Рыа-Рыта

 

На Новы год я атрымаў паштоўку. Нiчога дзiўнага ў тым, што сябра павiншаваў з Калядамi, вядома, не было. Калi б ня пара акалiчнасьцяў. Паштоўка прыйшла з суседняй вулiцы. I аддрукаваны гэты шэдэўр з выяваю шампанскага на тле Спаскай вежы быў на фабрыцы Гознака ў 1959-м годзе. Каб здагадацца, ад каго прыйшло нагэтулькi стыльнае вiншаваньне, чытаць подпiс было неабавязкова.

Упершыню я яго ўбачыў сярод тлуму й дыму грандыёзнай папойкi ў бары Дому лiтаратараў. Такiя папойкi нярэдка здаралiся напачатку 90-х. Ён прыцягнуў маю ўвагу перш за ўсё сваiм зьнешнiм антуражам. У iм усё з выклiкам дысанавала з дваццацiгадовай даўнiны iнтэр’ерам казённага кабачка для «сярэдняга зьвяна». Неверагоднай канфiгурацыi капялюш, галiфэ ўзору НКВД, як на парад надраеныя высачэзныя афiцэрскiя боты. I давяршаўся гэты маскарад незвычайнай жывасьцi поглядам. З такiмi позiркамi альбо выклiкаюць на дуэль, альбо адкрываюцца ў каханьнi.

Пасьля мы пазнаёмiлiся. На пытаньне «Вы хто?» чалавек адказаў: «Паэт», — прычым з такой iнтанацыяй неабвержнасьцi дадзенага факту, быццам назваў сваё воiнскае званьне. Але пачуўшы ў той жа вечар «Я нiколi ня лашчыў радкi свае, Я iх бiў па скулах i рэбрах, Каб яны рассыпалiся iскрамi I былi камусьцi патрэбны», я больш ня меў сумневаў наконт таго, з кiм маю справу. Пасьля былi блуканьнi агульнай кампанiяй па начным Менску, дзе на мосьце празь Сьвiслач я йзноў зьдзiвiўся, наколькi чалавек у галiфэ адпавядае непрэтэнцыёзнаму менскаму ампiру. «Ну, артыст, — думаў я тады, — толькi кабуры не хапае».

Пра тое, што артыст iграе абраную ролю ўсур’ёз, я даведаюся крыху пазьней. Калi да ягонага факстротнага вобразу дададуцца словы «арышт», «амэрыканка», «галадоўка», «рэанiмацыя». I словы расейскага паэта Кушнера «Времена не выбирают, в них живут и умирают» упершыню не пададуцца мне аксiёмаю. У Беларусi можна абраць сабе часiну на густ. I ня толькi пры дапамозе прычоскi цi дзякуючы пакрою гарнiтура.

Але летась, на вечаровай узьбярэжнай памiраючага крымскага курорту, куды нас занёс журналiсцкi лёс, я iзноў глядзеў на яго, нiбы ўпершыню. Дзiвячыся, як парою дакладна могуць супасьцi вобраз i вiдарыс, зьмест i форма. I справа тут ня ў моры, не ў вясёлых гуках джаз-банды, што разносiлiся далёка ўздоўж берагу, i не ў аскепках прамiнулае эпохi — усiх гэтых балясiнах ды калянадах. А ў тым, дзеля чаго жывуць паэты. Ён убачыў сваю музу. Яна, тыповая пастаральная пастушка, зь вялiкiмi блакiтнымi вачыма гандлявала нейкiмi бясхiтраснымi сувэнiрамi. I наўрад цi чакала сустрэчы з кавалерам у ядвабным гальштуку. Дагэтуль незвычайна ашчадны, ён скупiў ледзь не палову яе тавару й павёў у блiжэйшы дансiнг. Яна, у сваёй паркалёвай сукенцы i танных сандалетах i ён, у шырокага пакрою гарнiтуры i ў капелюшы, сярод джынсы, скуры ды аглушальных дэцыбэлаў выглядалi пэрсанажамi з даўно забытага кiно. Ён тэатральна запрасiў яе на танец пад нейкую папсовую драбядзень, што неслася з магнiтафону. Але ў ягоным танцы ўсё роўна ўгадвалася «Рыа-Рыта». А я сядзеў у куточку, жлукцячы пiва ды цiха ненавiдзеў сваю ролю статыста ў ягоным спэктаклi.

Мне цяжка ўявiць сытуацыю, пры якой я асабiста апрану на сябе галiфэ й хромавыя боты. I наўрад цi я кардынальна памяняю свае густы ў бок пышнагрудых «мiс 48-мы год». I шыракаполыя капелюшы мне таксама не пасуюць. Мне застаецца адно цытаваць. I калi раптам цёплаю летняю ноччу я апынуся ў кампанii нейкай панi, якая, мiлуючыся на роўны адбiтак поўнi ў водах Сьвiслачы, прагне ад мяне паэзii, мне ня трэба доўга напружваць памяць у пошуку адпаведнага моманту радочка. Я кажу ёй: «Мажлiва, я кахаю, Але ня так, як вы; Мажлiва, я хаваю Пад пахай нож крывы, I вы не рызыкуйце Са мной iсьцi ў кiно — Я блытаю часамi Жывую кроў зь вiном»...

На дзень народзiнаў паэт падараваў мне кiшанковы гадзiньнiк. Ягоны мэханiзм ня спынiцца, пакуль мая памяць будзе захоўваць паштоўку з далёкай вулiцы Сурганава i аблiчча яе аўтара. Невысокага чалавека з поглядам сямнаццацiгадовага, бязьмежна закаханага юнака, у дарагiм капелюшы, зь сiвiзною ў валасах.

Зьміцер Бартосік


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0