Новая кніга выдавецтва «Наша Ніва»

Аляксандар Лукашук

У фiялетавай ночы вугал крыла

Дакумэнтальная проза

Кніга раскрывае фізыялёгію і норавы савецкай сыстэмы. Працуючы ў галоўнай партыйнай газэце «Звязда», аўтар шмат назіраў за паводзінамі вялікага і малога начальства, а таксама звычайнага «гома саветыкуса». Падзеi кнiгi разгортваюцца за фасадам пампэзнай камунiстычнай iдэалёгii, дзе пануюць амаралізм і п’янства, дзе сплятае свае інтрыгі КГБ і няма свабоды.

 

Аляксандар Лукашук (нар. 1955), працаваў перакладчыкам, журналістам, у дакумэнтальным кіно (Дзяржаўная прэмія за фільм «Дарога на Курапаты», 1994). Аўтар кніг «Зьдзек», «Філістовіч. Вяртаньне нацыяналіста», «За кіпучай чэкісцкай работай» (міжнародная прэмія Беларускага Пэн-Цэнтру, 1998). З 1993 — на Радыё Свабода.


 

Неакрэсьленая надзея

 

Барока ў беларускай культуры і мастацтве / Пад рэд. В.Шматава. Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру НАН Беларусі. — Менск: Беларуская навука, 1998. — 304 с., 129 іл. ISBN 985-08-0239-1

Сыстэма прыярытэтаў спажыўца фармуецца пад уплывам ня столькі сапраўдных вартасьцяў, колькі штодзённага, штохвіліннага пераконваньня ў якасьці, карысьці (або проста наяўнасьці) тых ці іншых рэчаў. Кожная рэцэнзія — таксама своеасаблівы рэклямны праспэкт (усё роўна, са станоўчым або адмоўным знакам), такі сабе акт інфармацыйнае агрэсіі, nota bene на палях кнігавыдавецтва.

Аб’ект гэтай рэцэнзіі (або спробы рэцэнзіі) сапраўды варты ўвагі: гэта кніга «Барока ў беларускай культуры і мастацтве». Яна ня выклікала вялікага ажыятажу, нягледзячы на тое, што сваім зьяўленьнем закрыла значную «дзірку на шпалерах» (калі «шпалерамі» лічыць гісторыю беларускай культуры) — сталася першай у нашай краіне грунтоўнай працай, прысьвечанай такой эстэтычнай зьяве як барока і ягонай «праекцыі» на беларускую культурную прастору. Нетыповасьць кнігі, яе адрознасьць ад выданьняў гэткага кшталту ў тым, што «Барока ў беларускай культуры і мастацтве» — не маналітная навуковая манаграфія, а зборнік матэрыялаў канфэрэнцыі, што адбылася ў ІМЭФ АН РБ (1994 г.). Дзякуючы разбурэньню стэрэатыпнай формы навуковай працы — замкнёнай, суб’ектыўнай, напісанай адным аўтарам — зьмяняецца характар засваеньня інфармацыі. Чытач атрымлівае магчымасьць самастойна вызначыць межы кантэксту, у якім будзе адбываца ўспрыманьне (або неўспрыманьне) тэзаў і пастановаў кнігі, агульная канцэпцыя якой вымалёўваецца са стракатай мазаікі супадзеньняў і супярэчнасьцяў у поглядах аўтараў асобных артыкулаў, тады як манаграфія — «адфарматаваная» загадзя, зьнітаваная агульнай суб’ектыўнасьцю, замкнёная сама на сабе, паўстае перад чытачом як самадастатковы аб’ект згоды/нязгоды ў перадвызначаным аўтарам кантэксьце.

Зь іншага боку, адмоўнай рысай такога зборніка можа падацца вузкаспэцыфічнасьць тэматыкі асобных дакладаў, якія, нібыта, не фармуюць агульнага погляду на ўзьнятую праблему. Аднак падбор дакладаў і іх чарговасьць даюць вельмі маштабнае ўяўленьне пра гісторыю і тыпалёгію беларускага барока. А «вузкаспэцыфічнасьць» асобных пытаньняў дапамагае скіраваць увагу на канцэптуальныя акцэнты дадзенай праблемы. Нельга сказаць, што аўтары артыкулаў замыкаюцца ў мастацтвазнаўчых і эстэтычных пытаньнях тэорыі барока. Іх працы ўтрымліваюць шмат гістарычнай і культуралягічнай інфармацыі, якая стварае агульны фон эпохі — кантэкст для тэматычна дыфэрэнцыяваных артыкулаў. Вытрыманая ў агульным ключы й мова кнігі — яна лёгка ўспрымаецца ня толькі прафэсіяналам-мастацтвазнаўцам, але й неабазнаным аматарам (то бок, як той любіў казаць раней, «разьлічаная на шырокага чытача»). Акрамя таго, выданьне нядрэнна ілюстраванае (шкада толькі, што ілюстрацыі не каляровыя).

Ідэалягічна-канцэптуальная афарбоўка кнігі, як і паліграфія, асаблівай стракатасьцю не вызначаецца. Асноўная маса артыкулаў вытрыманая ў традыцыях антыкаляніялізму, на які мы ніяк ня можам перахварэць. Зь іншага боку, шчыра цешыць тое, што ўрэшце (хоць і з жудасным спазьненьнем) і беларусы зразумелі, што калі яны і надалей будуць нерашуча таптацца вакол уласных культурных здабыткаў, што з тых ці іншых прычынаў маюць нейкае адценьне спрэчнасьці — у іх не застанецца нічога, бо навуковая этыка ў вырашэньні пытаньняў прыналежнасьці культурнай зьявы зводзіцца да вядомага расейскага выслоўя «кто первый встал, того и тапки». Так, напрыклад, у аналягічных расейскіх і ўкраінскіх дасьледаваньнях праблемы ўсходнеславянскага барока Беларусь, як адметны шлях у дадзеным накірунку, яе дасягненьні, як ўплыў на суседзяў (тых самых расейцаў і ўкраінцаў) — ня згадваюцца наогул. І гэта заканамерна — чаму хтосьці павінен рабіць нашую працу за нас? Хто, як ня мы, мусіць захоўваць і вывучаць тое, што зьбераглося, нейкім чынам перажыўшы часы бульдозэру й дынаміту? І ці надоўга нас хопіць, калі мы будзем кожныя колькі соцень гадоў пачынаць спачатку?

Кніга не дае адказаў на гэтыя пытаньні, яна нават не акрэсьлівае іх — проста актуалізуе, выклікае аднекуль з падсьвядомасьці, каб разам з сумненьнямі падараваць і неакрэсьленую надзею, якая ўтрымліваецца ня ў тэксьце і нават не ў кантэксьце кнігі. Яна — у мяккім сьвятле, якое выпраменьвае мастацтва барока — адно з найдасканалых супольных стварэньняў Бога і чалавека, якое ўзвышаецца над катэгорыяй часу, не суадносіцца зь ёй, як побач з царквой Сьвятога Духа — насамрэч кляштарам бэрнардынаў — не ўспрымаецца ні шэрая будзённасьць праспэкту Машэрава, ні штучны бляск Траецкага прадмесьця.

Андрэй Скурко


 

Збор незвычайнага

 

Скульптура і разьба Беларусі XII-XVIII ст.: Каталёг / Аўт.-укладальнік Н.Высоцкая; Маст. В.Бурмакін, В.Мінько. — Менск: БелЭн, 1998. — 224 с.: іл. ISBN 985-11-0131-1

У нашай навуцы няшмат выдаецца мастацкіх каталёгаў, каб мы не заўважылі сыстэматызаванага выданьня збору скульптуры Нацыянальнага мастацкага музэю. Гэтая незвычайная кніга, якой наканаванае доўгае жыцьцё, ахоплівае творы XII—XVIII ст., на працягу якіх мастацкія стылі не аднойчы наступалі адзін адному на пяткі. Асабліва цікавае XVI ст., калі, як адзначаецца ў каталёгу, заўважныя рэмінісцэнцыі раманскага стылю, выбух так званай імітацыйнай готыкі і зьяўленьне твораў у традыцыях Рэнэсансу. Барока ў архітэктуры, скульптуры, разьбе, лепцы Беларусі пратрымалася ўсё XVII ст. і тры чвэрці XVIII ст. Пасьля такога ўступу незразумелым выглядае падзел матэрыялаў каталёгу паводле каляндарных стагодзьдзяў — XVI, XVII і XVIII, якія, быццам бы, «вызначаюць асноўныя этапы разьвіцьця даўняга мастацтва Беларусі». Каталёг уражвае ня столькі разнастайнасьцю і мастацкімі вартасьцямі музэйнага збору, колькі сьведчаньнем таго, што ня ўсё ў Беларусі было зьнішчана, разрабавана і прададзена. Захаваліся нават некаторыя скульптуры са збору Беларускага музэю ў Вільні, нават зь першай выставы беларускага мастацтва ў Менску ў 1918 годзе! Нацыянальны мастацкі музэй можа ганарыцца — «беларуская плястыка аказалася ў авангардзе скульптуры і разьбы Ўсходняй Эўропы», як слушна заўважана ў кнізе. Першы дзьвюхмоўны варыянт каталёгу (датаваны 1987 г.) не дачакаўся выданьня, так што прыйшлося яго «рэанімаваць». На гэта пайшлі, канечне, вялікія высілкі, аднак беларуская «палова» тэксту пры гэтым, на жаль, згубілася незваротна.

У каталёгу шмат цікавых працаў. Незвычайна выглядае найстаражытнейшая беларуская каталіцкая скульптура — расьпяцьце канца XIV ст. зь в. Галубічы Глыбоцкага раёну. Паводле каталёгу яна — сучасьніца каталіцкага хросту Літвы і Беларусі, учыненага Ягайлам у 1387 г. Гістарычная верагоднасьць гэтага сумнеўная, а з мастацкага боку яна больш падобная да позьнегатычнага твору. Готыка на нашых землях жыла незвычайна доўга — ня толькі ўсё XV ст. (якім можна датаваць галубіцкае расьпяцьце), але і амаль усё XVI ст. (найбольш верагодная, як па-мойму, дата стварэньня расьпяцьця). Наступную паводле храналёгіі скульптуру, арханёла Міхала, таксама можна датаваць ня толькі другой паловай XV ст., але й пачаткам XVI ст. Зашмат у каталёгу ананімных выяваў, ідэнтыфікаваць якія, пэўне, можна было б. «Сьвяты ў рыцарскіх дасьпехах» — скульптура сьвятога караля з уладарніцкім вянцом на галаве. Сьвятых каралёў няшмат, і тут адзін з найбольш папулярных — сьв. Жыгімонт, бургундзкі кароль VI ст. Скульптура № 33 — гэта доўгавалосы безбароды мужчына, вельмі падобны да сьв. Яна Багаслова, а не да цара Давыда. У безбародым «Біскупе рымскім» (№ 40) мне бачыцца папа Рыгор, а ва «Ўніяце» (№ 184) — сапраўды Язафат Кунцэвіч, да чаго, зрэшты, схіляецца і аўтар каталёгу.

Асобныя творы беларускай скульптуры даюць прыклады незвычайнага спалучэньня каталіцкіх і праваслаўных рысаў. Расьпяцьце 1696 г. майстра Казіміра Круповіча вызначанае як «каталіцкага тыпу», але адразу прыведзеная яго магчымая крыніца — гравюра з праваслаўнага кіеўскага «Акафісту» 1677 г. Значыць, скульптура не зусім каталіцкага тыпу, і Хрыстос на крыжы мае «па-праваслаўнаму» гарызантальныя рукі. На каталіцкіх крыжах цела Збаўцы глыбока правісае на руках (дарэчы, у каталёгу напісана: «рукі Хрыста прыпаднятыя і разьведзеныя ўбакі», хоць такое практыкаваньне зрабіць на крыжы немагчыма).

Каротка пра іншае заўважанае. Скрупулёзнасьць каталёгу ў некаторых выпадках пераходзіць пэўную мяжу, так што старанны збор фактаў з розных крыніцаў абясцэньвае вынік: «У Полацку касьцёл езуіцкі з калегіюмам вядомы з 1580, 1686, 1694, 1696 г.», сьв. Ян Непамук «кананізаваны... ў 1721 (1722, 1729, 1736) г.». «Левы» бок на здымках часам адпавядае «праваму» боку ў тэксьце. У пачатку кнігі прыгадана выкарыстаньне для работы экзатычнага кітовага вусу, але знайсьці яго ў тэксьце каталёгу не ўдаецца. «Страчаны палец левай рукі», пэўна, выклікаў у скульптуры гангрэну, бо на здымку няма ўжо ўсёй канечнасьці. Бязрукага сьв. Георгія спачатку падазраюць, што ён быў узброены мячом, а пасьля — кап’ём.

У цэлым жа каталёг каштоўны ня толькі тым, што ў ім зьмешчаныя амаль усе «адзінкі» скульптуры і разьбы з музэю, але й шматлікімі дадаткамі. Маецца пералік дрэваапрацоўчых інструмэнтаў, пігмэнтаў, зьвязных рэчываў, лякаў, грунтоў, тэрміналягічны слоўнік, а таксама слоўнік разьбяроў і скульптараў (асобна пералічваюцца беларускія майстры, што працавалі ў Расеі ў XVII—XVIII ст.). Сьпісы майстроў уражваюць сваёй даўжынёй. Мо, ня варта было іх разводзіць імёнамі цесьляроў і сталяроў. Тыя, канечне, маглі часам змайстраваць «штуку», але сапраўдных мастацкіх майстроў у Беларусі звалі «разьбяры» і «сьніцэры». Карыстаньне рознамоўнымі крыніцамі, у большасьці выпадкаў «праз другія рукі», дало нечаканыя вынікі пры перадачы імёнаў на расейскай мове. «Змодеценсис Стефан» пры правільным перакладзе з лаціны павінен абярнуцца ў «Стафана Жамойта», «Шанко» пры слушнай трансьлітэрацыі са старапольскай — гэта «Санька», а «Шиманович Ячко» па праўдзе «Яцка Сямёнавіч».

У сьпіс беларускіх майстроў унесеныя й віленскія ўмельцы. А як жа інакш!

Валеры Пазьнякоў


 

Новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю

Грымаць А. і інш.: Мэтад. дапам. / А.Грымаць, Л.Варанецкая,

У.Пашкевіч. — Народная пэдагогіка беларусаў. — Менск: Выд.

Ул.Скакун, 1999. — 256 с. — Наклад 5000 ас. ISBN 885-6235-13-8

Кантакты і дыялёгі. Інфармацыйна-культуралягічны бюлетэнь Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў і Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі. — № 2-3 (38-39). Люты-сакавік, 1999. — 64 с. — Наклад 299 ас.

Лукашук А. У фіялетавай ночы вугал крыла. Дакумэнтальная проза. — Наша Ніва (Бібліятэка «Вострая Брама», 3), 1999. — 160 с. ISBN 9986-92-19-6-1

Новы запавет / Пер. айца Ўладзіслава Чарняўскага. — Менск, 1999.

Права на волю. Бюлетэнь праваабарончага Цэнтру «Вясна-96». № 3 (27), № 4 (28) 1999.

Шалькевіч В. Гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі: Навучальны дапаможнік (Сэрыя «Гісторыя Бацькаўшчыны», дадатак да часопіса «Права і эканоміка») — Менск, 1999. — 200 с. — Наклад 250 ас.

Юрэвіч Л. Камэнтары. Літаратуразнаўчыя артыкулы. — Менск, 1999. — 302 с. — Наклад 500 ас.

Бектинеев Ш. Формирования российской армии с белорусскими наименованиями. — Менск: Арти-Фекс, 1999. — 116 с.: ил. — Наклад 200 ас. ISBN 985-6119-25-1

Лиокумович Т. Потомки А.С.Пушкина в Беларуси. — 2-е выд. —Менск: Унівэрсытэцкае, 1999. — 168 с. — Наклад 4000 ас. ISBN 985-09-0221-3


 

На пачатку году ў Нью-Ёрку выйшла кніга ўспамінаў Яўхіма Кіпеля «Эпізоды». Я.Кіпель – асоба дапраўды легендарная: у 20-я гады – кіраўнік менскага маладзёвага клюбу «Беларуская Хатка», супрацоўнік Інбелкульту, у 30-я — савецкі зэк, у 1944-м – старшыня ІІ Беларускага Кангрэсу, у 50-я — адзін зь лідэраў беларускай эміграцыі ў ЗША... Захапляльнае апавяданьне пра сустрэчы зь Янкам Купалам і Якубам Коласам, з бацькамі нацыі Вацлавам Ластоўскім, Язэпам Лёсікам, Вацлавам Іваноўскім, сяброўства зы Зьмітрам Жылуновічам, супраца з кіраўніком беларускага супраціву ў часе нямецкае акупацыі кс. Вінцэнтам Гадлеўскім, спатканьні з расейскім генэралам Уласавым. Кніга поўная найцікавейшых сьведчаньняў пра вызначальныя падзеі беларускае гісторыі.

Выданьне можна замовіць па тэл. (017) 283-24-10.


 

Кнігу дзіцячых песень «Дударочак» (з нотамі і мэтадычнымі ўказаньнямі), складзеную І.Лосікам і Л.Скаромнай, можна замовіць па тэл. (017) 227-78-92


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0