Банальная п’еса для заштатнага тэатру

 

Мы зь iм раўналеткi з розьнiцаю ў адзiн дзень. Нават цёзкi. Нашыя бацькi, старыя сябры са студэнцтва, яшчэ да нашых зьяўленьняў на сьвет Божы дамовiлiся назваць нас Мiцямi. Але сябрамi мы так i ня сталi. Ён нарадзiўся карэнным масквiчом, што было для мяне прадметам зайздрасьцi. Але шкадаваў я, далiбог, не сталiцы з Крамлём i мэтро, а менавiта гэтай самай ягонай карэннасьцi. Сымбалем якой i была для мяне ягоная маскоўская кватэра. Абсалютна непадобная на тыя кватэры, дзе мне даводзiлася бываць дагэтуль i пасьля. У якой уся мэбля была зроблена гаспадаром дому. Ад кухоннага зэдлiка табурэткi да разнога пiсьмовага стала. Такой колькасьцi кнiг я ня бачыў пасьля нi ў адным, адведаным мною доме. Можа, толькi на кухні не было кнiжных стэлажоў. Шмат таямнiцаў я адкрыў у тым доме. I па меры майго вырастаньня тая кватэра ў маiм успрыманьнi не зьмяньшалася нi на цалю.

Ня дзiўна, што наведваючы Маскву спачатку з бацькамi, а пасьля самастойна, я заўжды з радасьцю сьпяшаўся на Гагарынскi пляц. У кватэру, дзе ў дзьвярах можна сутыкнуцца зь якой-небудзь тэлезнакамiтасьцю, дзе госьцю дазволена палiць хоць у ложку, дзе няма забароненых тэмаў для размовы i маса тады яшчэ забароненых выданьняў. Менавiта ў тым доме я ўпершыню пакаштаваў чырвоную iкру, разьвесялiўшы дарослую кампанiю выказваньнем, што «не люблю я журавіны». Тамсама я ўпершыню пачуў запiсы Галiча. «Адзiн дзень Iвана Дзянiсавiча» я прачытаў таксама там. Уражаньне дапоўнiлася фактам, што сам пiсьменьнiк некалi пад наглядам будаваў гэты дом. А можа i гэтую кватэру. Дарэчы, праваслаўныя iконы я ўпершыню ўбачыў таксама там. Сваiм наiўным пытаньнем: «Дзеля чаго дзядзю Алегу гэтыя багi», я выклiкаў нежартоўную спрэчку памiж старымi сябрамi. «Ты рускага чалавека выхоўваеш цi бусурманiна якога?» — крычаў дзядзя Алег на бацьку, — Калi ня ты, дык я сам яго у Загорск зважу». З-за чаго такi шум, я тады не зусiм зразумеў. Мы паступова сталелi. У Маскве пасьля няўдалай вучобы ў тэатральным я больш не зьяўляўся. Ад бацькi да мяне даходзiлi толькi кароткiя зьвесткi пра посьпехi майго маскоўскага цёзкi. Мiцька без праблемаў паступiў у МГУ. Мiцька працуе на нейкiх раскопках у Валааме. Мiцьку прапаноўваюць працу ў маскоўскiм фiлiяле нейкай заакiянскай юрыдычнай фiрмы. Мiцька купiў новую «Вольва».

Я ня быў у Маскве амаль дзесяць гадоў. З пляшкаю беларускай гарэлкi я без папярэджаньня паехаў на Гагарынскi пляц.

Дзьверы расчынiлiся. У цемры я не адразу заўважыў, як пастарэў гаспадар майго маскоўскага прыстанку. Пасьля ж абдымкаў я нарэшце разглядзеў, наколькi зьмянiлася сама кватэра. Дакладней, ад яе не засталося нiчога. Дзе некалi ўзвышалiся стэлажы з кнiгамi, былi адно толькi пустыя сьцены, аклееныя шарымi шпалерамi. Дыхтоўна й прыгожа зробленыя рукамi гаспадара фатэлi, камоды й сэкрэтэры часткова замянiла сьвежая iншаземная мэбля. Блiскучы фiгурны паркет, матавае сьвятло мудрагелiстых жырандоляў — усё навокал стварала ўражаньне вельмi дарагога гатэльнага нумару. На мой няўцямны позiрк гаспадар толькi махнуў рукою.

Седзячы на незнаёмай блiскучай кухні ды ўплятаючы яечню, я слухаў сумны расповед некалi жыцьцярадаснага маскоўскага чалавека. Сёньня хворага, самотнага ўдаўца, якога некалькi месяцаў таму кiнуў любiмы сын. Мяне не пакiдала такое адчуваньне, быццам я прысутнiчаю пры пастаноўцы бяздарнай, банальнай п’есы, адмыслова напiсанай для заштатнага тэатрыка. Настолькi другасным выглядаў сюжэт гэтага новага «Вiшнёвага саду».

Неўзабаве пасьля сьмерцi жонкi мужа падкошвае iнфаркт. Пакуль ён ляжыць у шпiталi, ягоны сын — абавязкова новы рускi — цынiчна падшуквае для таты месьцейка ў Доме састарэлых. I наводзiць у доме свой наварускi парадак. У доме руйнуецца ўсё ад старой мэблi да масьнiчынаў i выкiдаецца на сьметнiк. Старыя фалiянты на шматкi рве вецер пераменаў, спадчынныя фатэлi гнiюць пад брудным дажджом. Iконы здаюцца ў антыкварыят. За тыдзень у некалi абжылым доме робiцца супэрсучасны й безгустоўны рамонт за 50000 даляраў. Былога гаспадара па вяртаньнi дахаты ледзь не хапае паўторны iнфаркт. З сынам адбываецца размова з рэплiкамi кшталту: «Навошта я цябе хрысьцiў?», «Ты забыўся, як мы начавалi ў доме Ясенiна?» i гэтак далей. Сын сыходзiць, бразнуўшы браняванымi дзьвярыма. Хворы бацька застаецца ў харомах для Майкла Карлеонэ, з жабрацкай пэнсiяй. Якую напалам дзелiць са старым катом. Попел танных папiросаў падае ў лазенцы на мармуровую падлогу з падагрэвам. Заслона.

«Няўжо ўсё, што я ўкладаў у яго з маленства, дарэмна?» — пытаўся ў мяне гаспадар. Ды што я мог адказаць? На жаль цi на шчасьце, але ў банальных расейскiх п’есаў не бывае шчасьлiвага канца. I канец гэтай гiсторыi ўжо маячыць недзе наперадзе.

Зьміцер Бартосік


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0