ЮРЫ ТУРОНАК ПРА ЗАБОЙСТВА КУБЭ
У сваёй кнізе «Беларусь пад нямецкай акупацыяй» Юры Туронак прыводзіць дакумэнты, якія сьведчаць, што Кубэ пратэставаў супраць мэтадаў акупацыі Беларусі: «Масавыя расстрэлы або паленьне жанок і дзяцей ня маюць нічога супольнага з гуманным вядзеньнем вайны. Колькасьць вёсак, зьнішчаных у час вялікіх паліцэйскіх апэрацыяў, перавышае колькасьць вёсак, спаленых партызанамі... Калі такімі мэтадамі дзейнічаць і надалей, няма чаго разьлічваць на ўціхаміраньне краю... Карныя апэрацыі часам ператвараюцца ў крывавыя оргіі... Дагэтуль,— апроч абяцаньняў, у якія ня верыць ужо ніхто, — мы практычна не даем нічога народам Усходу» (рапарт Кубэ бэрлінскаму кіраўніцтву).
Кіраўніцтва CC спрабавала перашкодзіць пашырэньню зьвестак пра злачынствы карных атрадаў, затыкнуць Кубэ рот і прыбраць яго зь Менску. Гінуць, нібыта «ад рук партызанаў», што немагчыма спраўдзіць, Эрэнляйтнэр і Саковіч, ад якіх Кубэ атрымліваў інфармацыю, на жыцьцё Кубэ робіцца замах: «пад сцэнаю Менскага тэатру была ўстаноўлена міна, разьлічвалася, што яна ўзарвецца ў той час, калі ў тэатры знаходзіўся Кубэ з нагоды ўрачыстага абвяшчэньня СБМ. Але выбух прагучаў пазьней, у час прадстаўленьня камэдыі Аляхновіча «Пан міністар», на якім гаўляйтэр ужо не прысутнічаў. Загінула 13 чалавек». Кіраўнікі СС і СД пісалі даносы на Кубэ ў Бэрлін: «... абразы, якія Кубэ кідае ў адрас СС або паасобных камандзіраў СС, даўно не ў навіну... Гаўляйтэр забараніў супрацоўнікам Генкамісарыяту кантактаваць з СД...» (Ліст Фон Готбэрга). Кубэ «ў глыбіні сваёй зьяўляецца праціўнікам нашых жыдоўскіх акцыяў» і «пакідаць генкамісара на ранейшай пасадзе немэтазгодна» (рапарт шэфа СД Штраўха).
Сьмерць Кубэ была наруку ня толькі савецкім уладам, але і кіраўніцтву СС, і Туронак не выключае вэрсіяў пра тое, што замах падрыхтавалі СС і СД ці, прынамсі, не зрабілі нічога, каб прадухіліць яго. У падтрымку гэтага ён прыводзіць той факт, што за тыдзень працы сьледчай камісіі СС было высьветлена, што Мазанак і Осіпаву пераправілі ў Маскву, што, паводле Туронка, азначае, што СД мела інфарматараў у атрадзе, куды ўцяклі жанчыны. Гімлер, у сваю чаргу, сказаў, што толькі сьмерць выратавала Кубэ ад канцлягеру (Reitlinger G. The house built on sand. The conflicts of German policy in Russia 1939-45. London, 1960).
У БССР Кубэ ацэньвалі адназначна адмоўна, — піша Туронак, — тады як у колах беларускай эміграцыі ўвогуле ўстрымліваліся ад якіх-небудзь ацэнак. А Райтлінджэр, дасьледчык генацыду жыдоў у Эўропе, адзначаў, што дзеяньні Кубэ не далі плёну, але «сярод... буйных чыноўнікаў у Расеі Кубэ быў адзіны, хто пэўны час тармозіў дзейнасьць расісцкіх забойцаў. Патэтычны і няўдачлівы, тоўсты і юрлівы, гэты стараваты чалавек шмат месяцаў займаўся тым, на што не асьмельваўся ніводзін удзельнік антыгітлераўскай апазыцыі».
А.В.