РЭПАРТАЖ ЗЬ НЕДАЭЎРОПЫ ЎЗОРУ 1991 ГОДУ

Anne Appelbaum. Between East and West. Across Borderlands of Europe. — London, 1995*.

Ці сапраўды мы разумеем сытуацыю ў нашым рэгіёне лепш, перабываючы ў ёй тут і цяпер, ня будучы аддаленымі ад яе ў часе й прасторы? Постмадэрністы даюць досыць просты адказ: тое, як мы разумеем ці ўяўляем пэўныя грамадзкія зьявы, вызначаецца культурай грамадзтва, у якім мы жывем; у межах кожнага грамадзтва могуць існаваць свае праўды, якія неабавязкова будуць суадносіцца з праўдамі іншых грамадзтваў. Усе аднолькава маюць рацыю, і ніхто не памыляецца. Калі гэтыя асобныя “праўды” супярэчаць адна адной, дык няхай супярэчаць. А шукаць, чыя праўда больш правільная — гэта грашыць проці правілаў сучаснай інтэлектуальнай моды й палітычнай карэктнасьці.

Бяда ў тым, што гэты “постмадэрны” рай усеагульнага паразуменьня й талеранцыі населены толькі невялічкай групкай інтэлектуалаў, чые працы мала хто чытае, а з тых, хто чытае, мала хто разумее. Па-за раем застаюцца мільёны іхных больш простых суайчыньнікаў, якія мысьляць зусім іншымі катэгорыямі. Гэтыя небаракі вераць, што праўда можа быць толькі адна, працягваюць гаварыць аб прагрэсе і адсталасьці, пра аб’ектыўнасьць падзелу на “дзяржаўныя” й “недзяржаўныя” нацыі — адным словам, паўтараюць увесь той інтэлектуальны мэтлух, які больш пасуе канцу ХІХ, чым ХХ ст.

Гэтыя сумныя думкі міжволі лезуць у галаву падчас чытаньня кнігі Анны Эплбаўм “Між Усходам і Захадам: праз памежжа Эўропы”. Кніга напісана ў жанры падарожных нататак і перадае ўражаньне ад вандроўкі ўскраінамі Савецкага Саюзу — ад Калінінграду да Адэсы, празь Літву, Беларусь, Украіну й Малдову — у апошнія тыдні яго існаваньня.

Анна Эплбаўм ведае, пра што піша, яна поўная сымпатыі да тых народаў, якія жывуць на заходнім памежжы былога Саюзу, але адначасова складаецца ўражаньне, што яна трохі паддалася спакусам арыенталізму. У яе расповядзе няма ніводнага нармальнага героя — у кожнага ёсьць нейкая сутнасная загана. Сымпатычная бабулька-немка з Калінінграду баіцца ня тое што распавесьці пра савецкія зьверствы над нямецкім насельніцтвам тагачаснага Кенігсбэрга пры канцы вайны, але нават прызнацца, што яна нямецкай крыві. Літоўскі манах сьцьвярджае, што літоўцы разумеюць Хрыста лепш, чым любая іншая нацыя. Польская акторка прыехала з Варшавы ў Наваградак па запрашэньні мясцовых палякаў пачытаць вершы іх вялікага земляка Міцкевіча, і пад канец літаратурнае вечарыны дзякуе ім за тое, што яны бароняць польскія тэрэны ад беларускіх прэтэнзіяў. Малады беларускі інтэлектуал вывучыў ідыш ды іўрыт чыста зь любові да жыдоўскай культуры, але ня можа паразумецца з амэрыканскім хасыдам, якому чытаньне любой кніжкі, апроч Торы, здаецца марным заняткам і для якога не існуе розьніцы паміж Беларусяй і Расеяй. Украінскі прафэсар-паліглёт зь Літвы ведае сьвет анэкдотаў пра іншыя народы й землі, але яму цяжка патлумачыць, што такое Ўкраіна. Кожны зь яе суразмоўцаў трохі дзівак; усе разам яны ствараюць уражаньне пра гэтую частку сьвету як пра гэткае Залюстроўе, дзе ўсё перакуленае і стаіць на галаве.

Тэма амаль усіх размоваў, як і аўтарскага апавяданьня — нацыянальная саматоеснасьць народаў, што жывуць між Балтыйскім і Чорным морамі. Кніжка Анны Эплбаўм каштоўная акурат тым, што перадае настрой лета 1991 году, прычым часта — у непрыхаванай і вельмі цынічнай форме. Яе суразмоўцы адкрыта гавораць пра тое, аб чым часта не наважваюцца заяўляць нацыянальныя лідэры — костка ад косткі свайго народу.

Літоўцы ў Вільні ды палешукі ў Берасьці пераконваюць аўтарку, што варта толькі ім атрымаць палітычную незалежнасьць, яны апярэдзяць у эканамічным разьвіцьці лянівых, непаваротлівых і вечна п’яных украінцаў і беларусаў, ужо не кажучы пра расейцаў. Прыблізна гэтак жа гаворыць пра ўкраінцаў гаспадар львоўскага “Гранд-атэлю Геншафт” — былы савецкі жыд, які ўжо даўно здабыў сабе незалежнасьць, атрымаўшы амэрыканскае грамадзянства на падставе нібыта нацыянальных ганеньняў на сваёй былой радзіме (“Калі я гляджу на яго, — піша Анна Эплбаўм, — мне робіцца шкада ўсіх тых людзей, якіх сапраўды перасьледуюць, але якім амэрыканскія візы не па зубах”). Для дробнага гандляра расейца Дзімы, які перапрадае ў Стамбуле купленае ў Адэсе, усе краіны, пабачаныя аўтаркай — Літва, Украіна, Беларусь — несапраўдныя, усе яны проста прыдумка. Рэальныя толькі Расея ды Захад.

У самахвальскім хоры кандыдатаў на “эўрапейскасьць” найслабей чуваць беларусаў ды ўкраінцаў. Іх галасы гучаць глуха або не зусім упэўнена, гэтак жа хісткія і іх ідэнтычнасьць, і іх месца ў Эўропе. Бо Эўропа — гэта не Савецкі Саюз: там нельга паказвацца без уласнай тоеснасьці, традыцыі, культуры.

Аднак гэта не азначае, што яны адракаюцца пошукаў. Як па-мойму, адно з найцікавейшых месцаў у кнізе — размова аўтаркі з маладым беларускім паэтам Ігарам.

“Мы — постмадэрністы”, — мякка прамовіў Ігар. Яго чорныя валасы былі сабраныя назад. Яго вочы сьлязіліся ад таго, што ён зашмат чытае. Яго твар быў бледым ад таго, што ён занадта сядзіць у хаце. “Ці ты чула пра Гайдэгера?”

Я сказала, што так.

“Ці ты чула пра Фуко?”

Я сказала, што так.

“Тады ты павінна зразумець, што Беларусь — гэта ідэальная постмадэрнісцкая краіна”, — у Ігара быў цалкам сур’ёзны твар, толькі час ад часу ён міргаў.

“Я ня ўпэўненая...”

“Глядзі: постмадэрнізм — гэта пра новае авалодваньне мінулым, пра ператварэньне фальшывай сьвядомасьці ў сапраўдную, пра пераацэнку вартасьцяў. Дагэтуль мы жылі тут у фальшывай культуры, абложаныя масава прадукаваным, — ён паціснуў плячыма, каб знайсьці слушны пераклад, — кітчам. А цяпер прыйшоў час адкінуць гэты кітч і замяніць яго чымсьці сапраўдным”.

...“Кітч, — паўтарыў ён. — Яны далі нам сфальшаваную сялянскую культуру: фабрычнай вытворчасьці лялькі для турыстаў, танныя драўляныя лыжкі. І ўвесь гэты час яны руйнавалі сапраўдную сялянскую культуру, зачынялі майстэрні, вымушалі людзей закідаць заняткі скульптурай і ўступаць у камуністычную партыю”.

Ігар сказаў, што цяпер адраджэньне беларускай культуры залежыць ад гараджан: “Мы мусім сьпяваць народныя песьні на інтэлектуальных тусоўках. Мы мусім чытаць народную паэзію. Мы мусім, калі патрэбна, наноў вынайсьці традыцыю там, дзе мы забыліся на яе”.

Жонкі Ігаравых сяброў таксама бралі ўдзел у пераацэнцы вартасьцяў, насілі вышытыя сваімі рукамі фартухі й гатавалі традыцыйныя стравы, апраналі дзетак у народныя строі ды вывучалі беларускую мову”.

Цяпер, з вышыні сямі пражытых пасьля тых падзеяў гадоў, мы знаем, што большасьць з гэтых намаганьняў пайшлі на марна. Шкада фартушкоў і змарнаванага маленства. Палітычны рэжым Лукашэнкі можна характарызаваць па-рознаму, але нацыянальнай дзяржавай яго нікому ня прыйдзе ў галаву называць. Натомест Беларуская Народная Рэспубліка, зноў актуалізаваная пасьля эміграцыі Зянона Пазьняка, застаецца пакуль яшчэ адной “вынайдзенай”, але пустой традыцыяй. Застаецца няясным, аднак, ці беларускія постмадэрновыя будаўнікі нацыі пацярпелі паразу таму, што былі беларусамі, ці таму, што былі постмадэрністамі? Чаму ў адных выпадках і ў адных народаў “вынайдзеныя” традыцыі прышчапляюцца на нацыянальным грунце, а ў іншых застаюцца пустой фантазіяй?

Анна Эплбаўм не дае адказу на гэтае пытаньне. Яна яго нават і ня ставіць, зьберагаючы вернасьць жанру — цікаваму, але інтэлектуальна ня надта патрабавальнаму рэпартажу пра вандроўку Ўсходняй Эўропай.

Яраслаў Грыцак

Пераклад з украінскай паводле месячніка “Крытыка”

Яраслаў Грыцак — прафэсар Львоўскага ўнівэрсытэту, доктар гістарычных навук, аўтар кнігі «Нарыс гісторыі Ўкраіны: фармаваньне мадэрнай украінскай нацыі» (1996).


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0