Паштовая скрынка

 

Андрэю Б. з Гомеля. Вось шэраг адрасоў, якія могуць быць Вам карысныя:

— Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады:

Belarusian Canadian Coordinating Committee
54 Mary Street, Barrie, Ontario L4N 1T1, CANADA

— Апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў усходняга абраду:

Apostolic Visitor for Belarusians, Marian House.
Holden Ave. London N12 8HY, ENGLAND

— газэта «Беларус»: 204 Ave. N. Brooklyn, NY 11230, USA

Што да Рады БНР, дык ці досыць важнае пытаньне, каб турбаваць?

Вельмі зручна таксама зьвязвацца праз электронную пошту — хутка і танна, або нават бясплатна, калі ў Вас ёсьць такая магчымасьць. Пытайцеся ў людзей іх электронныя адрасы.

 

Марку Р. з Асіповічаў. Чакаем ад Вас прозы і фэльетонаў. Дарэчы, на Вашым лісьце штэмпэль: СССР Могилев ОПП.

 

Канстанціну К. зь Віцебску. Чамусьці ствараецца ўражаньне, што ўсе гэтыя сьмяшынкі - «пстрычкі» — з барадой.

 

Марыі Л. зь Вялейкі. Для нас было б цікава надрукаваць такое прыватнае ліставаньне, але ўнутраная сьпіраль эпісталярнага жанру раскручваецца толькі тады, калі друкуюцца ня два лісты, а чатыры, пяць, больш.

 

Кастусю Т. зь Менску. Наш час людзей прывучыў няспынна шукаць найноўшага, сьвежага, раней невядомага. Ды гэта й прыродны абарончы рэфлекс наш беларускі (народу, які калянізатары заўсёды імкнуліся прытрымаць ззаду, у архаіцы, у мінуўшчыне) — вельмі войстра старацца трымацца на хвалі сучаснасьці. Вы нам прыслалі маралізацыю Міколы Гогаля, а нам, па шчырасьці, і брацца чытаць іх ня хочацца — бо гэта старадаўняе, бо невядомае, бо з расейскай мовы перакладзенае. І на якую старонку газэты такое паставіць? У «Шуфляду» — маралісты ўкрыўдуюць, у «Словы» — слабаватае яно як для літаратуры, дарма што Гогалева. Хіба што падрыхтаваць нумар пра «даўнія й сучасныя этыкі й маралі». Бо ж мы маем толькі 16 старонак — і яшчэ менш рубрык.

 

Уладзімеру А. з Баранавічаў. Заняткі Беларускага Калегіюму па дыстанцыйнай сыстэме навучаньня для несталічных жыхароў маюць распачацца на пачатку наступнага году. Тэл. для даведак: 256-36-13


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0