Голая мараль

 

Таіса Бондар, «Бласлаўленьне Марыі». — «Полымя», 10—11/98

Этыка — гэта эстэтыка будучага.
Жан-Люк Гадар

Твор «Бласлаўленьне Марыі» напісаны ў жанры рамана-містэрыі — гэта адмыслова адзначаецца напачатку. Звычайна акцэнтаваньне жанравай разнавіднасьці дае аўтару магчымасьць дадаткова ўзьдзейнічаць на чытацкае ўспрыманьне тэксту. Таму зьяўленьне твору з такім паднайменьнем сьведчыць пра пэўную адвагу, а можа, і выклік пісьменьніцы, бо ў апошнія паўстагодьдзя творцы адзін за адным робяць культавыя самагубствы ў гонар чытача.

Раман пачынаецца з таго, як галоўная гераіня, пісьменьніца Анэля Багінская, ратуючы малую дзяўчынку, трапляе ў аўтакатастрофу. Гэты выпадак вымушае яе пераасэнсаваць сваё жыцьцё ды ўвесь навакольны сьвет, што прыводзіць яе да наступнай думкі: «людзі забыліся, што яны людзі». Ейны былы муж Даніла, вядома ж, п’е, а ў мінулым у іх, як заўжды, загубленае ненароджанае дзіцё; дык вось Даніла гэтаксама пакутуе ад ўсеагульнай бездухоўнасці і свайго загубленага таленту ў прыватнасьці, і ўрэшце сканчае самагубствам. Няцяжка здагадацца, што ўсе гэтыя падзеі прыводзяць Анэлю да Бога.

Побач з рэальнымі (сучаснымі) падзеямі разьвіваецца гісторыя Марыі Магдалены, пра якую галоўная гераіня напісала раман «Блудніца». З таго, што Анэля пэўным чынам атаясамлівае сябе з гэтай асобай, пабудова рамана можа ўспрымацца і як «тэкст ў тэксьце» і як два роўназначныя, паралельныя тэксты. Гэткая кампазыцыя адразу выклікае ў памяці «Майстра і Маргарыту» Булгакава і айтматаўскую «Плаху». Дарэчы, у тэксьце ёсьць непасрэдныя паралелі зь першым творам. Так, славутае «рукапісы не гараць» у варыянце «Апакаліпсыс Таісы Бондар» гучыць як «зробленае застаецца». Як бачым, маральна-этычныя прэтэнзіі аўтаркі разыходзяцца з мастацкім выкананьнем.

Цяга да вялікай літаратуры гэтым не абмяжоўваецца. Даніла ўяўляе сабой вылегчаны варыянт Івана Карамазава, а другі разьдзел рамана — гэта проста «Дастаеўскі для пачаткоўцаў». Увогуле, ужо пасьля прачытаньня прыблізна трэцяй часткі тэксту ўзьнікае цьвёрдае перакананьне, што аўтарка задумвала гэты твор як пакліканы ілюстраваць ілюзорную славянска-праваслаўную мэнтальнасьць, хаця насамрэч муляжнасьцю вобразаў, прадказальнасьцю падзеяў і схематычнасьцю кампазыцыі раман нагадвае хутчэй амэрыканскія коміксы.

Нікому ня прыйдзе ў галаву аспрэчваць сьвятую хрысьціянскую ідэю, на якой паўстала і нашая культура. Але дэкляраваная маральнасьць, наўмысная этычнасьць ідэі рамана выклікаюць насьцярожанасьць і недавер. Гістэрычная, бажавольная натура галоўных герояў, можа, і адпавядае вобразу «бож’іх людзей», але выглядае фальшывай ці нават сфальшаванай.

Ненатуральнасьць прасякае літаральна кожны радок. Стылістыка фрагмэнтаў, якія апісваюць Марыю з Магдалы, больш дасканалая, яркая, можа, крыху грувасткая, але вельмі цікавая. З другога боку, шчырасьць гэтых пэрыядаў можа быць патлумачаная яшчэ й пэўнай экзатычнасьцю тэматыкі, што аўтарка, дарэчы, старанна падкрэсьлівае, дэманструючы веданьне «мясцовых рэаліяў». Яшчэ Борхес, спасылаючыся на Гібона, пісаў пра тое, што Магамет быў арабам і ведаў, што можна заставацца ім, ня седзячы на вярблюдзе; а вось розныя турысты, фальсыфікатары будуць якраз акцэнтаваць так званы мясцовы калярыт, то бок тых жа вярблюдаў. Дарэчы, хранатоп «рэальных» падзеяў рамана вельмі размыты і значна саступае «паралельнаму» тэксту. Больш за ўсё гэта тычыцца тапанімікі.

Асабліва дзіўнымі падаюцца дыялёгі (дарэчы, у кіно зараз модна мець асобнага аўтара дыялёгаў. Добрая практыка). У іх абсалютна адсутнічае размоўная дынамічнасьць і ствараецца ўражаньне, нібыта героі разважаюць услых. Хаця, можа, аўтарка гэтага і дабівалася. Вобразы Анэлі і Данілы непраніцальныя ня толькі для чытача. Гэтыя героі дбаюць пра ўсясьветную духоўнасьць, а ў рамане зьяўляецца толькі адзін іменаваны пэрсанаж — Фёдараўна (напэўна, павінна сымбалізаваць народ). Астатнія застаюцца натоўпам як для герояў, так, напэўна, і для аўтаркі. Саманадзейнасьць уражвае.

Банальныя сюжэты — заўсёды выпрабаваньне майстэрства пісьменьніка. Наўрад ці аўтарцы раману «Бласлаўленьне Марыі» трэ было на гэта асьмельвацца. Добра, калі толькі цяжар ідэі не дазволіў рэалізавацца амаль ніводнаму з заяўленых фармальных прыёмаў, а аголеная мараль — штука інтымная, часам аж да непрыстойнасьці.

Ізя Беруць


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0