100 ТВОРАЎ МАСТАЦТВА ХХ СТ.

Міхал Сеўрук.
Жніво

 

Прайсьці міма гэтае карціны ў залі Нацыянальнага мастацкага музэю немагчыма. Побач з усходнебеларускімі палотнамі трыццатых гадоў, тусклаватымі, нібы прыцярушанымі пылам, «Жніво» Сеўрука гледзіцца нечакана ярка, прадстаўляючы сабою заходнебеларускі жывапіс, дакладней, тую розьніцу шляхоў, па якіх было разыйшлося нашае мастацтва пасьля 1921 году.

Гэтым палатном Міхал Сеўрук дэбютаваў на прафэсійнай выставе, як самастойны мастак. За ягонымі плячыма ўжо быў мастацкі факультэт Віленскага ўнівэрсытэту і некалькі гадоў творчае практыкі. Упершыню яно прадстаўлялася на ўсепольскай выставе ў Варшаве, пасьля чаго атрымала шырокую вядомасьць. Крыху пазьней «Жніво» было набытае Беларускім музэем імя Івана Луцкевіча ў Вільні. З таго часу яно і ўяўлялася як нацыянальная клясыка, як квінтэсэнцыя тагачаснае беларускае эстэтыкі.

... Настаўнікамі Сеўрука ва ўнівэрсытэце былі: напачатку прафэсар Рушчыц, як і ў Сергіевіча, пасьля Сляндзінскі і Штурман. Акурат у тыя гады зорка Фэрдынанда Рушчыца была на схіле. Ён адыходзіў ад выкладчыцкае справы, але заахвочваў студэнцтва да экспэрымэнту. Жывы клясык, ад якога многія пераймалі імпрэсіяністычную манэру жывапіснае мовы. Сляндзінскі абагаўляў італьянскі Рэнэсанс і пільнаваў мастацтва кампазыцыі, дакладнасьць малюнку. Штурман, адзін з самых пасьлядоўных вучняў Рушчыца, прышчапляў прагу да гульні з колерамі, бясконцых фармальных пошукаў...

Кампазыцыйна гэтае палатно збудаванае зь некалькіх плянаў, у межах якіх разгортваюцца дадатковыя, адносна самастойныя сюжэты. Апроч кампазыцыйнае лякалізацыі, асобныя пляны маюць апрычоныя калярыстычныя гамы. Пярэдні плян, найбольш кантрасны й па тонах і па колерах, стаў цэнтрам кампазыцыі, зь якога і выбіраюцца таны для ўсяе карціны. Наступны плян, які дзеліць палатно па дыяганалі, створаны з халаднейшых паўтаноў. А трэці і далёкі чацьверты збудаваныя зь цёплых і чыстых, але збліжаных міжсобку фарбаў. Гэткім чынам палатно ўяўляе сабою складаную шматфігурную і разнастайную па колерах кампазыцыю, якая дазволіла мастаку свабодна разьмясьціць розных пэрсанажаў, зьнітаваных міжсобку агульным дзеяньнем. Жнівом.

Як глядзіш на гэтае палатно, міжволі прыгадваюцца сялянскія сцэны з раньніх галяндцаў і немцаў. Напрыклад, як у Брэйгеля, адна з карцінаў якога таксама завецца «Жніво». Таксама дыяганальная кампазыцыя, якая лучыць розныя фрагмэнты, і павялічаныя манумэнтальныя фігуры сялянаў у цяжкім напружаным дзеяньні. Падабенства ўзмацняецца і разнастайнымі элемэнтамі, запазычанымі зь іншых жанраў — пэйзажу, нацюрморту, партрэту. Аднак на гэтым падабенства і сканчаецца. Сеўруку не прыйшло ў галаву іранізаваць са сваіх пэрсанажаў, нават па-добраму. Ягоныя сяляне дэпэрсаніфікаваныя, пазбаўленыя нейкіх унутраных, псыхалягічных характарыстык. Гэта зьбіральныя вобразы — мадоны, старога, дзіцяці, сялянства наогул... Менавіта гэта і разьняволіла жывапісца, які вырашае шырэйшыя мастацкія задачы — экспэрымэнтуе з формаю і колерам.

Сэзанізм, гэтак гнаны ў БССР, знайшоў сваё ўвасабленьне ў творчасьці Сеўрука. Выяўляючы плястычны пачатак у рэчах, шукаючы тое агульнае, што іх лучыць, ён спрашчаў форму, будаваў прасторавыя аб’ёмы абрысамі каляровых плямаў, падкрэсьліваў важкасьць і рэальнасьць формаў праз больш і больш шчыльныя каляровыя дачыненьні. Сьвет тых рэчаў раскрываўся ў яго толькі з гледзішча формаў, аб’ёмаў, іх узаемнай сувязі ў прасторы і колеры. Простая паводле матываў кампазыцыя стала ўрачыстаю. Не дзякуючы сацыяльнай значнасьці, а — значнасьці матэрыяльнага сьвету наогул, які напоўнены спрадвечным і найважнейшым сэнсам.

«Жніво» створанае і на шэрагу канкрэтных асацыяцыяў, непарыўна зьвязаных зь беларускай мэнтальнасьцяй. Жанчына-карміцелька на жніве. І хрысьціянскі абраз, і дахрысьціянская Вэнэра. Урадлівасьць і жыцьцядайнасьць. Сівы дзед з касою. І Язэп, і Пан. Валадар жыцьця, які тое жыцьцё і зьберажэ. Каласы і сярпы. Хлеб і нож... Зялёная, як у выраі, трава, на якой раскладзеныя зямныя дары... Бадай ніводзін з твораў нашага мастацтва ў гэтым стагодзьдзі ня быў настолькі ж фармальны, як і архетыповы.

Гэтае палатно ацалела цудам. Сеўрук не дачакаўся прызнаньня ад савецкіх уладаў, якія не даравалі яму ані нацыяналізму, ані сэзанізму. Несавецкі мастак жыў іншым жыцьцём у сваім родным Нясьвіжы. Яго пэрсанальная выстава ў Менску адбылася толькі праз год пасьля сьмерці. А «Жніво» заняло сваё пачэснае месца ў музэйнай залі толькі разам зь беларускай незалежнасьцю.

Сяргей Харэўскі


 

Міхал Сеўрук (1905, Варшава — 1979, Нясьвіж) жывапісец, графік, пэдагог. Вучыўся ў Берасьці, Маскве, Нясьвіжы. Скончыў факультэт пекных мастацтваў Віленскага ўнівэрсытэту. Адзін з заснавальнікаў Віленскага таварыства мастакоў. Выкладаў у школах Нясьвіжу.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0