«Я пра гэта ніколі не задумвалася»

Апытаньне на вуліцах Менску

 

Ці сапраўды беларусы — самыя абыякавыя да рэлігіі людзі? Задаючы гэтае пытаньне на менскіх вуліцах, я пераканаўся, што амаль ніхто ня згодны з гэтым сьцьверджаньнем. Зь іншага боку, амаль усе абышлі ўвагай уласна рэлігійныя інстытуцыі, ніхто не ацэньваў рэлігійную сытуацыю ў краіне.

— Я ня хрышчаная, але жыву паводле хрысьціянскіх правілаў. Я маральнымі правіламі кіруюся, якія для кожнага чалавека павінны быць асноўнымі.

Цікава, што сын гэтай кабеты працуе ў Ратамскай царкве.

Спадар трыццаці чатырох гадоў спрабуе займацца бізнэсам. Ён лічыць, што ў адсутнасьці рэлігійнай еднасьці беларусаў вінаватая гісторыя.

— Перамяшана шмат нацыяў і рэлігіяў — палітыка адыграла сваю ролю. Гэта дрэнна, вядома. Бо няма такіх дзяржаваў, якія б ухвалялі шмат рэлігіяў. Я сам праваслаўны... Тая сытуацыя, што ў Беларусі... Мне хочацца эміграваць. Сэнсу быць рабом няма. Выйсьце — у зьмене ўлады.

А гэты сталы чалавек лічыць, што актыўнае папаўненьне храмаў вернікамі сёньня — ня больш, чым даніна модзе, якая сыходзіць ад палітычнае вярхушкі. Ён згодны з тым, што беларусы ня маюць рэлігійнае еднасьці. Аднак ён ня згодны зь нерэлігійнасьцю асобна ўзятага беларуса.

— Шмат цяпер паказнога, але калі чалавек верыць, ён верыць.

Сьледам я зьвярнуўся да купкі студэнтаў, што палілі каля ўнівэрсаму «Цэнтральны».

— Я атэіст. Я супраць рэлігіі.

— Я ня хрышчаны і ня вернік... патомны.

— Я пра гэта ніколі не задумвалася.

Музыка Дзіма. У Менску яго ведаюць як віртуоза гры на гітары ў падземных пераходах:

— Усе мы вернікі: хто верыць у тое, што Бог ёсьць, хто — у тое, што Бога няма... Я сам будую царкву, працую будаўніком.

Дзяўчына ў пераходзе на «Кастрычніцкай», выглядае «пад гіпі», захоплена распавядае пра сваё разьвітаньне з Богам:

— Мая сям’я вельмі верыць у Бога, але я сама зьяўляюся прыхільніцай іншай тэорыі. Напрыклад, тэорыі Ніцшэ пра тое, што Бог памёр. Я зь дзяцінства верыла ў існаваньне Бога, але пасьля перамяніла погляд.

Зрэшты, дзяўчына любіць сваю маці, шануе ейную веру, таму бярэ ўдзел ва ўсіх сямейных сьвятах і ходзіць з маці ў царкву. Дзяўчыне, як і іншым ейным раўналеткам, да якіх я зьвяртаўся, складана разважаць аб рэлігійнасьці беларусаў увогуле, бо гэтая тэма ніколі яе не цікавіла.

Севярын Квяткоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0