Судзьдзя смаргонскага суду Аляксандар Квяткевіч апраўдаў Уладзімера Шульжыцкага з‑за «адсутнасьці складу злачынства». 18‑гадовы Уладзімер Шульжыцкі з асабістай ініцыятывы на невялікіх аркушах паперы пісаў абвесткі зь пералікам хваляў Радыё Свабода і закідваў іх у паштовыя скрынкі. На аркушах ён дапісваў свой мабільны тэлефон на выпадак, калі некаму ня ўдасца наладзіць прыймач.

Аднойчы нехта затэлефанаваў яму і папрасіў дапамогі і пакінуў адрас. Калі Ўладзімір пайшоў на той адрас, амаль пад самымі дзьвярыма яго чакалі ўчастковы і яшчэ некалькі міліцыянтаў. Тады яны сказалі, што шукаюць злачынцу і запатрабавалі, каб Шульжыцкі пайшоў зь імі ў пастарунак. Там на яго склалі пратакол, але не за распаўсюд абвестак з хвалямі, а нібыта за тое, што Ўладзімер нецэнзурна лаяўся.

Сёньня ў судзе высьветлілася, што тэлефонны званок да Шульжыцкага быў зроблены з Смаргонскага пастарунку, а міліцыянты, якія яго затрымвалі, пачалі блытацца ў паказаньнях і нічога яснага не маглі паведаміць. Таму судзьдзя й прыняў апраўдаўчае рашэньне.

Адразу пасьля вынясеньня прысуду Ўладзімер Шульжыцкі адказаў на нашыя пытаньні:

‑ Ці зьбіраецеся Вы працягваць сваю інфармацыйную дзейнасьць і раздаваць абвесткі з хвалямі «Радыё Свабода»?

‑ Канешне, гэтая справа будзе працягнута. Буду раздаваць каляндарыкі. Каляндарыкі — гэта, канешне, добра, але на іх, на жаль, няма майго нумару тэлефона. Ну але каляндарыкі некалі скончацца, дык тады будзем раздаваць лісткі, якія раздавалі раней.

— Ці шмат людзей у вашых мясьцінах слухае «Радыё Свабода»?

— Ну, напэўна, ня вельмі шмат. Але са мной нядаўна была такая гісторыя. Неяк я ехаў, і ноччу на цёмнай дарозе ў мяне сапсаваўся ровэр. Я заехаў да людзей, каб яны мне далі інструмэнт і дапамаглі крыху. Яны далі інструмэнт, я ўсё зрабіў і ў падзяку даў ім каляндарыкі «Радыё Свабода». А яны пытаюцца — гэта не пра цябе казалі, што ты 40 кілямэтраў на ровэры праехаў на Чарнобыльскі шлях? Так што людзі ў нас яшчэ слухаюць, і, мяркую, яшчэ ня ўсё скончана...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?