Межы Беларусі

Тэма нумару

 

Колькі ў Беларусі суседзяў? Якую працягласьць мае мяжа з кожнай краінай-суседкай? Ці трэба гэта ведаць? Грамадзтва, якое зусім нядаўна атрымала незалежнасьць і яшчэ не разабралася, быць яму самастойным ці ня быць, якое ўвесь час чуе то пра дэмаркацыю з дэлімітацыяй, то пра знос памежных слупоў, якое сутыкаецца зь візавымі й мытнымі рэжымамі, — ці мусіць яно пачаць мысьліць у катэгорыях аб’ёму свае краіны і той геапалітычнай сытуацыі, у якой краіна апынулася? Нарэшце, Беларусь зьбіраецца ўступіць у саюз зь Югаславіяй — ці значыць гэта, што нашыя дзяржавы маюць агульную мяжу? Магчыма, такія пытаньні ўваходзяць у адукацыйны мінімум дзіцячага садка. Тым ня менш, сёньня мы задалі іх дарослым. Адказы, за рэдкім выняткам, былі няслушныя, і што зусім дзіўна — аказалася, на некаторыя пытаньні адказаў увогуле не існуе.

Пры ўсіх зьменах у грамадзкай сьвядомасьці па-ранейшаму пераважае стэрэатып ня дому, ня вуліцы, а Савецкага Саюзу. У той агромністай краіне было надзвычай цяжка ўяўляць сабе ўсіх суседзяў, зь якімі мяжуе шостая частка сушы. Палітычныя вятры па лініі ўсход — захад (гэта значыць, чырвоных і белых, нашых і немцаў) цалкам заглушылі геаграфічную прыродную повязь краіны з суседзямі «па вэртыкалі» — з балтамі на поўначы і ўкраінцамі на поўдні. Беларусь, зь якой рэкі расьцякаюцца ўверх і ўніз — у Батлыйскае і Чорнае мора — ужо мела ў сваёй гісторыі прыклад слушнага палітычнага саюзу — Вялікае Княства Літоўскае, якое праіснавала ў згодзе ажно 500 гадоў. З усходу і захаду Беларусь ведала толькі захопы і войны — гарачыя і халодныя. А таксама — неверагодныя прапагандысцкія прыступы з мэтай выцерці з нацыянальнай памяці тыя слаўныя 500 гадоў. Сёньня Беларусь па-ранейшаму перад выбарам. Прынамсі так мусіла б быць. Аднак пасьля апытаньня на вуліцах Менску, якое правёў Севярын Квяткоўскі, выбар падаецца гіпатэтычным. Людзей ня надта цікавіць дзіцячае пытаньне пра тое, з кім мяжуе іх краіна.

Прычыны такой недасьведчанасьці могуць быць рознымі — тут і выключна спажывецкае стаўленьне да жыцьця, правінцыялізм і парынутасьць у расейскім інфармацыйным полі, калі ўсе замежныя тэлевізійныя праграмы вяшчаюць з Масквы і больш ніадкуль, і прыглушанае патрыятычнае пачуцьцё. Прэзыдэнты Лукашэнка і Ельцын ужо дамовіліся, што беларускія межы будуць таксама і расейскімі і наадварот. Адсюль бярэ пачатак тая абсурдная сытуацыя, пра якую згадаў С.Квяткоўскі, калі літовец ня можа разабрацца, з кім усё ж мяжуе ягоная Літва на поўдні — з Расеяй ці зь Беларусяй. Адсюль бярэ працяг савецкі стэрэатып, калі для паспалітага беларуса ягоная краіна проста фізычна не зьмяшчалася ва ўяўленьні, не магла ўвабраць і Памір, і Таймыр, і касьмічную станцыю Мір. Для астатняга сьвету ўяўленьня проста не заставалася.

Зьміцер Бартосік параўнаў дзяржаўную мяжу зь дзьвярыма, а памежныя дзяржавы — з суседзямі на лесьвічнай клетцы. Праблема ў тым, што стальныя эўрадзьверы нашыя суседзі паставілі ад нас. Бо з нашага боку чакаюць выбухаў і пажараў. І калі Лукашэнка гаворыць, што Расея надзейна прыкрытая жывым беларускім шчытом, я думаю пра нашмат больш цывілізаваную Эўропу, якая не прыкрытая намі менавіта ад Расеі зь яе небясьпекаю развалу і краху як апошняй імпэрыі. Гэта ўжо не геаграфія, а паліталёгія. Аднак мяне не пакідае адчуваньне, што й яна паводле лёгікі — на ўзроўні дзіцячага саду. Нешта зламалася ў паспалітай сьвядомасьці менавіта на гэтым узроўні. Ня хочам ведаць.

Сяргей Харэўскі высьвятляў дакладны кілямэтраж беларускіх межаў. Гэтая справа заняла ў яго цэлы тыдзень. Аднак нельга сказаць, што вынік задаволіў. Бо мы ня толькі ня хочам ведаць межы свае краіны, але й ня можам іх ведаць. А гэта, у сваю чаргу, тоеснае іх адсутнасьці. Межаў няма. Дакладней, іх няма як фактару, зь якім трэба лічыцца.

Між іншым, неабвержнае патрабаваньне непарушнасьці межаў, якое падпісаў у Гэльсынкі яшчэ Брэжнеў і якое недзе ў 80-я гады паўтаралася на ўсіх узроўнях быццам нешта ледзь не сакральнае, на нашых вачах было праігнараванае і ня раз. Самым яскравым пракладам стала аб’яднаньне Нямеччыны. Слушна, вонкавыя межы засталіся нязьменнымі. Гэтаксама, як і ў выпадку зь Югаславіяй. Але. Ці заўважылі вы, як пры гэтым пытаньне непарушнасьці нібы «апускалася». Сёньня яно стаіць толькі ў дыпляматычных асяродках. Дзеля шырокае грамадзкасьці акцэнтаваць яго або стаміліся, або ня лічаць патрэбным. Што будзе далей? У кожным разе, мы маем справу з эвалюцыяй уяўленьняў.

Каб зразумець прыроду няведаньня, недаверу і нежаданьня ведаць, я прыгадаў рэфэрэндум, на якім беларускі народ адмовіўся ведаць бюджэт краіны. Чаму? Па-першае, усё адно ня скажуць праўды, па-другое — не сваё. Мяжа ў прынцыпе й важная, калі яна пазначае ўласнасьць. Згадайце ўсю клясычную беларускую літаратуру, дзе слова мяжа — гэта яшчэ не дзяржаўная мяжа, а граніца твайго кавалку зямлі. Або вазьміце сёньняшняга дачніка, які б ня ведаў межаў сваіх шасьці сотак. Нерэальна, праўда? Тое самае адбываецца і з краінай. Людзі, якія нібыта ўзялі на сябе адказнасьць за яе — дзяржаўны апарат — не разглядаюць яе як сваю ўласнасьць і таму ня ведаюць яе межаў. Робіцца зразумелым іхны інтэграцыйны экстаз, у якім яны імкнуцца далучыць Беларусь да Расеі, каб ужо там мысьліць сабе тэрыторыю ад Буга да Курыл. А нашае просьценькае пытаньне тут як лякмусавая паперка. Здаецца, толькі пашыр у краіне гэткае веданьне, і меншай стане пагроза незалежнасьці.

А пакуль адказ на пытаньне для беларускага дзіцячага садка выглядае няпэўна. Роўна настолькі, наколькі гэтая няпэўнасьць прымальная для палітыкаў і мінакоў зь менскіх вуліц, яна непрымальная для культурнага кантэксту. Краіна, воляю лёсу пасаджаная на ростанях эўрапейскіх дарог, якая пазначае сабою глябальныя межы Эўропы з Азіяй, паўночнай і паўднёвай эўрапейскіх культураў, мусіла б чэрпаць і чэрпаць са сваёй падлучанасьці да такіх розных культураў як украінская, літоўская, польская, расейская. А гэтае спрадвечнае перамалёўваньне беларускіх межаў, калі адразалі і прыразалі, калі разразалі Беларусь на часткі...

І тут варта да палітычнага і культурнага дадаць яшчэ адзін аспэкт. Гістарычны. У адрозьненьне ад усіх сваіх суседзяў, Беларусь на кожнай мяжы мае страты этнічнае тэрыторыі. Пераедзьце зь Віцебшчыны на Смаленшчыну або ў Латгалію, з Астравеччыны на Віленшчыну, з Горадні ў Беласток, з Гомеля на Чарнігаўшчыну, вы не заўважыце розьніцы ў выглядзе людзей, іх традыцыях і мове. У гэтым сэнсе Беларусь паўсюль мяжуе сама з сабой. І мяжа ў кожным выпадку праведзеная па жывым целе аднаго народу. Мяжа — як рана. Ці варта казаць, якое значэньне набывае кожны сантымэтар гэтага парэзу, ня кажучы ўжо пра кілямэтры і пералік краінаў, зь якімі мяжуе Беларусь.

Сяргей Паўлоўскі

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0