Адам Глёбус

Пачварнік

Апавяданьне

 

Пачварніка рабілі на саломе, каля бурта бульбы.

Напрыканцы верасьня, цёплым надвячоркам мужчыны насыпалі ладную гурбу бульбы, абклалі яе саломаю й засыпалі. Бурт атрымаўся роўны, доўгі, высокі й акуратны. Люба-дорага паглядзець. Напрацаваныя мужчыны вырашылі адзначыць плён працы сваёй і селі выпіваць.

Якраз тады міма поля з буртамі праходзіла дурнаватая дзеўка. Ахмялелыя працаўнікі паклікалі дурніцу да сябе ў кумпанію. Накармілі вэнджаным кумпяком з цыбуляю, напаілі самагонкаю й згвалцілі, ды кожны па некалькі разоў. П’яная дзеўка толькі радавалася такой незвычайнай магчымасьці пакачацца на саломе.

Пра ігрышча каля бурта ніхто б і ня згадваў, бо дурніца была адмысловай распусьніцаю й давала, і перадавала ўсім, хто жадаў. Але ж давялося ўспомніць пра палявыя забаўкі, калі празь дзевяць месяцаў дурніца вырадзіла Пачварніка.

Роды ў гулёны прымала маці. Каб не выносіць таямніцу з хаты. Але дзе ты ў вёсцы што схаваеш? Ня ўтоіш ні грэх, ні сьвяты ўчынак, каб і захацеў. Што б там ні казалі, а баба спрытна перарэзала пупавіну свайму першаму ўнуку і ўдала завязала пуп.

Ён тут жа выкруціўся з рук, упаў на ток, стаў, як зьвер, на карачкі й хрыпатым голасам запатрабаваў:

— Жэрці!

Напужаная баба неабмытым нажом адкроіла хлебу, пасыпала цукрам і падала выблядку. Той бяззубым ротам згамкаў пачастунак і паскакаў да цынкавага бачка, у якім трымалі ваду для піцьця. Піць Пачварнік ня стаў. Боўтнуўся ў бачок і закрыўся накрыўкаю.

Напалоханая баба кінула непрытомную парадзіху й паляцела да суседа. Згорблены дзед прыкалыбаў да бачка й зьняў накрыўку. З-пад крышталёвай вады на людзей пазірала істота з конскімі вачыма й з калючым грэбенем на сьпіне. Хвастатае тулава й кіпцюрастыя лапы ўкрывала луска, якая пералівалася пярліным бляскам.

— Цмок, няйначай. — Дзед палічыў за лепшае накрыць бачок. — Пайду, паклічу шаптуху. А ты, ліха цябе дзяры, трымай накрыўку, каб ня вырвалася й не ўцякло. Уцячэ — хрэн зловіш, і будзе шкоду чыніць дзе яму заманецца.

У куце, на збэрсаным ложку, вярнулася да памяці й заварушылася спустошаная дурніца:

— Мама, ці жывое нашае дзіця? Хто там нарадзіўся? Хлопчык ці дзяўчынка?

— Жывое, жывое! — Баба зьняла бачок з зэдліка, паставіла на ток і села конна.

— Пакажыце мне яго. Сьмерць як хочацца паглядзець, — дурніца павярнулася на бок і прыўстала на локці.

— Ляжы, дачушка, не варушыся, а то сыйдзеш крывёю й чэрці пакажуць табе іншы пякельны сьвет.

Пачварнік заторгаўся ў бачку, зашкрэб кіпцямі па цынку, паспрабаваў вырвацца. Баба трымала бачок за ручкі й ціснула дупаю да зямлі.

— Што Вы там робіце, мама? Чаму мой сыночак голасу не падае? — бясьсільле накацілася на дурніцу, і яна абсунулася на падушкі.

Абмываю дзіця тваё, дачушка. А ты ляжы, не варушыся, бо калі не паслухаеш мяне, дык скармлю твайго байстручка кабану.

— А ёй, што Вы лапочаце такое? Бог пачуе й шчасьця Вам ня дасьць, — ня могучы ўстаць, замармытала парадзіха.

Ад сьвятога слова Пачварнік прыціх, стаіўся ў халоднай цемрадзі. Тут і шаптуха ўпаўзла ў хату. Абшаптала яна бачок з чатырох бакоў, паклала крыжык з трэсак на накрыўку й прагундосіла:

— Пайду. Я сваё зрабіла. А ты, баба, дастанеш байструка, зробленага распустамі ў полі пад буртом, абмыеш свайго ўнука, спаўеш і аддасі дурніцы на выкорм. Што будзе зь ім далей, я, дзякаваць Усявышняму, на свае вочы не пабачу, не дажыву. Іншыя хай моляцца.

Шаптуха з суседам пайшлі, не разьвітаўшыся.

Баба выцягнула са сьцюдзёнай вады пачарнелага й ледзь жывога хлопчыка, абмыла духмяным чабаровым узварам у балеі й аддала дачцэ. Тая радавалася, пускала сьлязу і ўсё не магла нацешыцца сінімі вялізнымі вачыма свайго сыночка.

Гісторыя з нараджэньнем Пачварніка забылася б, то ж бо такіх вылюдкаў родзіцца ў Беларусі процьма, таму ёсьць безьліч пісьмовых і вусных сьведчаньняў. Чыстага ў сьвеце столькі ж, колькі нячыстага, калі ня менш. Праўда, жывуць Пачварнікі нядоўга й скон іх раптоўны, але й жудасны. Толькі Пачварнік, зроблены каля бульбянога бурта, даўжэй за сабе падобных утрымаўся на зямлі, чым знакаміты й адметны. Злога й крыважэрнага нарабіў многа, таму й захрас у чалавечай памяці.

Рос ён ня хутка й не марудна, звычайна. Сілу ж меў адметную, тоўк раўналеткаў і дужаўся са старэйшымі, а, ня могучы ўзяць верх з наскоку, зьбіраў зграю з маладзейшых і нападаў на ворага зьнянацку. Вёска баялася псыхапатычнага Пачварніка. Хто не збаіцца атрымаць уночы каменем у плечы? Выблядак і такія штукі практыкаваў. Вёска бяз словаў змовілася ператрываць прысутнасьць баявітага байстрылы. Пачакаем, вырасьце й зьедзе, вёска маленькая, сьвет вялікі й жорсткі, там і скруціць шыю.

Пачварнік сапраўды зьехаў, але паехаў, каб вывучыцца на саўгаснага старшыню й вярнуцца законным панам. Вёска пачала спадзявацца на заўчасную гібель д’яблавага стварэньня. Лёс уратаваў вяскоўцаў і другі раз. Мусіць, кабеты на чале з шаптухаю выпрасілі ва Ўсявышняга збавеньня ад цмока. Пачварніка абралі ў дэпутаты. Вёска ўздыхнула з палёгкаю і ў адно імгненьне пачала ганарыцца ўласным выблядкам, нібыта й не было таго, што было. Дзед-сусед распусьціў пагалоску, што Пачварнік — Богам абраны кіраўнік. Гвалтаўнікі, што качаліся ў саломе з блядзюгаю, пазадзіралі чырвоныя насы, кожны называў сябе бацькам дэпутата. Праз гэта яны ледзь не пазабівалі адзін аднога, і мусіць зжылі б канкурэнтаў са сьвету, каб ня шэры чалавек.

Мужчына з шэрым тварам прыехаў у вёску на дзяржаўнай машыне. Не пытаючыся адрасоў, ён дакладна патрафляў у хаты кандыдатаў у бацькі дэпутата. Там праводзіў кароткія гутаркі пра неабходнасьць забыць цёплы верасень і бурт. Свае словы ён замацоўваў тым, што апранаў шэрыя пальчаткі й біў гаспадароў па твары, біў да крыві пры жонках і дзецях.

Тым часам Пачварнік клапаціўся пра іншае, ірваўся на галоўнае крэсла краіны. Д’ябал яму дапамог. Праўдамі й няпраўдамі стварэньне ўсьперлася на вяршыню. І тады ня тое што вёска, а раён і вобласьць паверылі ў плётку пра Богаабранасьць байстрылы. Хай даруе Ўсявышні, але ў Хрыста вельмі заблытаная гісторыя з бацькам, там і Анёл, і цесьля Язэп, і сам Бог-Бацька. З пачварнікам атрымаўся той хрэстаматыйны прыклад, калі д’яблава сутнасьць хаваецца за Божае імя.

Тут патрабуецца ўдакладненьне... Сам Пачварнік ня верыў у тое, што ён сын распуснае начы, яго задавальняла ружовая гісторыя пра лётчыка-выпрабавальніка, які палюбіў маці, але не пасьпеў ажаніцца, бо загінуў. Ні шаптуха, ні дзед-сусед, ні баба ні разу не загаварылі ні з кім пра цмока ў бачку з вадою для піцьця. Такім чынам, зло жыло, ня ведаючы, што яно насамрэч. Гэтак лясны драпежнік ня ведае пра ўласную пачварнасьць.

Сілкуючыся набытай уладаю, расла пыха Пачварніка. Верачы ў Богаабранасьць, ён намерыўся замацавацца на троне назаўсёды. Дзеля ўвасабленьня рызыкоўнага пляну Пачварнік сфармаваў таемнае войска шэрых людзей. У нетрах шэрых службаў пачалі распрацоўваць дзеяньні дзеля разьвязваньня сусьветнай вайны і ўсталяваньня адзінай і непадзельнай улады на зямлі. Вайсковая машына запрацавала на поўную магутнасьць. Толькі, як і казалася, не бывае чорнае бязь белага. Пачварнік здох.

Раніцай ён пайшоў у басэйн рабіць гімнастыку й водныя працэдуры. Любіў, гад, свае косткі, скуру й цягліцы. Розум і душу не было за што любіць.

Целаахоўнік застаўся пры дзьвярах.

За кульбітамі першай асобы сачылі лекар і масажыст. Пачварнік соп, пацеў, пускаў газы й рабіў адно практыкаваньне за другім. Ён зрабіў бы ўсе свае 666 штодзённых практыкаваньняў, каб не прусак. Жамярына выпаўзла з-пад кіліму, на якім вухаў узмакрэлы Пачварнік, і пабегла борцікам. Выблядак пачаў перасьледаваць вусатую жамярыну й тупаць па кафлях.

— Заб’ю! Гадам буду, расьцісну! Гадам буду, размажу! — сіпата крычаў Пачварнік.

Голая пята ўсё ж распляскала прусака й сьлізганула па гладкай кафлі. Пачварнік згубіў раўнавагу. Мажное цела ляснулася аб рабрыну борціка. Галава разьбілася напалам. Зьнявечаная йстота спаўзла ў чысьцюткую ваду.

Лямантуючы, лекар з масажыстам падбеглі да крывавых хваляў. У каламуці гайдалася й апускалася на дно вялізарная пачвара з рабрыстым грэбнем на сьпіне, доўгім хвастом і кіпцюрастымі, як у кракадзіла, лапамі. Мёртвы цмок пераліваўся чорнай лускою, нібыта быў выштукаваны з бліскучага вугалю й сьлюды.

— Сьвят, сьвят, сьвят! Сапраўдны дракон! — масажыст перахрысьціў жывот.

— А ты ня ведаў?! — цынічна пажартаваў белы, як уласны халат, лекар.

На крыкі прываліў целаахоўнік.

— Што за гвалт? Дзе бос? — запытаўся ён у служак.

— Дзе? Дзе? У п...дзе! — вылаяўся ўзбуджаны масажыст і атрымаў кулаком у грудзі.

— Ты ў мяне яшчэ павыкабеньвайся, кажамяга паскудная, — мясісты целаахоўнік паставіў нагу на грудзі паваленага масажыста, — я табе масаж зраблю па поўнай антыкрызыснай праграме.

— Пусьці, жывёліна! - захрыпеў прыдушаны служка. — Паглядзі, што ў басейне на дне ляжыць.

Целаахоўнік прысеў на борціку.

— Усрацца, і ня жыць! — устаючы з кукішак прамармытаў ён пад пераламаны нос.

— Туебні спартыўныя, што рабіць будзем? — вытрымаўшы паўзу, кінуў пытаньне доктар.

— А гэта ён? Дакладна? — ціхенька, як каля труны, спытаўся ахоўнік.

— Як доктар магу засьведчыць... Бос, расьціснуўшы прусака, пасьлізнуўся, раскроіў галаву аб кант борціка, упаў у ваду. Прыкметы сьмерці навідавоку. І вось мы маем тое, што бачым.

— Нас усіх пастраляюць, як сабак, — здагадка ўспыхнула ў маленькім розуме масажыста, - каб сьведак не было.

— Калі пасьпеюць, — кінуў на разьвітаньне лекар.

Шэрыя людзі сапраўды зьнішчылі сьведак падзеньня першай асобы ў імпэрыі. Толькі іх не пастралялі, як той думаў, а задушылі ў цалафанавых мяхах. Мяхі зь нябожчыкамі спалілі ў печы разам з пасечаным на кавалкі целам Пачварніка.

Ляльку з абліччам імпэратара пахавалі ў вёсцы на радзіме й насыпалі магілу, падобную да бурта.

  

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0