Адам Глёбус

Кішэнная гісторыя культуры - 3

Крамэр

Аўстрыйскі габрэй Тэадор Крамэр усё жыцьцё пісаў вершы пра тых, хто ня піша й не чытае паэзіі. Ён працаваў на мове народу, які вынішчаў ягоную нацыю. Хто яшчэ так рабіў? Хто здатны напісаць пра фашыста радок: “Мой бедны брат, я плачу па табе”? Хто мог папрасіць у Бога адно “кулёчак бульбы з рыбай”? Толькі ён – Тэадор Крамэр.

Рэмбрант

Жывапісец Рэмбрант ван Рэйн нарадзіўся ў сям’і млынара, але ягоныя палотны асьветленыя агністым сьвятлом зь печы пекара. На Рэмбрантавых палотнах зіхацяць адбіткі полымя, на якім пячэцца хлеб.

Эйзэнштэйн

Буйны плян у кіно прыдумаў Сяргей Эйзэнштэйн. Бязь ценю сумневу яго можна назваць бацькам парнаграфічнага відэа, якое будуецца выключна з буйных плянаў.

Джагер

На канцэрце “Ролінг Стоўнз” жонка спыталася: “Ты цяпер разумееш, што ты й Мік Джагер – блізкія людзі?” “Вядома, блізкія... Мы знаходзімся на адным стадыёне, а сорак тысячаў барсэлёнцаў ня ў лік”.

Шардэн

Калі мелькам зірнуць на палатно з нацюрмортам Жана-Батыста Сымона Шардэна, можна ўбачыць замест яго твор Сэзана. А калі доўга-доўга засяроджана глядзець на шэдэўр Поля Сэзана, дык празь яго праступіць Шардэн.

Курасава

Кінарэжысэр Акіра Курасава зьняў фільм “Ёджымбо” (“Целаахоўнік”) пра чалавека, які невядома адкуль узяўся й немаведама куды сышоў. Ёджымбо біўся, змагаўся, падманваў, перамагаў, кахаў, але самым істотным для мяне засталося тое, што Целаахоўнік немаведама адкуль прыйшоў і невядома куды зьнік.

Сэзан

Нацюрморты Поля Сэзана вызначаюцца сьвежасьцю. Уяўляю іх у вялікіх парыскіх сталоўках, дзе адбываюцца сямейныя абеды.

ХХ стагодзьдзе на чале зь Лё Карбюзье сумясьціла сталоўку з кухняй. Там можна павесіць толькі рэпрадукцыю з Сэзанавымі яблыкамі. Палотны ж Сэзана зрабіліся настолькі дарагія, што ніводная сям’я не рызыкне вешаць іх над абедзенным сталом. І можаш уявіць, як сумуюць Сэзанавы рэчы па звоне келіхаў, відэльцаў і нажоў.

Калі я глядзеў на персікі Поля Сэзана ў Эрмітажы, мне падалося, што яны сьпяць.

Джагер

Рок-н-рол — музыка для людзей з слабым слыхам, як кіно – тэатральнае фота для чалавека, што кепска бачыць. А такіх асобаў, на якіх трэба павышаць голас і дзеля якіх мусіш павялічваць карцінкі, значна болей, чым аматараў музычнай адукацыі й знаўцаў мастацтва. Падобнае назіраньне ёсьць у Гёбэльса, які на палях тэксту прамовы пазначыў: “Аргумэнт слабы. Павысіць голас”.

Мік Джагер ужо трыццаць гадоў выкарыстоўвае гэтую прапорцыю паміж невукамі й адукаванымі. Ён цудоўна разумее, што Моцарт можа гучаць зусім ціха й заставацца Моцартам, а “Ролінг Стоўнз” – настолькі вялікі гурт, наколькі ён грамчэйшы, шчыльнейшы й дынамічнейшы за астатнія.

Дэга

Эдгар Дэга любіў прастытутак, любіў і маляваў. Ён маляваў і балерын, такіх падобных да прастытутак.

Манэ й Монэ

Імпрэсіяністу Эдуарду Манэ дзеля натхненьня прыродаю патрэбныя былі сябры, выпіўка, закуска й жанчыны лёгкіх паводзінаў – усё гэта ў вялікай колькасьці ёсьць на ягоных палотнах.

Імпрэсіяністу Клёду Монэ дастаткова было сонечнага надвор’я, каб пачаць жывапісаць краявід.

Віян

Узоры інтэлектуальнага кітчу, створаныя францускім авангардыстам Барысам Віянам пад псэўданімам Вэрнан Саліван, мяне, як і мільёны іншых, захапляюць. Адзін толькі пералік назоваў ягоных бульварных раманаў гучыць як верш...

Я прыйду напляваць на вашыя магілы.

Ва ўсіх мерцьвякоў аднолькавая скура.

Вынішчым усіх вырадкаў.

Жанчынам не зразумець.

Сабакі, жарсьць і сьмерць.

І разам з тым, бяз гвалту й прымусу перачытаць другі раз нават гэткія шэдэўры бульварнага чытва немагчыма. Раман рэч аднаразовая, прачытаў, як праглынуў.

Джакамэці

У вялікага швэйцарца Альбэрта Джакамэці ёсьць скульптуры, што нагадваюць пруткі спаленых бэнгальскіх агнёў. Толькі апошняя іскра ўсё яшчэ блукае ў танканогіх постацях, створаных майстрам Джакамэці.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0