ОЎЛД БЭЙЛІ СУДЗІЦЬ АНТОНА САВАНЮКА

 

Былы камэндант паліцыі з палескага мястэчка Дамачава, а пазьней чыгуначны работнік з паўднёва-усходняй ускраіны брытанскай сталіцы Энтані Саванюк абвінавачваецца Цэнтральным крымінальным судом Лёндану, вядомым як Оўлд Бэйлі, у забойстве чатырох габрэяў пад час другой сусьветнай вайны, а таксама ў актыўным і добраахвотным пасобніцтве ажыцьцяўленьню генацыду. У справе фігуруюць канкрэтныя прозьвішчы забітых Саванюком — Шымко, Барлас... Паміж 19 верасьня і 31 сьнежня 1942 году было зьнішчанае трохтысячнае дамачаўскае гета. Пасьля таго, як жыдоў пагналі на расстрэл, паліцэйскі атрад Саванюка праводзіў «зачыстку» мястэчка... Сам Саванюк адмаўляе сваю віну.

У верасьні таго ж году былі зьнішчаны 54 выхаванцы і выхавацелька Дамачаўскага дзетдому для дзяцей савецкіх работнікаў, і хаця ніхто канкрэтна не сьцьвярджае, што Саванюк меў дачыненьне і да гэтага злачынства, многія дамачаўцы, якія выступалі на судзе, зазначалі, што падобныя крывавыя расправы звычайна не абыходзіліся без маладога і жорсткага камэнданта мясцовай паліцыі, які добра ведаў усе мясцовыя сьцяжынкі і хованкі.

— У вас столькі валасоў на галаве няма, колькі ён забіў людзей, — так ацаніў уклад Саванюка ў справу зьнішчэньня людзей 75-гадовы Фёдар Зань, былы школьны таварыш будучага паліцая. Фёдар Зань бачыў, як Саванюк адводзіў на расстрэл і сям’ю ягонай цёткі Хвядоры за падазрэньне ў сувязях з партызанамі.

На выязное паседжаньне Цэнтральнага суда Лёндану па ягонай справе, якое адбылося 16 лютага ў Дамачаве, Энтані Саванюк не прыехаў, застаўся пад хатнім арыштам. Калі б яго ўзялі і прывезьлі на радзіму разам з 12 прысяжнымі і судзьдзямі, дык адразу за памежным шлягбаўмам яго арыштавалі б прадстаўнікі беларускай пракуратуры. Пасьля вайны ў Беларусі супраць Саванюка была ўзбуджаная справа, але паколькі ён зьнік, яе закрылі. У роднай вёсцы яго памятаюць як Андрэя Саланюка, у Англіі ён зьмяніў імя.

Выезд суда ў Беларусь быў першым у гісторыі пасяджэньнем брытанскага суда за межамі краіны. Рэч у тым, што прыцягнуць Антона Саванюка да крымінальнай адказнасьці стала магчымым толькі пасьля прыняцьця ў 1991 годзе спэцыяльнага закону аб крымінальнай адказнасьці за ваенныя злачынствы, паводле якога ў Вялікай Брытаніі могуць быць асуджаныя і людзі, што ўчынілі ваенныя злачынствы за межамі краіны. Саванюк — першы, хто падпаў пад гэты закон. Супраць былога жыхара Міра Сымона Серафіновіча справа была ўзбуджаная ў 1996 годзе, але суд вырашыў, што 85-гадовы Серафіновіч занадта стары і хворы, каб удзельнічаць у працэсе. Неўзабаве той і памёр ад хваробы Альцгаймэра. Сівы пэнсіянэр Саванюк таксама ходзіць з кіёчкам, і на выгляд ягоны зусім ня скажаш, што на ягонай душы такія жудасныя злачынствы.

Сьледзтва цягнулася больш за два гады, было апытана 376 чалавек, у тым ліку нямала жыхароў Дамачава. 16 дамачаўцаў у якасьці сьведкаў езьділі ў Лёндан, дзе й змаглі пабачыць свайго былога земляка. 75-гадовы Фёдар Зань на свае вочы бачыў, як Саванюк расстраляў з аўтамату паўтара дзясятка габрэек. Тутэйшы пэнсіянэр Іван Баглай быў сьведкам таго, як Саванюк вёў на расстрэл габрэйскую дзяўчынку, біў яе бярозавым кіём і прыкрыкваў «Шнэль, шнэль!» Баглай у свой час і апазнаў Саванюка па шнары на твары.

— Нямецкай мовы Саванюк зусім ня ведаў, аднак гэтае слоўца выкарыстоўваў, — кажа ён.

У Дамачава цяпер жыдоў амаль няма, прынамсі, тутэйшых, усе засталіся ў вялізнай брацкай магіле ў лесе непадалёк. Магіла дагледжаная, на ёй стаяць абэліскі. Помнікаў нявінным ахвярам у Дамачаве шмат, але найбольш уражвае надпіс, зроблены нечай рукой на сьцяне прыватнага будынку ля мясцовай царквы. Напісаныя сіняй фарбай вялізнымі літарамі словы нагадваюць усім, што тут нацысты забілі 3800 чалавек... Гэта як знак шчырага ачышчэньня дамачаўцаў ад плямы, зробленай Саванюком і іншымі злачынцамі, падобнымі да яго.

Суд над былым паліцаем працягнецца яшчэ шэсьць-сем тыдняў. Саванюка ўрэшце можа чакаць пажыцьцёвае зьняволеньне. Дамачаўцы ў адзін голас выказваюцца за сьмяротны прысуд, а нехта прапанаваў нават прыкаваць яго ланцугом да сасны на брацкай магіле ахвяраў, каб ён пільнаваў яе да самага скону. Іншы ж прапанаваў перавезьці яго сюды, на радзіму, і прымусіць жыць на беларускую пэнсію... Ды гуманнае брытанскае правасудзьдзе не прадугледжвае такіх жорсткасьцяў.

Валер Каліноўскі, Дамачава—Менск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0