Мiкола Зэраў


  Наўзiкая
...нiжна Навсiкая
Струнка дочка феацького царя.

М. Рыльскi

Феацкi квеце, сэрца Наўзiкая,
Як промень сонца на пяску марскiм!
Перад табою ўбогi пiлiгрым
I мора пурпуровае бяз краю.

Твой царскi жэст склiкае ўмомант зграю
Рабынь, працятых пострахам нямым,
Звыроды й пекнаты праменны нiмб
Па-над iлбом, яшчэ дзiцячым, зьзяе.

Стаiць зьбянтэжаны бадзяга Адысэй,
Пад чарамi брывоў i доўгiх вей
Забыць гатовы безьмеж мук i гора:

Гаючая, жывая, як раса,
Ружовым пляскам Элiнскага мора
Яму сьмяецца радасна Краса.

15/IХ 1922
 

Латафагi

Адысэя, IХ, 82-104

З-пад Троi i крывавага туману,
Ад чорных дзён зацятае вайны
Цар Адысэй прыгнаў свае чаўны
На плёсы сонныя цiхмянага лiману.

I там наш гурт зрадзелы, горам гнаны,
Сустрэлi латафагi; сакаўны
Лiст лотаса далi гасьцям яны,
Спажытак нам салодкi i нязнаны.

I елi мы, i забывалi дым,
Сям’ю i род свой, у краю чужым
Да скону ласыя так жыць на дармавiне.

Ды мудры цар ня даў загiнуць нам
I сiламоц нас павярнуў айчыне —
Ў навуку iншым людзям i вякам.

2/5 1926
 
 

Лестрыгоны

Адысэя, Х, 80-134
 

«Тут, цару, дзiкi край нясытых лестрыгонаў
Ды iхных служак, што авечак сьцерагуць.
Якi закляты шлях, якая каламуць
Цябе занесьлi ў кут нядолi ды праклёнаў?

Ты кажаш: Палiфем!.. Нашчадак Пасяйдонаў,
Ён знаў агонь, а тут — сырое мяса рвуць;
Неўтаймаваны iхны шал. Не прызнаюць
Яны сьвятых гасьцiннасьцi законаў.

Ня йдзi, застанься тут. Мiж скалаў ёсьць адмель.
Я ўночы спраўлю твой ставёслы карабель
У край народаў хлебаедных i лагодных.

Сам застануся тут у горы ды бядзе,
Я толькi думкаю да скал памкнуся родных,
Я толькi чайкаю... з табою... па вадзе!»

1926
 

Адысэя, I, 44-61
 

Шчасьлiва, карабелю цемнабокi!
Плывi бязь бед пад цёплы небасхiл —
Да Швабскiх гор, смарагдавых Антыл,
Ў Кабул цi на радзiму пахкай моккi.

Хай доўга не трымаюць цябе докi,
I хай рамантыка тваiх вятрыл
Набудзе хуткасьць чарадзейных брыл,
Якiя кiдаў волат аднавокi.

Ды цi згадаеш ты ў чужых краях
Той старасьвецкi, паржавелы дах,
Дзе вогнiшча тваё калiсь палала?

I цi прамовiш з пачуцьцём глухiм:
Там цалiною йдуць нарог i рала,
Там узьнiмаецца Iтакi сiнi дым?

22/10 1931
Вэргiлi

Мужык iз Мантуi, павольны i смуглявы,
Ускалыханы зь першых дзён сялом,
Уславiў кiй i меч, i медзяны шалом,
I ўзьняўся да вяршынь недасягальнай славы.

Бо скрозь агонь i дым усобiцы iржавы
Пабачыў лепшы век i прасьпяваў псалом,
Як спачывае сьвет пад цэзарскiм арлом
У злагадным ярме бяссьмертнае дзяржавы.

Той час мiнуў — i Рым, i грознага арла
Рука гiсторыi да трун павалакла,
Дзе сьпяць усiх часоў iлюзii й кароны.

Ды ён жыве, i звон Вэргiлевых паэм
Дагэтуль сьнiцца нам узрыдамi Дыдоны,
Бражджаньнем панцыраў i ўсплёскамi трырэм.

12/III 1933
 
 
 


Мiкола Зэраў (1890-1937) — украiнскi перакладчык, лiтаратуразнаўца, паэт. Перадусiм вызначыўся сваiмi выдатнымi перакладамi з рымскiх паэтаў — Вэргiлiя, Гарацыя, Тыбула, Авiдыя, Марцыяла. Што тычыцца ўласнай (невялiкай) паэтычнай спадчыны, дык Зэрава небеспадстаўна ў свой час называлi «кнiжным паэтам» (сам сябе называў ён «бiблiяфагам») — мусiць, за схiльнасьць да ясных, клясычных формаў, да «кнiжных» сюжэтаў, да плястычных вобразаў, маляўнiчых апiсаньняў. Цяпер Мiкола Зэраў, пасьля доўгiх гадоў забыцьця, стаўся адным з самых знаных ва Ўкраiне паэтаў.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0