Забытая вайна

Бітва ў Панарскіх гарах

 

Наша забытая, дакладней, невядомая, недасьледаваная гісторыя раз-пораз падносіць нам сюрпрызы. Першы зьвязаны з радасьцю адкрыцьця ўнікальных фактаў і зьяваў, другі — з расчараваньнем ад таго, што тыя факты і зьявы нікому непатрэбныя. Падобныя пачуцьці мне давялося зноў перажыць надоечы на ўскрайку Вільні, у Панарскіх гарах. Тут, на невялічкіх каталіцкіх могілках у 91-м годзе мы пахавалі віленскую пісьменьніцу-мэмуарыстку Зоську Верас, а сёньня вырашылі разам са шваграм па дарозе адведаць яе магілку. Пакуль швагра разглядаў надпісы на помніках самых розных часоў, маю ўвагу прыцягнуў немалы гранітны куб, перагорнуты дагары нагамі. Надпісы давялося чытаць, нахіліўшы галаву. Помнік належаў штабс-капітану і ад’ютанту рэзэрвовага корпусу войскаў Ягору Васілевічу Сьвечыну. Абставіны ягонае гібелі ўразілі настолькі моцна, што я паклікаў швагру і мы прачыталі разам. «Убит у подошвы сей горы в сражении 7 июня 1831 года, где русския войска разбили мятежников, понеся потерю в 364 человека». На фоне бязьлюдных, вясковых з выгляду могілак, разьмешчаных на высокай, густазарослай гары, інфармацыя пра пабоішча зь неверагоднымі чалавечымі стратамі выглядала дзьвярыма ў прадоньне гістарычнага часу, у космас мінуўшчыны. «А што гэта было за паўстаньне?» — спытаўся швагра. Я пачаў распавядаць, адчуваючы, наколькі мне бракуе фактаў і як няпроста ўвязаць іх ва ўцямную карціну. Пасьля кожнага слова можна было ставіць пытальнік. Стала зразумела, што вырашальнае ў нашым нацыянальным лёсе антырасейскае паўстаньне 1831 году, у адрозьненьне ад паўстаньня Касьцюшкі або Каліноўскага, ніякім чынам не ўпісанае ў беларускі культурны кантэкст ХХ стагодзьдзя. Такія высновы звычайна робяцца балюча, калі ўявіш сабе сотні і тысячы жыцьцяў, пакладзеных тады дзеля будучыні. Асабліва калі зусім выпадкова трапляеш да помніка, на якім стаіць лічба 364. 364 акупанты. Колькі палегла паўстанцаў, ніхто ўжо не даведаецца ніколі.

Але спачатку два словы пра помнік. Расейскі гранітны куб патрапіў на каталіцкія могілкі адкульсьці з падножжа гары, дзе, відавочна, стаяў асобным мэмарыяльным знакам. Хутчэй за ўсё, яго зацягнулі наверх дзеля якаснага матэрыялу, зь якога нехта меркаваў або мяркуе зрабіць новыя помнікі. Пакуль жа ён проста валяецца сярод магіл. Пройдзе яшчэ крыху часу, і зьнікне з твару зямлі апошняе сьведчаньне найбуйнейшай, як мы высьветлім пасьля, бітвы беларускіх паўстанцаў з расейскім акупацыйным войскам 1831 году.

Чаму такое магчыма ў сёньняшняй Літве, дзе зь піетэтам ставяцца да памятак мінуўшчыны? Таму што гэтае паўстаньне не займае ў этнічнай літоўскай гісторыі якога-кольвек заўважнага месца. Палякам помнік таксама не патрэбны, бо гэта помнік ворага. Мясцовыя расейцы ўшаноўваюць свае мэмарыялы, зьвязаныя з гонарам, а не з пакаяньнем. Беларусы толькі часам выпадкова натыкаюцца на памяткі свае гісторыі ў гэтых мясьцінах, як мы са шваграм. І тады зьяўляецца нагода ўзгадаць — што гэта было за паўстаньне і ўва што яно абышлося нашай культуры.

Што да Панарскай бітвы, дык у спрошчаным пераказе сытуацыя выглядала так. Паўстанцы захапілі Коўна і рушылі на Вільню, куды расейцы падцягнулі рэгулярныя войскі. І тут, пад сталіцай Вялікага Княства, яны сустрэліся. Мяркуючы па ахвярах, сеча была страшная. У найбуйнейшай бітве паўстаньня 1863–64 гадоў — пад Мілавідамі — загінула 80 паўстанцаў. У найбуйнейшай сечы апошняй чачэнскай вайны палегла 120 чалавек. Панарскае пабоішча забрала 364 жыцьці толькі з аднаго боку.

Гісторык Генадзь Сагановіч кажа пра найменшую вядомасьць антырасейскага паўстаньн 1931 году ў Беларусі ў параўнаньні з папярэднім паўстаньнем Касьцюшкі і наступным — Каліноўскага. Для шырокае публікі і для школьнікаў той надзвычай рамантычны час герояў і змагароў у лепшым выпадку даходзіць як чужое, польскае паўстаньне, што тлумачыцца татальнай русіфікацыяй грамадзкага жыцьця і адукацыйных праграмаў. У гэтым сэнсе нацыя жыве і гадуецца чужою для самой сябе і для сваіх продкаў, якія ў 1831 годзе ішлі на сьмерць і нашмат больш думалі пра нас, чымся мы пра іх. Яны гінулі за нашую будучыню, але не перамаглі. Перамагла расейская акупацыя, якая ўжо пэўна ніякім чынам ня думала пра нашую будучыню. І сёньня мы маем тое, што маем.

Усе тры антырасейскія паўстаньні ў Беларусі пасьля далучэньня да Расеі пацярпелі паразу. Гэта значыць, што яны не дасягнулі сваіх мэтаў і тыя мэты застаюцца актуальнымі да нашага часу — незалежнасьць, свабода, дэмакратыя. Яны могуць заставацца актуальнымі і праз сто гадоў. Уся праблема ў нашым разуменьні таго, што тады адбылося з ініцыятывы нашых продкаў, як свайго, як незавершанага дзеяньня. Гэта ж зусім неістотна, ці пяць гадоў таму наш народ пачаў свой эвалюцыйны рух, ці сто, ці тысячу гадоў назад. Істотна, што гэты рух незавершаны, пэўныя ягоныя этапы застаюцца на ўзроўні стогадовае даўніны, але не перастаюць ад гэтага быць актуальнымі, бо ня пройдзеныя.

... Вярнуўшыся дахаты, мы са шваграм кінуліся да кніг. Жонка ўключыла тэлевізійныя навіны. «Аказваецца, з расейскага боку ў Панарскай бітве ўдзельнічала 20-тысячнае войска», — сказаў швагра. Я паспрабаваў уявіць сабе наступ гэтае армады на гару, дзе пад каплічкай на вясковых могілках паўстанцкія камандзіры аддаюць апошнія перад боем загады. Тэлевізійны дыктар распавядаў пра 50-тысячную югаслаўскую групоўку ў Косаве. Паказвалі наезд сэрбаў на альбанскую вёску. Такая самая парослая дрэвамі гара... Усё пераблыталася — часы, краявіды, твары. Нязьменнай засталася сутнасьць падзеяў.

Алесь Кебік


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0