USAID спансаруе Лукашэнку

 

Большую частку амэрыканскай дапамогі, укладзенай у Беларусь з 1996 году, зьеў Лукашэнка, адзін з найбольш зацятых апанэнтаў амэрыканскіх інтарэсаў у Эўропе — сьцьвярджаюць людзі, добра знаёмыя з працэсамі аказаньня дапамогі. Нягледзячы на гэта, рэгіянальны офіс Агенцтва ЗША па міжнародным разьвіцьці, які знаходзіцца ў Кіеве, праігнараваў запатрабаваньні зьмяніць шляхі аказаньня дапамогі, а наадварот, запытаў Кангрэс ЗША пра тое, каб амаль падвоіць велічыню гадавой дапамогі Беларусі.

Лукашэнкаў рэжым рабуе дапамогу па старой савецкай схеме: утрымліваючы штучна заніжаныя курсы абмену валюты. Амэрыканскі Фонд Дапамогі (USAID) высылае грошы атрымальнікам празь беларускія банкі ў далярах. Даляры йдуць на карысьць рэжыму, а атрымальнік пераводу атрымоўвае толькі малую частку даляравага кошту ў беларускіх рублях. Дзяржава ня толькі канфіскуе частку грантаў, дзякуючы рабаўніцкім абменным курсам, але й не дазваляе абнаяўліваць грошы, прымушае карыстацца выключна безнаяўнымі рахункамі, на чым крадзе яшчэ частку. Больш за тое, рэшту яшчэ й абкладаюць вялікім падаткам. Пітэр Бэрн, былы дырэктар Фонду Сораса ў Беларусі, лічыць, што атрымальнікі дапамогі выплачваюць у якасьці падаткаў каля 30 % ад сумы грантаў. У выніку да арганізацыяў-атрымальнікаў дапамогі даходзіць хіба які адзін даляр зь пяці ці шасьці. «А пяць зь шасьці даляраў дапамогі ідуць наўпрост у адміністрацыю беларускага прэзыдэнта», — сьцьвярджае Бэрн.

Пітэр Бэрн кажа, што ён ужо ўздымаў праблему ў Кіеве ў кастрычніку, але афіцыйныя прадстаўнікі USAID зрабілі выгляд, што ня чуюць. Лінда Бэрнштайн, адказная за фінансавую дапамогу Беларусі, адмовілася камэнтаваць заяву Бэрна. «Гэта частка значна шырэйшай палітычнай праблемы», — адказала яна.

На web-сайце кіеўскі USAID піша, што на 1999-ты фінансавы год чакаецца выдзяленьне для Беларусі 11,3 мільёнаў даляраў (у параўнаньні з 6,7 мільёнаў даляраў у 1997 і 1998 гадах). Гэта мізэр побач з 225 мільёнамі даляраў, якія ЗША выдзеліла ў якасьці дапамогі Ўкраіне па гэтай праграме, але ўсё ж гэта значная падтрымка рэжыму, якому крытычна не стае валюты. «Шкада, што такія вялікія сумы грошай марнуюцца», — шкадуе Бэрн. З 1997 году, калі дзейнасьць Фонду Сораса ў Беларусі забаранілі, а самога Бэрна дэпартавалі, ён працягвае працаваць зь недзяржаўнымі арганізацыямі Беларусі з-за мяжы.

Запыт USAID на 2000 год цяпер разглядаецца ў Кангрэсе. Адзін з кангрэсмэнаў-рэспубліканцаў, які мае дачыненьне да кантролю за фінансавай дапамогай, адзначыў, што ён нічога ня чуў пра хітрыя сыстэмы пераводу грошай, але гэта яго не зьдзіўляе. «Нашай палітыцы бракуе ўяўленьня. Мы ўвесь час абараняемся і ня думаем пра наступальныя мэтады». Іншая адказная асоба ў Кангрэсе выказала непаразуменьне, чаму USAID не перасылае ў Беларусь даляры гатоўкаю ў дыпляматычнай пошце.

Нядаўна шэраг беларускіх дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў зьвярнулі ўвагу на яшчэ больш складаную праблему — стварэньне рэжымам няўрадавых арганізацыяў, якія выдаюць сябе за прыхільнікаў дэмакратыі і спаборнічаюць за атрыманьне дапамогі з сапраўднымі НА. У адкрытым лісьце беларуская Асамблея няўрадавых арганізацыяў (АНА) абвінаваціла прадстаўніцтвы USAID, у прыватнасьці, тыя, якія знаходзяцца ва Ўкраіне, што іх дзейнасьць не адпавядае мэтам станаўленьня дэмакратыі ў Беларусі. Рэч у тым, што беларускі рэжым спрабуе ўзяць пад свой кантроль так званы «трэці сэктар», НА, укараніўшы там сваіх людзей або агентаў КГБ, але на гэта ніхто не зважае. Паводле Жанны Літвіной, кіраўніка Беларускай Асацыяцыі Журналістаў, «урад стварыў свой кішэнны праваабарончы камітэт, сваю ўласную Асацыяцыю журналістаў. Сапраўдны ж трэці сэктар, асноўную сілу супраціву таталітарызму, спрабуюць маргіналізаваць». Але ня ўсе за межамі Беларусі разумеюць тую небясьпеку, якую ўяўляе сабой дыктатарскі рэжым у Беларусі, і тое, хто ў Беларусі нясе асноўны цяжар «адкрытага супрацьстаяньня дыктатуры». Ліст падпісалі Васіль Быкаў, Тацяна Процька, Міхаіл Чыгір, цяпер ужо чарговы вязень рэжыму, ды іншыя.

Тэры Леры, прадстаўнік USAID, лічыць, што гэта толькі прыватная барацьба, вынік канкурэнцыі між НА у барацьбе за дапамогу. «АНА і беларуская апазыцыя хочуць скампрамэтаваць арганізацыі, зьвязаныя з уладамі, — кажа Леры. — Але як мы можам не падтрымліваць арганізацыі, хай і створаныя пры падтрымцы ўраду, але непалітычныя, да прыкладу, суполкі інвалідаў».

Сапраўды, большасьць беларускіх НА, створаных дзяржавай, ня вельмі адрозьніваецца ад арганізацыяў, заснаваных былымі партыйнымі і камсамольскімі босамі ва Ўкраіне і Расеі дзеля зарабляньня грошай пошукам грантаў.

«Мы напісалі гэты ліст ня дзеля скандалу ці інтрыгаў, — кажа Карлас Шэрман, віцэ-прэзыдэнт ПЭН-клюбу і адзін з аўтараў. — Мы ўдзячныя тым дабрадзеям, безь якіх незалежны сэктар у Беларусі загінуў бы. Але што датычыць грошай амэрыканскіх падаткаплацельшчыкаў, дык я ўпэўнены, што яны ня хочуць, каб грошы ішлі на фінансаваньне лукашэнкавага АМОНу».

З таго часу, як Лукашэнка выселіў заходніх дыпляматаў зь іхных рэзыдэнцыяў, Эўропа перастала дапамагаць Беларусі па лініі TACIS. Прамую дапамогу ад ЗША Беларусь працягвае атрымліваць. Прадстаўніца амэрыканскага інфармацыйнага цэнтру ў Менску, аднак, кажа, што амэрыканская місія ў Беларусі не нясе адказнасьці за тое, куды трапляюць гэтыя грошы. «It is not subject here», — дадала яна.

Паводле «Kyiv Post»

Падрыхтаваў Андрэй Саўчанка


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0