Карлас Шэрман:

У якую краіну вернецца Быкаў?

 

Карлас Шэрман – віцэ-прэзыдэнт Беларускага ПЭН-цэнтру, і мы прасілі сустрэчы зь ім перадусім дзеля таго, каб задаць пытаньне, зь якім зьвяртаюцца ў рэдакцыю чытачы: ці вернецца Васіль Быкаў у Беларусь? Гутарка, аднак, пайшла спачатку іншай дарогай.

 

“НН”: Спадар Карлас, аднойчы Вы сказалі, што пачуваецеся эмігрантам ва ўласнай краіне. Ці застаецца ў Вас гэтае адчуваньне й цяпер?

К.Ш.: У таталітарным грамадзтве, калі пісьменьнік становіцца непатрэбны грамадзтву, выдавецтвы кіруюцца пэўнымі ідэалягічнымі арыентыроўкамі, якія выключаюць плюралізм, і пісьменьнік застаецца на самоце. Ён адчувае сябе ў андэграўндзе, па-за грамадзтвам, пад грамадзтвам. Гэта й ёсьць, у пэўным сэнсе, духоўная эміграцыя: калі пісьменьнік піша ў шуфляду, калі ён адлучаны ад чытача. Калі нават сустрэча з чытачом патрабуе дазволу.

Яскравы прыклад — сытуацыя вакол Васіля Быкава. Магутны талент застаўся ў Беларусі фактычна ізаляваны, нават бяз сродкаў для йснаваньня. Кнігі ягоныя выкінулі з плянаў. І толькі дзякуючы “Нашай Ніве” “Сьцяна” на народныя грошы змагла дайсьці да чытача. Цкаваньне Быкава, зьнявагі, неразуменьне вымеру гэтага чалавека прывялі да таго, што Быкаў апынуўся за межамі Беларусі. Дзякаваць Богу, часовая эміграцыя не настолькі роспачная, як адчуваньне адрыву назаўжды. Але ўсё ж ён адарваны ад Бацькаўшчыны...

“НН”: Напэўна, пісьменьнік перажывае эміграцыю нашмат цяжэй, чым любы іншы чалавек...

К.Ш.: Галоўная цяжкасьць палягае ў ізаляванасьці чалавека, у абмежаванасьці кола суразмоўцаў, слухачоў. Дадайце сюды пэўныя цяжкасьці з замежнай мовай. І, вядома, адарванасьць ад сваёй глебы... Мы ганарымся тым, што нашыя калегі зь фінскага ПЭН-цэнтру запрасілі Быкава, прынялі яго як сьлед. Бо калі пісьменьнік едзе на эміграцыю, ня маючы ніякай канкрэтнай падтрымкі, дык яму ўдвая цяжэй. Бо тады пісьменьнік мусіць ісьці на нейкія выпадковыя работы, каб зарабляць.

“НН”: А ці зьнікае самота творцы ад таго, што ён пераяжджае ў іншую краіну?

К.Ш.: Пісьменьніцкая праца — гэта праца на самоце. Праца самаўдасканаленьня. Увогуле, каб вызначыцца, што такое пісьменьнік, трэба разабрацца ў прыродзе самоты. Адзінае выйсьце, выратаваньне ад самоты, вядомае чалавецтву — гэта творчасьць. Але ж самота зноўку і зноўку навальваецца на чалавека. Асабліва калі ён ставіць апошнюю кропку ў творы. Тады ён зноў адчувае пустэчу ў душы. Пачынаецца пошук выйсьця.

Лёс пісьменьніка — гэта й ёсьць самота. Усё, што побач, што навокал — неістотнае. Істотная сама творчасьць. Часта даводзіцца чуць ад вядомых пісьменьнікаў: “Калі прыходзіць другая карэктура твору, брыдка чытаць”.

“НН”: Што гэта значыць: немагчыма больш чытаць тое самае?

К.Ш.: Не “чытаць тое самае” — проста чалавек ужо ў новых пошуках. Ён шукае нешта іншае, ён ужо іншым жыве. Ёсьць пісьменьнікі, якія ня могуць інтэрвію даваць па выхадзе кнігі. Бо гэта — перажытае, яно ўжо ня вернецца. Некаторыя пісьменьнікі ніколі не чытаюць крытыку на свае творы. На момант апублікаваньня гэтай крытыкі аўтар твору ўжо жыве ў зусім іншым сьвеце. У анатацыях вы знойдзеце толькі тое, што ён хацеў зрабіць. Але ж гэта ўсё й так напісана ў ягонай кнізе!

Пісьменьніцтва — гэта, бадай, самота ў разуменьні мудрых індзейцаў: як магчымасьць думаць, магчымасьць засяродзіцца. Як магчымасьць прадбачыць.

Акрамя таго, у часы, падобныя да тых, якія мы перажываем сёньня, пісьменьніку даводзіцца займацца публіцыстыкай, марнаваць свой час, творчую энэргію на артыкулы. Гэта адбываецца зь дзьвюх прычынаў. Па-першае, іхныя кнігі не выходзяць, не друкуюцца. Другое — чалавеку проста баліць, яго хвалююць падзеі, і маўчаць проста немагчыма, трэба выказвацца...

Я ня ведаю, колькі новых твораў, кніг мы не атрымалі пасьля таго, як пісьменьнікі былі вымушаныя аддаць свой час публіцыстыцы. Пра гэта нават цяжка гаварыць... Уявіце сабе ненапісаную “Сьцяну”, ненапісаныя іншыя творы — усё тое, што мы ніколі ўжо не атрымаем, што сышло ў нябыт. Часам, калі Васіль Быкаў працуе над кнігаю, калі цалкам засяроджаны на ейным матэрыяле, на любое пытаньне ён адказвае: “Даруйце, я — прыватная асоба”. Ён замыкае вакол сябе самоту, якая потым дасьць грамадзтву плён.

“НН”: Ужо мінула дзевяць месяцаў, як Васіль Быкаў пакінуў Бацькаўшчыну. Калі ён вернецца ў Беларусь — у траўні? Ці будуць сустракаць Быкава людзі на менскіх вуліцах?

К.Ш.: Я ня ведаю, калі вернецца Васіль Быкаў. Гэта можа адбыцца і пры канцы траўня, і ў сьнежні... Калі дата вяртаньня Быкава стане дакладна вядомая, зробім усё магчымае, каб яго сустрэлі на радзіме дастойна. Вяртаньне Быкава — гэта падзея. Іншая справа, у якую краіну вернецца Васіль Быкаў... Ці прыйдзе да яго тут зноў радасьць творчасьці? Ці пачуе ён на вуліцах Менску хоць слова на беларускай мове? Хоць бы другога дня кожнага месяцу... Ці ня трапіць ён недзе ў падземным пераходзе пад кулакі нэафашыстаў?

“НН”: Мы з Вамі гаворым пра вельмі балючыя рэчы... Але гэты год для Беларусі мусіць стаць лёсавызначальным...

К.Ш.: Лёсавызначальным ёсьць кожны дзень, які мы ўсе перажываем. І гэты год стане гэткім жа лёсавызначальным, як і кожны іншы год. Праўда, іншая гаворка, што мы ўпускаем гэты час — як пясок скрозь пальцы...

Я зараз перакладаю твор Картасара “Толькі золак”. Ёсьць у ім такі фрагмэнт: чалавек слухае музыку ў слухаўках. Ён чуе толькі гэтую музыку, і больш нічога. Гэта таксама самота. Такая самота, што спрыяе творчасьці. Слухае музыку й каханая жанчына героя, якая сядзіць за сталом насупраць яго. Яна больш ні на што не зьвяртае ўвагу, а ён назірае. І бачыць кожны дробны жэст жанчыны, самыя лёгкія цені, што прабягаюць па ейным твары, адлюстроўваюць стан душы... Нешта падобнае ўяўляе сабою й творчасьць. Пісьменьнік нібыта таксама слухае музыку, але ня можа слухаць яе публічна. Нягледзячы на ўсе дачыненьні зь іншымі людзьмі, уражаньні чалавека, пісьменьніцкае слова ўсё роўна па-сапраўднаму нараджаецца толькі на самоце.

Мне здаецца, што назва аповесьці Маркеса “Сто гадоў адзіноты” вельмі падыходзіць для Беларусі. Бо найвялікшая самота ў сьвеце — жыць у сваёй краіне, адчуваючы, што вакол — чужасьць.

Гутарыла Тацяна Сьнітко


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0