Сяргей Паўлоўскі

Рэцэпт цуду

Перад выбарам

 

Нікому ня прыйдзе ў галаву назваць Рэспубліку Беларусь дэмакратычнай краінай. А таксама — багатай, самабытнай, зручнай для жыцьця. Такія азначэньні звычайна (і небеспадстаўна) зьвязваюць з краінамі разьвітага капіталізму. Але РБ не імкнецца ўступіць у гэты клюб і падзяліць ягоныя каштоўнасьці. Хутчэй наадварот. Чаму? Кажуць, што ў нас «свой шлях». І шлях гэты, як бачым на практыцы — рэсаветызацыя, back in the USSR, на сёньняшнім палітычным слэнгу — славянскае адзінства. Прычым гэта вельмі важны для нас выбар, які мы будзем бараніць нават пад натаўскімі ракетнымі ўдарамі. Няхай так. Можна ў прынцыпе зразумець і тугу за 70-мі, калі ўсе былі маладзейшыя, і любоў да птушкі Гамаюн ці да праваслаўнай атрыбутыкі, як самаідэнтыфікацыйны выбар. Незразумелым застаецца адно. Чаму наш выбар не вядзе да дэмакратыі, багацьця, самабытнасьці і зручнасьці жыцьця, а наадварот, прыводзіць да адваротных азначэньняў — аўтарытарызму і прыгнёту асобы, жабрацтва, дэфіцыту і чэргаў, сьціраньня ўсяго адметна-свайго (найперш мовы), бюракратыі і мучэньняў паспалітага чалавека. Чаму, галасуючы за чыстую ідэалягему славянскага адзінства, мы на справе галасуем за гэта — за марудную і стабільную дэградацыю краіны і нас саміх? Няўжо мы ня хочам жыць лепей? Няўжо ня ведаем, як гэта — лепей? Мы ня ведаем, чаго хочам.

Да пятае гадавіны старшыняваньня ў краіне першага прэзыдэнта ў нас пасьпяхова праедзеная эканоміка — яшчэ не зусім бедная за Кебічам калгасная вёска і так і не запушчаныя, дакладней, якраз запушчаныя заводы. Пры мінімальных ва ўсіх сэнсах заробках — неверагодна разбухлая сыстэма ўлады — яе бясьпекі і забесьпячэньня. (Варта, дарэчы, параўнаць з савецкімі часамі — колькі тады было міліцыі і колькі сродкаў ішло на ўтрыманьне ўлады.) Краіна жыве для прэзыдэнта і вэртыкалі, усё, што робіцца, робіцца толькі для захаваньня стабільнасьці кіраўніцтва. Гэта наша агульная стабільнасьць. Ані палёгкі, ані хоць якога разьвіцьця хоць у якой сфэры не прадбачыцца, бо не плянуецца. Краіна загрузла ў даўгах.

Адпаведна і зьнешнепалітычны фон гэтага заняпаду нагадвае расейскую сатырычную клясыку. Кітайскі вэктар, аб’яднаньне зь Югаславіяй, ірацкія таварышы, «павысіць ролю Лацінскай Амэрыкі»... Найбліжэйшыя суседзі — Польшча, Літва, Латвія, Украіна — хто раней, хто пазьней рыхтуюцца ў NATO. Для нас NATO вораг. Гэта значыць, ня сёньня — заўтра Беларусь апынаецца ў аблозе ворагаў — самых блізкіх, лічыце, сваякоў. Праўда, кажуць, што самы блізкі — Расея (быццам зь іншымі мы не жывем разам тысячу гадоў). Таму што заўтра першаму прэзыдэнту трэба будзе неяк замятаць сьляды, уцякаць ад адказнасьці за поўны правал ва ўсіх сфэрах жыцьця. Выхад абраны праз далучэньне да Расеі. Там усё сьпішацца. Для чаго й спатрэбілася тое славянскае брацтва...

Антынатаўскі выбар — гэта таксама, як і славянскае брацтва, — гарантыя ад дэмакратыі, багацьця, самабытнасьці і зручнасьці жыцьця. Розьніца ў тым, што для ўступленьня ў NATO трэба шмат вучыцца, працаваць і здаваць іспыты. Трэба дасягнуць кандыцыі разьвітых краінаў. А для неўступленьня наадварот — ня трэба рабіць нічога, прыкрываючы бязьдзейнасьць, убоства і адсутнасьць фантазіі «ўласным шляхам».

 

Наш эканамічны крызыс адбываецца на фоне палітычнае сьвістапляскі і ў самой краіне.

Філіял туапсінскага казачага войска, РНЕўская кабэльная тэлевізія, камуністы, лукамол — патрыёты субардынацыйных гульняў, жырыноўцы... Пры ўсім пры гэтым краіна імкліва русіфікуецца — фізычна насычаецца «кадрамі». Ужо не адразу сустрэнеш беларускае начальніцкае прозьвішча — усё больш завозныя. Перад абліччам вялікага эканамічнага краху РБ ператвараецца ў натуральны бамжатнік, дзе зьбіраюцца людзі бяз роду-племені, бяз дому, без прызваньня, невядома адкуль і куды. Усе гэта бачаць, але ніхто ня скажа, што менавіта гэта і ёсьць наш «свой шлях», наша славянскае адзінства.

Мы сапраўды ня ведаем, чаго хочам.

Прычым, ня толькі тыя, хто сёньня кіруе, але й тыя, што прыйдуць ім на зьмену заўтра. Калі Беларусь Лукашэнкі — гэта апісаная вышэй «стабільная» дэградацыя, дык што такое Беларусь Чыгіра або Пазьняка? Скажыце, у якой зь іх вы хацелі б жыць?

Між іншым, усе гэтыя гады Беларусь Пазьняка таксама існавала і праяўлялася. У выглядзе БНФ. Гэтая арганізацыя літаральна зробленая паводле вобразу і падабенства свайго старшыні. А значыць, кожны ахвотны меў магчымасьць пажыць і ў краіне Пазьняка — апазыцыйнай, але ня менш аўтарытарнай за Лукашэнкаву РБ. Стыль, манеры, дыяпазон, дачыненьні паміж людзьмі тут склаліся цалкам для таго, каб заўтра перакінуцца на ўсю краіну. Гэта свой сьвет, і для выбаршчыка, калі ён захоча, ня будзе ніякіх праблемаў зрабіць сапраўды сьведамы выбар.

З Чыгіром больш складана. Ён адводзіць сабе сьціплае месца, маўляў, дасьведчаны ў фінансах, а ў астатнім — хай усё вырашаюць адпаведныя спэцыялісты. Задача Чыгіра — аб’яднаць усё жывое ў грамадзтве і вызваліць краіну ад аўтарытарнага Лукашэнкі. Праграма Чыгіра заключае дабрабыт і зручнасьць для жыцьця. Стыль і манеры, больш дапасоўныя для Беларусі, знайсьці цяжка. Асабліва калі людзі стаміліся ад няўстрымнай харызмы ППРБ. Але й Чыгір ня мае выразнага ўяўленьня пра тую краіну, якой яна мусіць стаць у часе ягонага кіраваньня і далей. Фінляндыя і Швэйцарыя ў шчыльнай повязі з Расеяй — гучыць як сюррэальнасьць. Адзінае, што ратуе Чыгіра — ён не прэтэндуе на абсалютную ўладу.

А можа, і ня трэба ведаць, што з гэтага ўсяго павінна атрымацца? Ляпі сабе дэмакратычныя законы ў незалежнай краіне і ўсё будзе добра, само складзецца. Аж не. Паспрабуйце зь першым суразмоўцам паўяўляць сабе будучую Беларусь — думкі адразу ж разыдуцца ў бакі. Беларусь у кожнага свая. Гэты ў душы жыве ў Северо-Западном крае, той у БССР, наступны ў Рэспубліцы Беларусь... А большасьць — у гібрыдах...

У такой сытуацыі аўтарытарны кіраўнік і пачынае «ляпіць» краіну пад сябе. Бо іншых узораў у яго няма. У разьвітых дзяржавах ад такой поўнай адсабечыны засьцерагае заканадаўства, якое выпрацоўвалася менавіта ў часы паўставаньня дзяржавы, калі напружваліся ўсе яе ўнутраныя патэнцыі, самабытнасьць, традыцыя, перадвызначанасьць. Але гэта зноў там, а ня ў нас.

У знакамітай паэткі і перакладчыцы Веры Рыч ёсьць верш «Рэцэпт цуда» — пра тое, як стварыць Беларусь.

Для гэтага трэба ўзяць краіну (на мапе няма вольным месцаў, таму бярыце

тую, якой нібыта няма), гісторыю,

якую выкладаюць, як гісторыю іншых народаў, мову,

што ўважаюць за дыялект, дадаць сюды назву,

якою не карыстаюцца, потым — люд,

які ня помніць свайго імя...

І г.д. Галоўная думка — цуд. Гэта значыць, што той, хто прыйдзе кіраваць Беларусяй, мусіць пачувацца няйначай чараўніком, здольным рабіць цуды. Другая думка — рэцэпт. Беручы ўладу, вы мусіце бачыць тое, чаго вы хочаце ў цэлым. Мы можам гаварыць пра супольныя дэмакратычныя, незалежніцкія або рынкавыя памкненьні, якія сёньня аб’ядноўваюць нас, але, ня маючы адзінага на ўсіх вобразу краіны, урэшце мы ўсё адно будзем атаясамліваць гэтую краіну з асобай канкрэтнага кіраўніка або прэтэндэнта на пасаду кіраўніка. А гэта тое самае, што, беручыся сьпячы нейкі «ўвогуле» торт, думаць пра муку, масла, цукар (што там яшчэ трэба для торту), але ня думаць пра той канкрэтны вынік, які мусіць атрымацца — пра выгляд і смак.

Рэцэпт цуду вымагае, скажам, забароны кампартыі (прыклад Літвы — пасьпяховы) і ўсенароднага пакаяньня за прыхільнасьць да камунізму (ад сталінскіх рэпрэсіяў да сёньняшняга пракурорскага маразму, калі закон — гэта пракуратура, а не закон). Паўмераў быць ня можа.

Гэта крок адмаўленьня.

Крок сьцьверджаньня — беларусізацыя краіны. Закон, расьпісаны на 10 гадоў, захліпнуўся ва ўласнай бесхрыбетнасьці, дзякуючы менавіта гэтым дзесяці гадам. Бо закон — гэта мэханізм, а ня рыбін тлушч, які трэба прымаць і па кроплі нарошчваць дозу. Людзі ўсё зразумеюць акрамя, дурасьці, а дзяржаўныя чыноўнікі абавязаныя ведаць мову краіны, у якой працуюць хоць бы і паводле закону чалавечай прыстойнасьці, які ніхто ня ўводзіў і ніхто не адмяняў.

Мяжа з Расеяй. Калі з аднаго боку вашага падворку — чарназём, а з другога — гнілое балота, а дакладней, горныя абвалы, — куды вы будзеце пашырацца? Усе гэтыя саюзы апраўдваюцца толькі ідэалёгіяй, прычым ня ў Менску прыдуманай. Чаму не бярэцца за паказчык дабрабыт людзей і нармальнае, неістэрычнае жыцьцё? Чаму ня гэта галоўны крытэр выступленьняў палітыкаў, а штосьці яшчэ?

Я пералічыў толькі тры крокі з «рэцэпту цуду», якія ў Беларусі кіраўніцтва ў свой час не адважылася зрабіць цалкам, а толькі «прыпаднялі нагу». Бо ня мелі й ня маюць рэцэпту. Як вы сьпячэце добры торт, калі ў рэцэпце напісана дваццаць яек, а вы паклалі два? І тое — на ўсякі пажарны...

Мы ня ведаем, чаго хочам.

Калі б «свой шлях» і «славянскае адзінства» ня засьцілі вачэй, мы б зірнулі (зноў жа) на суседзяў — дзе яны ўзялі свае «рэцэпты цуду». А ўсе як адзін (з тых, каму сёньня зажылося) — з бабулінага куфра. А там...

Ёсьць Беларусь Івонкі Сурвілы. Прычым натуральных і праўдзівых альтэрнатываў гэтаму рэцэпту не йснуе ў прыродзе. Я не кажу, што Старшыню Рады БНР можна заўтра запрасіць на беларускае прэзыдэнцтва (хоць, далібог, гэта быў бы разумны выбар), я кажу пра тое, што ў сп. Івонкі ёсьць рэцэпт гатовага прадукту. На жаль, гэтага недаацэньваюць ані Чыгір, ані Пазьняк. Ім бы, як той казаў, увязацца ў бойку, а краіны, якой яна мусіць быць, яны ня бачаць. Рабі пільна, і тут будзе Вільня? Можа, і так. Але папярэдні досьвед паказаў, што беларускія дэмакраты хутка заблытваюцца ў тактычных працэдурах і прайграюць. Няма стратэгіі.

Вы скажаце — Пазьняк, нацыянальны трыбун, ня бачыць? А паглядзіце, што зрабіў БНФ з ідэяй грамадзянства БНР. Сьвятымі камянямі брукуе апосталу свайму шлях на п’едэстал... Але вось незадача — БНР ад гэтага ня стала бліжэй. Ідэя не запала ў сэрцы. Дый рэцэпт з бабінага куфру, па вялікім рахунку, не патрабуецца. Самі з вусамі. Разьбяромся...

Мы ня ведаем, чаго хочам пасьля Лукашэнкі.

За апошнія гады Фронт страціў ініцыятыву ў галоўным — у нацыянальным адраджэньні, якое ад канца 80-х трывала спляталася са справай дэмакратыі ў краіне.

Недзе фатальна прападаюць учорашнія адраджэнцы, якія нібыта бралі на сябе адказнасьць за мову і Беларусь. Адказнасьць. Пра патрэбу нацыянальнае асьветніцкае працы сярод насельніцтва кажа сёньня Сьвятлана Алексіевіч. Закрываюць Саюз палякаў, а не БНФ. У турмах сядзяць міністры і старшыні калгасаў, а не змагары. Фашысты зьбіваюць гаспадзіна Саньнікава. Стаіцызм выяўляе Ганчар. Штодзённую інфармацыю даносяць «БДГ», «Хартыя» і электронныя «Дранікі», а не эклектычныя «Навіны», якія даўно ператварыліся ў газэту без пазыцыі. Вось і атрымліваецца, што рэальную адказнасьць за гэтую краіну, яе дзяржаўнасьць і будучыню, за незалежнасьць нясуць гаспада Халезіны зь Бябенінымі і таварыш іхны Бандарэнка. Фронт, даўно развалены ўсярэдзіне, маўчыць.

І ўрэшце ўсё адно, якую вы займаеце пазыцыю. Галоўнае — ваша адказнасьць за Беларусь. А яе сёньня дэманструюць зусім не нацыянал-дэмакраты, прынамсі, яны тут не на першых ролях. Я маю на ўвазе ня тое, хто колькі атрымлівае грантаў і хто працуе на маскоўскі імпэрыялізм і КГБ. Я маю на ўвазе, хто штодзённа, эфэктыўна і ахвярна стварае ў краіне аб’ектыўную сытуацыю барацьбы.

І калі зьяўляецца М.Чыгір, які сапраўды можа аб’яднаць фланг процістаяньня Лукашэнку і выклікаць аптымізм як сярод апазыцыі, так і сярод вэртыкальшчыкаў, дык тут неістотна нават — кагэбісцкая гэта ініцыятыва ці не. Ужо аптымізм гэты важны, бачаньне разьвіцьця сытуацыі. Ня ўсё прапала ў Беларусі. А куды гэтае разьвіцьцё пойдзе і як разгорнецца, залежыць ад усіх. Няхай пераможа мацнейшы.

Заблякаваць гэты працэс — значыць, пакінуць у Беларусі застой і ціхае кананьне. Ня ведаю, які з гэтых варыянтаў — Чыгір ці застой — проста ці ўскосна інсьпіруецца КГБ і Масквою. Ды й неістотна. Я толькі бачу, як мова і нацыянальная ідэя ў дэмакратычным працэсе страчваюць свае пазыцыі выключна дзякуючы суб’ектам, а не аб’ектыўным прычынам.

Расчараваная беларуская інтэлігенцыя тым часам пагаворвае пра патрэбу выпрацоўкі нацыянальнае ідэі і нават робіць накіды. Гэта яшчэ адзін спосаб адстароніцца ад рэальнае плыні жыцьця. Нацыянальная ідэя сёньня — гэта дзеяньне.

Зянон Пазьняк верыць у сваё фэерычнае вяртаньне. Але тых, хто ў гэта верыць акрамя яго, засталося ўжо няшмат.

Фізычна выбыўшы з рэальнага працэсу ў Беларусі, лідэр БНФ выцягнуў з гэтага працэсу і ўласную арганізацыю. Так, у яе яшчэ ёсьць структуры, людзі і г.д. Але калі іх становіцца відаць, гэта кожнага разу значыць, што яны дзейнічаюць насуперак прадпісаньням правадыра. Сёньня яны разгубленыя — і колецца ўдзельнічаць, і ня можацца. Вяртаньне Пазьняка стала спачатку стымулам мітынгаў, пасьля ператварылася ў стопар. Чаканьне Гадо зацягнулася. А як сказаў некалі Вацлаў Гавэл, Гадо ня прыйдзе. Бо яго няма...

Лукашэнкава пяцігодка нікога нічому не навучыла. Яна сканчаецца, і самае важнае для Лукашэнкі — захаваць стабільнасьць улады, а самае важнае для апазыцыі — гэтую стабільную дэградацыю разгайдаць, зрушыць зь мёртвае кропкі, нягледзячы нават на тое, хто там зь іх кагэбіст, хто лукашыст, а хто — рука масквы. Апазыцыя аб’ядналася. Нават другі лом знайшоўся, які на Лукашэнкава галоўнае пытаньне: «Хто на танцах глаўны?», гледзячы проста ў вочы сказаў: «Ня ты!» Я маю на ўвазе Ганчара. Чатыры гады апазыцыя зьнебывалася бязь лідэра, а тут — Ганчар, Чыгір і нават Шарэцкі кажуць — будзем ісьці да канца. Узялі на сябе адказнасьць. І кожны разумее, чым рызыкуе. Але — разгайдаюць, пачне хадзіць паветра ў грамадзтве, там у кожнага й будзе магчымасьць выявіць сілу пазыцыі, а то і ўзяць справу ў свае рукі.

Цалкам можна дапусьціць, што пасьля 20 ліпеня Лукашэнка перастане быць. І вось тут прэтэндэнты на ўладу выкладуць кожны свае карты. Можа, да таго часу ў кагосьці яшчэ знойдзецца жаданьне і розум зазірнуць у бабулін куфар і дастаць адтуль бяспройгрышны «рэцэпт цуду». І не вынаходзіць ровара..


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0