Візыт Міклаша Харасьці, упаўнаважанага АБСЭ у пытаньнях свабоды мэдыяў, пакінуў дваістае ўражаньне. Госьць мусіў усяляк дэманстраваць паліткарэктнасьць, трымацца жорсткага фармату, узгодненага зь беларускім бокам. Паўтараў, што ягоная місія гэтым разам ня мае ацэначнага характару і г.д.

Мне давялося размаўляць у Вене з супрацоўнікамі ягонага офісу акурат неўзабаве пасьля прызначэньня Харасьці на гэтую пасаду ў 2004-м. Колішні вугорскі дысыдэнт, аўтар кнігі "Аксамітавая турма", адчувалася, меў амбіцыйныя пляны. Мяне распытвалі пра сытуацыю са свабодай слова ў Беларусі і паведамілі, што ўвосень іхні шэф наведае нашу праблемную краіну.

Але ўвосень яго да нас элемэнтарна не пусьцілі. Акурат набліжаўся рэфэрэндум, закліканы скасаваць ліміт прэзыдэнцкіх кадэнцыяў. Толькі не ставала яшчэ наглядчыкаў за свабодай слова!

Так што сёньня можна канстатаваць прагрэс: былы дысыдэнт мае магчымасьць прылятаць у "чорную дзірку Эўропы" і далікатна ладзіць адукацыйную працу сярод тутэйшага чыноўнага люду. Тэму для сэмінару выбралі, канешне, як мага болей нэўтральную: узаемадзяньне журналістаў з прэсавымі службамі.

І ў гэтым пляне стае цяжкасьцяў, але галоўныя пытаньні палягаюць у іншым. Незалежныя газэты, "зачышчаныя" перад выбарамі-2006, дасюль ня вернутыя ў друкарні і сыстэму распаўсюду. Дамоклаў меч рэпрэсіўнага заканадаўства штурхае журналістаў да самацэнзуры. Карацей, спытайце Жану Літвіну, кіраўніцу БАЖу — яна вам выкладзе гіганцкі сьпіс праблемаў, у якім закрытасьць ведамасных прэсавых службаў будзе далёка не на першым месцы.

(Вось тут я трохі казаў на гэтую тэму ў этэры "Радыё Рацыі". Дарэчы, раю зьвярнуць увагу на сайт "РР" — ён на вачох раскручваецца.)

Ну а Менск гуляе з Эўропай у фанцікі. Чыноўнікам у Вене, Брусэлі, Страсбуры таксама трэба ставіць птушачкі ў графе "Выхаваўчая праца з апошняй дыктатурай" :-)) Калі ўжо казаць пра АБСЭ, дык цяпер часы амбасадара Віка, аднолькава неўпадабанага Лукашэнкам і Пазьняком, згадваюцца як рамантычная легенда (узьнёслая ці змрочная — гэта ўжо пытаньне палітычнага густу). Тады менская КНГ АБСЭ грымела, стварала калі ня чыньнікі пераменаў, дык ва ўсякім разе гучныя інфармацыйныя нагоды. Цяперашні менскі офіс гэтае шаноўнае арганізацыі працуе ціха, непрыкметна, нікога не раздражняючы. Можна меркаваць, што тутэйшыя ўлады праз накіданьне ўмоваў "аксамітавае турмы" пастараюцца прэвэнтыўна нэўтралізаваць і прадстаўніцтва Эўракамісіі, перамовы аб адкрыцьці якога зараз акурат вядуцца.

То бок славуты дыялёг з Эўропай можа набыць выключна фармальны характар — дзеля "птушачкі". Працэс нібыта ідзе, усе задаволеныя, усе атрымліваюць свае сьціплыя дывідэнды.

Што ж да незалежных мэдыяў, то цяперашняя ўлада якраз добра разумее іхнюю моц. Ведае, якую ролю адыгралі яны, напрыклад, у падзеях памаранчавай рэвалюцыі на Ўкраіне. Тады адзін апазыцыйны "Пяты канал" перайграў усю махіну тупога, няўклюднага афіцыёзу. Уявеце сябе незалежны тэлеканал, які легальна дзейнічае ў Беларусі. Празь некалькі месяцаў ніхто б не глядзеў прапагандовы адстой! Тут вунь толькі зайшла гаворка пра спадарожнікавае перадаваньне, дык ужо сталі панічна зьбіваць "талеркі"! :-)

Дарэчы, на Ўкраіне сёньня Дзень журналіста. Юшчанка ладзіць для прэсы экскурсію па сваіх апартамэнтах, а Януковіч абяцае новае заканадаўства, скіраванае на абарону журналісцкіх правоў. Бадай, Пуцін дарэмна закідае "хлопцам з Украіны" тыранію!

Зрэшты, і наша начальства закідаў наконт дыктатуры ня любіць. Ну якая вам тут дыктатура? Так, "аксамітавая турма"…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?