radzima.org

За мінулы месяц у музэі‑сядзібе на баранавіцкім хутары Завосьсе пабывалі дзясяткі наведвальнікаў з гарадоў Польшчы і ніводнага жыхара зь мясцовага райцэнтру.

Музей‑сядзіба Міцкевічаў у Завоссі нарадзіўся з ініцыятывы міністэрства культуры ў 1998 годзе — у 200‑ю гадавіну з дня нараджэння паэта. Адам Міцкевіч з’явіўся тут на свет у сям’і збяднелага шляхціча на Раство 1798 года.

Фальварак Завоссе знаходзіўся ва ўласнасці братоў яго бацькі. Яны, як і сям’я Адама, былі паланізаванымі беларусамі. Хаця паэт пісаў творы на польскай мове, ён называў сябе «ліцвінам». Паводле дырэктара музея Анатоля Еўмянькова, апошняя частка сапраўднай сядзібы Міцкевічаў згарэла ў 1915 годзе. Напрыканцы XX стагоддзя тут пачалі будаваць копію фальварка. Рабілі яе ў дакладнасці па малюнку Напалеона Орды

Сённяшні комплекс — гэта драўляны дом гаспадароў, свіран і лямус (традыцыйная пабудова ў выглядзе двух’яруснага зруба, дзе захоўвалі гаспадарчыя прылады, збожжа, харчовыя прыпасы). Але музей чамусьці мала прываблівае мясцовых жыхароў. З 170‑тысячных Баранавічаў, якія знаходзяцца зусім побач, сюды за май не прыехала ні адной экскурсіі.

Пакуль жыхары райцэнтра мараць пабываць у якой‑небудзь Турцыі ці Чэхіі, а школьнікі з’едзіць ў мінскі цырк, замежнікі выпраўляюцца ў Баранавіцкі раён. У маі ў Завоссі пабывалі жыхары Варшавы, Гдыні, Вроцлава, Кракава і іншых польскіх гарадоў. Пры агледзінах экспазіцыі яны не ўпускаюць магчымасці зачытаць для сябе і прысутных урывак з «Пана Тадэуша».

— Пасля мы здзіўляемся, чаму за мяжой Міцкевіч лічыцца польскім паэтам. А чаму б у нас яго і не забраць, калі яго на сваёй жа радзіме не вельмі шануюць? — задаецца пытаннем дырэктар музея‑сядзібы Анатоль Еўмянькоў, лёс якога можа быць прыкладам для многіх людзей .

Анатоль Іванавіч упершыню трапіў у Завоссе некалькі дзесяткаў гадоў таму. Скончыўшы інстытут у Магілёве, дзе ён вучыўся на адным курсе з Аляксандрам Лукашэнкам, малады настаўнік прыехаў ў суседнюю вёску Войкавічы выкладаць у васьмігадовай школе. Там даведаўся, што на гэтай зямлі рос сам Адам Міцкевіч, якога Аляксандр Пушкін лічыў паэтам лепшым за сябе. У 1990‑х будучы дырэктар яшчэ не створанага музея займаўся бізнесам. Зарабіў сабе на кватэру і машыну, а пасля зразумеў: нечага ў жыцці не хапае.

— Займаючыся толькі зарабленнем грошай, я страчваў сэнс жыцця. Так прыйшоў да высновы, што трэба зрабіць нешта для грамады. Чаму, напрыклад, Міцкевіча да сёння памятаюць ва ўсім свеце? Таму што ён прысвяціў сябе людзям: пісаў і натхняў іх на абарону сваёй Айчыны, — разважае Анатоль Іванавіч. — Мне вельмі шкада, што беларусы забываюць пра гэта. Такое ўражанне, што ім нецікавая свая ж гісторыя. Як тое будзе працягвацца і надалей, то прыдзем да сумных вынікаў.

Сяргей Карабанаў, bulletinonline.org

Разьвіцьцё тэмы:
Адмыслоўцы адказваюць на камэнтары чытачоў сайту «Нашай Нівы»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0