Кубэ як магільшчык беларускай нацыянальнай ідэі

 

Калі я толькі пачаў вывучаць матэрыялы акупацыйнага пэрыяду, у мяне ўзьнікла пытаньне: чаму пра Кубэ так шмат гаворыцца ў савецкай літаратуры, а аб яго пераемніку амаль нічога? Пераемнік Кубэ, групэнфюрэр СС генэрал-лейтэнант паліцыі Курт фон Готбэрг, фактычна зьяўляўся кіраўніком усіх эсэсаўскіх і паліцэйскіх сілаў ва Ўсходняй і Заходняй Беларусі, вылучаўся выключнай жорсткасцю ў ажыццяўленні тактыкі «спаленай зямлі», супраць якой свядома і рашуча выступаў Кубэ.

Паважаны мной Юры Туронак у сваёй манаграфіі грунтоўна распавёў пра складаны клубок супярэчнасьцяў у гітлераўскім кіраўніцтве. Дык чаму ж так шмат пісалі пра Кубэ? Бо спрабавалі схаваць сапраўдную небясьпеку, якая сыходзіла ад яго ініцыятываў. Трагедыя Кубэ як палітыка ў тым, што ён кіраваўся сапраўднымі інтарэсамі Нямеччыны, чаго нельга сказаць пра Гітлера, Гімлера, Коха і іншых. Я разумею, што гэты тэзіс выклікае пытаньні й сумневы, але мая думка грунтуецца на глыбокім аналізе.

Кубэ меў ня толькі вялікія амбіцыі, але й свой пункт гледжаньня на жыцьцё і ўсяляк адстойваў яго. Знаёмства зь яго выступленьнем на нарадзе кіраўнікоў генэральнага і акруговых камісарыятаў, якая адбылася ў красавіку 1943 г., паказвае, што ён ня толькі крытычна ставіўся да афіцыйнай усходняй палітыкі, але і больш, уступаў у адкрытую супярэчнасьць з поглядамі Гітлера наконт акупаваных тэрыторыяў. Гітлер ня даў і ня мог даць дазволу на стварэньне нацыянальных войскаў і ўрадаў, хаця ў тых умовах гэта магло б пайсьці на карысьць Нямеччыны. Сталін своечасова гэта раскусіў і супрацьдзейнічаў гэтаму.

Кубэ, ведаючы аб пазыцыі Гітлера, бачачы, як паліцыйныя ўлады блякуюць стварэньне БСА, усё ж заяўляе аб неабходнасьці стварэньня 300-тысячнага беларускага войска, адкрыцьця вышэйшых школаў, узбуйненьня Беларусі яе этнічнымі тэрыторыямі, стварэньня СБМ, а таксама прадстаўнічага органу — Рады даверу. У сваім дакладзе ён шмат і эмацыйна гаварыў аб гісторыі і культуры беларускага народу. Ён усяляк падкрэсьліваў, што беларускім нацыяналізмам, з-за ягонай слабасьці, лёгка кіраваць і што ён не ўяўляе небясьпекі для немцаў. «Беларусаў нельга параўноўваць зь іншымі народамі Остлянду, якія цягам свайго гістарычнага жыцьця заўсёды былі настроеныя супраць немцаў. Беларусы — адзіны народ, які не займаўся палітычнымі інтрыгамі супраць Нямеччыны. Літоўцы ненавідзяць нас... латышы і эстонцы прыязна сустракалі не таму, што гэта былі нямецкія войскі, а таму што гэтыя войскі вызвалілі іх ад бальшавікоў — усе яны гатовыя прамяняць нас на англічанаў».

Трагедыя беларускай нацыянальнай ідэі і яе палымяных носьбітаў, усіх тых, хто сьведама і ў адпаведнасьці з сваімі шчырымі пачуцьцямі або пад уплывам прапаганды дачыніўся да яе пад час вайны, заключаецца ў тым, што з самага пачатку яна была асуджаная на ахвярнасьць. Інакш тады й быць не магло. Паўтараю, і Гітлер, і Сталін разумелі слабасьць беларускага нацыянальнага руху. Таму ні ў Маскве, ні ў Бэрліне нацыянальную карту разыгрываць не сьпяшаліся. Сёньня мы ведаем, што яе хацелі выкарыстаць адно тыя, хто рыхтаваў замахі на Гітлера.

Я бяру сьмеласць казаць, што Кубэ, спакусіўшы беларускі нацыянальны рух на супрацоўніцтва, стаў магільшчыкам беларускай нацыянальнай ідэі, якую на доўгія гады здыскрэдытавала супрацоўніцтва зь немцамі. Заўчасная пастаноўка любой важнай ідэі вядзе ўрэшце да яе кампрамэтацыі.

Аляксей Літвін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0