Вячаслаў Чарнавіл:

Мы не давялі да канца нацыянальнае рэвалюцыі

 

Да Вячаслава Чарнавіла, старшыні Народнага Руху Ўкраіны, кіраўніка фракцыі Народнага Руху ў Вярхоўнай Радзе, я дазванілася адразу. І патрапіла на сустрэчу без праблемаў: дазнаўшыся, што я ў Кіеве ўсяго паўтара дня й няма калі шукаць сакратара, які б заняўся афармленьнем пропуску ва ўкраінскі парлямэнт, спадар Чарнавіл усё зрабіў сам. І ніякіх табе «пытаньні, калі ласка, факсам», як гэта часта бывае ў Беларусі. Я ня стала пытацца, што В.Чарнавіл думае пра Беларусь. Пра гэта ён выказаўся ў звароце да Кангрэсу дэмакратычных сілаў-99: «выклікае павагу вашая адданасьць справе аднаўленьня незалежнасьці Беларусі...» Відочна, хісткая незалежнасьць Беларусі для ўкраінскай правіцы — незалежнасьць няпоўная... Пытацца пра памылкі ў дзеячоў беларускай правіцы — значыць, выклікаць раздражнёную рэакцыю. Гутарка ж зь В.Чарнавілам пачалася менавіта з гэтай тэмы.

 

«НН»: Спадару Чарнавіл, правыя, якія шмат дзе ў Цэнтральнай Эўропе былі рухавіком змаганьня за незалежнасьць, ня вельмі любяць гаварыць пра памылкі. Думаецца, што для Беларусі і Ўкраіны яны падобныя...

В.Ч.: Наша найвялікшая памылка ў тым, што мы не давялі да канца нацыянальнае рэвалюцыі. Мы завяршылі першы яе этап — 24 жніўня 1991 году была абвешчаная незалежнасьць Украіны. Адзначу і ўсенародны рэфэрэндум 1-га сьнежня... І супакоіліся. Натуральна, наша сытуацыя іншая ў параўнаньні зь Беларусяй, але мушу сказаць, што значная частка народу яшчэ не была гатовая да другога этапу. Асабліва частка лідэраў, якія выйшлі з намэнклятуры, якія гаварылі, маўляў, паглядзіце, камуністы прагаласавалі за незалежнасьць, давайце разам будзем будаваць салідарнасьць, еднасьць... Нам трэ было абавязкова пераабраць парлямэнт пры канцы 1991-га або на пачатку 92-га. А мы дацягнулі да 94-га. За гэты час эканамічная сытуацыя пагоршылася, бо пры ўладзе засталіся старыя камуністычныя кадры, настрой сярод насельнікаў пачаў мяняцца, ужо не было ўзьнесенасьці, энтузіязму. У 1994 годзе мы выбары выйграць ужо не маглі. Гэтая памылка адрозьнівае нас ад Польшчы, Вугоршчыны, краінаў Балтыі. Яны адразу ўзялі ўладу. А мы яе не ўзялі. Мы не правялі другога этапу нацыянальнае рэвалюцыі. Вось чаго шкада, хоць я належаў да тых, што падштурхоўвалі да такога разьвіцьця падзеяў. Аднак ня здолеў пераканаць сваіх калегаў, тады кіраўнікоў Руху, ды іншых. Вось найбольшая памылка. Гэты застой працягваецца, працягваецца... Відаць, патрэбны моцны штуршок, каб завяршыць тое, чаго мы не зрабілі ў 1991-92 гадах.

 

«НН»: Беларускія апазыцыйныя палітыкі, калі апэлююць да Захаду, гавораць, што праблема Лукашэнкі — гэта ня толькі праблема Беларусі, але і Эўропы. Напрыклад: у выпадку анэксіі Беларусі можа наступіць чарга Ўкраіны. Гэта рэальна?

В.Ч.: Заява сапраўды рэальная. І сытуацыя ў Беларусі залежыць ад таго, што адбываецца ва Ўкраіне, і наадварот. Тое, што мы стаім упарта супраць уваходжаньня ў СНГ, падкрэсьліваем сваю незалежнасьць, дапамагае Беларусі. Гэтаксама, калі б Беларусь канчальна здалася, нашым ткачэнкам і сілам, якія стаяць за нейкі славянскі саюз, за нейкую форму адраджэньня СССР, было б нашмат лягчэй. Таму тое цяперашняе ажыўленьне палітычнага жыцьця ў Беларусі, пратэсты супраць палітыкі Лукашэнкі, памяншэньне піетэту да «бацькі», вельмі спрыяльныя для нас. Можа, нат добра перад нашымі прэзыдэнцкімі выбарамі, на якіх левыя маюць пэўныя шанцы. Гэта добра й для Эўропы. Мне, як чальцу парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, на жаль, даводзіцца канстатаваць, што ня ўсе эўрапейскія палітыкі разумеюць, што там за Бугам адбываецца... Я прыгадваю паседжаньне, калі вырашалася пытаньне аб прадстаўніцтве Беларусі ў Радзе Эўропы. Мне было вельмі балюча, што мая прапанова — а тады дэлегацыю Беларусі прадстаўляў Карпенка — не была падтрыманая. Я прапаноўваў пацьвердзіць прадстаўніцтва за законным парлямэнтам, Вярхоўным Саветам, які Лукашэнка разагнаў. А яны зрабілі найлягчэйшы крок: увогуле пазбавіць прадстаўніцтва. Я думаю, гэта памылка эўрапейскіх палітыкаў. Так, у Беларусі абразілі Лені Фішар. Але яе абразіў Лукашэнка, а не беларускі народ. На жаль, у Эўропе часам здараюцца такія непаразуменьні. Можа, хтосьці ня хоча псаваць дачыненьняў з Расеяй, нехта недаацэньвае стратэгічнага, геапалітычнага значэньня Беларусі. Ды і Ўкраіны таксама...

 

«НН»: Спадару Чарнавіл, акрэсьлеце, калі ласка, палітычную нішу й палітычны ўплыў Народнага Руху на сытуацыю ва Ўкраіне.

В.Ч.: Гэта акрэсьлены правы цэнтар. Адна з найбольш уплывовых палітычных сілаў. На жаль, другая — гэта камуністычная партыя. Яны жывуць мінуласьцю, мы — цяперашнім і будучыняй. Адзін сур’ёзны ўкраінскі палітык сказаў такое: «У нас сёньня дзьве партыі, якія могуць ісьці на выбары бяз грошай — камуністы й Рух». Прыхільнікі камуністычнай ідэі, прынамсі, шмат хто зь іх, маюць настальгію па мінулым. Рух асацыюецца з будучыняй. Нам трэба зьберагчы сваё рэнамэ. Нам трэба стаць яднальнаю сілай, якою мы былі пры канцы 80-х і на пачатку 90-х. Яднаньне сілаў — нашая стратэгія цяпер. Мы ствараем блёк аднадумцаў з уплывовых палітычных сілаў. І, спадзяюся, лёзунг «еднасьць», які гучыць на кожнай сустрэчы, на кожным мітынгу, урэшце будзе намі рэалізаваны. Гэта важна перад недалёкімі ўжо прэзыдэнцкімі выбарамі, важна перад пагрозай рэстаўрацыі левых сілаў.

 

«НН»: Вы неаднаразова казалі, што калегам па руху ў суседніх дзяржавах варта ўлічваць чужы досьвед, памылкі, дасягненьні... У сувязі з гэтым, чаму, на вашу думку, у Беларусі нацыянальны рух — элітарны?

В.Ч.: Мне здаецца, па-першае, з-за нясьпеласьці базы. Трэба ж на нешта абапірацца... У нас часам кажуць, што нацыя ўкраінцаў толькі ствараецца, што пакуль ёсьць толькі ўкраінскае жыхарства. Але ў нас моцнаю базай была Заходняя Ўкраіна. І Кіеў. Дзе заўсёды лунала пачуцьцё сталіцы. Кіеў заўсёды на выбарах дэманстраваў дэмакратычныя прыхільнасьці. Кіеў — цалкам наш, як і Заходняя Ўкраіна. Але й мы яшчэ ня здолелі пераканаць увесь народ. Думаю, тое ж у пэўнай ступені характэрна й для Беларусі. Мушу паўтарыць — нацыя мае такіх кіраўнікоў, якіх яна заслугоўвае. Трэ было перажыць. І нам гэтую эканамічную стагнацыю, і вам бацьку Лукашэнку. Каб народ зразумеў, куды йсьці.

 

«НН»: Што б Вячаслаў Чарнавіл перадаў беларусам?

В.Ч. Я зычу братняму беларускаму народу хутчэй пазбыцца дыктатуры Лукашэнкі, хутчэй выйсьці на дэмакратычны шлях разьвіцьця і ўсё ж адстояць сваю незалежнасьць. Можа, я сапраўды завостра напісаў у сваім звароце да Кангрэсу дэмакратычных сілаў пра аднаўленьне незалежнасьці Беларусі. Цалкам вы яе яшчэ не страцілі, але я хачу, каб яна была адноўленая цалкам. Гэта ў інтарэсах і Беларусі, і Ўкраіны, цэлай Эўропы і цэлага сьвету.

Гутарыла Вольга Караткевіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0