100 ТВОРАЎ МАСТАЦТВА ХХ СТ.

 

Мiкола Селяшчук. Казачны калейдаскоп

 

 Cеляшчук ад пачатку мысьлiў сябе графiкам. Пра тое сьведчылі талент малявальніка, дакладнасьць думак i ахайнасьць у манерах. Зь першых ягоных твораў было відаць, што ў беларускае мастацтва прыйшоў незалежны i цалкам тутэйшы талент. Незалежны — падкрэсьлена. Нiзка лiтаграфiяў «Ваенная заалёгiя» з пацыфiсцкiмі алюзiямi i трывогай за прыроду, распачатая яшчэ за часамi навучаньня, выглядала ледзьве не дысыдэнцтвам на тле тагачаснае мастацкае думкi. Але аўтару тое даравалася. Бо рэпрэзэнтавала свабоду творчасьці i дасканалае мастакоўскае майстэрства за мяжою.

Нечаканым для самога Селешчука, эстэта i фiлёзафа, быў зварот да сацыяльных матываў у 80-я гады. Цi ён палічыў, што жывапiс мусiць падымаць «сур’ёзныя» тэмы? Аднак зварот да «бытавухi» ў тыя гады насамрэч абярнуўся крытычна-гiранiчным увасабленьнем таго самага рэалiзму, да якога заклiкала ўжо i савецкая традыцыя. Хацелi праўду — калi ласка. Сьвятло начы, скрозь цыгарэтную смугу, у сынтэтычных блiках... «Кронiка аднаго вечара», «Матылькi тут не жывуць», «Трывогi мiрнага дня». Як напiсана ў «Гiсторыi беларускага мастацтва», «публiцыстычная завостранасьць зьместу на тэмы маралi, духоўнага жыцьця маладога пакаленьня характэрныя для ягонаяй творчасьцi». Праўда, гэты паварот быў для Селешчука хутчэй выпадковым, чым характэрным. У кніжнай графіцы мастак дэманстратыўна працаваў на ўласную славу. Iлюструючы творы Янiшчыц, Сiпакова, Бядулi, Коласа,Адамчыка, зборнiкi беларускiх казак, ён iмкнуўся стварыць ня толькi адпаведны лiтаратурнаму твору вобраз, але прымусiць адчуць яго па-iншаму. Адзiн з найбольш яскравых прыкладаў тут — аздабленьне кнiгi «Сымон-музыка» Якуба Коласа, якое стала сэнсацыяй, адкрываючы сьвет коласаўскага рамантызму й сусьвет рамантычнай беларушчыны Селешчука. Гульня зь фiлiграннымi дэталямi, нiбы зь лялькамi ў кардонных батлейках, насычэньне кампазыцыяў сонмам дзiўных, недавыказаных пэрсанажаў, якiя то лятуць, то плывуць, то растуць, ператварылася ў адметны мастакоўскi кшталт казачных летуценьняў.

Нiбы ў палявых травах, у працах Селешчука мiгцяць чароўныя кветкi, невядомыя казюркi й карузьлiкi, фантастычныя йстоты зь дзiцячых вясковых сноў, паўпеўнi, паўрыбы, паўлюдзi. Але ва ўсiм тым пярэстым карагодзе iснуе жорсткая, дакладная структура, вывераная амаль фiзiялягiчна, як сама сьветабудова, што паўстала з хаосу. Структура, зададзеная межамi аркуша, рамаю карцiны.

Сэнс i прызначэньне гэткага зьмяшэньня пэрсанажаў, фарбаў i, урэшце, тэхнiкаў выкананьня — гульня. Сам мастак даў падказку да разуменьня сваёй творчасьцi карцiнаю «У майстэрнi мастака лялек». З выпадковага стракатага хлуду, недаробленых лялек, паперак, фрагмэнтаў, аскепкаў, урыўкаў, паўстае прадчуваньне Стварэньня. I сам мастак, засяродзiўшы свой позiрк на недарэчах, гатовы неўзабаве ўдыхнуць у iх душу.

...Самы цёплы кут Беларусi, дзе жывуць хамякi, сусьлiкi й вушастыя кажаны, дзе растуць самыя вялiкiя яблыкi, сланечнiк i кукуруза, дзе самы белы пясок i самыя мядзяныя сосны — радзiма Селешчука. Крыху на поўдзень ад Берасьця. Велiкарыта. Праз увесь час ён iмкнуўся экспанаваць графiчныя аркушы, прысьвечаныя бацькоўскiм мясьцiнам («Сьвяточны стол у гонар нараджэньня брата», «Сыгналы мiнулага часу» ды iшыя), на якiх, нiбы скрозь паўдзенны летнi сон, скозь мiльгацень сонечных плямаў, праступае то фрагмэнт хаты, то стала, то дрэва i безьлiч драбнейшых фрагмэнтаў, што захаваліся ў памяці зь дзяцiнства. Менавiта ў гэтых, блiзу iнтымных, аркушах i былi спраўджаныя асноўныя стылёвыя прыкметы селешчукоўскага мастацтва... «Казачны калейдаскоп» быў створаны ў 1984 годзе, калi i слава й пашана распахнулi абдымкi мастаку. I ён крочыў нарэшце туды, дзе пачуваў сябе абароненым, у свой сьвет, гэтак руплiва й ашчадна паклеены, сашпiлены, зьлеплены. Пэрсанажы, што шматкроць былi апрабаваныя ў мiнiятурах эксьлiбрысаў i кнiг сыйшлiся на карцiне разам. Вясёлыя дамы i званiцы, самотныя ценi i лялечны певень на колках. Усё, што было ўзятае з кнiг i аддадзенае кнiгам, сыйшлося тут, на карцiне графiка. Мастака Казкi. Захоплены iдэяй «Калейдаскопу», Селяшчук праз год піша працяг...

Сяргей Харэўскi


Мiкола Селяшчук (1947, Велiкарыта, Беларусь — 1996, Iталiя) графiк, жывапiсец. У 1970 скончыў Менскую мастацкую вучэльню, пазьней, у 1976 — Беларускi тэатральна-мастацкi iнстытут. Работы зьберагаюцца ў калекцыях Беларусi, Баўгарыi, Францыi, Фiнляндыi, Грэцыi, Нямеччыны, Польшчы, Экватарыяльнай Гвiнэi.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0