Iгар Сiдарук

АЎТОБУС КОЛЕРУ БЭЗ

 

— Гамон, мужыкi! Залазьце ў аўтобус, паедзем.

Мужыкi, што сьвежавалi ў двары забiтае парася, змрочна азiрнулiся. Пры дарозе стаяў памяты, пашкамутаны «ПАЗiк» нейкага дзiўнаватага бэзавага колеру. Адкуль i калi ён пад’ехаў — нiхто нават не пачуў. У кабiне сядзеў невыразнага, зусiм бляклага выгляду кiроўца ды мэтадычна кiдаў сабе ў рот з пачка кукурузныя палачкi.

— Куды паедзем? — амаль што ашалела запытаў у яго гаспадар дворыска, машынальна пераварочваючы парсючка за заднiя лапы.

— Туды й паедзем, — кiнуў чарговую палачку ў рот кiроўца. —Арыштаваныя вы, ясна?..

— Чааго?! — аж узьнялiся ў поўны рост мужыкi ды, грозна сьцiскаючы нажы-цесакi, пасунулiся да бэзавага аўтобусу.

— А ну, кацiся адсюль, пакуль колы цэлыя!

— I морда!..

— Бач ты, паскуда!

Кiроўца спакойна скамячыў пусты папяровы пачак, шпурнуў яго ў гародчык, абнесены акуратным штыкетнiчкам.

— А вы мне не пагражайце. Я пры выкананьнi... А вам за гэта... Самi павiнны ведаць. Мусiць жа, не дурныя?..

Мужыкi спынiлiся, неяк незаўважна сьцялiся, пацiснулiся блiжэй адзiн да аднаго. Насуплена пазiралi на кiроўцу:

— Слухай, едзь адсюль, га?..

— Не да цябе зараз, хлапак... Дзела ў нас...

— Ага, уманторваў бы ты па-добраму. Па-харошаму просiм.

— А мне вашыя харошыя словы да... — нечакана пачаў налiвацца барвiньнем той. — Гамуйся, бляха, у аўтобус, каму сказана. Цi вам спэцыяльнае запрашэньне трэба?! То зараз выдам! Аж уваччу прасьвятлее!.. Дубаломы!

У куточку вуснаў кiроўцы выступiла белаватая пена, зьмяшаўшыся з пылком ад кукурузнай палачкi. Здавалася, яшчэ ймгненьне, i ён пацягнецца за пазуху па якi-небудзь кастадробны парабэлюм. Аднак кiроўца, вiдаць, ведаючы пра свой недахоп, толькi сьцер з роту тыльным бокам далонi белую пенку, злосна зiркаў на мужыкоў.

А мужыкi ўсё тапталiся поплеч адзiн з адным.

— Хто сказаў?.. — раптам вырвалася ў маладзейшага.

— Што — хто сказаў? — як бы не зразумеў кiроўца.

— Што арыштаваныя мы?

— А!.. — увесь выгляд кiроўцы ўжо выказваў абсалютную абыякавасьць. — Загад...

— Чый загад? — упарцiўся малады тубылец.

— Гасударственны, блядзi! — раптам зароў здыхляк у кабiне, i на губах у яго зноў запенiлася.

— Ты не рычы, не рычы... — усё ж з асьцярогаю сьцепануў плечуком другi мужычок. — Ты нам, як што якое, дакумэнт пакажы.

— Якi дакумэнт?! Я табе пакажу дакумэнт! — яшчэ страшней роў кiроўца аўтобусу. — Ты ў мяне гэтыя дакумэнты да сьмерцi зьбiраць будзеш!

— Ды што мы такое зрабiлi, каб нас раптам вось так проста нiзавошта арыштоўваць?.. — неяк крыху назад падаўся гаспадар, ня так упэўнена, як раней, сьцiскаючы ў руцэ цясак. — Калi за парсючка, дык гэта наш, собскi...

— Не за парсючка, не за парсючка, — крывавата ўсьмiхнуўся кiроўца. — Тут такое дзела, што... Карацей, сьвiнячая ваша справа. Так што гамуйцеся ў аўтобус, рабяты!

— Хрэняцтва нейкае, бляха! — пляхнуў кепкаю аб зямлю маладзейшы. — Паехалi, разьбяромся!

Мужыкi яшчэ нейкi час пастаялi, падумалi, а потым, зь нейкiм жалем ды разгубленаю шкадобаю азiрнуўшыся на распластаванага парсючка, маўклiва палезьлi ў аўтобус.

Дзьверы з агiдным рыпам зачынiлiся. Стары, дашчэнту зношаны маторчык ПАЗiка чмыхнуў, чвэхнуў, кiроўца з пачуцьцём выкананага абавязку цвыркнуў сьлiнаю праз прачыненую фортку ды зрушыў сваю машыну зь месца.

Аўтобус ад’ехаў зусiм недалёка ад вёскi, як раптам, стрэльнуўшы, спынiўся на ўскрайку жытняга поля. Пасярод купiны немагчыма-сiнечных валошкаў хлапец ды дзяўчына займалiся... Карацей, нераздымная пара маладзёнаў любiлася. I любiлася моцна, гучна, з захапленьнем ды жарсьцю. Кiроўца рэзка заглушыў матор, выскачыў, бразнуўшы дзьверцамi, на дарогу.

— Iмем закона!.. прад’явiце ўдаставярэньнi!

— Якiя ўдаставярэньнi?! — вiжам падхапiўся з маладзiцы голы хлапчыска. — Хто вы такi?

— У аўтобус! Хутка! Абое!!! — раптам храснуў яму кулаком па твары лядашчы кiроўца.

— Якi шчэ аўтобус?.. Хто вы такi, я ў вас пытаю?! — не чакаючы такога скруту, нiчога не разумеючы, размазваў тонкую крывавую юху па падбародзьдзi хлопец.

— У вось гэты самы! Вось гэты! — проста пляхаў па мэталёвым баку ПАЗiка ягоны вадзiла.

— Ды што вы такое сабе дазваляеце?! — усхапiлася з валошкавага кiлiму й маладзiца, падграбаючы пад сябе параскiданае адзеньне. — Хто вам даў права?!.

— Ха! Хто даў права!.. — ашчэрыўся кiроўца. — Той, хто даў, той i ўзяў!.. — Крыху не да месца, аднак рашуча зноў пляснуў па бэзавым баку аўтобуса ён. — Давай, давай. Апранайся! Там, — ён выразна ўзьнёс палец угору, — чакаць ня будуць.

— Вы, вы... — пад напорыстасьцю гэтага нiзкарослага азызы не знаходзiла словаў дзяўчына. — Мы будзем на вас скардзiцца!..

— Ага, — стомлена-згодна хiтнуў галавой кiроўца. — Паедзем. Там, грамадзяначка, i паскардзiцеся...

— Хто... — зноў быў завёў сваё хлапчыска, ды кiроўца раптам выкруцiўся цэпам ды згроб усёй пяцярнёю ягоныя валасы на карку:

— Яшчэ хочаш, поскудзь мочаная! Я табе пакажу, хто я такi! Ты ў мяне ня тое што на бабу, на голую курыцу ўскочыць ня здужаеш!..

— Вой, мы паедзем! Толькi адпусьцiце яго! — замалiлася перад iм дзяўчына.

— Ды трэба мне такое гаўно! — штурхнуў ад сябе хлапца кiроўца, моцна нацiскаючы яму на карак. — Ну й гаўно... —ужо глыбакадумна-разважыста дадаў ён.

— Паедзем... Паедзем... — усё прыгаворвала маладзiца, нiяк не трапляючы нагамi ў спаднiчку. Вось нарэшце патрапiла, дрыжачымi рукамi зашпiлiла гузiкi на блузачцы, схапiлася рукою за плячо свайго зьбялелага каханка ды ў поўнай зьнiякавеласьцi замёрла, пакуль раззлаваны кiроўца ня ўскочыў назад у кабiну ды ня бразнулi дзьверцы, рэзка расчыняючыся перад iмi. Хлопец, так i не апрануўшыся як сьлед, падаўся ў аўтобус першым, працягнуў руку сваёй спадарожнiцы, i яна сьледам за iм нясьмела ступiла на прыступку.

Дзьверцы балюча ўдарылi па дзявочых плячах, i жытняе поле ў кроплях сiнiх валошкаў апошнi раз праплыло перад iхнымi вачыма.

Зграйка сiвенькiх бабулек у белых хустачках нясьпешна дыбала па дарозе да могiлак. На тое, што позаду iх натужна раве нейкi дабiты ПАЗiчак, яны сьпярша зусiм не зьвярнулi ўвагi. Але вось пыл з-пад колаў закурэўся зусiм блiзка, аўтобус пад’ехаў амаль што ўсутыч да iхных сьпiнаў, i бабулькi перапалохана зьбiлiся на ўзбочыну. Аўтобус рэзка збавiў абароты, зьяжджаючы сьледам за бабулькамi на край дарогi. Тыя пачалi ашаломхана крычаць, махаць рукамi кiроўцу, яшчэ болей цясьнiцца на ўзбочыну. Толькi кiроўца, каменны твар якога ўжо можна было выразна разгледзець скрозь лабавое шкло, упарта цiснуў на газ. Тады бабулькi пабеглi.

Галосячы, дробна перабiраючы старымi, нядужымi нагамi, яны беглi па краi дарогi, задыхаючыся ды ледзь ня падаючы. Усяго некалькi крокаў заставалася iм дабегчы да могiлак, як раптам адна старэнькая жанчына спатыкнулася, нязграбна падвярнула нагу, засталася ззаду, i астатнiя ў тую ж хвiлю пачулi глухi, тупы ўдар, нiбы хтосьцi скiнуў з гарышча проста на падлогу мех з бульбаю. Ужо толькi хрыпучы й давячыся сухiм, калючым паветрам, яны ўбеглi за агароджу могiлак, спрабуючы хоць як уратавацца, хоць як схавацца за крыжы ды магiлы. Аўтобус, няспынна сыгналячы, заехаў адразу за iмi ды з агiдным мэталёвым скрыгатам напароўся адразу на некалькi помнiкаў. Павалiлiся крыжы, пырснула дробным шклом фара. З вылузанымi вачыма кiроўца выскачыў з кабiны, няўцямна зiрнуў на фару, а потым — ужо асатанела — на бабулек у белых хусьцiнках:

— Харэ бегаць, каргаўё кульгавае!..

— Што ты?.. Што ты?.. Ты ж нас... Зусiм... — усё не маглi аддыхацца й нават не маглi гаварыць тыя.

— Бегаць, кажу, харэ, мумымры каргаючыя! Давайце ў аўтобус хутка.

— Куды?.. Ты што?.. Ты ж падавiў нас! Вуляначку насьмерць пераехаў!

— Я вам пераеду! Вы ў мяне, скульлё недарэзанае, паезьдзiце! Я з-за вас, лярвоты, фару раскiрдзячыў! У аўтобус, каму сказана!!! — аж да пазногцяў страшна зьбялеў кiроўца.

— Вой, Вуляначку!.. — як ня чуючы, усё ж перакрыла ягоны рык сваiм галашэньнем найболей сухацелая бабусечка. — I за што?!

— За злоснае супрацiўленьне падчас арыштаваньня, вось за што, старакiрыцы!

— Якога... арышт... — як рыба, заплямкала ротам тая, што галасiла.

— Такога! Арышт i ёсьць арышт! I супрацiўляцца беспалезна. У аўтобус, маць вашу, колькi раз паўтараць, — як i раней, з раптоўнай бясконцай стомаю ў голасе прамовiў, амаль што ня гледзячы на бабусек, кiроўца.

I бабулькi, выцiраючы ражочкамi белых хусьцiнак запалыя навек вочы, склаўшы сухою папераю плечы, так нiчога й не зразумеўшы, скорана палезьлi ў аўтобус.

У мястэчку, куды праз паўгадзiны заехаў аўтобус, было цiха. Толькi ў дзiцячым садку, што жывапiсна мясьцiўся сваiмi невялiчкiмi дамкамi-вежкамi на ўскраiне, ажыўлена раўлi-галёкалi маляты ды квахтушкаю тупала вакол iх таўсматая выхавацелька. Лёгкая брама, звараная зь перавiтага дроту, была адчынена, i аўтобус як ехаў, так i стаў ужо на тэрыторыi пясочна-арэлевых уладаньняў. Кiроўца, пакуль не вылазячы, крыху апусьцiў шкло, i ягоны абгрызены палец замёр у немiнучым скiраваньнi на выхавацельку:

— Усе, хто ёсьць! Давайце!..

— Што... давайце?.. — бы ў поўнай дурнавеласьцi, спытала тая.

— Давайце, давайце. На вас у мяне таксама... Так што паедзем.

— Куды паедзем? Хто? Я?.. — жанчына раптам села ў пясок. Зьнянацку яна азадкам зачапiла нейкага сапельчыка, якi страшэнна зароў. — Цiха, цiха... — ня гледзячы на сапельчыка, пачала яго супакойваць выхавацелька.

— I ты. I кiндэрбобiкi твае. I ўсе, — вiдаць, кiроўцу ўжо сьмяртэльна надакучылi гэтыя ўсе тлумачэньнi-аб’ясьненьнi, таму што нават кукурузную палачку, якую ён знайшоў у сябе на сядзеньнi, ён жаваў неахвоць, лянотна, абы разжаваць.

— Ды што... Ды як вы можаце?! А бацькi?.. А... Не, нiкуды мы не паедзем! — ужо стаяла на цьвёрдых нагах таўсматуха.

— I бацькi, — як ня чуў трохi злоснае катэгарычнасьцi ў апошнiх ейных словах кiроўца. — Усе паедуць.

— А я!.. — пачала была выхавацелька, ды раптам кiроўца з агаломшаным спрытам выскачыў са сваёй кабiны, бы той ушчэнт згаладнелы клешч, учапiўся растапыранымi пальцамi жанчыне ў шырокiя цыцкi ды пацягнуў-павалок, адыходзячы задам, яе да аўтобусу:

— А ты.. Ты... — толькi пенiлiся па краёх ягоныя пасiнелыя вусны. Вось нейкае да немагчымасьцi брыдкае слова зьляцела зь iх, хвостка пляснула выхавацельцы па твары, якi ўвесь пайшоў плямнотнаю чырваньню. — Арыштаваная ты, скукожына! Ясна табе?!

— Дзецi... дзецi... — мiжволi паддавалася яна кiроўцу. —Толькi ня плачце... У аўтобус... Дзядзя памылiўся... Ня бойцеся. Мы паедзем i прыедзем... А дахаты... я сама... вас... потым... Толькi ж ня плачце!

I толькi выхавацелька паўтарыла пра плач, як дзецi зараўлi. Засмаркалiся, заенчылi, заверашчалi. Яны плакалi, яны насамрэч баялiся гэтага худажэзнага дзядзю, якi цягне iхную Ганну Халiмонаўну ў нейкi страшны бэзавы аўтобус ды яшчэ хоча, каб i ўсе яны лезьлi туды таксама.

— А-а!.. Сьцiхнiце, каб вам заляпiла! — ужо разьдзiраўся крыкам кiроўца. Ужо жахлiва раскрытыя вочы Ганны Халiмонаўны спачатку ўпляжылiся знутры ў аўтобуснае вакно, потым мiтусьлiва падалiся да выхаду, ужо кiдаў кiроўца парамi, а то й па трох-чатырох у аўтобус саплiвае, памурзанае падшываньне, i ўжо падалi, валiлiся адзiн на аднаго пераляканыя саплiўцы ў духотным, нажараным сонцам за дзень салёне. Дзяцей як магла лавiла ды супакойвала ўпацелая выхавацелька, ёй крыху дапамагалi ранейшыя арыштанты, неахвотна ўсаджвалi на вольныя месцы. Праўда, адна бабулька пачала хутка-хутка малiцца за кожнага, у кожнага спрабуючы запытацца iмечка, але мала хто зь перамакрэлых малятаў да яе азываўся...

А матор заходзiўся гудам-скрыгатам, бэзавы аўтобус калацiўся ды ляскацеў, кiроўца лаяўся, дзецi раўлi, не сьцiхаючы. Вось працяты мэталёваю трасучкаю ПАЗiк тузануўся, крануўся ды, ушчэнт распляжыўшы акуратненькую пясочнiцу з жоўтым жвiрочкам, рэзка выпер зь сiротнага апусьцелага садку.

Да самае цёмнае начы ладаваў кiроўца арыштантамi свой аўтобус. Падазронага электрыка ён зьдзер проста з тэлеграфнага слупа разам з «кошкамi» ды ланцугамi, дзьве цётухны нейкае халеры стаялi от так сабе пры дарозе ды немаведама пра што балабонiлi, нейкi сiвiзны дзядзька бартаваў побач са сваiм «Запарожчыкам» прабiтае кола, на хутары, дзе нармальнаму чалавеку й жыць немагчыма, сям’iска, па ўсiм вiдаць, добрых куркулёў, перабiрала бульбу, непадалёк ад хутару, таксама пры дарозе, адна лядачая кабетухна прадавала зь вядра яблыкi-пепенкi, узбоч лесу сухаплюжны татка, таўсмужная мамка ды дзьве цыбатыя дзевачкi-пераростачкi шуравалi з грыбоў, перакрыўлены дзед з кульбачкаю пераганяў цераз дарогу статак каровак, якiя пачалi рыкаць па-дурному, калi кiроўца застаўбурыў дзядка ў аўтобус, на пустэльнай АЗС касырка-запраўшчыца нiяк не магла даўмецца, як жа гэта так яна ўсё кiне без нагляду-прызору ды некуды паедзе ды, магчыма, ужо й ня вернецца (?!), вясковы паштар проста бразнуўся з ровару, ашаломханы загадным крыкам кiроўцы спынiцца, «Паскудрыла бзьдзючы, стой, каб ты здох!», ды так з роварам i хацеў перцiся ў ПАЗiк, але, страцiўшы зьнянацку пярэднiх два зубы, свой ровар з крываточным жалем пакiнуў у прыдарожнай траве-мураве, буракапольная брыгада спачатку нават не азiрнулася на ўсё тыя ж скульлёрвучыя зыкi кiроўцы, аднак яны яшчэ ня ведалi, ого, яшчэ ня ведалi, з кiм маюць справу, i справу не абы-якую, i што жартамi тут... нават i блiзка..., у маленькiм гарадочку адзiн дужа акулярысты разумнiк з выглядам закалотнага заўзятара чытаў на лаве, а болей, паскуда, рабiў выгляд, што чытае газэту, а ў кавярнячцы, у якую кiроўца ўпароўся-заехаў от так проста аўтобусам, тры млявыя ахвiцыянтачкi спрабавалi нават ад яго адкупiцца скрыняю перабрадзiлага пiва...

Ай, ды ўсiх i не пералiчыш. Людзей у ПАЗ было ўжо напiхана столькi, што было чуваць, як хрумсьцяць нечыя костачкi, нехта дзiка крычаў, той-сёй зь дзетак яшчэ вiшчаў, але большасьць, зачаўленая з усiх бакоў дзядзькамi ды цёткамi, ужо нават i не дапiнала нi да воднага ўздышку. Твары, перакрыўленыя, раскiрплюханыя твары былi прыцiснутыя да вокнаў, i вочы шмат у каго вылузвалiся проста прэч...

Кiроўца ахрып ад крыку, ягоная лаянка рабiлася ўсё болей жорсткаю, у набiты бiтма аўтобус ён запiхваў арыштантнаў плячом, усё часьцей падштурхоўваючы каленам, усiм целам навальваючыся на дзьверцы...

А мiж тым, паволi цямнела...

***

Вялiзны горад наперадзе паказаўся зусiм нечакана.

Адзiная ацалелая фара аўтобусу кiнжалам прарэзала навакольле. Высачэзныя гмахi вырасталi зь цемры, нiбыта начныя, шэрыя прывiды. I тут кiроўца, нешта заўважыўшы, задаволена пацягнуўся ў бардачок ды, крыху там памацаўшы, дастаў новы, нераспакаваны пачак кукурузных палачак. Не адрываючы вачэй ад таго, што прасьцiралася перад iм наперадзе ды па бакох, ён пачаў разрываць пачак, прыцiскаючы яго адною рукою да рулявога кола.

Паўсюль, ля кожнага дому, ля кожнага пад’езда, у кожным двары стаялi людзi. Людзi стаялi паўсюль, куды толькi магло дастаць вока. Начны ветрык зьлёгку калыхаў iхныя белыя строi. Усе маўчалi. I кожны зь iх у маўчаньнi чакаў... свае чаргi... каб ехаць i ехаць... ехаць i ехаць... ехаць i ехаць... скрозь цёмную ноч... у аўтобусе колеру бэз.

Кастрычнiк, 1998 г.
м. Кобрынь


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0