Вера — гэта сваё

 

Паэт Адам Глёбус у адным сваiм вершы напiсаў:

Я стаю на крыжы
Беларускiх дарог
I ня бачу дзьвярэй
За якiмi ёсьць Бог

У гэтых словах роспач пакаленьня, якое гвалтам было адарванае ад сьвятыняў. I, шукаючы Бога наноў, новыя пакаленьнi не знаходзяць яго ў пакаленьняў старэйшых. Повязь абарвалася. Абарвалася недзе тамака, дзе зьнiкала i мова.

Пошукi Бога пачынаюцца там, дзе адкрываецца Беларусь. Паверыўшы ў беларушчыну, у яе бясконцую працягласьць у гiстарычным часе, шукаецца большых тлумачэньняў таго, чаму мы адрозныя ад iншых: «Божа, што калiсь народы на асобкi падзялiў, i хацеў каб народ кожны мовай роднай гаварыў...» Спачатку ня верылася, што наша мова мусiць загiнуць, прапасьцi мiж iншых. Гэта ператварыла б у абсурд стагодзьдзi нашае гiсторыi, пасыянарныя памкненьнi адраджэнцаў i iх ахвяру. Ахвяра ня гiне. Ахвяру можна забыць. I яна была забытая. Цi можна паверыць у ахвяру Хрыста, калi не даеш веры ахвяры сваiх супляменьнiкаў?

Зрабiўшы для сябе адзiны выбар на карысьць беларушчыны, гэта азначае, паверыўшы ў яе бясконцасьць, непазьбежна паўстанеш перад наступным выбарам: «Цi ўсё, што створана пакаленьнямi да цябе, што робiш ты сам i што будуць рабiць пасьля цябе, iснуе толькi тут, на зямлi?» Калi так, то, можа, беларушчына ёсьць толькi прыватным заняткам, гобi, зьбегам густаў?

... Калі я стаяў на Велiкоднай iмшы ў Вiшнеўскiм касьцёле, слухаў казаньне айца Чарняўскага, бачыў у вачах людзей чыстыя сьлёзы хваляваньня й радасьцi, нешта зьмянiлася i ўва мне. Калi ж запяяў хор, у мяне перахапiла дыханьне i я амаль фiзычна адчуў прысутнасьць Бога. Гэта быў цi ня самы сьветлы дзень у жыцьці. Усё было тут маiм: мова, людзi, бажнiца i... прыдбаная вера. Гэтак для мяне, савецкага падлетка, сьвет набываў цэласьць. Я пераканаўся ва ўсiм, пра што раней толькi здагадваўся...

Няма свайго — ня будзе веры. Пра тое казаў i апостал Павал, заклiкаючы малiцца ў словах сваiх, зразумелых, а не грувасьцiць безьлiч незразумелых чужых словаў. Цi можа быць вера ў паствы, якую вядуць чужыя пастары? Чужыя людзi, чужая мова. Толькi вера ня можа быць чужою.

Цi можна абысьцiся без пасярэднiкаў, аднаму спасьцiгнуць сэнс сакрамэнту, адчуць прысутнасьць Бога? Бадай. Але калi на тваiм шляху паўстае Асоба, якая сваiм духам мацуе цябе i дае надзею, твой шлях можа стаць сьветлым i пэўным. Сьвятарства айца Надсана, айца Чарняўскага, айца Матусевiча адкрыла той шлях для многiх.

Гэткiм цi падобным чынам да рэлiгii зьвярталiся мае аднагодкi, якiя знаходзiлi сябе ва ўлоньнi беларушчыны. Найперш вярталася мова, за ёй гiстарычная сьведамасьць. Пасьля ўсьведамленьня сябе суб’ектам часу i зямлi, зьяўлялася прага повязi зь бясконцасьцю, знайсьцi сабе апiрышча, цi апраўданьне, у веры. Бадай, нехта знайшоў i Бога.

Вера — гэта сваё. Яна вернецца ў Беларусь, калi Беларусь стане сваёй для беларусаў.

Сяргей Харэўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0