Славамір Адамовіч

Бытавуха-3

 

Зубачыстка

28 студзеня 1999 году раніцай з вакна свайго інтэрнацкага пакою вывесіў наш бела-чырвона-белы сьцяг. Гадзіны празь дзьве пастукалі ў дзьверы — цэлая зграя форменных і цывільных. Не адчыніў. Тады ўварваліся ў пакой, які над маім, і паспрабавалі былі мой сьцяг зьбіць. Але не ўдалося, бо я пасьпеў яго назад у пакой уцягнуць. З тым і адступілі налётчыкі. Праўда, падлянку яны мне ўсё ж кінулі, дробненькую мянтоўскую падляначку — запхнулі ў замок дзьвярэй... зубачыстку. Адсюль раблю выснову: па-першае, у рацыёне нашых праваахоўных органаў прысутнічае мяса, па-другое, сілавікі перажываюць за свае зубы. А дырэктар ПТВ-24 Саюк перажывае за сваю кар’еру. Таму і прасыгналізаваў у міліцыю і КГБ пра вывешаны бела-чырвона-белы сьцяг.

 

Трэнінг

У 36-м тралейбусе выпадковая спадарожніца Мар’яна з таямнічым выглядам запрасіла наведаць трэнінг. Што за ён — не сказала, але адрасок, дзе яго можна знайсьці, шапнула: сталічная вуліца Матусевіча, ДК вытворчага аб’яднаньня «Сукно».

21 лютага вечарам я знайшоў гэтае дзіва ў памяшканьні правага крыла дому культуры. З гадзіну мы, госьці і гаспадары, перамяшчаемся па фае ды папіваем мінэралку. Потым нас запрашаюць наверх, дзе і праходзіць само мерапрыемства. Удзельнічаюць у ім пераважна жанчыны. Пераважна сярэдняе клясы, што вынікае зь іх прафэсіяў: бугальтары, мэнэджэры, кіраўнікі фірмаў, выкладчыкі прыватных навучальных установаў, стаматоляг, псыхіятар. Усе тут як тут: разьвядзёнкі, крывыя на вока й цела, вялікія й мініятурныя, прыгожыя і ня вельмі. Вось жанчынка гадоў пад трыццаць з маленькім тварыкам. Тварык гадоў празь дзесяць ператворыцца ў печаны яблык, вусенкі станеюць, завострыцца носік. У гэтай з тварыкам малюпасенькія грудзі і тоўстыя ногі. На левай лытцы — набраклыя сінія вены — які-небудзь тромбафлебіт. Яна адчайна танцуе, няўмела круціць срачкай, але адзінота, я бачу, адзінота вісіць над ёю. Яна зусім адна ў натоўпе, хоча ўцягнуць ў бесьперапынны танец сваіх знаёмых, але яны сыходзяць.

А вось іншая самотніца — поўная, умерана-агромністая, залацістыя валасы, крыху чорным каля вачэй, крыху памады на вусны, прыгожы рот і рукі, як прыемна цалаваць такія рукі! Раз за разам яна ўскідвае галавой, залацістыя пасмы рассыпаюцца па плячах і, ах, як жа я любіў бы яе, ратуючы/ся ад адзіноты!

Потым яшчэ адна, старая гадоў пад 70 — які ўжо ёй трэнінг спатрэбіўся. Сядзіць вунь, як на танцах у калгасным клюбе.

Яшчэ рыжая гадоў 50-ці з дачкою-сямнаццаткай. Дачка ўся ў матку з аблічча, вузкія плечы, а грудзі такія, якія ў іншай і пад старасьць не сфармуюцца, файныя грудзі для сямнаццацігадовай. Вось дзе сапраўды патрабуецца трэнінг і мануальная тэрапія.

Калі ж хто не зразумеў, пра што мы тут разважалі, раю зьвярнуцца на адрас: Менск, Вайсковы завулак, дом 13, пакой 3, памяшканьне страхавой кампаніі.

 

Варыятыўнасьць 37-га

— Ну вот, ещё одна пришла, — сказаў да супрацоўніка УКГБ па Менскай вобласьці мядзельскі райпракурор, убачыўшы, што дзьверы кабінэту расчыніла сталага веку жанчына... Ужо некалькі дзён гэтыя два займаюцца тым, што засьцерагаюць жыхароў ад удзелу ў кампаніі па выбарах прэзыдэнта.

 

Плыве

У лазьні, што на вуліцы Бядулі. Менск, дзявятая раніцы, чацьвер. У памывачную заходзіць невысокі пацан, ненатуральна белы, увесь у наколках, на плячы — гады: 1997-1999. Значыць, толькі што адкінуўся. Падыходжу, пытаюся, дзе срок матаў, можа з кім з нашых знаёмы. Аказваецца, ён з Ульянаўскай вобласьці, зь нейкага Дзімітраўграду. На нутраным баку левай нагі, на самай костачцы — свастыка ў сонечным коле. І яшчэ адна на руцэ. Такі сабе сонечна-свастычны малады расейчык. Відаць, пасьля адсідкі першы раз у лазьню трапіў: сухое цела намыльвае, нібы баючыся, што не пасьпее памыцца за 15 хвілінаў. І сплывае зь яго бруд расейскай турмы, як сам ён сплыў да нас у пошуках лёгкага хлеба.

 

Лякалізаваныя

Менск, надвячорак. АнтыNATOўскі мітынг у парку Горкага. Пара на скорую руку намаляваных плякацікаў. Невыразныя, нават безаблічныя твары гаваруноў. Бяздарныя прамовы, якія не кранаюць ні душы, ні сэрца, ні сьпіннага мозгу. Чыкін у атачэньні экзальтаваных кабетаў тлумачыць, што вось прыйдзем да ўлады (!?), тады разьбярэмся і з РНЕ, і зь беларускімі нацыяналістамі. Якісьці Кірыл Георгіевіч абураецца фактам маёй прыстунасьці на іхным мерапрыемстве і раіць купляць білет да Тэль-Авіву. Эх ты, думаю, таўкач брытагаловы, беларуса ад жыда адрозьніць ня можаш, а туды ж, у антысэміты лезеш.

Пахадзіў я яшчэ крыху сярод лякалізаваных, паўзіраўся ў бязродныя фізіяноміі крэатураў расейскай ФСБ і выправіўся з анархамі піва піць.

Добра быць самім сабою, асабліва калі ты Генрыхавіч, а не Георгіевіч.

 

Вяртаньне Арганісткі

«Генрых! — піша Яна на паштоўцы фірмы «Konkret». — Віншую Цябе са сьвятам Вялікадня. Зычу табе спакою душы, здароўя і каханьня. Няхай табе будзе добра, як добра было мне з табою гэтыя шэсьць дзён. І няхай Бог бароніць цябе ад усяго злога. Я заўсёды памятаю пра цябе. Галіна. 31.03.99 г.»

***

Ня ведаю, добра гэта ці дрэнна, але яны вяртаюцца: на дзень-два, як жонка пасьля дванаццаці гадоў жыцьця ў разводзе; на тыдзень, як Арганістка пасьля вельмі жвавых эратычных штудыяў, завершаных дзесяцьцю месяцамі турмы...

Я забываюся пра свае крыўды і з новай жарсьцю цалую знаёмае цела маёй няспраўджанай нявесты: цалую вушка, што ёй асабліва падабаецца, і цалую там, дзе яна ня можа разабрацца, падабаецца ёй так, альбо не.

Днём Арганістка займаецца на курсах польскай мовы, потым вандруе па выстаўках і крамах, а вечарочкам цісьне пімпачку майго званка.

Першы раз пасьля гадавога перапынку мы асабліва не затрымліваемся, адразу ідзём далей і глыбей. Мы ператвараемся ў галаваногіх, у гідрасфэру, у акіян гіпэрсубстанцыі, у церпкі рабінавы сок.

Арганістка — мая гуманітарная дапамога, мая кіслародная маска ва ўмовах падпольля. І калі заўтра мяне, функцыянэра выбарчай кампаніі, схопяць і кінуць у «амэрыканку», мая адвечная нявестачка ізноў напіша мне, як яна кахае і чакае. І я зноў паверу.

 

Студзень—красавік 1999 г.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0