Час склікаць Устаноўчы Сойм

Пра карысьць чытаньня 2-й Устаўной Граматы

Карысна іншы раз перачытаць (а камусьці і проста чытаць) адну з нашых сакральных Устаўных Граматаў — Другую. Так адбылося, што пасля зьяўленьня Трэцяй Другая адышла на другі плян і засталася ў значнай ступені па-за ўвагай. А між тым менавіта ў ёй былі вызначаныя дзяржаўны лад БНР, правы і вольнасьці яе грамадзянаў і народаў, якія Трэцяя зацьвердзіла. Для свайго часу Другая Ўстаўная была дакумэнтам перадавым. Перачытайма яе.

«Другая Ўстаўная Грамата да народаў Беларусі».

Ужо ў назве — сьведчаньне таго, што Беларусь шматэтнічная.

«У часе сусьветнай вайны, што бурыць адны моцныя дзяржавы і аслабаняе другія, абудзілася Беларусь да дзяржаўнага жыцьця. Пасьля трох з паловаю вякоў няволі ізноў на ўвесь сьвет кажа беларускі народ аб тым, што ён жыве і будзе жыць. Вялікі Народны Збор — Усебеларускі Зьезд 15—17 сьнежня 1917 року, дбаючы аб долі Беларусі, зацьвердзіў на яе землях рэспубліканскі лад. Выпаўняючы волю Зьезду і баронячы дзяржаўныя правы народу, Спаўняючы Камітэт Рады Зьезду гэтак пастанаўляе аб дзяржаўным устроі Беларусі і аб правох і вольнасьцях яе грамадзян і народаў:

1. Беларусь у рубяжох расьсяленьня і лічэбнай перавагі беларускага народу абвяшчаецца Народнай Рэспублікай.

2. Асноўныя законы Беларускай Народнай Рэспублікі зацьвердзіць Устаноўчы Сойм Беларусі, скліканы на асновах агульнага, роўнага, простага, патаемнага і прапарцыянальнага выбарчага права, не зважаючы на род, народнасьць і рэлігію».

Хіба цяпер тысячы людзей не напісалі заявы на грамадзянства БНР? Ці не прыйшлі большасьці зь іх паперкі за подпісам Сіўчыка, што заявы тыя прынятыя да разгляду? Дык, можа, насьпеў час нарэшце склікаць Устаноўчы Сойм, пасьля ўнутрыбээнэраўскіх выбараў?

«3. Да часу, пакуль зьбярэцца Ўстаноўчы Сойм Беларусі, заканадаўчая ўлада ў Беларускай Народнай Рэспубліцы належыць Радзе Ўсебеларускага Зьезду, дапоўненай прадстаўнікамі нацыянальных меншасьцяў Беларусі».

Цікава, што цяперашнія грамадзяне БНР збольшага ня ведаюць, хто ўваходзіць у сучасную Раду Ўсебеларускага Зьезду. І ці сапраўды яна дапоўненая прадстаўнікамі нацменшасьцяў?

«4. Спаўняючая і адміністрацыйная ўлада ў Беларускай Народнай Рэспубліцы належыць Народнаму Сакратарыяту Беларусі, які назначаецца Радаю Зьезду і перад ёю трымае адказ».

А хто ў сучасным Народным Сакратарыяце? Апроч прэзыдэнта Івонкі Сурвілы я ня ведаю іншых кіраўнікоў БНР. Хто ведае, падзяліцеся, калі ласка, інфармацыяй.

«5. У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі абвяшчаецца вольнасьць слова, друку, сходаў, забастовак, хаўрусаў; безумоўная вольнасьць сумленьня, незачэпнасьць асобы і памешканьня.

6. У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі ўсе народы маюць права на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію; абвяшчаецца роўнае права ўсіх моваў народаў Беларусі».

Усіх моваў — якія ў такім выпадку могуць быць спрэчкі пра «адзіную дзяржаўную», «дзьвюхмоўе» і г.д. «Хто как хаціт, той так і гаварыт» — а ў спадара Дземянцея, аказваецца, былі бээнэраўскія перакананьні.

«7. У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі права прыватнае ўласнасьці на зямлю касуецца. Зямля перадаецца бяз выкупу тым, што самі на ёй працуюць. Лясы, вазёры і нутро зямлі абвяшчаецца ўласнасьцю Беларускай Народнай Рэспублікі».

Хто там выступае за прыватную ўласнасьць на зямлю? І з гэткімі прынцыпамі вы пісалі заявы ў БНР?

«8. У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі ўстанаўляецца найбольшы 8-гадзінны рабочы дзень».

Памятаць варта.

«Абвяшчаючы ўсе гэтыя правы і вольнасьці грамадзян і народаў Беларускай Народнай Рэспублікі, мы, Спаўняючы Камітэт Рады Зьезду, абавязуемся пілнаваць законнага парадку жыцьця ў Рэспубліцы, сьцерагчы інтарэсаў усіх грамадзян і народаў Рэспублікі і захоўваць правы і вольнасьці працоўнага люду. А таксама даложым усіх сілаў, каб склікаць у найбліжэйшым часе Ўстаноўчы Сойм Беларусі.

Усіх верных сыноў Беларускай зямлі клічам памагчы нам у цяжкой і адказнай нашай працы.

Спаўняючы Камітэт Рады 1-га Ўсебеларускага Зьезду.

 

Выдана ў Менску-Беларускім 9 сакавіка 1918 року».

Трэцяя Ўстаўная, як мы ведаем, зацьвердзіла ўсе правы і вольнасьці, дэкляраваныя Другой. І з тых часоў мы маем тыя нашыя Галоўныя Дакумэнты. Іншы раз гэтыя УГ-2 і УГ-3 для сучаснага сьвету і яго права здаюцца крымінальнымі. Але ў любым разе для нас, беларусаў, гэта асноўныя законы нашай дзяржавы, і мы, як яе грамадзяне, мусім іх прытрымлівацца.

Андрыан Меленік


 

Размаўляю па-беларуску:

кроніка без канца

Скончыўся чарговы беларускамоўны дзень. Заўтра зноў па-беларуску. Заўтра? Заўтра — другое, аўторак. Ужо лежачы ў ложку, успамінаю: заўтра ж расейская мова, дыктоўка. Цікава было б расейскую дыктоўку па-беларуску. Ну, а калі пры гэтым ты сама — настаўнік? Урэшце вырашаю замяніць расейскую мову беларускім чытаньнем. З раніцы тэлефаную ўсім вучням, папярэджваю наконт замены. Чую зьдзіўлена-радаснае: а што, дыктоўкі ня будзе? Будзе, даражэнькія, будзе, але ў чацьвер, а сёньня — сьвята мовы.

Ідэю маўленьня па-беларуску мне падкінуў мой зьдзеклівы брат. У часе чарговай спрэчкі сказаў: «А чаму ты, такая патрыётка, па-беларуску не размаўляеш? Ці мо’ па-расейску лепш пераконваць усіх у прыгажосьці роднае мовы? Вы — як фарысэі, кажаце адно, а робіце другое».

Успамінаю пачаткі. Па-беларуску выключна зь сябрамі, ды й тое не з усімі, а толькі з тымі, у якіх упэўненая. Такіх — адзінкі. А з усімі — сорамна. Дзіўная была... Чым больш размаўляеш па-беларуску, тым больш падабаецца. Паступова ўжо нестае размоваў зь сябрамі, хочацца чагосьці новага, «вострых адчуваньняў». Мова, як той наркотык. З часам чалавек патрабуе ўсё большых і мацнейшых дозаў.

Заўсёды зьдзіўляюся: што робіць сталіца зь людзьмі. Адныя горшацца, падаюць на дно, другія наадварот — толькі ў Менску вылазяць з сваіх хатак, пачынаюць па-сапраўднаму жыць. Другія — гэта і я. Менавіта ў сталіцы ад мяне ўпершыню пачулі ўсе і «калі ласка», і «прабачце», і славутую ўжо «шклянку гарбаты». Люблю заходзіць у Чырвоны касьцёл. Там сапраўды чуеш голас душы, і прамаўляе ён па-беларуску, набіраесься моцы.

Назіраю, як часам мяняюцца людзі, калі чуюць мову. Гэта сапраўды сьвятое. Знаёмая манахіня (былая сяброўка дзяцінства) кажа: «Калі я чую тваю беларускую, мне самой хочацца так размаўляць, толькі словаў нестае». Стане, сястрычка, толькі пачні.

Успамінаю Петрыка, цудоўнага сябра, які пачаў размаўляць па-беларуску самастойна і асобна, яшчэ за Шушкевіча. Павага да яго не дазваляла мне размаўляць зь ім па-расейску. Неяк сорамна было. Мове Петрык навучыўся ў настаўніка беларускай мовы, звычайнага вясковага чалавека, якіх шмат. Дзіўна, але мы, настаўнікі, часам не задумваемся, як шмат залежыць ад нас, ад нашага слова, незнарок выказанай думкі, асабістага погляду. На чарговай вечарыне-пасядзелках настаўнікаў чую каторы раз нараканьні на лёс. Сярод сваіх усе — апазыцыянэры. Заўтра, цьвярозыя, зноўку зробяцца маўклівымі... Адзін настаўнік, якога найбольш паважаю за ягонае ўменьне абараніць свае правы, кажа: «А Леначка толькі па-беларуску. Малайчына! Паважаю людзей зь ідэяй». Гэта ня проста ідэя, гэта — большае. Навучыўшыся аднойчы лётаць, поўзаць ужо няма ахвоты. Зноў зрабіцца нямым рабом ня цягне.

Да наступнага ранку, спадарыня Мова! Дабранач!..

Алена Канапелька, Ваўкавыск


 

Прачытаў у «Нашай Ніве» ад 15 сакавіка ліст Ганны Сьцепулёнак, зьмест якога — жаданьне падзяліцца з чытачамі радасьцю, што яна зарэгістравала сябе і трох дзяцей ліцьвінамі. Але я хачу, на жаль, не павіншаваць, а паспачуваць ёй. Упэўнены, што Вас аднясуць да тых самых «літоўцаў», якія летувісы, яны ж жамойты. Ва ўмовах неразьвітай гістарычнай памяці Ваш крок здаецца мне нясвоечасовым. Мала хто зь беларусаў, у тым ліку й перапісчыкі, ведаюць пра нятоеснасьць ліцьвінаў і балтаў. Такім чынам, перапіс зафіксуе на 4 беларусы меней.

Віталь Станішэўскі, Менск


 

Нарач стогне

Узгадваюцца мне словы аднаго госьця зь Менску: мётлы трэба прадаваць, а ня кніжкі — колькі тут пры дарозе валяецца матэрыялу! І напраўдзе, вязаць бы венікі і прадаваць, скажам, проста ля лазьні! Мясцовыя і турысты наведваюць лазьню, каб папарыцца, і часта бядуюць, што няма венікаў. Раней тут прадаваліся ня толькі мётлы ды венікі, але й кошыкі, і іншая тара. Чаму б гэтым не заняцца мясцоваму лясьніцтву альбо пасялковаму савету Нарачы? Безгаспадарлівасьць! Каб не мая хвароба, я б сам гэтым займаўся. Альбо — паляць хмыз, паваленыя дрэвы, хоць дроваў людзям не дапрасіцца. Напрошваюцца словы тых, хто жыве тут: «Добрай тут трэба мятлы, каб гэтае ўсё нарачанскае начальства вымесьці!»

Будуюць дамы і лецішчы, вырубаючы лес, п’юць і гуляюць у трумах кацеру, што спусьцілі два гады таму проста ў возера. З надыходам вяснова-летняга сэзону да рэстарацыі на вадзе едуць машыны зь фіранкамі на вокнах, грыміць музыка, равуць нявыключаныя маторы. Во каму б мятлою ды ўздоўж сьпіны! Едуць людзі адпачнуць і надыхацца паветрам, а тут бітае шкло проста на беразе і дым стаіць. А старшыні пасялковага савету хоць і вады ня будзе — усё адно. Трэба было апраўдацца за забруджваньне возера, дык абвясьцілі прычынай адзёру ў курортнікаў ні каго іншага, а качак і лебядзёў. І пачаўся адстрэл усіх вадаплаўных птушак, а стрэльбаў тут хапае, ледзь ня ў кожнага начальніка.

Нарач раней была чыстаю, аж было дно відаць. Старыя людзі толькі ўзгадваюць, як сьпявалі салаўі ў іхных садах увесну, і кіпучую ваду ад нераставаньня, а зараз крычаць вароны.

Праз два дні пасьля апублікаваньня ў газэце «Свабода» артыкулу пад назовам «Хто на Нарачы гаспадар?» перакрылі жалезнай агароджай усе дарогі ля курортнай зоны Нарач, і рух машын зьменшыўся. Зьнік і трактар з восені мінулага году, які за плату вазіў гасьцей Нарачы. Хацелася б верыць, што й гэтая мая публікацыя ў «Нашай Ніве» ачысьціць паветра.

Я зьвярнуўся ў раённую газэту «Нарачанская зара», каб неяк перашкодзіць мясцоваму начальству сьпілоўваць векавыя дрэвы ў пасёлку і спальваць сухую траву вакол здраўніцаў, паліваючы яе бэнзінам. Некаму далі штраф, але не старшыні пасялковага савету Нарачы, а ягоным падначаленым. Начальнік мэтэастанцыі Аляксандар Арлоўскі кажа: няма транспарту, каб вывезьці непатрэбную драўніну, вывернутыя дрэвы і сухастой, значыць, трэба паліць, вось і палыхаюць вогнішчы ўздоўж дарог. Прашу па тэлефоне мядзельскае начальства ўмяшацца, загасіць вогнішчы ля рэстарану «Прыазёрны» і санаторыі «Нарач». І толькі на трэці мой званок адрэагавалі.

Разрабаваная вёска Купа ператварылася ў курортны пасёлак са шматпавярховымі дамамі для ўсялякага начальства. Таварышу Шчарбіцкаму тут жывецца вольна, і нічога, што ў крамах пуста. Але прыйдзе час, калі давядзецца трымаць адказ усім, хто губіць вакол сябе ўсё жывое дзеля сваіх карысных мэтаў.

Аляксандар Паскробышаў, Нарач


«Маладзічок»

У 1995 годзе ў Менскім дзяржаўным пэдагагічным каледжы № 1 узьнікла літаратурная суполка «Маладзічок». Пачынальнікамі «Маладзічка» зьявіліся Андрэй Латышэвіч, Натальля Чынаткова і аўтар гэтых радкоў. Нягледзячы на арганізацыйныя клопаты, а іх заўсёды хапала, пры падтрымцы кіраўніцтва каледжа і дырэктара Аркадзя Бялькевіча, аб’яднаньне паўстала. У склад «Маладзічка» ўваходзяць навучэнцы, якія маюць схільнасьці да прыгожага пісьменства і спрабуюць свае сілы ў літаратуры. Пры дапамозе кансультанта суполкі, выкладчыцы роднае мовы і літаратуры Валянціны Раманцэвіч праходзяць паседжаньні, на якіх чытаюцца і абмяркоўваюцца вершы, апавяданьні, артыкулы, а лепшыя творы трапляюць на старонкі аднайменнага альманаху, наладжваюцца сустрэчы зь пісьменьнікамі і знакамітымі людзьмі, задумваюцца вандроўкі, вынікам чаго стаюць фотаальбомы. За чатыры гады ў каледжы выдадзеныя 11 альманахаў, аўтарскіх і калектыўных, да канца навучальнага году рыхтуюцца яшчэ тры. Сябры «Маладзічка» наведалі Мір, Нясьвіж, Вязынку, Акопы і Карпілаўку.

Сярод сяброў суполкі прозу пішуць Алена Ільюкевіч, Кацярына Хадасевіч, Андрэй Латышэвіч, а паэтычнага Пэгаса трымаюць за лейцы Тацяна Ўльянычава, Ірына Сабіла, Галіна Юхневіч. У мінулым годзе юныя аўтары Алена Ільюкевіч, Ірына Сабіла і Галіна Юхневіч сталі пераможцамі рэспубліканскага конкурсу «Дэбют».

Што да праблемаў, дык яны агульныя для ўсіх, хто пад уплывам дзівоснага натхненьня піша першыя вершы і замалёўкі: няма грошай, каб выдаваць кніжкі...

Сяргей Званар, Менск


У газэту «Наша Ніва»

Вельмі прашу аказаць мне дапамогу. Каротка раскажу пра сябе. Я нарадзілася ў Воршы. З маленства пакутавала ад камуністычнай сыстэмы. Бацькі пры Сталіне жылі бяспраўна, часта галадалі і маўчалі, бо ў тыя часы сказаць увогуле нічога нельга было. Усё жыцьцё я была веруючым чалавекам, канчаткова да веры ў Бога я прыйшла пасьля цяжкіх выпрабаваньняў і несправядлівага жыцьця ў гэтай краіне. У 1987 годзе я ўладкавалася на працу ў гатэль «Беларусь». Здавалася, нарэшце жыцьцё стала наладжвацца. Але ў 1995 годзе супраць мяне была сфабрыкаваная справа, праз што мяне звольнілі па арт. 33 п. 3. І я, згубіўшы працу, страціла ўсялякую надзею ўладкавацца зноў. Я прайшла ўсе магчымыя стадыі абскарджаньня сваёй справы і паўсюль бачыла валакіту і зьдзек чыноўнікаў і ўлады, асабліва ў адміністрацыі прэзыдэнта. Цяпер нідзе не працую, жыву праз Боскую міласьць з боку царквы, сяброў і Народнага Фронту. Надзею на справядівасьць дзяржавы я ўжо згубіла. Вельмі прашу газэту «Наша Ніва» напісаць пра мой цяжкі лёс. Можа, каму з чыноўнікаў сорамна стане.

Лідзія Цынгалёва, Менск


Правакацыя чыгіроўцаў

Сяргей Даўлатаў неяк сказаў, што ў савецкіх газэтах праўдай зьяўляюцца толькі памылкі друку (напрыклад, «гавнокомандующий» і г. д.). Між тым, шчырая і зацятая вера ў праўдзівасьць паведамленьняў маss-меdіа была ў тыя часы настолькі моцнай, што і па развале СССР нікуды ня зьнікла. Наадварот — яна трывала замацавалася ў беларускім постсавецкім мэнталітэце. І сёньняшні выпадак — пацьверджаньне таго, што магія друкаванага слова жыве й перамагае.

У «Навінах» ад 26 сакавіка была зьмешчаная інфармацыя пра тое, што ў пятніцу ў 17.30 на Ўправе БНФ мае адбыцца сустрэча кандыдата ў прэзыдэнты М.Чыгіра з выбаршчыкамі. У якасьці арганізатараў, паводле тых жа «Навінаў», выступілі «маладзёжны каардынацыйны штаб па падтрымцы прэзыдэнцкіх выбараў» і «маладзёжная фракцыя БНФ». Нічога, здавалася б, дзіўнага. Крыху насьцярожвала толькі месца правядзеньня — цяжка было б уявіць сабе, як гэта стары добры БНФ адыдзе ад «генэральнае лініі» і пусьціць у свае сьцены чалавека, якому Зянон наладзіў такое грандыёзнае аўтадафэ на старонках апазыцыйнае прэсы. Аднак выбарцаў, якія ў вызначаны час зьявіліся на Варвашэні, 8, каб на ўласныя вочы пабачыць, ці такі ўжо Чыгір юда і расейскі шпіён, якім яго малююць, чакаў невялікі сюрпрыз: аказваецца, у кіраўніцтва БНФ дазволу на правядзеньне дадзенай акцыі ніхто не прасіў, і, адпаведна, «несанкцыянаваны мітынг» у канфэрэнц-залі Ўправы адбыцца ніяк ня мог. Так што выбарцам і Чыгіру давялося «тусавацца» на вуліцы. Паводле словаў кіраўніцтва БНФ, гэтую акцыю арганізавалі два былыя маладафронтаўцы (іх закляймёныя ганьбай імёны не былі ўзгаданыя), палітычная арыентацыя якіх апошнім часам моцна пахіснулася ў бок былога прэм’ера, а БНФ (гэтак жа, як і «Малады фронт») да гэтага мерапрыемства ніякага дачыненьня ня мае (падрабязнасьці — хутка чытайце ў афіцыйнай заяве БНФ, якая, трэба думаць, не забавіцца).

Андрэй Скурко


Інцыдэнт на выставе

Чацьвертая выстава аб’яднаньня мастакоў «Пагоня», што праходзіць у Менску, прыцягнула мноства наведнікаў. Сярод гасьцей былі вядомыя журналісты, паэты, мастакі. Усеагульную ўвагу выклікала вялізная пастка ў выглядзе крамлёўскай вежы, за прыманку ў якой быў умела зымітаваны і такі дэфіцытны зараз прадукт з надпісам «Сыр Расійскі». Не абышлося й без эксцэсаў. Аднекуль зьявіліся маладыя людзі з палаючымі вачыма, якія імкнуліся зьдзівіць усіх дэклямацыяй незразумелых большасьці вершаў, а калі не сустрэлі ўвагі, адэкватнай сваім намаганьням, пачалі расхістваць тую пастку, ды так, што калаціліся разьмешчаныя побач стэнды з гравюрамі. Людзі адразу ж пачалі гадаць: правакатары яны альбо недаросткі, якія імкнуцца сьцьвердзіцца. На пытаньне «Хто вы?» хлопцы адказалі, што яны мастакі, сьвятыя, выступаюць, дзе могуць, і на вуліцах таксама. Вялікую колькасьць людзей на выставе ў сталічным Доме мастацтваў яны выкарысталі, каб яшчэ раз заявіць пра сябе. Параіўшыся, старэйшыя вырашылі, што яны ніякія не правакатары, а так, шалапуты.

Уладзімер Гуткоўскі, Баранавічы


 

Прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Лукашэнку

адкрыты ліст.

Грамадзянін прэзыдэнт! Ужо год мінуў з таго часу, як быў асуджаны да трох гадоў пазбаўленьня волі па сфабрыкаванай крымінальнай справе япіскап Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы Ўладыка Пётар (Гушча). Уладыка Пётар, як мы лічым, ніколі і ні пры якіх абставінах не зьдзяйсьняў злачынства, у якім яго абвінавачваюць, але ёсьць ахвярай добра сплянаванай акцыі. Мэта гэтай гнюснай акцыі — дыскрымінаваць яго ў вачах грамадзкасьці як кіраўніка БАПЦ. Мы добра ведаем Уладыку Пятра як высокаадукаванага, усебакова адоранага і інтэлігентнага праваслаўнага сьвятара, які ўсе свае сілы аддае справе духоўнага адраджэньня беларускага народу і служэньню простым людзям.

Уладыка Пётар ад самага пачатку царкоўнага будаўніцтва цалкам усьведамляў тыя цяжкасьці і рэальную небясьпеку, зь якой яму й ягоным паплечнікам давядзецца сутыкнуцца. Нягледзячы на гэта, ён пасьлядоўна і сьмела рухаецца шляхам адраджэньня Царквы.

Мы, сябры і паплечнікі япіскапа Пятра, цалкам перакананыя ў тым, што менавіта ён, а ніхто іншы валодае неабходнымі ведамі і асабістымі якасьцямі дзеля пасьпяховага будаўніцтва царкоўнай арганізацыі, і ніхто ня здольны запэўніць нас у адваротным.

Япіскап Пётар, як і належыць духоваму лідэру, ёсьць нашчадкам аднаго з найбольш старажытных дваранскіх родаў нашай краіны. Ягоныя продкі стаялі на пачатку фармаваньня нашай нацыі і заўсёды былі ў пярэдніх шэрагах барацьбы за нацыянальную і дзяржаўную незалежнасьць беларускага народу. Верны справе сваіх слаўных продкаў і Ўладыка Пётар.

Грамадзянін прэзыдэнт, мы настойліва просім Вас умяшацца ў справу Ўладыкі Пятра і перапыніць сваім рашэньнем ягоны незаконны перасьлед з боку карных органаў і суду.

Камітэт па абароне япіскапа Пятра, Менск


Зварот

Пачатак 1999 г. вызначыўся актывізацыяй фашыстаў у Беларусі. Апошнія падзеі: 26 лютага фашысты напалі на паседжаньне Маладзёвага антыфашыстоўскага цэнтру, але атрымалі належны адпор; 5 сакавіка супрацоўнікамі АМОНу беспадстаўна затрыманыя 38 сяброў Цэнтру. Гэтыя падзеі паказалі, на чыім баку стаіць улада. Калі мы не абаронім сваёй свабоды, недалёка той час, калі адчыняцца новыя Асьвенцімы й ГУЛАГі. Мы зьвяртаемся з заклікам да ўсіх арганізацыяў і асобных людзей аб далучэньні да барацьбы супраць фашыстоўскае заразы.

Гані фашыстаў з нашае зямлі! No Pasaran!

 

Маладзёвы антыфашыстоўскі цэнтар
Гарадзеншчыны


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0