ПРОСТАЯ "ЧАЛАВЕЧАСКАЯ" ЛIТАРАТУРА

 

Сяргей Іванавіч, калі прыдасца і вырашыце ставіць, ня рэжьце “украінскасьць” – мяне гэта пакрыўдзіць. І яшчэ: Андрэй сьцьвярджае, што Ленін думае пра Беларусь – гэта Бураўкіна, але я ня ўпэўненая, ня ведаю. Калі што – выкрэсьліце, калі ласка.

Натальля

 

Простая “чалавечаская” літаратура

1.

Будзь, прыкладам, я чорт, -- ад чаго крый божа, -- ці ж стаў бы я цягацца ноччу за клятымі лахманамі?

М. В. Гогаль

Літэратуразнаўчыя даследаваньні – рэч дзіўная і ў масе сваёй нясьцерпная. Ні вялікага, ні малога сэнсу няма ў тым, каб тлумачыць, што сказаў аўтар, як ён гэта зрабіў ці якімі літарамі будзе запісаны гэты твор ў аналах гісторыі культуры. Ніякага сэнсу, ніякага ўплыву на будучыню. Уплыў на будучыню маюць зусім іншыя рэчы. Якія – мы ня ведаем, бо людзі.

Ня маю намеру рабіць навуковае дасьледаваньне. Лічыць колькасьць параўнаньняў у абзацы? Не, маю намер, наперад выбачыўшыся перад усімі, хто можа пакрыўдзіцца, пашукаць чырвоную сьвітку беларускай літаратуры сярод тэкстаў, што трапілі на вочы. Менавіта трапілі на вочы. Якая сыстэма можа быць у чытача? Чытай, што трапіць на вочы – і будзеш мець сваю думку наконт.

2.

Галоўнае пытаньне з “беларускай савецкай літаратурай” заключаецца ў тым, як яе забыць.

А. Дынько

Няма пытаньня. Забытая яна ўжо даўно. Прозвішчы, ну, можа, назвы – гэта ўсё, што ўспомніцца вам, калі вы чытаеце не таму, што працуеце на філялягічным факультэце. Калі ж працуеце, то, безумоўна, разгон для аналізу будзе: Іван Пятровіч Шамякін, Вазьму твой боль, Мінск, Мастацкая літаратура, 1979 г, – харошы, чуць-чуць, узнаў, дзявацца, лажыўся, да, бытта, вот, панімаю, дзяржаць, карацелі, помніш, комнаты, скаварада, увесці, унізіла, плацці, прадаўжала, адзеты, жызнь, хазяйства, палучалі, жалець, веласіпед, парасёнак, на насочках. Народная мова.

Беларуская савецкая літаратура занадта многа ўвагі надавала увасабленьню сымулякраў – таго, што нібыта ўплывала на жыцьцё. Толькі сымулякры, выключна сымулякры. Ідэалягічныя схемы -- райкамы, парткамы, сакратары, упаўнаважаныя, палітрукі – ну каму ў галаву прыйдзе гэта перачытваць, калі толькі за гэта не плацяць заробак? Ідэалёгія замест жыцьця, ідэалёгія як зьмест жыцьця.

Ніхто ад гэтага не вольны. Аповесьці Быкава, напісаныя раней, вельмі адрозніваюцца ад таго, что ён пісаў апошнім часам, прычым адрозніваюцца зусім какрэтным чынам – і гэта азначае, што і лепшы наш пісьменьнік несвабодны ад кан’юнктуры – і раней, і сёньня. Лукашэнка аднойчы быў сказаў у інтэрвію Сванідзэ: “Я вырас на кнігах Быкава”. Вось так.

І абсалютна безаблічны стыль – пад Ільва Талстоя, з той толькі драбненькай розніцай, што Талстой дэманстраваў, што бачыць чалавека навылёт, а нашыя класікі чалавека заўважалі толькі пасьля таго, як пераканаўча асвятлялі лінію партыі. Інакш было немагчыма, інакш не маглі? Ня можаш – ня мучай, гаварыла мая сяброўка, калі я не магла ўзяць складаны інтэграл.

3.

…новы беларускі чарадзей сусветнай велічыні…

Карлас Шэрман

Літаратар – не тое самае, што пісьменьнік. Літаратары апошнім часам узлюбілі жанар дзёньнікаў. Яно і зручна: што бачу, тое і пішу. Але што мне, чытачу, з таго, як раскрываецца ў сне жонка Леаніда Галубовіча? Дарэчы, і слова тыпаграфія мне не падабаецца – па-беларуску гэта друкарня. Стомлены Парыжам Дранько-Майсюк праходзіць ад плошчы Якуба Коласа да кафэ Світанак за пядзесят восем хвілін? Ну і? На якую трасцу мне чытаць, на якіх, прабачце, прасцінах любіцца Славамір Адамовіч са сваёй былой жонкай? Я б з вялікім задавальненьнем прачытала Калі жанчына спажывае авакада або, няхай, Забі рэзідэнта… Але пан Адамовіч лічыць за лепшае друкаваць тэксты ў стылі акына-ордэнаносца. Мне вельмі шкада. Мне шкада, што замест “Практыкаваньняў і кантрольных” Сяргей Дубавец выдаў “Дзёньнікі прыватнага чалавека”. Калі ўмееш пісаць такія рэчы як Прыгожае места Гомель, Зімовая муха, Альба, Снег, то, можа, варт практыкавацца далей? Мяне, чытача, гэта ўсьцешыла б.

Што праўда, я маргіналка. Гэта значыць, што філязофскім лічу толькі такі тэкст, які выклікае сьлёзы або сьмех, уздым або парыв ў бездань. Як ведама, зараз у Беларусі ёсьць інтэлектуалы і маргіналы. Я з апошніх. Выраз “парадзігма дыскурсу” прымушае мяне ўспомніць пра купу неадпрасаванай бялізны і неабходнасьць зварыць палудзень. Ад тэксту кшталту “Мяне няма” апаноўвае нешта, блізкае да амоку. Папрасі ў краме булку хлеба па-беларуску – адразу з’явішся. Я не жартую.

Сярод шматлікіх дзёньнікаў адзін, безумоўна, заслугоўвае таго, каб быць выдадзеным асобнай кніжкай. Гэта “Дзёньнікі Рабунькі”. Ніхто не напісаў пра яго, пра невыноснага нашага “прастыя чалавечаскія яйца”, так ярка, так пранікнёна, як гэтая пярэстая карова рукамі Алеся Наварыча. У кожнае слова Наварыч заклаў два або й тры сэнсы, і трэба быць ну зусім ужо немаргіналам, каб ня стала нагодай для добрага настрою фраза: “Чую, як звініць званочак жаўрука – то птушачка, бальсан на душу, што згарэла ў вясновым агні каханьня: няма сілаў прызнацца, што была ідыёткай, калі завялі да калгаснага быка, і ўсё так брыдка, без любові, адбылося ў той вечар”.

Талент: хозіць разам з усімі, бачыць тое, што ўсе, а піша так, нібы глядзіць зьверху.

4.

Вакно бразнула; шкло са звонам выляцела прэч, і страшны сьвінячы лыч выставіўся, быццам пытаючыся: а што вы тут робіце, добрыя людзі?

М. В. Гогаль

Апавяданьнямі поўніцца беларуская літаратура.

Чым адрозніваецца апавяданьне, якое бярэ за душу, ад усялякага другога? Тым “чуць-чуць”, як кажа Іван Пятровіч Шамякін. Апавяданьні могуць быць вельмі рознымі – нехта ўпадабае “Спаць хочацца”, а нехта – “Калядных валхвоў”. Гэтыя апавяданьні -- надоўга. Сёньняшнія беларускія апавяданьні – літаратура моманту. Праз дваццаць год, можа, яны будуць мець прыблізна такую вартасьць, як зараз – тыя, што пісаліся дваццаць год таму, але гэта нічога не значыць. Зараз яны найцікавейшыя.

Вось апавяданьні ў Звяздзе. Маленькія – мала месца ў газэце, простыя па стылі – адбірае Андрэй Федарэнка. Сярод кароткіх навэляк – двухслойныя, двухсэнсоўныя, кантэкстныя – адкуль што бярэцца. Наклад Звязды каля ста тысячаў асобнікаў, наклад НН – каля пяці, што, канешне, не зніжае ў дваццаць разоў вартасьць аповедаў, надрукаваных у НН.

Апавяданьні Алега Дашкевіча асацыююцца з нечаканасьцю. Ён журналіст, паглыблены ў злабадзённую тэматыку – а апавяданьні цалкам свабодныя ад публіцыстычнасьці. Ваўкі і сабакі, мурашы пад час буры, страшная балотная пачвара – героі, якіх больш нідзе няма. Напружаньне, нарастаньне страху – і катарсісныя заканчэньні. Гэта таксама погляд таленту – погляд звысока.

Паўліна Качаткова глядзіць незвысока. Затое зблізку – і як шмат бачыць. Гэта як бы другое асвятленьне – я магу глядзець на зоры і бачыць кончыкі сваіх веяў, сказаў бы герой Картасара. Жанчына, занятая рознымі клопатамі, ноччу або раніцай піша цудоўныя апавяданьні, зрэдку – і ў галаву ёй не прыходзіць друкаваць свае дзёньнікі, за што ёй асаблівы дзякуй.

Наогул, здаецца, жанчыны у сёньняшняй літаратуры пацясьняюць мужчынаў -- як сябраў Саюзу пісьменнікаў, так і нясябраў. Нават дзёньнікі ў іх не снабісцкія (глядзі Ганну Матусевіч, якая адкрыла нам сваю душу і тым дапамагла). З аўтараў ЛіМаўскіх выразна запомнілася адно Марыя Вайцяшонак – хоць сюжэты яе, як на мой густ, занадта спрошчаныя, прадказальныя, затое можна чытаць без агіды. І мова вельмі чыстая. Яшчэ помніцца апавяданьне Андрэя Федарэнкі -- сюжэтам пра дэманстрантаў і міліцыянтаў, пра выпрабаваньне чалавечай годнасьці. Каб выпрабаваць годнасьць, неабавязкова адпраўляць героя у мянтоўку – дастаткова пасадзіць у стотрынаццаты аўтобус, як гэта зрабіў Лявон Вольскі. Ня ведаю, ці знае ён, што гэты мінскі маршрут – у Бараўляны…

А тэксты Вольгі Бабковай нагадваюць мелодыю Ціхай ночы. Нязвычным спалучэньнем старых дакументаў са спакойнай, аднак эмацыйнай мовай? Абсалютна густоўнай кранальнасьцю? “…Гэтаксама, як вечна існуюць вада і каменьчыкі, жвір і гліна, дрэвы і кветкі – нязьменныя спадарожнікі дзяцінства на ўсе часы…”

Нашы выданьні не замыкаюцца на вядомых імёнах і друкуюць новых аўтараў – на іх надзея. Надзея на Еву Выжнавец. З таго, што з’явілася гэтым годам, яе аповед у ARCHE найбольш запамінальны. Стылёва піша Марыя Роўда: нэрвы, розум, каліва сьцярвознасьці, іронія, адсутнасьць паныласьці, нетыповасьць для беларускай літаратуры – яе лірычная гераіня вырозніваецца на тле іншых лірычных гераіняў. Цікава, а як бы аўтарка пісала ад мужчынскага імя? Якім бы быў яе герой у рамане?

Ну і Андрэй Дынько. Аркадыя яго тэкстаў – Заказань маіх сноў. Заказань – дзесяць хат на пясчаных дзюнах, сярод соснаў. З гэтай вёскай ў Берасьцейскім раёне зьвязаны чатыры аўтары НН – акрамя нас, яшчэ Ксенія Печка і Зьміцер Піскур. .

5.

О, закрый свае бледныя ногі!

В. Брусаў

Пра паэзію прозай гаварыць неварта і немагчыма.

Паэт году для мяне -- Міхал Анемпадыстаў. Яго простыя словы, сказаныя на нашай вуліцы – словы году.

А вершам года для мяне быў стаў верш Генадзя Бураўкіна Скунс, надрукаваны ня так даўно у Звяздзе. Я весялілася, калі чытала – а сьмех для мяне заўсёды быў прыкметай сапраўднасьці. Брат любіць іншы верш гэтага ж аўтара – і калі на стале гасьцінна засьцілаем мы белы абрус, дык таму, што штодня, штохвіліны Ленін думае пра Беларусь.

Хвілінкі задуменнасьці сярод штодзённага рытма – звяздоўскія Фотасловы Яўгена Пясецкага. Стыльна і душэўна.

Пра Алеся Разанава, пэўна, ужо можна гаварыць як пра нобэлеўскага кандыдата. Шкада толькі, што замала сярод нас, чытачоў, людзей, якія здольныя ня толькі зразумець глыбокі і важкі сэнс ягоных радкоў, але і назваць іх любімымі.

Ёсьць паэты, якія лепш бы свае вершы не друкавалі. А Міхась Скобла хай бы друкаваў. Яны ў яго атрымліваюцца лепей, чым артыкул у ЛіМе, які так пракрыўдзіў нас, берасьцейскіх украінцаў. Уладзімер Леанюк, над якім так зухавата іранізуе пан Скобла, за свае погляды пятнаццаць гадоў праседзеў ў турме, і над сваім “Словником Берестейщини”, працаваў таксама пятнаццаць гадоў пасьля таго, як выйшаў. Кнігу гэтую, дарэчы, выдалілі зь бібліятэк Беларусі – таксама падзея году… Непрыгожая публіцыстыка атрымалася ў паэта…

Дантэ ў перакладзе Скарынкіна ці “пабачыў сьвет па-беларуску”? Ці ёсьць ён, сьвет па-беларуску…

6.

Облака были похожи на стадо коров, и пастух-ветер деловито сгонял их куда-то за парк Челюскинцев.

М. Н. Герчик

У дзяўчат майго пакаленьня было два літаратурных куміры – рускі паэт Эдуард Асадаў ды беларускі пісьменьнік Міхаіл Герчык. Першы – ў апошніх класах роднай школы, другі – на першых курсах інстытута. Эх, дзе вы, маладыя гадочкі! Якімі патокамі сьлезаў аблівалі мы “Обретение надежды” і “Отдаешь навсегда”! Перадавалі іх па чарзе адна адной. Сдаўшы сесію і бутэлькі, адпачывалі з гэтымі кнігамі. І ніхто не пахісьне нашай упэўненасьці ў вартасьці прозы пана Герчыка – сёньня мы мамачкі, і, безумоўна, падсунем “Солнечный круг” сваім малым, хай толькі троху падрастуць.

А ўсё чаму? Бо тэма кніг самая што ні на ёсьць літаратурная – чалавек у сьвеце болю. Бо кранае. Бо з трагічным мяжуе гумар. Ніяк непадобна гэта ўсё на сур’ёзную да дубовасьці беларускую прозу рэшты, каго ні вазьмі – акрамя толькі Караткевіча. Бо стыль адметны – доўгія фразы перацякаюць адна ў адну, чэпляюцца адна за адну і падзелены коскамі ў рытме дыханьня. Фільм з Лазаравым у галоўнай ролі, назвы ня ведаю дасюль, які аднойчы пачала глядзець з сярэдзіны, я ідэнтыфікавала праз дзесяць хвілін – акрамя Герчыка, такія дыялогі не напісаў бы ніхто. Бо рукі тут лётаюць як містычныя птушкі, а адчай б’ецца уваччу, як, зноў жа, птушка у цеснай клетцы. І гэта добра. І беларускі акцэнт герояў рускамоўнага Герчыка больш сымпатычны, чымся рускі акцэнт герояў “беларускамоўнага” Шамякіна.

Тэкст тады ёсьць літаратурным творам, калі яго чытаюць рамантыкі і ідэалісты. Вось як Герчыка.

Якім можа быць наклад кніжкі “Штудыі з кантрастыўнай і кагнітурнай культуралёгіі”? Добра, канешне, што на выданьне такой кнігі знаходзяцца сродкі, але шкада, што не знаходзіцца грошай на выданьне на беларускай мове кніг кшталту “Як направіць аўтамабіль сваімі рукамі”, або “Практычныя парады вялікай Вангі”, або Аляксандры Марынінай, або яшчэ якой трасцы, што па-расейску з рукамі адрываюць. Бо гэта таксама літаратура. Ня ведаю, можа інтэлектуалы, якіх “няма”, мне й не павераць, але ў Беларусі пакуль яшчэ жывуць і носьбіты беларускай мовы, і ня носьбіты, якім цікава было б чытаць па-беларуску штосьці жывое. З’яўленьне такіх кніг успрымецца імі як шчасьце. Кабета ў якім-небудзь Івянцы напэўна выбярэ “Як саліць агуркі на зіму”, калі яны будуць ляжаць побач з “Как солить огурцы на зиму” і каштаваць крыху таньней. І ў сям’і з’явіцца беларуская кніжка.

Маскультура па- беларуску – гарантыя незалежнасьці Беларусі. Калі яе, маскультуру па-беларуску, удасца стварыць. Пакуль гэтым не займаецца ніхто. Грантаў не даюць, бо ніхто і не просіць.

І што больш карысна для беларускай справы – калі тут наогул можна гаварыць пра нейкую карысьць, -- трыста асабнікаў “Штудыяў…” ці мільён “Всегда светло под тюремными стенами” Уладзіміра Сакалова? Апошняя кніжка вышла па-руску менавіта такім накладам. А кніжка, між тым, цалкам беларуская: беларускія аўтары сабраліся пад гэтым псеўданімам, у Менску адбываецца дзеяньне, тут табе й Пішчалаўскі замак, і радзільня насупраць, і пераход ля ГУМу, застаўлены кветкамі, і галоўны герой – Балеслаў Катавіцкі, і галоўны антыгерой – той самы, што ў “Дзёньніках Рабунькі” Наварыча. А яшчэ – спэцслужбы, шыкоўныя жанчыны, і герой забівае антыгероя ды гіне сам... Ну і што з таго, што кніжка напісана ў стылі “жанчына зрабіла гэта, а мужчына зрабіў тое”? Мільён расейцаў яе прачытала, і недзе ў глыбінях сьвядомасьці запамятала, так сказаць, інтэграцыю. Беларусы пабачаць у кнізе нешта другое, сваё – нягледзячы на прымітыўны стыль, шматслойнасьць у ёй ёсьць. Ёсьць там чым захапіцца, калі, зразумела, з’явіцца магчымасьць прачытаць па-беларуску. І не ў малатыражным ARCHE, дзе яна такі хутка з’явіцца, а на развалах кніжнага клуба.

7.

А лепшае з таго, што прачытана за год, канешне, напісана не ў Беларусі: Агота Крыстоф, Тоўсты сшытак. Пакуль сьвежыя ўражаньні ад добрага твору, заўсёды здаецца, што ў жыцьці не чытала нічога больш таленавітага.

Шаўчэнкавы радкі упершыню пачула таксама ў гэтым годзе.

 

І ноч ідзе, і дзень ідзе,

І галаву схапіўшы ў рукі,

Дзівуешся – чаму ня йдзе

Апостал праўды і навукі.

Натальля БАБІНА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0