«Плавільшчыкі расы»

Да выхаду ў сьвет кнiгi выбраных вершаў Славамiра Адамовiча

 

Кніга называецца «Плавiльшчыкi расЫ» — або рАсы — тут сьведамае двоечытаньне. Гэта шосты паэтычны зборнiк Адамовiча. I калi казаць пра папярэднiя, дык яны, выходзячы адзiн за адным на працягу дзесяцi гадоў, пазначылi кожны сваю эпоху, бо эпохi за гэты час мянялiся iмклiва. Першая, яшчэ савецкая кнiжка называлася «Кальварыйскiя клёны». Гэта 90-ы год. Час, калi прадукцыя самвыдавецтваў пачынала патроху легалiзавацца, i са зьместу не заўсёды можна было адрозьнiць цэнзураваную кнiгу ад нелегальнай. Наступныя — «Зямля Ханаан» i «Зваротныя правакацыi» выйшлi адпаведна ў 93-м i 94-м у Полацку, пазначыўшы тагачасны кароткi рэнэсанс беларускiх рэгiёнаў. На сталiцы ставiўся крыж, затое падымалiся колiшнiя спракаветныя культурныя гнёзды. Кнiжка «Каханьне пад акупацыяй» друкавалася ў 96-м у Польшчы, што на той час таксама было тыпова для альтэрнатыўнай беларускай культуры. Чытаў аўтар свой зборнiк ужо ў турме. «Сьпiраль Бруна», якая ўключыла турэмныя вершы, друкавалася зноў у Менску, у 98-м. I вось нарэшце «Плавiльшчыкi расы» — кнiга, якая выходзiць у Вiльнi, аб’ядноўвае ўсё лепшае з папярэднiх, як быццам зьбiрае сьляды паэта, раскiданыя ў часе i прасторы.

... Пасьля таго, як кудысьцi падзяваўся эксцэнтрычны Анатоль Сыс, менавiта Адамовiч стаў той постацяй, чый лёс i чые паводзiны ўспрымаюцца як працяг вершаваных фiкцыяў. Дастаткова згадаць створаны iм палiтычны пэрфоманс — арганiзацыю «Правы рэванш», 10-месяцовае зьняволеньне ў турме за верш «Убей президента» альбо спробу публiчна зашыць сабе рот.

У творчых плянах выдавецтва «Наша Нiва», дзе выходзiць новая кнiга Славамiра, ёсьць i яшчэ адно выданьне, зьвязанае з гэтым iмем. Гэта кнiга пра неардынарную зьяву — пра паэта ў турме КГБ. У Беларусi паэты не зьнявольвалiся з часоў сталiнскiх рэпрэсiяў. Нават у гады савецкае стагнацыi ўявiць сабе такую дэманстратыўную помсту з боку кiраўнiчага рэжыму было цяжка.

Сярод постацяў, якiя прыцягвалi ўвагу Славамiра Адамовiча — iтальянскi паэт Габрыэле Д’Анунцыо. Хтосьцi з крытыкаў злучыў iмя нашага паэта ў бяспроiгрышным, на першы погляд, параўнаньнi з Маякоўскiм. Кажу — на першы погляд, бо тут, мiж паэтамi, адсутнiчае найважнейшае адзiнства. Маякоўскi — iмпэрац, чаго пра Адамовiча нiяк ня скажаш.

I ўсё ж параўнаньнi з замежнiкамi кульгаюць, бо Адамовiч занадта беларускi паэт — паводле рэалiяў, мэнтальнасьцi, духовае энэргii, крывi. I таму разгледжваць ягонае творчае паходжаньне найперш трэба ў беларускай традыцыi.

Паэты — людзi знакавыя. Варта мне было ў папулярнай iнтэрнэтаўскай шукалцы «Альта Вiста» зрабiць запыт на Адамовiча, i адказ быў не без падтэксту — шукалка знайшла 666 спасылак. Розныя там былi Адамовiчы, але ўразіла найперш мiстычная лiчба. Дарэчы, славуты вершык «Убей президента» даўно боўтаецца ў Iнтэрнэце. I яшчэ дарэчы, ён перакладзены як мiнiмум на ангельскую i польскую мовы. Кажуць, вершык бяздарны, затое якi пэрфоманс!

З прозьвiшчам Адамовiч быццам бы ўсё ясна. А хто яшчэ ў беларускай лiтаратуры насiў iмя Славамiр? Быў такi аўтар, дакладней псэўдонiм — Славамiр Цыбаты, якiм падпiсваўся творца, што стаў культавым у позьнесавецкай беларускай лiтаратуры i прадмовы да кнiг якога пiсаў Васiль Быкаў. Я маю на ўвазе Ўладзiмера Караткевiча. Ягоны энэргетычны збой, характар мысьленьня, ягоная лiтаратурная прырода — усё гэта не магло расьцярушыцца разам зь фiзычнай сьмерцю пiсьменьнiка.

Нейкi час, зыходзячы з гiстарычнай тэматыкi, ролю Караткевiчавага наступнiка прарочылi Ўладзiмеру Арлову. Але Арлоў перарос гэтыя прароцтвы. Няўрымсьлiвая энэргiя i схiльнасьць да iнтэлектуальных правакацыяў Славамiра Цыбатага перацякла ў творы Славамiра Адамовiча.

I пакуль на стале маiм горы папер i асадак, а на чыстым лiсьце я пiшу свой чарговы радок, ты ня зьнiкнеш, зямля, i ня зьнiкне твой вечны парадак, i наступнай вясной твае дрэвы распырскаюць сок.

Новая кнiга Славамiра «Плавiльшчыкi расы», якая выходзiць у выдавецтве «Наша Нiва», пацьвярджае гэтую пераемнасьць.

Крыт.


 

Чалавек з-за кратаў

 

У той дзень, два гады таму, мароз быў пякучы. Па дарозе да Вiцебску, куды мы ехалi на адкрыцьцё судовага працэсу, зьмерзьлi ўшчэнт. Уяўленьне малявала жудасныя карцiны зьледзянелае вязьнiцы, у якой канае ад сьцюжы беларускi паэт. Адвакат Гары Паганяйла супакойваў усiх i трымаўся жвава, ледзьве не з асалодаю прадчуваючы судовы двубой. Ягоная ўпэўненасьць нас сагравала.

Гаварылi толькi пра Адамовiча, перабiралi дэталi ягоных прыгодаў. Менавiта ў гэтай дарозе я даведаўся пра першую судзiмасьць Славамiра. Некалi ён узяў ровар у хлопца, якi заляцаўся да ягонае сястры. Кавалер падаў у суд. Сястра ажанiлася зь iншым. А вось судзiмасьць засталася. Глупства? Але ж адбылося яно менавiта з Адамовiчам. Спадар Паганяйла заўважыў, што гэтак ужо наканавана, альбо, як кажуць, напiсана на раду. Цi мала пiсалася вершаў пра Лукашэнку? Ёсьць творы цалкам падсудныя паводле любых законаў, баранiць аўтараў якiх нават яму, адвакату, не выпадае. Але ж на прыцэл патрапiў адзiн Адамовiч. Ня ён выбраў свой лёс, гэта лёс выбраў яго. Разважаючы пазьней над словамi адваката, я прыгадаў Адамовiчаву паэзiю: «антрацыты», «гiяцынты», «сьмех суккуб». Усё нiбыта не зь яго. Мiлiтарныя й эратычныя «навароты» як наўмысна выпiнаюцца зь ягоных радкоў, каб зарэтушаваць, завуаляваць ягонае «ego». I толькi зрэдку, нiбыта праз выпадковы парэз цi жорсткую драпiну выяўляецца ён сам. Як у вершах з-за кратаў.

Ранiцай перад будынкам суда таўклiся на сьнезе з тузiн людзей, вызiраючы за кожны рог i гадаючы, адкуль прывязуць Адамовiча. Апэратары й фатографы ладавалi свой рыштунак, спадзеючыся «злавiць» удалы ракурс. Яго прывезьлi сапраўды нечакана. Скруцiўшы, як толькi можна, некалькi чалавек у адно ймгненьне ўвапхнулi яго зь дзьвярэй машыны ў заднiя дзьверы суда. Рэпарцёры ў роспачы загулi...

Першае паседжаньне ледзь не было сарванае самiм Адамовiчам, якi не жадаў выказваць давер суду.

...За кратамi недарэчна вясёлага блакiтнага колеру стаяў стомлены знэрваваны чалавек зь зямлiста-жоўтым тварам. Ягоная калматая з рудзiною барада i караценькiя валасы надавалi яму падабенства з чачэнскiм баявiком, якiх тады паказвалi штодзень у тэлевiзары. Ён пачаў задзiрацца з судзьдзём, то ўставаў, то сядаў, не адказваў на пытаньнi. Вiрлаваў шалёна вачыма i выскаляў зубы мiлiцыянтам. На просьбу Паганяйлы паседжаньне перарвалi, каб адвакат мог пагаварыць са сваiм падабаронным.

Калi паседжаньне аднавiлася, Адамовiч ужо быў у гуморы, пакладзiста адказваў на ўсе запыты, уважлiва сачыў за сваiм адвакатам. Але здавалася, што ён ужо вельмi далёка. У руках ён круцiў новую кнiжачку ўласных вершаў, што выйшла на волi. I раз-пораз шукаў вачыма сваiх сяброў у залi... Магчыма, зразумеў, што ён не адзiн.

Тым часам працэс iшоў сваёй хадою. Маладзенькi перакладчык, якi перакладаў зь беларускай суду i на беларускую Адамовiчу, ужо ўвесь змакрэў. Па ягоным расчырванелым твары кацiлiся буйныя кроплi поту. Яшчэ крыху, i страцiў бы прытомнасьць. Ён моцна бянтэжыўся, калi яго папраўляў чалавек з-за кратаў.

Суд перарваўся на полудзень. Адамовiча пакiнулi ў клетцы. Пад час суду зьняволеных у Вiцебску ня кормяць. Нiякiмi ўгаворамi мiлiцыянтаў мы ня здолелi тады перадаць яму харчу. Пасьля было даўжэзнае беларуска-расейскае чытаньне справы. Заплаканы твар Адамовiчавай мацi. Ён сам ужо канчаткова згубiў цiкавасьць да працэсу i, вымерханы, расьцягнуўся на лаве ў блакiтнай клетцы. У залi вiсела нясьцерпная задуха. Ад выгляду мiлiцэйскiх зiмовых шапак мне стала млосна. Я выйшаў на двор.

Мяне сустрэў зыркi блакiт марознага неба свабоды. «... Блакiтны чмель у белай конскай грыве...» Недарэчы прыйшла ў галаву думка, што краты для паэтаў, бадай, i мусяць быць вось гэткага колеру, як неба. Напэўна ў гэтую ж хвiлiну нараджаўся новы Адамовiчаў верш.

Cяргей Харэўскі


 

Асьцярожны мадэрн

 

У беларускай паэтычнай традыцыi Славамiр Адамовiч належыць да «залатой сярэдзiны», якую запачаткавалi Максiм Багдановiч, Якуб Колас... Ён глядзiць на Зямлю дзяцiным позiркам, нiбыта праз павелiчальнае шкельца. Сьвет ягонай паэзii населены яшчаркамi, iмхастымi мухамi, восвамi, чмялямi, кажанамi, валунамi, спарышамi...

У прыполе начнiц дагараюць там ясачкi зоркi,
А самотны пугач, тэрарыст глухадольных балот,
Штось «па фенi» балбоча й ляцiць яго крык за пагоркi,
Дзе фiлонiць сава, дзе кажан зачапiўся за дрот...

Зямны сьвет Адамовiча — пукаты, дэталёвы i, што вельмi йстотна, любы ягонаму апiсальнiку й стваральнiку. Прырода мiталягiзуецца паэтам i, паводле глыбiннага духу паганства, адушаўляецца. У Славамiра «камянi варушацца, як шчанюкi», з «глыбiнi iмкнуцца», «растуць». Ёсьць i наўпрост сьведчаньнi ягонай паганскай прыхiльнасьцi: «Ты ня кiдай на каўчэг мой глiну, а гронку воўчага лыку ўскладзi».

Гарадзкое жыцьцё хоць таксама мiталягiзуецца, але выдаецца не такiм утульным, нават крыху варожым. У горадзе «Кантралёры з жэтонамi ловяць «зайцоў» за каўнер, Хтосьцi ў бруднай кавярнi прыткнуўся за столiкам з краю», «Пусты, як патэльня, пакой, дзе шпалеры, У цемры блiшчаць фасфарычным сьвятлом, Дзе сумныя ложкi, шалёныя дзьверы, Дзе ўсё, што ні знойдзеш, ёсьць мэталалом»...

На тле фармальных пошукаў у цяперашняй беларускай паэзii Адамовiч выглядае даволi «традыцыйна». Ягоныя фармалiстычныя «адхiленьнi» i «ўхiлы» ня лезуць у вочы, успрымаюцца адаптаванымi, асвойтанымi ў агульным «клясычным» рэчышчы. Я б назваў паэзiю Адамовiча ў пляне формы асьцярожным мадэрнам.

Што тычыцца лексыкi вершаў, дык Славамiр з добрым чуцьцём i смакам ужывае дыялектызмы й малаўжываныя словы (пахiтоскi, акарына, рыдван, шугай, абарог, налой), стараславянiзмы (векша), нэалягiзмы й парадаксальныя словазлучэньнi (брутальны прыпынак, блудадзеiць, атрасiны, вiдма, кармiнавая цiшыня), празаiзмы й разнастайную тэрмiналёгiю (дзяржстрах, курс валют, Н2О). Паўтару, што ўжывае iх паэт вельмi густоўна й незаўважна для чытача.

Назва кнiгi «Плавiльшчыкi расы» i ейны эпiграф адпавядаюць новаму, што зьявiлася ў творчасьцi Славамiра апошнiх чатырох гадоў. Гэта — налёт аўтабiяграфiчнасьцi, зьвязаны са зьняволеньнем i ўтрыманьнем у СIЗО КГБ, i нечаканая здольнасьць да палiтычнае й бытавое сатыры. А самае галоўнае, гэта — зварот да нiцшэанскай «фiлязофii жыцьця». Мажлiва, гэта цалкам натуральны для Славамiра зварот-пераварот, якi некалi адбыўся й з Арцюрам Рэмбо ў «Адным леце ў пекле», мажлiва — цудоўная iмiтацыя.

Выхад кнiгi Славамiра Адамовiча станецца падзеяй у беларускай паэзii, дзе сёньня, побач зь нязвыклай i нечуванай раней разнастайнасьцю, ня склалася яшчэ новая шкала каштоўнасьцяў i пануе хаос.

Алег Мінкін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0