СУМЛЕНЬНЕ СУПРАЦЬ СЫСТЭМЫ

 

Яшчэ адзін беларус папрасіў палітычнага прытулку на Захадзе... Нягледзячы на звыкласьць факту, можна казаць пра пэўную ўнікальнасьць выпадку. Палітэмігрантамі дагэтуль станавіліся пераважна актывісты БНФ. Юры Сушкоў, што папрасіў прытулку ў Нямеччыне, якраз мог бы пры жаданьні існаваць больш-менш бязьбедна й пры гэтым рэжыме. Ад яго патрабавалася ўзамен толькі адно: паслухмянасьць. Ён мусіў паслухмяна абвяшчаць прысуды — кідаць людзей за краты.

У сваёй заяве начальніку ўправы юстыцыі Магілеўскага аблвыканкаму судзьдзя Ленінскага райсуда Бабруйску Сушкоў прасіў звольніць яго па ўласным жаданьні з прычыны ягоных «маральных ды палітычных перакананьняў» .

Юры Сушкоў яшчэ ў 1991 годзе выпадкова змог адчуць на сабе сэнс расейскага слова «беспредел». У ягоным родным Бабруйску было сьвята гораду, калі на вуліцах упершыню зьявіўся АМОН. Хлопцы зацікавіліся міліцыяй у незнаёмай яшчэ тады форме й проста пасярод вуліцы падышлі з пытаньнямі. Пачуўшы ў адказ назву-абрэвіятуру, нехта зь сяброў Юрыя згадаў: маўляў, ці ня той АМОН, што паўгады таму нарабіў дзялоў у Вільні? Усю кампанію тут жа схапілі, кінулі ў аўтобус і паказальна «адмалацілі». Выпусьцілі іх з пастарунку толькі ранкам. У хаце Юры зірнуў на сябе ў люстэрка: палова твару была сіняй. Суцэльны сіняк. Праз тыдзень ён пасьпяхова здаў іспыты ў юрыдычны інстытут у Харкаве. Сваю вучобу ва Ўкраіне Юры згадвае цяпер так: «Мяне вучылі зусім іншаму, чым тое, што адбываецца на практыцы ў нас». Ён пасьпеў папрацаваць сьледчым у Ленінскім раёне Бабруйску, потым у Бабруйскай раённай пракуратуры. 20 кастрычніка 1997-га, пасьля папярэдняга субяседаваньня ў некалькіх інстанцыях «вэртыкалі» (звычайная, дарэчы, сёньня працэдура) Сушкова прызначылі на пасаду раённага судзьдзі ўказам прэзыдэнта РБ.

Скажам, летась судзьдзі Сушкову выпала разглядаць справу бабруйскіх мытнікаў — Патарыкіна і Дразда. Іх абвінавачвалі ў службовых злачынствах, зьвязаных з Бабруйскім гідролізным заводам. Справу разьвязала й трымала на кантролі кіраўніцтва дзяржавы. Тым ня менш, доказаў віны мытнікаў бракавала. Наўмыснасьць дзеяньняў падсудных не пацьвярджалася, а ў дачыненьні да Патарыкіна справа «цягнула» нават на апраўдальны прысуд.

У хуткім часе ў кабінэт судзьдзі Сушкова завітаў прадстаўнічы мужчына, які назваўся супрацоўнікам КГБ і ветліва перадаў, што мяккі прысуд непажаданы і, увогуле, можна нарвацца на непрыемнасьці. На спробу перавесьці гэта ў жарт, «госьць» адказаў, што гаворыць цалкам сур’ёзна. У той жа дзень Сушкова выклікаў да сябе «на дыван» старшыня суда Мікалай Семянюк. Параіў «не зьвязвацца з КГБ», інакш «будзе кепска» ўсяму суду — ня кажучы пра самога Юрыя. Урэшце Сушкоў зачытаў мытнікам прысуд: два з паловай гады зьняволеньня для Патарыкіна, чатыры з паловай — для Дразда. Сваякам асуджаных, аднак, паведаміў аб аказаным на яго ціску. Паводле назіраньняў судзьдзі, ціск чыніўся й на сьведкаў, калегаў абвінавачваных. На адно з ранішніх паседжаньняў суда ў Бабруйск быў дастаўлены ажно зь Менску намесьнік начальніка Мытнага камітэту Беларусі, які відавочна адчуваў няёмкасьць і казаў ня тое, што хацеў сказаць. На працэсе судзьдзю Сушкову даводзілася чуць, што сьледчая група дастане з-пад зямлі за пару гадзінаў каго хочаш — нават міністра — і даставіць у залю.

Праз тыдзень пасьля асуджэньня мытнікаў Сушкова пахвалілі. Начальнік суда Семянюк сказаў, што званілі «ад Шэймана» і «наверсе» радыя прысудам.

Спадзяваньні на сумленнасьць суда вышэйшай інстанцыі аказаліся марнымі. Магілеўскі судзьдзя Рыгор Качалаў, што разглядаў справу пасьля касацыі, заявіў: «Вызваляць іх трэба, але — няхай пасядзяць».

«У нас заганная практыка: калі чалавек трапіў у турму, яго ўжо не апраўдваюць», — кажа Юры Сушкоў. Да таго ж, звычайна існуюць два варыянты галоўных аргумэнтаў «віны»: «Альбо чалавек сам прызнае віну, якая больш нічым не пацьвярджаецца — альбо на яго ўказвае пацярпелы». Гэтую практыку звычайна баяцца «ламаць»: кожны апраўдальны прысуд — гэта адмена папярэдніх абвінавачваньняў, рашэньняў аб арыштах, гэта й пакараньні тых, хто дапусьціў парушэньні... За апраўдальны прысуд судзьдзю чакае «тэрор».

Юры Сушкоў за год працы ў судзе выносіў такія прысуды тройчы. Калі аспрэчваў дзеяньні міліцыі, калегі прасілі яго зьмякчаць фармулёўкі, каб за «беспредел» не каралі шмат асобаў. Ён не пярэчыў. Але нічога не «зьмякчаў».

Ён быў адзіным сярод калегаў, хто не жадаў дзейнічаць, як усе. Яго сталі пазбаўляць прэміяў. «Але гэта — дробязі жыцьця ў параўнаньні з тым брудам, які на цябе выліваюць пракуратура і міліцыя», — кажа Юры. Урэшце гутарка аб ягонай працы адбылася проста ў кабінэце «непаслухмянага» судзьдзі. Р.Качалаў з аблсуда накінуўся на мяккасьць прысудаў. Апошнія ягоныя словы былі: «Калі захачу, я цябе лёгка зьнішчу». І запытаўся, што Сушкоў будзе рабіць, калі яму «пакладуць рукі пад нож». «Змагацца з сыстэмаю, выносячы прынцыповыя рашэньні, практычна немагчыма», — робіць выснову Сушкоў. Ён цытуе словы экс-міністра МУС Юрыя Захаранкі зь фільму «Звычайны прэзыдэнт»: у Беларусі «больш слабыя ламаюцца, больш моцных забіваюць». У Бабруйску на вачах Сушкова звольнілі цяпер ужо былога судзьдзю Сяргея Жабчанку за апраўдальны прысуд дырэктару «Фандока» Таранаву. Меў вечныя праблемы зь міліцыяй судзьдзя па адміністратыўных справах Ленінскага суда Раман Сівак: ён ніколі не кіраваўся настойлівымі «парадамі» міліцыянтаў. Цяпер Раман Сівак сам сядзіць. Афіцыйная вэрсія — за хабар, але ягоны калега ня ўпэўнены, ці быў той хабар...

У той жа час маюцца прыклады адваротныя. Судзьдзя Казакевіч, што асудзіў Шарамета й Завадзкага ў Ашмянскім судзе, атрымаў падвышэньне. Сьледчыя Магілеўскай абласной пракуратуры А.Радкевіч і А.Матулькоў, магілеўскі пракурор Драздоў атрымалі хто кватэру, хто палкоўніцкія зоркі й прэміі — за «раскрыцьцё» справы Мікалуцкага. Хоць тую справу вярнуў на дасьледаваньне Вярхоўны суд... Дарэчы, пацярпелым у справе аб забойстве Мікалуцкага сьледчай групай быў прызнаны... Аляксандар Рыгоравіч. Словы прэзыдэнта пра тое, што «ворагі падбіраліся да прэзыдэнта», выліліся ў спэцыяльную пастанову аб ягонай пацярпеласьці. Ейную копію адзін зь следчых захаваў для гісторыі.

Юры Сушкоў яшчэ раз пацьвердзіў, што гэтак званая «апэратыўная распрацоўку падазраваных» спэцслужбы ў Беларусі вядуць мэтадамі «старой, дзедаўскай» пробы. Падвешваньне наручнікамі на краты, перацісканьне рук і ног наручнікамі, удушэньне ў супроцьгазе, вышчыпваньне валасоў з полавых органаў. Жорсткае зьбіцьцё ў параўнаньні з гэтым — проста ласка... Пра ўсё гэта, магчыма, Сушкоў у хуткім часе выдасьць у замежжы кнігу. Перад ад’ездам у Нямеччыну ён не выключаў самых розных варыянтаў разьвіцьця падзеяў, згадваючы, як праз тыдзень пасьля тэлефоннай размовы зь ім пра кнігу ды палітычны прытулак загінуў пры дзіўных абставінах маскоўскі журналіст-міжнароднік, ураджэнец Бабруйску Юры Рыжы. Афіцыйная вэрсія сьмерці — атручаньне морфіем.

Што да Юрыя Сушкова, то бяспраўе і прыгон людзей сваёй прафэсіі ён спазнаў пры рэшце, афармляючы замежны пашпарт. Без тлумачэньня прычынаў у абласным упраўленьні юстыцыі Сушкову заявілі, што судзьдзі — асобы, фактычна, невыязныя. Але ўсё ж знайшліся ў Беларусі людзі, якія дапамаглі. «Я болей не магу паступацца сумленьнем, прынцыпамі і правасудзьдзем і выконваць бесчалавечныя законы талаітарнага рэжыму, кіраванага дыктатарам»,— заявіў Юры Сушкоў. Ён зьбіраецца працаваць на карысьць Беларусі ў замежжы. Ягоны ўчынак — прыклад тым, хто гэтыя гады змагаўся з уласным народам у пастарунках, на вуліцах, у судовых кабінэтах. Гэта таксама знак таго, што ёсьць у нас «яшчэ сілы, каб крыўдзе ня дацца, змагацца».

Тацяна Сьнітко


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0