Адам Глёбус

Расейская калекцыя

 

Я х...ею з гэтых рускіх!

Анатоль Сыс

Горкі й Цютчаў

Пралетарскі літаратар Максім Горкі напісаў такі радок: «Вар’яцтву сьмелых пяем мы песьню!» У гэтых словах — уся непрасьветленасьць Расеі, якую, на думку паэта-цэнзара — Хведара Цютчава, «розумам не зразумець, аршынам агульным не памераць».

 

Ключэўскі

Можна сказаць: руская мова й француская мова. Можна сказаць: францускі розум, але пра рускі так ня скажаш. Рускі дух, руская сьмякалка, руская хітрасьць... Толькі ня розум. Рабіць такія заявы досыць небясьпечна, таму знаходжу сабе падтрымку ў выказваньні гісторыка Ключэўскага: разумны рускі — гэта дурань, набіты чужымі думкамі.

 

Гогаль

Міт пра веліч Расеі існуе дзякуючы Гогалю. Памятаеш, у «Мёртвых душах» ёсьць чыста расейскае філязафаваньне пра слана: калі б слон нараджаўся зь яйка, якая была б шкарлупіна, з гарматы не прабіў бы! Служка д’ябла Вій гэтаксама ўражвае памерамі, павекі ягоныя падымаюць некалькі чартоў. Была ў Гогаля мара: сабраць на адной вуліцы ўсе шэдэўры сусьветнай архітэктуры, ад ягіпэцкіх пірамідаў да кёльнскага сабору. Бала б вуліца, я табе скажу, Нэрон з Гітлерам ад зайздрасьці паздыхалі б. Ну й апагеем нечалавечых маштабаў зьяўляецца апісаньне Дняпра, дзе Мікалай Васілевіч кажа, што ня кожная птушка даляціць да сярэдзіны рэчкі. Вядома, курыца не даляціць, і стравус таксама. А наагул птушкі пералятаюць ня толькі рэчкі з азёрамі, а й моры. Але тут важная ня якасьць птушкі, а памеры Дняпра, ягоная веліч. Так малююць веліч усёй Расеі, як тады, так і цяпер.

 

Пушкін

Па-руску пісаў Пушкін, а яшчэ па-руску напісалася безьліч даносаў у царскую ахранку, у ЧК, у НКВД, у КГБ, даносаў, па якіх тварыліся судзілішчы і людзі прыгаворваліся да расстрэлаў. Канцылярыя ў савецкіх канцлягерах таксама вялася на так званай «вялікай і магутнай» мове. Загады на вынішчэньне цэлых народаў прамаўляліся па-руску, з рознымі нямецкімі й грузінскімі акцэнтамі, але ж па-руску. Дык што такое жменька выдатных літаратараў, кшталту Пушкіна, у параўнаньні з плоймаю катаў, садыстаў, пачвараў, якія рыкалі, верашчалі, плявузгалі па-руску? Дробны вынятак. Рускамоўных геніяў цяпер я ня бачу. А даносы па-ранейшаму пішуцца ў ФСБ і МУС.

 

Ленін

Якім нікчэмным, спарахнелым, маразматычным выглядае сягоньня расейскі імпэрыялізм. Расейскія палітыкі езьдзяць па так званым «блізкім замежжы» і ўгаворваюць чыноўнікаў розных рангаў прывесьці свае народы назад у імпэрыю. У іх знаходзіцца толькі адзін аргумэнт: мы ж столькі гадоў пражылі разам у адной дзяржаве. Сапраўды пражылі, але ня разам, а побач, бо шлюб быў гвалтоўны. А пакінуць гэтую «турму народаў», як трапна азначыў правадыр сусьветнага пралетарыяту Ўльянаў-Ленін, хацелі ўсе народнасьці, нацыянальнасьці, народы й нацыі. Яны жадалі выйсьці з Расеі з таго самага імгненьня, як апынуліся ў ёй. Расейскія імпэрыялісты ўсё яшчэ вераць у сваё адраджэньне. Дарма.

 

Лермантаў

Ёсьць у расейцаў устойлівае словазлучэньне руская лазьня. Пра тую лазьню напісана безьліч прозы зь вершамі вялікімі Талстымі, наздымана кінасцэнаў рознымі Міхалковымі, панамалёвана карцінаў усялякімі Кустодзіевымі. Руская лазьня — аб’ект культавы ў расейскай сьвядомасьці, без усялякіх перабольшаньняў. Таму рускі чалавек мусіць любіць сваю лазьню й хадзіць чысты. А тут ня так, лазьню ён любіць, а ходзіць брудны. Адна знаёмая неяк між іншым сказала пра свайго мужа: чытаць ён мала чытае, а кніжкі любіць. Дык вось любімы паэт рускага народу напісаў у адной са сваіх кніжак такія словы: «Бывай, нямытая Расея, краіна панства і рабоў...» Вельмі слушна заўважыў М.Ю.Лермантаў пра нямытасьць сваіх суайчыньнікаў, якія калі й сходзяць у лазьню, дык пасьля панапіваюцца і ў гразі выкачаюцца.

 

Іванаў

Карціна-монстар Аляксандра Іванава «Зьяўленьне Хрыста да народу», напісаная для храма Хрыста-Збаўцы ў Маскве, каштавала імпэратарскаму бюджэту дзесяць тысячаў рублёў — грошы велізарныя па тым часе. Іванаў пакрыўдзіўся, бо за другую карціну-монстра «Медны зьмій» пэндзля акадэміка Бруні цар выклаў на дваццаць тысячаў болей. Я пагаджаюся з ацэнкай імпэратара. Бруні прагматычна абраў, кажучы сучаснай моваю, чыста галівудзкі шлях — намаляваў карціну-катастрофу з фантастычнымі элемэнтамі. Падобныя катастрофы ў мастацтве заўсёды карыстаюцца попытам у гледача. «Дзявяты вал» Айвазяна, «Апошні дзень Пампеі» Брулова й «Медны зьмій» Бруні хоць бы палохалі гледачоў. А што «Зьяўленьне», на якім няма ніякага зьяўленьня, а ёсьць апранутая асоба мужчынскага полу, якая нібыта йдзе да паўапранутых асобаў мужчынскага полу, застыглых у ненатуральных гіпсавых позах? Сумна. Не кранае.

 

Бунін

З расейскіх літаратараў ХХ стагодзьдзя самы ясны й зразумелы для мяне — Іван Бунін. А тое, што Аляксандар Блок напісаў, нібыта ў Буніна ёсьць толькі адзін варты згадкі вершык «Хрыстос», пад увагу не бяру. Блок, як вядома, выключны лірык, а Бунін — літаратар. Ягоная дзёньнікавая кніжка «Окаянные дни» нарэшце паказала ўсяму сьвету, наколькі жахлівы, хаатычны, бессэнсоўны рускі бунт. Толькі ня верш «Хрыстос», які я вывучаў на памяць у юнацтве, ні «Окаянные дни», што зь цяжкасьцю дачытаў з-за адчайнага пэсымізму, паразьліванага між радкоў, а эратычныя апавяданьні са зборніка «Цёмныя прысады» выклікаюць у мяне захапленьне. Многія называлі й называюць Буніна парнаграфістам. Але, калі Бунін парнограф, дык тады эротыкі ў рускай літаратуры не існуе наогул.

 

Салжаніцын

У сваім опусе «Як абсталяваць Расею» Салжаніцын назваў рэспублікі Сярэдняй Азіі расейскім падчарэўем. Калі пайсьці ў параўнаньнях за публіцыстам, можна Ўладзівасток ахрысьціць заднепраходнай адтулінай, а Камчатку хвастом, які з-за энэргетычнага крызісу пачаў адмярзаць. Тое, што Масква — сэрца Расеі, вядома й без Салжаніцына... Як і большасьць «абустройшчыкаў» Расеі манілаўскага ўзору, Салжаніцын пражыў жыцьцё за мяжою Радзімы. І вярнуўшыся, не забывае чужую старонку, што корміць, поіць і апранае. Таму васьмідзесяцігоддзьдзе Салжаніцын сьвяткаваў на тэрыторыі швэдзскай амбасады, а не ў Мураме ці Суздалі. І ясна чаму. Не «абвустроілі» яшчэ Расею, не збудавалі, як тыя швэды, сацыялізм з чалавечым тварам. І апошняе, што варта сказаць пра творчасьць Салжаніцына... Усе ягоныя жахі разам узятыя — нішто ў параўнаньні з «Запіскамі зь мёртвага дому» Хведара Дастаеўскага. Гэта Дастаеўскаму швэды далі Нобэлеўскую прэмію, а атрымаў яе Салжаніцын.

 

Расейская кніга

Пераважная большасьць людзей, задзейнічаных у расейскім кніжным бізнэсе, — нярускія. Як сказаў адзін мой калега габрэй, так склалася гістарычна. Пагаджаюся. Першую рускую біблію надрукаваў беларус Скарына, першыя рускія тлумачальныя й этымалягічныя слоўнікі зрабілі немцы Фасмэр з Далем, навет заснавальнік сучаснай літаратурнай рускай мовы Пушкін па бацьку эфіёп. Як склалася, так пайшло й так ідзе. Асноўныя капіталаўкладаньні на расейскім кніжным рынку належаць немцам і габрэям, а вось большасьць бэлетрыстыкі пішацца беларусамі.

 

Талстой

Пра адлучэньне Льва Талстога ад расейскай праваслаўнай царквы я даведаўся ў Ленінградзе, у музэі рэлігіі й атэізму, які месьціўся ў памяшканьні Казанскага сабору. На сьценапісе палымнела пекла, у агнявой геене сядзелі сумныя Талстой зь Лермантавым. Ідыятызм карцінкі я й зараз ня стаўлю пад сумнеў. Гонар расейскай культуры й нацыі — Талстой, любімы паэт Расеі — Лермантаў на загад невядомых паўдуркаў намаляваныя сярод чартоў. Прыклад расейскага праваслаўнага цемрашальства. Сумна, што сёньня пачаўся новы этап дзікунства. Адзін мой знаёмы журналіст, схаваўшы партбілет, распачаў праваслаўную кар’еру. Сустрэліся мы выпадкова ў букіністычнай краме. Новы праваслаўны прытарабаніў здаваць на камісію зборы твораў Талстога й Лермантава. «А што зробіш, калі ніхто ня купіць?» «Занясу на сьметнік».

 

Мартынаў і Дантэс

Лермантаў і Пушкін загінулі на дуэлях. Пушкіна сьмяротна параніў Дантэс, а Лермантава застрэліў Мартынаў. Факты. Мартынаў пражыў доўгае жыцьцё й рабіў некалькі спробаў напісаць тлумачэньне фатальнай падзеі. Пачынаў ён нібыта са шкадаваньня, а потым рабіўся злы. Тэксты ня скончаныя, абрываюцца нечакана. З гэтага вынікае, што, калі б Лермантаў выжыў і зноў назваў Мартынава мартышкай, той зноў бы страляў у крыўдзіцеля. Дантэс, наколькі вядома, не пакінуў ніякіх пакаяньняў, забіў «сьветач рускай паэзіі» й забіў. І што асабліва засмучае ў праявах неміласэрнага лёсу: ні Мартынава, ні Дантэса нельга параўнаць зь легендарным Сальеры, які так міталягічна атруціў Моцарта. А тут — пошлая бытавуха й дзіцячыя крыўды. І Лермантаў, і Пушкін загінулі бяздарна, а доказы гэтага — Мартынаў і Дантэс.

 

Карлавы Вары.
Люты. 1999 год.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0