Андрэй Хадановіч
 



  Ваенна-паветраны пёс

Ваенна-паветраны пёс
   у тумане і сьнезе
ад восьмых з паловай нябёс
   і да ранных гадзін
ва ўторак, калі ён няцотны,
   снуе ў палянэзе
фігуры, заўсёды самотны,
   заўсёды адзін.

Ваенна-паветраны пёс
   не згубіў гімнасьцёркі;
васьмёркі і мёртвыя петлі
   пляце, як лухту;
Вялікі й Малы можа Воз
   без Палярнае зоркі,
як віяланчэль ад басэтлі,
   адрозьніць, бо розныя маюць яны шырату й далгату!

Ваенна-паветраны пёс –
   больш ня просты сабака,
яго пераменлівы лёс –
   больш ня будка-нара:
пітвом яму стала залева
   сьвятла Скарпіёна і Рака
      (і п’е, небарака!),
а ежай – Сусьветнага Дрэва
   лістота й кара.

Лунаючы, як альбатрос,
   і нястомны штогоду,
ваенна-паветраны пёс
   спадзяецца штогод
на тое, што ён несумненна
   сустрэне прыгоду, –
што дзесьці чакае ваенна-
   паветраны кот.

Ваенна-паветраны пёс
   праляцеў у этэры –
і ўсіх навакольных
   працяла каманда „зважай!»;
а я перагортваю стос
   некранутай паперы:
ваенна-паветранай поўні насеньне
   для здольных
      натхненьня
          ўраджай!
 


Востраў Рым

Падвойны выбух, рынуты ў паветра,
люстранасьць рэха, новае ў старым,
ты назаўсёды кутні камень мэтру,
у вірным вершаваньні – востраў Рым.

За тое, што праз рыну рытурнэлі
льеш літры літараў на млын стары,
цябе багомяць барды, мэнэстрэлі,
трувэры, альбо проста песьняры.

Патрыманыя рымы – мне падтрымкай,
рыштункам і карынкай для ўдаўца.
Паміж гандлёўцаў рымавага рынку
любы ўва мне пазнае спажыўца.

І на шляху сустрэўшы навальніцу,
я ведаю адзіны пэўны схоў:
трымаюся за рым, як за спадніцу, –
спадніцаемца ў патрымоне слоў!

Як рымару – забытая рымарня,
мне паратункам – занядбаны рым.
Складаю мінэзангі, але марна:
не апяяны спадарамі Грым.

Бо пошліну пашаны бярэ пошласьць,
і хутка кане ў пошлае эстэт:
ён проста з густу з’ехаў, – гэта пошасьць! –
па вушы занурыўшыся ў тандэт!

Глядзіць у кнігу – бачыць Дульсынэю,
зірне ў другую – бачыць Фігаро.
А я, бядак, з натугі пасінею,
ім носячы пясьнярскае дабро!

Хай акавіта з Гіпакрэны – вадкасьць,
якой не прапаноўваюць гасьцям,
але, пакуль рымую, мне няўцям,
што рымы – гэта зрынутая вартасьць.

Хай вершаваньне скончыцца маной,
бо іншы вынік проста немагчымы,
але рымяць няўрымсьлівыя рымы,
каб на паперу рынуцца рыной!
 
 

Стэфану Малярмэ, з удзячнасьцю

Пра блакіт і дар паэмы,
І папоўдне фаўна
Засталася у народзе
Песьня з давен-даўна.
Семяжон-Пэрс


Шалпатаньне шчаснага шаленства,
рымаванай радасьці выток, 
што на шалях краснага пісьменства
важыць дваццаць тысяч за радок –

раўналежна альбо прастастаўна
на паперу падаюць радкі:
нехта б’е ў званы, хтось сочыць фаўна,
хтосьці, зноўку робячы кідкі,

грае ў вежу із слановай косьці.
Знаўца хараства і прыгажосьці,
раніцою й нават уначы,
не пахіствацца спрабуючы,

пакідаючы кастальскі бровар,
ведае, як учыніць скандал,
сеўшы ўпотайкі на бацькаў ровар
(бацька – Геліяс альбо Дэдал).

Вабіць caelum? Лепш застацца цэлым,
бо Пэгас ляціць наўскапыта!
Пасьля коітусу – каята;
сёньня – вэлюм, заўтра – парабэлюм!

Лепш знайсьці сапраўдную лафу:
офіс зьняць, павесіць звонку шыльду
і пяяць Крымгільду і Брунгільду,
беручы за кожную страфу.

Сапсаваць гармоніяй гармідар,
распачаць незразумелы сьпеў,
каб і Піндар, і звычайны підар
на зямлі адзначыцца пасьпеў!

Статак мрой, стракатых альбо шэрых,
на паперу гнаць ад родных ніў;
шыхтаваць па два няспынны шэраг
рымаў, покуль нехта не спыніў!
 


Падшпарак-Пачварак

Я завуся Падшпарак-Пачварак,
бо паводжу сябе вельмі дрэнна.
Я аматар падступак і сварак;
не чытайце маралі – дарэмна!

Каб дабро пацярпела фіяска, 
я гатовы пайсьці на злачынства...
Ах, спадар буржуін, калі ласка, 
запішэце мяне ў буржуінства!

Адчуваю нашмат сябе ўтульней,
як залажу ў чужыя кішэні.
Пагуляць у дарослыя гульні
запрашаю – прымі запрашэньне!

Я юнак-падсьвінак, юны злодзей –
спадары, пашкадуйце дзяцінства:
я з маленства жыву на балоце –
запішэце мяне ў буржуінства!

Я страшэнна хачу бочку сочыва,
я страшэнна хачу кошык печыва,
а маё сэксуальнае рэчыва
ўсё чакае чагосьці жаночага!

Вам прадамся за смачную булку
(толькі страўнік – крыніца адзінства), 
палітычнага дайце прытулку – 
запішэце мяне ў буржуінства!
 


Порнаграмафон

Раз пайшла на фільм «Тытанік»,
а пасьля яшчэ сем раз:
больш не апранаю станік –
толькі ратавальны пас!

Занураюся у порна,
так бы мовіць, з галавой,
бо ўплывае дабратворна
на мысленчы мой развой!

Ой гора ж маё!

Мілы лаяцца ня ў стане,
кажа «ікс» заместа «хэ»:
бо ўлюбёнае чытаньне –
порначасапіс «Архэ»!

Ні «Нататкі Казановы»,
ні пра Фаўставы патрон:
па начах чытае «Новы
дамавіка – бля! – мэрон»!

Ой гора ж маё!

Мілы гіне ні за шэкель:
Ева Сыс і Янка Цень
яго вучаць слову «секель»,
альбо нават «ласкацень»!

А заўчора – нат ня ўспомнім! –
так назваў сваё жазло!
Ў тлумачальным, шасьцітомным
гэткіх словаў не было!

Ой гора ж маё!
 
 

Тэма з варыяцыямі

плача дзяўчынка
па сваім мячы
яе суцяшаюць
мяч у Сьвіслачы

дзеўчына плача
праз маю віну
адплывае мячык
у Беразіну

плача кабета
пэўна муж стары
не стае імпэту
мячык у Дняпры

бабусенька ў горы
ўнук пайшоў на фронт
недзе ў Чорным моры
ёсьць Эўксінскі Понт

а ракеце мячык
трапіў пад крыло
кірляў ані качак
быццам не было

будзе па рыбах
сумаваць Трытон
небясьпечны выбух
восем мегатон

вораг загінуў
сьлёзы на вачох
шмат падводных мінаў
маем мы ў мячох!
 


Выбар

я абіраю вольнасьць
як абіраюць бульбу
атожылак пінскай
пасьля панямонскай
нарэшце чарнобыльскай
шляхты
(што сынку дапамаглі табе
гэтыя шляхі?)
які атруціўшы атрамант
амаль не зважае на лямант
бо сёньня ня момант
скуголіць раўці турбавацца
пра нейкія там бел-чырвона-
белыя плямы на мапе
згвалчанай колісь Эўропы
 

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0