Слова айца Андрэя
на Нядзелю расслабленага

 

«Тады адкрылiся ў iх вочы, i яны пазналi Яго…»

Лк.24.31а.

У Эвангельлi паводле Лукi апiсана гiсторыя двух вучняў Iсуса Хрыста, якiя спадзявалiся, што Iсус сапраўды зьяўляецца тым абяцаным Збаўцам, але пасьля таго, як Iсус памёр, зьняверылiся. Зьняверылiся так моцна, што не зважаючы на апавяданьнi жанчын Мiраносiц, якiя бачылi адвалены камень, пустую магiлу i чулi словы анёлаў: «Iсус жывы», не зважаючы на апавяданьнi Пятра i Яна, якiя бачылi тое самае, гэтыя вучнi пакiнулi Ерусалiм i пайшлi ў мястэчка Эммаўс. Эвангельле распавядае нам, што на дарозе да iх падыйшоў Уваскрослы Хрыстос, але яны не пазналi Яго. Не пазналi яны Яго нават тады, калi Iсус пачаў размаўляць зь iмi. Ён патлумачыў iм, што так менавiта павiнна было стацца са Збаўцам, што менавiта гэта прарочаць прарокi, пачынаючы ад Майсея. Толькi калi яны прыйшлi да Эммаўсу i селi вячэраць, а Ён «узяў хлеб, блаславiў, разламаў i даў iм», толькi «тады адкрылiся ў iх вочы». Так вучнi з Эммаўсу пазналi Iсуса Хрыста ў Эўхарыстыi.

У Эвангельлi ад Яна апiсана гiсторыя спатканьня Марыi Магдалены з Уваскрослым Хрыстом. Калi яна стаяла побач пустой магiлы, яна ўбачыла Iсуса, але не пазнала Яго. Толькi калi Ён вымавiў ейнае iмя, яна пазнала Яго.

Апостал Тамаш пазнаў Iсуса, убачыўшы раны, вучнi з Эммаўсу пазналi Iсуса ў Эўхарыстыi, Марыя Магдалена пазнала Яго, калi Ён вымавiў ейнае iмя. Сёньня Iсуса таксама можна спаткаць па-рознаму, альбо ў Эўхарыстыi, альбо пачуць, як Ён клiча цябе, вымаўляючы тваё iмя, альбо ў iншы спосаб.

У мiнулым годзе ў нашай парафii былi рэкалекцыi пад час Вялiкоднага посту. Я папрасiў аднаго маладога чалавека, каб ён распавёў для ўсiх пра тое, як ён стаўся хрысьцiянiнам.

Ён распавёў сваю гiсторыю: ён вырас у звычайнай савецкай сям’i, вучыўся ў звычайнай савецкай школе, меў сяброў — нармальных людзей, як большасьць з нас. Аднаго разу яму прапанавалi ўзяць удзел у пiлiгрымцы зь Вiцебску да Полацку, якую ладзяць штогод маладыя грэка-каталiкi. Ён згадзiўся. Пяць дзён ён перажыў, як бы патрапiў у iншы сьвет, ён убачыў зусiм iншых людзей. Такiх адносiнаў памiж маладымi людзьмi ён яшчэ ня бачыў, кожны ставiўся да другога са шчырым жаданьнем памагчы, яны заўсёды ласкава пасьмiхалiся адзiн адному, калi трэба было нешта зрабiць, заўсёды падраджаліся некалькi чалавек. Што гэта за людзi? Яны называюць сябе хрысьцiянамi. Хто такi Хрыстос?

Сёньня гэты малады чалавек — хрысьцiянiн, навучаецца ў Каталiцкiм Унiвэрсiтэце ў Люблiне. Як ён сам кажа, ён спаткаў Iсуса праз тых маладых людзей.

Адзiн сэмiнарыст, будучы сьвятар, распавёў мне, як ён, менскi вулiчны хлопец, спаткаўся з Хрыстом. Аднаго разу ён убачыў Новы Запавет. Што гэта за кнiга? Чаму хрысьцiяне ставяцца да яе, як да Сьвятой кнiгi, што там напiсана? Ён прачытаў першае Эвангельле, Эвангельле паводле Мацьвея проста за ноч. На ранiцу ён вырашыў, што мусiць прыняць Хрост, а пасьля служыць Iсусу сьвятаром. Зразумела, што ўсё ня сталася адразу, але ён на дарозе, на дарозе з Уваскрослым Хрыстом.

Беларусь iдзе таксама па дарозе. Мы самi называем гэтую дарогу Чарнобыльскай. Гэтая дарога, вельмi падобная да дарогi зь Ерусалiму да Эммаўсу. На Чарнобыльскай дарозе, як i на той да Эммаўсу — зьняверанасьць, сум, боль, сьлёзы i роспач. Пачуцьцё нейкай падманутасьцi. Мы пазналi жыцьцё, мы чакалi радасьцi i здароўя для сябе i сваiх дзяцей, а замест гэтага — хваробы, дэфiцыт iмунiтэту, атручаныя рэкi, палi, лясы. I здаецца, сонца ўжо ня так ярка сьвецiць…

Але можа варта азiрнуцца, можа, як пiша Ян, «стаiць памiж вамi Нехта, каго вы ня ведаеце»? ( Ян. 1. 26. )

Ён сам выйшаў нам насустрач.

Азiрнiцiся.

а. Андрэй Абламейка


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0