САВАНЮК — ГЭТА МЫ

Рэдакцыйны камэнтар

Беларусам ёсьць у чым каяцца за другую сусьветную вайну. Удзел у вынішчэньні жыдоў або маўклівае назіраньне за гэтым, рэпрэсіі супраць палякаў у Генэральнай акрузе Беларусь, зьверствы савецкіх жаўнераў на нямецкіх землях у ’44-’45 — пра ўсё гэта калі й гаворыцца, дык дзеля пошуку апраўданьняў, дзеля таго, каб падкрэсьліць, што ў Беларусі застаўся ў жывых большы працэнт жыдоў, чым у суседніх краінах, што нельга параўноўваць паленьне вёсак нямецкімі зондэркамандамі і згвалтаваньні прускіх жанчынаў, што калі ў Слоніме восеньню ’42 году расстралялі 84 польскія інтэлігенты, у Лідзкай зоне, кантраляванай АК, загінула 1200 беларусаў і што ўвогуле ў нас загінуў кожны чацьверты. Так, але кім быў гэты чацьверты?

Замоўчваньне і самаўзьвелічэньне, міталягізацыя і мартыралягізацыя сваёй гісторыі сьведчаць найперш пра тое, што Беларусь не прымірылася з сваім мінулым, саромеецца, баіцца яго. Прымірэньне і дараваньне цяжэй даюцца пераможцам, чым пераможаным. Але ж пераможцам яны патрэбныя ня менш.

Беларусам па-ранейшаму больш падабаецца прачытваць сваю сучасную гісторыю як раман. Мяркуючы з прэсы, суд над Саванюком ня стаў нагодай для пераацэнак, як ня быў ёю нядаўні працэс над паліцыянтам зь Міра Сымонам Серафіновічам, тамсама, у Вялікай Брытаніі.

У Эўропе такія працэсы набываюць маральнае і палітычнае значэньне. Сярод апошніх прыгадваюцца суд над эсэсаўцам Прыбке ў Рыме (апраўданы за недастатковасьцю доказаў, на што левыя сілы адказалі двухсоттысячнай начной маніфэстацыяй пратэсту), працэс Папона ў Францыі (апраўданы, бо як службовая асоба адно выконваў загады), працэс Дэм’янюка ў Ізраілі (віна не даказаная; украінскімі нацыяналістамі расцэньваўся як правакацыя КГБ дзеля дыскрэдытацыі ўкраінскага нацыянальнага руху і д’ябалізацыі ўкраінцаў). Любы такі працэс, бачыце, узьнімае таксама пытаньне пра калектыўную нацыянальную адказнасьць і пераемнасьць пэўных палітычных сілаў. Заўсёды знаходзяцца тыя, каму выгаднейшае маўчаньне, чым ачышчэньне. Іншы вымер судам над злачынцамі супраць чалавецтва тое, што на лаўцы падсудных — старыя, нямоглыя людзі, даўнія, забытыя факты.

Пакуль афіцыйны Менск дамагаецца, каб сучасную беларускую дзяржаўнасьць лічылі выключна працягам БССР, пытаньне выглядае хутчэй рытарычным, але ж будучае беларускае кіраўніцтва, якое пяройме ўсю нацыянальна-дзяржаўную традыцыю, мусіць будзе прынесьці жыдоўскаму народу прабачэньні ад беларускага народу, як гэта зрабілі кіраўнікі Літвы, Францыі, Нямеччыны.

Калі на помніках замест «Тут ляжаць 22 000 замучаных жыдоў» пішуць: «Тут ляжаць 22 000 замучаных савецкіх грамадзянаў», тады на платах зьяўляюцца надпісы «БНФ — жиды» і «Евреев — в Освенцим». Маўчаньне бывае саўдзелам.

Андрэй Дынько


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0