Адам Глёбус

Суайчыньнікі-4

 

Cкарынкіны

Скарынкін-бацька вядомы спробаю перакласьці Дантэ на беларускую й напісаць паэму пра Францішка Скарыну. Скарынкін-сын піша вершыкі па-расейску і знакаміты праз згадку ў зацемках Леаніда Галубовіча, дзе названы славянафілам. Вось такія сем’і вядуцца ў літаратурных нетрах Меншчыны.

 

Галубовіч

Чытаеш Галубовічавы зацемкі й пачынаеш баяцца, што й сам пачнеш так пісаць усё пра ўсё бяз складу ды ладу. Кепска, Лёня. Але, чытаючы таго ж Леаніда Галубовіча, пераконваесься – можна, калі моцна пажадаеш, кінуць піць і весела пісаць пра рамантыку запояў. Добра, Лёня.

 

Эльпер

Кампазытар Яўген Эльпер, зь якім я напісаў песьню «Гары яно гарам, такое каханьне», зьехаў у Ерусалім. Гадоў з восем мы ня бачыліся. Калі пачалася валтузьня і спрэчкі на дзясятыя ўгодкі пасьля выбуху на Чарнобылі, згадаўся тэлефонны званок Эльпера: «Валодзя, мы з табою сягоньня дамовіліся сустрэцца. Тое, пра што я зараз скажу, вельмі сур’ёзна. Табе трэба добра памыцца з мылам, асабліва старанна памый валасы на галаве. А калі будзеш выходзіць, не забудзься надзець шапку». Эльпер паклаў слухаўку, а я падумаў: Жэнік звар’яцеў. На вуліцы сонца, ні хмурынкі. Якая шапка? Прыходжу да Эльпера, а той кажа: «Атамная станцыя выбухнула, а ты па дварэ бяз шапкі ходзіш». Менавіта так я даведаўся пра катастрофу ад чалавека, зь якім пісаў песьні пра каханьне.

 

Лось

Мастак і музыка Аляксандар Лось у свой час праславіўся тым, што разам зь Яўгеніяй Ліс адрадзіў старажытнабеларускі тэатар-батлейку. Толькі я распавяду пра іншае... У вузкім коле сяброў Алеся ведалі як вынаходніка геніяльнага апраўданьня сваіх учынкаў. «Я не раблю памылак, бо калі я нешта раблю, дык цалкам перакананы ў правільнасьці сваіх паводзінаў. Пасьля я магу прызнаць памылковасьць таго ці іншага ўчынку, але гэта ўжо іншы я, той, які выпраўляе хібы, а ня робіць іх». За гэтыя развагі Алеся Лася празвалі філёзафам Хлусманам.

 

Вапа

Палітык зь Беласточчыны Яўген Вапа аднойчы бессаромна спытаў: «Чаму вашая і, у прыватнасьці, твая літаратура, у адрозьненьне ад эўрапейскай, не абапіраецца на Біблію й антычную міталёгію?» Што ні кажы, пытаньне ставілася рубам. Давялося прызнаць, што пазбаўляючыся атэізму, я апынуўся не ў хрысьціянстве, а ў паганстве, каля пантэону зь Вялесамі, Перунамі, Русалкамі й Дамавікамі. Мне ўтульна сярод Дваравікоў і Лесавікоў, сярод Хутоў і Кадукоў.

 

Славамір Адамовіч

Ёсьць шмат самых розных палітыкаў, чые выказваньні ў абарону беларускай справы й беларускай ідэі выклікаюць у мяне недавер. А вось акт пратэсту Славаміра Адамовіча, калі ён зашыў сабе рот, пераконвае ў шчырым адчаі беларускай душы. Гэты ўчынак яшчэ не асэнсаваны, не ацэнены. Саміх сябе ня цэнім і ня любім... Пісаў Купала.

 

Танк

Максім Танк – беларускі паэт. Гэта бясспрэчна. А які, скажу табе, халодны сум у гэтай, здавалася б, станоўчай бясcпрэчнасьці. На працягу ўсяго Танкавага жыцьця чытачы чакалі ад яго крыху іншага. Мудрасьці? Так. Вось зараз Танк скажа... Танк напіша... Танк выступіць... А ён сышоў, так і не сказаўшы самага істотнага – праўды пра самога сябе, праўды пра лёс Бацькаўшчыны. Максім Танк застаўся беларускім паэтам, якому дазвалялася расказваць анэкдоты Хрушчову й Брэжневу, і ня больш.

 

Броўка

Функцыянэр ад графаманіі, якому ў юнацтве лёс падараваў адзін лірычны вершык, Пятрусь Броўка і перад самым сконам крэмзаў радкі, што праслаўлялі савецкі лад жыцьця. Але сьмерць прыйшла, і чарговыя куплеты пра камунізм засталіся недапісаныя... Нашто чапаць мінулае, імхом парослае? Згінула, прапала, памерла... Сівы сухенькі дзядок у вялізных акулярах — такім я запомніў Броўку — быў найвялікшым майстрам дзяліць і перадзельваць матэрыяльныя даброты сярод членаў саюзу савецкіх пісьменьнікаў і супрацоўнікаў Акадэміі навук. Сёй-той, хто выхопліваў кавалкі з Броўкавай рукі, згадае вершык пра тое, як «пахне чабор» — маўляў, твор варты красавацца ў хрэстаматыях. Хоць чабаровы водар і бяз Бровак выдатны. Дагэтуль у школе прымушаюць вывучаць графаманію Пятра Ўсьцінавіча...

 

Пташнікаў

Да Івана Пташнікава я заўсёды ставіўся з павагаю. Пташнікаў належыць да майго любімага пакаленьня беларускіх літаратараў, так званага філялягічнага. Ён пачынаў разам з Быкавым, Караткевічам, Стральцовым. Дакладна заўважыў Леанід Галубовіч: талент Пташнікава недаацэнены. І дарэмна Някляеў кажа, што ў Пташнікава морда паліцая, непраўдзіва тое й абразьліва. На гэтым камплімэнты сканчаюцца. Аднойчы Іван Пташнікаў спытаўся: адкуль я даведаўся, што ў майго героя пад белай шапкаю зь мяккім брылём – лысіна дый яшчэ з заграбонам. Я па маладосьці сумеўся й выкрасьліў апісаньне. А сягоньня адкажу так: я даведаўся пра заграбон з той самай крыніцы, адкуль Гогаль дазнаўся, што прырода рабіла Сабакевіча вялікай сякераю.

 

Галубовіч і Сыс

З запойнага п’яніцы й паэта Леанід Галубовіч ператварыўся ў добрасумленнага літаратурнага чыноўніка. Штогод улетку ён езьдзіць на вакацыі ў сваю вёсачку Вароніна, дзе некалі соладка пілося й добра пісалася. Цяпер лепшае, што выходзіць з-пад Галубовічава пяра — гэта ўспаміны пра час, калі ён быў выдатным паэтам. Чытаючы Галубовіча, спрабую ўявіць Сыса, які ажаніўся, кінуў жлукціць гарэлку, уладкаваўся на працу, выхоўвае дачку й начамі за кубачкам кавы піша мэмуары пра рэвалюцыйную маладосьць, пра змаганьне за беларушчыну. Не атрымліваецца. Мроіцца іншае. П’яны Толік памірае пад плотам, а плот зусім канкрэтны — каля бровару на вуліцы Максіма Багдановіча.

 

Харэўскі

У «Нашай Ніве» Сяргей Харэўскі робіць спробу перагледзець гісторыю беларускага мастацтва ХХ стагодзьдзя. А ў яго не атрымліваецца. Ён выбраў сто твораў сотні розных мастакоў. І кожны другі твор, як і кожны другі мастак, да ўласна беларускага мастацтва мае вельмі сумнеўнае дачыненьне. Калі б расеец Рэпін намаляваў яшчэ сотню беларусаў, усё адно ня стаў бы беларускім мастаком, як не назавеш Някрасава нашым паэтам, хоць і ён стварыў партрэт беларускага мужыка з каўтуном. Помнікі Леніну й Перамозе ў Менску і Кацярыне ІІ у Вільні — прыклады з гісторыі таталітарнага грамадзтва і імпэрыі, а ніяк не мастацтва. Шагал, Малевіч, Суцін і Стрэмінскі вельмі зьдзівіліся б, калі б даведаліся, што яны беларускія мастакі. Бялыніцкі-Біруля сам адмовіўся ад званьня заслужанага дзеяча беларускай культуры пад час вайны, бо заслужанаму Расейскай Фэдэрацыі давалі лепшы паёк. Напісаўшы пра мноства твораў, Харэўскі не адказаў на самае асноўнае пытаньне. Які твор мастацтва можа паказаць Беларусь ХХ стагодзьдзя? Каб такое пытаньне задалі мне як літаратару, я назваў бы кнігу Максіма Багдановіча «Вянок». Пытаньне пра твор мастацтва застаецца за Харэўскім.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0