычны» i «класiчны», можна падумаць, што сучасны правапiс русiфiкаваны. Аднак гэтыя змены можна трактаваць i iнакш — як падпарадкаваньне iншамоўных словаў некаторым фанэтычным законам беларускай мовы, наблiжэньне iх вымаўленьня й напiсаньня да вымаўленьня й напiсаньня словаў спрадвечна беларускiх. Так, у большасьцi беларускiх гаворак цьвёрдым зычным наогул уласьцiва зьмякчацца перад галоснымi пярэдняга раду. Гэтаму закону былi падпарадкаваныя й запазычаныя словы (часткова, бо дзеканьне й цеканьне на iх не пашыраецца). Пытаньне, што ў гэтым кепскага i прычым тут «бальшавiцкi пранонс»?

Абеларушчваньне, а не русiфiкацыя, правапiсу запазычаных словаў асаблiва добра вiдаць пры параўнаньнi такiх напiсаньняў дваццатых гадоў i сучасных, як «бiблiотэка» i «бiблiятэка», «композыцыя» i «кампазiцыя», «бiолёгiчны» i «бiялагiчны». Бо нават аканьне на iх не пашыралася. Цяпер, аднак, пытаньне аб вяртаньнi такiх напiсаньняў ня ставiцца.

Усё гэта ня значыць, што я iмкнуся поўнасьцю абялiць рэформу 1933 году. Але й ачарняць яе цалкам ня бачу падставаў. Тут патрэбен, на маю думку, спакойны, узважаны, рознабаковы падыход.

Вядома, 1933 год — ужо не 1926. Рэформе было нададзена палiтычнае значэньне, яна разглядалася як важны этап у барацьбе з «нацдэмаўшчынай», у прадмове абвяшалася неабходнасьць зблiжэньня беларускай i расейскай моваў. Аднак большасьць яе пунктаў грунтавалася на вынiках дыскусiяў i абмеркаваньняў 20-х гадоў, хоць удзельнiкi тых дыскусiяў амаль усе ўжо былi рэпрэсаваныя й аддадзеныя анафэме.

Новыя абставiны, тым ня менш, паўплывалi i на зьмест рэформы. У яе быў уключаны шэраг пунктаў, выразна абумоўленых палiтычна, навукова беспадстаўных, яўна русiфiкатарскiх. Так, напрыклад, пры пашырэньня аканьня на запазычаную лексыку было зроблена выключэньне для дзесяцi «iнтэрнацыянальна-рэвалюцыйных» словаў (у тым лiку i расейскiх паводле паходжаньня): «рэволюцыя», «комунiзм», «совет», «большэвiк» i г.д. Складаны й непасьлядоўны рабiўся правапiс уласных iмёнаў i геаграфiчных назваў: у iм прымянялiся розныя прынцыпы ў залежнасьцi ад паходжаньня iмя цi назвы, узаконьвалiся напiсаньнi накшталт «Орол» (назва горада), «Владзiвасток», «Терэк», «Тiмiразеў», «Одоеўскi» i да т.п.

Было неапраўдана пашырана ўжываньне канчатка -а ў родным склоне адзiночнага лiку назоўнiкаў мужчынскага роду. Уводзiлiся дзеепрыметнiкi залежнага стану цяперашняга часу з суфiксамi -ем-, -iм-, якiя да таго ў беларускай мове практычна не ўжывалiся. Ухвалялася выкарыстаньне дзеепрыметнiкаў незалежнага стану цяперашняга й мiнулага часу з суфiксамi -уч-, -юч-, -ач-, -яч-, -уш-, -ш-. Трэба, аднак, адзначыць, што гэтыя дзеепрыметнiкi былi апiсаныя яшчэ ў Тарашкевiчавай граматыцы i даволi актыўна ўжывалiся на працягу дваццатых гадоў.

Варта мець на ўвазе, што найбольш недарэчныя з гэтых новаўвядзеньняў былi скасаваныя ў 1957 годзе. Неяк у «Нашай Нiве» прамiльгнула выказваньне, што ўдакладненьнi беларускага правапiсу 1957 году — чарговы крок да русiфiкацыi беларускай мовы. Але такое сьцьверджаньне беспадстаўнае. У сапраўднасьцi ж было хутчэй наадварот.

У канцы свайго допiсу хачу закрануць яшчэ такое актуальнае цяпер пытаньне, як ужываньне сынанiмiчных канчаткаў у родным склоне множнага лiку назоўнiкаў. Апошнiм часам сярод часткi карыстальнiкаў беларускай мовы пашырыўся памылковы стэрэатып, нiбыта тут трэба ўжываць адзiн толькi канчатак -аў (-оў) з усiмi словамi: як «сталоў», «гарадоў», «сяброў», так i «словаў», «моваў», «кнiгаў», «арганiзацыяў», «праблемаў», а таксама «радасьцяў», «спэцыяльнасьцяў», «магчымасьцяў» i гэтак далей. Выкарыстаньне ж нарматыўных канчаткаў — нулявога з назоўнiкамi першага скланеньня i -ей з назоўнiкамi трэцяга скланеньня — лiчыцца, вiдаць, уплывам русiфiкацыi i не дапускаецца, напрыклад, у вашай газэце. Але гэта яўнае скажэньне фактаў.

Сапраўды, канчатак -аў у родным склоне множнага лiку назоўнiкаў у беларускай мове больш ужывальны, чым у расейскай. Але з назоўнiкамi жаночага роду ён выступае толькi пры пэўных умовах, — як правiла, пры наяўнасьцi зьбегу зычных у канцы асновы. Некаторыя кароткiя назоўнiкi з чыстай асновай таксама маюць пераважна канчатак -аў, але iх няшмат: «межаў», «водаў», «заляў» i iнш. У некаторых дыялектах беларускай мовы канчатак -аў у такiм становiшчы пашыраны яшчэ больш, таму ў лiтаратурнай мове можна часам дапускаць нейкую варыянтнасьць, але з дамiнаваньнем, безумоўна, нулявога канчатку. Гэтак i было як у дваццатыя гады, так i раней, у чым няцяжка пераканацца. Гэта адзначаў у сваёй граматыцы й Бранiслаў Тарашкевiч: «Родны склон мн. лiку мае часта канчатак -аў, як у муж. родзе: водаў, варонаў, маладзiцаў, песьняў, земляў i г. д. Але найчасьцей ужываюцца гэткiя формы, як дачок, дзявок, гор, зор, кароў, галоў, зямель, нядзель, сьлёз, лялек, шпiлек i г. д... Толькi рук i ног заўсёды без канчатку аў». Урэшце, i сам Тарашкевiчаў падручнiк меў назву «Беларуская граматыка для школ», а не «для школаў».

Гэтак жа памылкова лiчыць русiзмам канчатак -ей у формах тыпу «радасьцей», «асаблiвасьцей», «магчымасьцей». Ён або яго фанэтычны варыянт -яй шырока ўжываўся ў дваццатыя гады, у тым лiку i ў «Беларускай граматыцы для школ».

Зусiм ужо няправiльна прыпiсваць увядзеньне гэтых канчаткаў рэформе 1993 году, што часам робiцца.

Фактычна унiфiкацыя канчаткаў у родным склоне множнага лiку была праведзеная на эмiграцыi некаторымi мовазнаўцамi, у прыватнасьцi, Янам Станкевiчам. Iндывiдуальныя погляды гэтых дасьледчыкаў набылi ў лiтаратурнай мове дыяспары статус нормы. Гэтаму спрыяла адарванасьць яе (лiтаратурнай мовы дыяспары) ад дыялектнай асновы. У апошнi час гэтая норма пашырылася i ў нас. Iстотную ролю ў гэтым адыгралi пурыстычныя iмкненьнi, жаданьне ўнiкнуць агульнасьцi з расейскай мовай. Аднак можна з упэўненасьцю сказаць, што пурызм, калi ён набывае крайнi характар i выходзiць за межы мэтазгоднасьцi, можа ня столькi ачысьцiць i палепшыць мову, колькi зьбяднiць яе. Якраз гэта, на маю думку, мы маем у выпадку зь безаглядным пашырэньнем канчатку -аў у родным склоне множнага лiку назоўнiкаў.

Недарэчнасьцю зьяўляецца i ўжываньне нацiскных канчаткаў -эм (-ем) у першай асобе (бярэм, нясем, даем), а таксама -эце (-еце) у другой асобе (бярэце, нясеце, даеце) множнага лiку абвеснага ладу дзеясловаў першага спражэньня, якое нярэдка сустракаецца сёньня ў нашых пэрыядычных выданьнях. Такое ўжываньне супярэчыць як сучасным, так i Тарашкевiчавай граматыкам. Згодна зь iмi, у першай асобе павiнен выкарыстоўвацца канчатак -ом (-ём): бяром, iдзём, спадзяёмся, а ў другой асобе — -аце (-яце) з нацiскам на апошнiм складзе: бераце, несяце, даяце, iдзяце (у Тарашкевiча трохi iнакш: берацё, даяцё, iдзяцё i г.д.). Зразумела, гэтыя рэкамэндацыi ня ўзятыя з паветра: менавiта такiя канчаткi ўжываюцца ў большасьцi беларускiх гаворак. Што ж да формаў накшталт «бярэм», «нясем», «iдзем», дык яны прадстаўляюць сабой загадны, а не абвесны лад. Тое самае адносiцца й да формаў тыпу «бярэце», «нясеце», «iдзеце», толькi яны ў наш час ня маюць статусу лiтаратурных. Зьмешваць формы аднаго ладу з формамi другога няма, вiдаць, нiякай патрэбы.

I ўжо ў самым канцы лiста хачу выказаць вам сваю падтрымку ў сувязi з тымi дзеяньнямi, якiя ўлады прадпрымаюць да вашай газэты. Праўда, я ўсё ж лiчу, што правапiсны разнабой у цэлым хутчэй шкодны для беларускай мовы, чым карысны. Але зразумела, што ўладу турбуе ня гэта. Не дае ёй спакою ня клопат пра беларускую мову (гэты «клопат» хутчэй мае адваротную накiраванасьць), а чыёсьцi iншадумства, чыясьцi апазыцыйнасьць. Гэта вiдавочна.

Сяргей Петрыкевiч,

студэнт факультэта беларускай фiлялёгii i культуры БДПУ 


 

Паважаная рэдакцыя!

Я зьяўляюся чытачом Вашай газты з 94-га году, а недзе з 96-га — яе падпiсантам. Увесь гэты час я быў верным Вашаму выданьню, але нiколi не дасылаў Вам лiстоў, хаця i ўдзельнiчаў у апытаньнi «НН». Свае думкi наконт зьменаў у вобразе газэты я ўжо выказаў у анкеце, а зараз мяне прымусiла зьвярнуцца да вас тое, што ўсе мы нейкiм чынам апынулiся ўцягненымi ў дыскусiю пасьля выхаду часопiса «Архэ», якi Вы рэцэнзуеце. Я маю на ўвазе артыкулы (допiсы, праклямацыi — ня ведаю, як iх назваць) Евы Сыс.

На мой погляд, Ева Сыс, па-першае, перабольшвае, калi сьцьвярджае, што лацiнка ёсьць нам найраднейшай i найблiжэйшай. Наколькi я ведаю, нават самыя заўзятыя патрыёты чытаюць на лацiнцы цераз пень калоду. Гэта факт, хаця сымбаль, якiм лацiнка зьяўляецца для беларусаў, — гэта ўжо iншая справа. На маю думку, адмаўляцца ад тарашкевiцы на карысьць лацiнкi —рэч вельмi небясьпечная. Чаму? Таму што наша задача зараз аб’ядноўвацца, ствараць сваю беларускую сям’ю (як нас заклiкае спадар Алег Дашкевiч, якi, дарэчы, выдатна акрэсьлiў тактыку, якая яшчэ нас, беларусаў, можа выратаваць), а не адштурхоўваць ад сябе рэальных i патэнцыйных чытачоў, дзялiцца на лягеры. Калi беларускамоўная, i нават рускамоўная дыяспары могуць спакойна заглынуць тарашкевiцу (i дзякаваць Богу), то, баюся, яны знойдуць сабе занятак больш даступны, чым чытаньне на лацiнцы. Паглядзiце на маладое пакаленьне: у iх ужо iншае мысьленьне, iншыя жыцьцёвыя прыярытэты — пакуль мы вагалiся памiж Расеяй i Польшчай, праваслаўем i каталiцызмам, 18-20-22-гадовыя пасьпелi аб’езьдзiць палову сьвету й адвольна чытаюць заходнюю прэсу й лiтаратуру ў арыгiнале.

Па-другое, я мяркую, што Ева Сыс вельмi моцна рызыкуе, калi зьбiраецца прабiць сабе дарогу ў лiтаратуру (цi яна ўважае свае творы за лiтаратурную крытыку?) пры дапамозе эпатажу. Гэта хiсткая кладка, i тут заўсёды прысутнiчае небясьпека зрынуцца ў рэчышча ад надзённасьцi i, у вынiку, занядбанасьцi. Дарэчы, той жа Глёбус, пра якога Ева Сыс пiша ў 1-м нумары «Архэ», пачынаў свой творчы шлях вельмi якаснымi тэкстамi, а не прыколамi.

Дарэчы, пра тэксты. У 23 нумары (14.12.98) «Нашай Нiвы» Ева Сыс прыцягвае нашую ўвагу да творчасьцi маладых беларускiх пiсьменьнiкаў. Канечне, неабходнасьць гэтага даўно насьпела, але фэмiнiзм не абавязкова вымагае прымiтывiзму i неабаснаванай мiтатворчасьцi. Што я маю на ўвазе? Тое, што Вольга Караткевiч i Натальля Бабiна ў якасьцi пiсьменьнiц мне малавядомыя, хаця я й ёсьць сталым чытачом беларускай лiтаратуры й беларускiх выданьняў. Наколькi я i кола людзей, зь якiмi я спрычыняюся (даволi сьвядомымi), памятаем, Вольга Караткевiч — гэта цудоўная журналiстка, якая дэбютавала ў «Архэ», а Натальля Бабiна — старанная стылiзатарка. Што датычыцца гераiчнай постацi Марыi Роўды, то мне, як i шмат каму з чытачоў, усё роўна, цi ёсьць яна «знакам гэтае генэрацыi», цi не. Я думаю, на што мы сапраўды мусiм зьвярнуць асаблiвую ўвагу, дык гэта на яе тэксты. Вось гэта сапраўды вартая, якасная рэч, што я бяруся сьцьвярджаць, як фiлёляг. Цi шмат у нас ёсьць на дадзены момант аўтараў, якiя б пiсалi чыстай вады сур’ёзную лiтаратуру, ды пры тым рытмам, гукапiсам? I мне дзiўна, што Ева Сыс вырашыла спэкуляваць на падзеях 96 году, пакiнуўшы па-за ўвагай ранейшае апавяданьне М.Роўды «Вырвi гэта зь мяне», якое ёсьць мацнейшым за «Калекцыянэра» 96 году. Дарэчы, цi бярэцца Ева Сыс вызначыць стыль i форму апошняй рэчы Марыi Роўды («Няма Сонi паратунку»)?

Я не хачу нiкога пакрыўдзiць, тым больш, што М.Роўда зрабiла на мяне моцнае ўражаньне сваёй прамовай на прэзэнтацыi «Архэ» ў бiблiятэцы Я.Купалы, i яе асоба падалася мне даволi цiкавай. Але хачу заклiкаць нашых дэбютантаў ад крытыкi, у прыватнасьцi Еву Сыс, пазбавiцца суб’ектывiзму й анархiзму, бо яны ёсьць мядзьвежай паслугай самой сабе. Гэта тым больш важна, што Ева Сыс фармуе сваiмi выступамi погляд на беларускую лiтаратуру сёньняшнюю й заўтрашнюю, яе iмiдж. I зараз пытаньне ня ў тым, ёсьць асоба М.Роўды зорнай цi не, а ў тым, якое разуменьне лiтаратуры мы прынясем нашым нашчадкам, голае дрэўка, абклеенае ўлёткамi Евы Сыс, альбо якасную лiтаратуру М.Роўды й Евы Вежнавец (у дачыненьнi да апошняй я цалкам згодны зь Евай С. i зь нецярпеньнем чакаю новых твораў).

Зь вялiкай павагай да вас

Раман Лапцiк.г.Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0