Канстанцін Баравы:

«NATO, мы з табой!»

 

Гутарка карэспандэнта «НН» з дэпутатам расейскай Думы Канстанцінам Баравым пра падзеі апошняга часу.

 

«НН»: У сярэдзіне сакавіка дэмакраты Беларусі й Расеі сустрэліся ў Маскве, каб аб’яднаць свае намаганьні. Як Вы ацэньваеце вынікі сустрэчы?

Канстанцін Баравы: Фактычна, аб’яднаньне беларускіх і расейскіх дэмакратаў адбылося. Мы прынялі канкрэтныя рашэньні. Прыкладам, частка працы, якую павінен зрабіць я, — стварэньне Каардынацыйнай Рады дэмакратычных сілаў Беларусі й Расеі з рэгістрацыяй у Менску і Маскве. Зразумела, у Менску гэта зрабіць больш складана... Ствараем інфармацыйны цэнтар. Важна, каб заявы беларускіх палітыкаў былі вядомыя СМІ ў Расеі.

 

«НН»: Які працяг мела Ваша акцыя салідарнасіці з NATO (К.Баравы, В.Навадворская ды М.Храмаў — лідэры правых радыкальных партыяў Расеі — аб’ехалі на машыне пасольствы заходніх краінаў з плякатам «NATO, мы з табой!»)?

К.Б.: Учора я выступаў на радыёстанцыі «На семи холмах», тэлефанавалі людзі, і многія казалі, што яны падтрымліваюць дзеяньні NATO. Яны разумеюць, што гэта дзеяньні не абстрактнага NATO, а сусьветнай супольнасьці дзеля прадухіленьня гуманітарнае катастрофы і супраць дыктатарскага рэжыму. Дарэчы, абмяркоўвалі з слухачамі й Лукашэнку. Прыгадвалі гэты мой жарт наконт партызанскага атраду імя Валерыі Навадворскай. І сапраўды прыйшлі да высновы, што Лукашэнку сытуацыя зь Югаславіяй надзвычай хвалюе. Бо ён разумее, што калі пяройдзе да канчатковага падаўленьня апазыцыі, да масавых парушэньняў правоў чалавека, яго самога чакае лёс Мілошавіча.

 

«НН»: Наколькі, на Вашую думку, рэальная адпраўка добраахвотнікаў у Сэрбію? Чырвона-карычневыя цяпер толькі пра гэта й кажуць. Аднаго такога я сустрэла ў маскоўскім цягніку — са свастыкай ды ў камуфляжы...

К.Б. На жаль, яны толькі кажуць. Лепш было б, каб гэтая звар’яцелая частка грамадзтва прыняла свой халодны душ...

 

«НН»: Вы маеце на ўвазе, што яны проста ня бачылі, што такое вайна? Але ў РНЕ нямала тых, хто быў у Чачэніі, Афганістане.

К.Б.: Вельмі мала. Бо мала хто з наймітаў выжыў. У асноўным там людзі, якія толькі гавораць, што яны бралі ўдзел. Большая частка гэтых радыкалаў — гэта зусім не баевікі, а марадзёры, якія не ваявалі, а былі ў зоне канфлікту зь іншымі мэтамі. А вельмі многія з тых, хто па дурасьці, па маладосьці трапіў у гэткія перадзелкі, вяртаюцца здаровымі людзьмі — у сэнсе разуменьня рэальнага жыцьця, але маральна скалечанымі. Самы дарагі шлях да разуменьня жыцьця — калі цябе б’юць нечым цяжкім... Мы таксама плянуем пачаць збор добраахвотнікаў. Але яны будуць выступаць на баку NATO.

 

«НН»: Што Вы думаеце пра нашыя прэзыдэнцкія выбары? Як ставіцеся да словаў З.Пазьняка, што М.Чыгір — стаўленік Расеі, а ягонае вылучэньне — правакацыя Крамля?

К.Б.: Мяркую, што гэтая заява — элемэнт выбарчае кампаніі. Што Чыгір ня стаўленік імпэрскіх палітычных сілаў, зразумела й Пазьняку. Мне асабіста пазыцыя БНФ у пытаньні большай незалежнасьці Беларусі ад Расеі цяпер, калі Расея — дзяржава недэмакратычная, бліжэйшая за пазыцыю Чыгіра. Але з гэтага не вынікае, што Пазьняк — стаўленік Баравога. А тое, што мы з Чыгіром добра знаёмыя, што ён бярэ актыўны ўдзел у аб’яднаньні дэмакратычных сілаў, яшчэ не дае падставу лічыць яго нечым стаўленікам.

 

«НН»: Сябра Лукашэнкі Мілошавіч адмовіўся выслухаць Вашых паплечнікаў з «Правого дела», а камэнтар югаслаўскай тэлевізіі нагадаў камэнтары цяперашняга БТ. Якія гэта будзе, на Вашую думку, мець наступствы?

К.Б.: Мілошавіч змагаецца за захаваньне сваёй улады. Ягоная адмова супрацоўнічаць з Гайдарам, Нямцовым, Фёдаравым кажа пра тое, што спыненьне вайны яму непатрэбнае. Ён сфальшаваў выбары, а цяпер яшчэ ўпала ягоная папулярнасьць у грамадзтве: каму ж падабаецца, што краіну бамбяць з-за дыктатара, які забівае людзей? Народ расплочваецца сёньня за злачынствы Мілошавіча, а той, відаць, падтрымаць свой рэжым цяпер можа толькі на штыхах. Расейскіх... На нешта гэткае ён і спадзяецца. Нават калі Захад спыніць бамбардаваньні, дыктатар ня зможа цяпер падтрымліваць такі самы жорсткі рэжым, як перад вайной. Урэшце Мілошавіч будзе зьмешчаны і прыцягнуты да суда за этнічныя чысткі. Я думаю, ягоны лёс вельмі сумны: ён папросіць палітычнага прытулку ў Расеі альбо ў Беларусі. І будзе бавіць тут свой час, пакуль Расея й Беларусь ня стануць дэмакратычнымі дзяржавамі. Тады яго паспрабуюць і тут прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці, і ён будзе ўцякаць куды ў Ірак, Лівію ці на Кубу... Выбар у яго невялікі. Дыктатарскія рэжымы паўсюль няўстойлівыя. Апошнія свае дні Мілошавіч правядзе, відаць, дзесьці ў Паўночнай Карэі. Альбо ў турме.

Гутарыла Тацяна Сьнітко, Масква—Менск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0