Лісты ў рэдакцыю


 

Прадстаўнікі дыктатара наведалі беларусаў Канады

Сёлета 3-га траўня з пасольства Рэспублікі Беларусь у сталіцы Канады атрымалі паведамленьне, што 5-га траўня наведваюць нас у Тароньце прадстаўнікі Рэспублікі Беларусь з Атавы.

Нікога з Лукашэнкавых дыпляматаў у Канадзе мы не запрашалі. Ведалі, што яны ёсьць, але да гэтага часу з нашай арганізацыяй ня мелі кантактаў. Крыху зьдзівіла нас, што якраз цяпер, у такі крызысны для Беларусі час, дзе прэзыдэнт Лукашэнка і ягоны дыктатарскі рэжым натварыў масу папяровых мільянэраў і пхнуў запрыгонены народ на дно галечы, зацікавіліся і намі ягоныя прадстаўнікі.

5-га траўня зьявіліся ў нашым Беларускім Грамадзкім Цэнтры пасол РБ М. Хвастоў, ягоная жонка Галіна і другі сакратар ці віцэ-консул Павал Шыдлоўскі. У вялікай залі сабралася каля паўсотні нашых суродзічаў. Некаторыя зь іх — «новыя канадыйцы» — уліліся ў нашу грамаду за апошніх пару месяцаў, іншыя крыху раней. Гэта ж нашы суродзічы, што добра паспыталі тых «дабротаў», да якіх давялі прыгнечаны народ дыктатар прэзыдэнт і ягоны рэжым на нашай бацькаўшчыне.

Спадар М. Хвастоў тонам настаўніка й прыгожай беларускай мовай паведаміў нам, што некалі скончыў юрыдычны факультэт БДУ і пазалетась прыбыў у Канаду. У сваіх пытаньнях прысутныя цікавіліся ўсімі галінамі жыцьця ў цяперашняй Рэспубліцы Беларусь: гвалтам над дзяржаўнай мовай, культурай, гаспадаркай, наглай русіфікацыяй дый іншым.

Сваімі зручнымі адказамі пасол Хвастоў абвінавачваў усё і ўсіх за некаторыя недахопы, пераважна матар’яльнага дабрабыту, хваліў прэзыдэнта як «глабальнага палітыка»...

На пытаньне, чаму прэзыдэнт і цяпер памагае абкрадзеным у народу дабром: харчамі, вопраткай, палаткамі, коўдрамі, — югаслаўскаму дыктатару Мілошавічу, ня змог грунтоўна адказаць. Іншае пытаньне: чаму ў Горадні хочуць сабрацца махляры з маскоўскай Думы і прэзыдэнт РБ ды ягоныя людзі з «палаты» ў Менску, каб ліквідаваць незалежнасьць РБ? Хвастоў паведаміў, што гэта няпраўда...

Глыбокі недавер выклікалі такія адказы. Гутарка трывала каля трох гадзінаў. Некаторыя з нас спадзяваліся пачуць іншае. Заміж таго, хлусьня зь вялікай дозай прапаганды. З залі чуваць былі і галасы на мяжы з лаянкай; сапраўды нялёгка было ўтрымаць прыстойны тон. Пра што тут ідзе і якую мэту мелі незапрошаныя візытары з Атавы?

Усё ж мяркуем, што й такая сустрэча, нават з ініцыятывы беларускіх дыпляматаў была для нас карысная. Нашыя суродзічы канадыйцы як мага памагалі паняволенаму народу ў мінулым, будуць і ў будучыні.

К. Акула, Старшыня Нагляднае Рады Згуртаваньня Беларусаў Канады


***

Новая NATO можа стацца вартаўніком-інтэрвэнтам толькі заходняга сьвету, багатых гэтага сьвету, хаця яна й дзеіць сёньня па справядлівасьці, баронячы крыўджаных. Таму і падтрымліваць сёньня трэба не яе, а УЧК. NATO служыць нацыянальнаму вызваленьню толькі тут і ў той жа час спрыяе нацыянальнаму прыгнёту мноства іншых нацыяў. Прыклад — тая ж Турцыя, якую так спрытна выгароджваў колькі нумароў таму сп. Гары Куманецкі. Спадзяюся, што з-за неінфармаванасьці. Турцыя не адзіны прыклад... NATO мае ўсе шанцы стаць сусьветным драпежнікам, пакуль жывая ідэалёгія імпэрыялізму.

Сяргей Богдан, Маладэчна

Віктар Мухін


«ARCHE» у Гомелі

Не зважаючы на знобкае слотнае надвор’е, у выставовай залі ўнівэрсытэту сабралася 90-100 чалавек, якія з удзячнасьцю віталі менскіх гасьцёў. Пасьля кароткага ўступнага слова Аўгена Касьцюшкі, прэзыдэнта маладзёвага цэнтру «Яравіт», сіламі якога ладзілася імпрэза, рэй павялі прадстаўнікі «ARCHE». Галоўны рэдактар Валерка Буглакаў распавёў пра гісторыю ўзьнікненьня праекту, мэты і задачы, акрэсьліў пляны на аглядную будучыню. Адказны сакратар часопісу Юрась Бушлякоў заакцэнтаваў увагу аўдыторыі на матэрыялах першага сёлетняга нумару «ARCHE», прысьвечанага постмадэрнізму. Госьці з задавальненьнем адказвалі на пытаньні прысутных. Тых цікавілі самыя размаітыя пытаньні: праблема дыялёгу культур у Беларусі, сучаснае становішча беларускай мовы ў грамадзтве, фашыстоўская пагроза ды інш. «ARCHE» выступаў, а «Наша Ніва» ў пэрсоне Зьмітра Бартосіка сьпявала. Сьпявалі таксама Вальжына Цярэшчанка, Андрэй Мельнікаў.

Стэфан Балён


БЕЛАРУСКАЯ КРЫЎДА

Ніколі, напэўна, не дазнаемся, калі зьявілася прымаўка: «Дзе два беларусы, там тры партыі». Надзвычай трапнае выслоўе ня страціць свае актуальнасьці прынамсі на працягу найбліжэйшых дзесяцігодзьдзяў. Для нас сталася звыклаю рэччу: быць у некалькіх партыях ці грамадзкіх арганізацыях адначасова, слухацца ўладаў ды гаманіць пра іхную нелегітымнасьць, галасаваць паводле розных канстытуцыяў ды на розных выбарах. Для Беларусі гэта пакуль што рэч нармальная. Нармальная ня ў сэнсе адпаведнасьці патрабаваньням клёку, але папросту звычайная. Хіба дурань які, згодна зь лёгікай абываталя, будзе рызыкаваць адкрыта выступаць супраць нечага ці некага — нашто, можна ціха йснаваць — толькі сяброўскія пасьведчаньні зь некалькіх арганізацыяў каб у кішэні надзейна трымаліся. Тады можна лаяцца на ўсіх, называць учорашніх прыяцеляў дурнямі, а ў выпадку чаго, апраўдвацца: «У інтарэсах партыі… Для Беларусі… У імя Канстытуцыі…». Калі ж даходзіць да высьвятленьня праўдзівага стану рэчаў, калі нічога ня зроблена, але прамовы сказаныя, беларус уздымаецца на трыбуну й кажа: «Мне шкодзілі… маскоўскія агенты й КГБ… рэжым… кіраўніцтва дурное… самы гэткі». Усё ўрэшце блытаецца й ствараецца безвыходнасьць — яна зьяўляецца ў палітычнай партыі (партыя церпіць паразы й дэградуе), у сям’і (усе лаюцца і ў выніку яшчэ адзін агмень хатняе цеплыні напаўняецца водарам гарэлкі й плачам дзяцей), у краме (таўкуцца яйкі й пляшкі зь півам празь нейкую дробязь), у дзяржаве (канстытуцыйны крызыс ды раздрай у апазыцыі). Народ лыпае вачыма ды, нічога ня сьцяміўшы, плюе на ўсё й маўчыць — на выбары ня пойдзе й на вуліцы ня выйдзе — «усё адно падмануць».

Замкнёнае кола беларускае рэчаіснасьці… Ці магчыма яго разамкнуць? Рэч толькі ў тым, ці здольныя мы пераадолець сваю нацыянальную крыўду на самых сябе? «Дарагія мае масквічы, уважаімыя растаўчане… хваціт месца вам всем у міня на дзіване, сафе і тапчане», — сьпявае Кася Камоцкая. Гэным самым яна паказвае стаўленьне беларуса да сябе й чужынцаў. Госьць-чужынец заўжды будзе накормлены ды пакладзены спаць, а вось свайго беларус можа і ў карак пагнаць. Асабіста мне даводзілася сутыкацца з гэткімі праявамі нашага нацыянальнага характару, як гасьціннасьць да чужых і хамства да сваіх. У краме, калі загаварыць па-польску, дык дваццаць разоў вакол цябе аббягуць і «дзякуй» скажуць, калі ж па-беларуску (пра «чэлавечаскі язык» сьведама замоўчваю), пасылаюць на…: «Не турбуй мазгі». У гатэлях замаўляюцца месцы для замежнікаў, беларус жа й на вакзале пасьпіць. Такіх прыкладаў можна даць шмат.

Разамкнецца кола, калі беларусы перастануць крыўдаваць на сваіх братоў-беларусаў, а будуць стаяць гарой свой за свайго і сваё.


БЕЛАРУСКАЯ СЬПЕЎНАЯ РЭВАЛЮЦЫЯ

«Народны Альбом» у Варшаве

На сцэне варшаўскага «Teatru Malego» 19 траўня рэпрэзэнтаваўся «Народны Альбом». Заля была запоўненая цалкам, музыкаў выклiкалi на «бiс». Леташнiя выступы «альбомаўцаў» на Беласточчыне i ў Пазнанi былi названыя сярод пяцiдзесяцi найважнейшых культурных падзеяў Польшчы. «Супольнаму музычнаму праекту» былi прысьвечаныя тэле- i радыёрэпартажы розных станцыяў i процьма месца на газэтных палосах. Лейтматывам сюжэтаў было зьдзiўленьне й захапленьне: недалёка за ўсходняй мяжой Польшчы iснуе «цоcь такего», што кантрастуе з пагрозьлiва-вычварнымi карцiнкамi, народжанымi беларускiм афiцыёзам.

«Мне спадабаўся наш варшаўскi выступ, — кажа Кася Камоцкая, — але я была крыху зьбянтэжаная тым, як рэагавала публiка. У Пазнанi цi Бельску людзi танчылi й падпявалi, а ў «Teatry Malym» усё было надта ўрачыста». Слухачы воплескамi доўга не адпускалi музыкаў з сцэны, але, напраўду, паводзiлi сябе нiбы наведнiкi опэрнага тэатру. Падобную рэакцыю залi я ўпершыню ўбачыў 12 траўня ў Гомелi на супольным выступе «Ulisu» i «Новага неба» ў ДК «Глухiх». Кожны з гуртоў упершыню ладзiў выступ у гэтым горадзе. Таму ня дзiва, што толькi невялiкая частка фанатаў ахайна танчыла перад сцэнай. Рэч у тым, што астатнiя СЛУХАЛI.

Стваральнiкi «Альбому» вырашылi зьняць з варшаўскай праграмы песьню-эпiграф «Пад прыгнётам панскiм». Досьвед паказаў, што палякi цудоўна разумеюць гумар наконт «пальшчызны» ў Заходняй Беларусi, але любыя намёкi на «прыгнёт» успрымаюць нэрвова. Магчыма, запас гумару ў такiм выпадку канчаецца таму, што палякi добра ведаюць сваю гiсторыю, у тым лiку ролю Картуз-Бярозы ў 30-х гадох. Гэта той самы выпадак, калi немцы не разумеюць нашых показак «пра партызанаў i фашыстаў».

Адзiн з артыкулаў у «Gazecie Wyborczej», прысьвечаны «Народнаму Альбому», пачынаецца словамі цэнтральнага пэрсанажа праграмы — Юзiка. «Усiм прывiтаньне, завуць мяне Юзiк, я хачу жыць у Савецкiм Саюзе» — вобраз простага беларускага хлопца зь пiларамы разрастаецца да касьмiчнага маштабу вядомага генэралiсiмуса. «Юзiк стварыў савецкую Беларусь, бо нiякай iншай стварыць ня ўмеў... Год за годам Юзiк дажыў да нашых дзён i зноў «чакае на рускiя танкi»...

Седзячы на наступны дзень пасьля iмпрэзы ў варшаўскiм пабе, я чытаў артыкул Войцэха Мазярскага «Беларусь вяртаецца да Княства». Артыкул пачынаўся з iмпрэсiйнага, поўнага алегорыяў апiсаньня сучаснага Менску. Па шчырасьцi, каб я ня быў менчуком, я пабаяўся б ехаць у беларускую сталіцу. Рэч у тым, што амаль усе журналiсты параўноваюць сучасную Беларусь з Польшчай часу вайсковага становiшча. Выраз «падарожжа ў часе» ў тым цi iншым выглядзе сустракаецца цi ня ў кожным артыкуле. Высьвятляецца, што ў некаторых момантах праяўленьня сваёй апазыцыйнасьцi нашыя грамадзяне сягнулi далей за палякаў 80-х. У артыкуле Робэрта Ляшчыньскага «Радыё Свабода» пра канцэрт «Ulisu», «NRM», «Новага Неба» i «Крывi» ў клюбе «Акварыюм», ёсьць словы пра бел-чырвона-белыя сьцягi над галовамi слухачоў: «Першы раз бачыў патрыятычную дэманстрацыю на рок-канцэрце. Нават у Польшы ў 80-х нiхто не махаў сьцягамi «Салiдарнасьцi», не кажучы пра нацыянальныя, на канцэртах. Для таго быў Касьцёл». У беларусаў жа няма iншых апазыцыйных iнстытуцыяў, апроч вулiцы i сцэны.

Удзельнiкаў «сьцёбнага» паводле свайго жанру «Народнага Альбому» ў Варшаве прымалi весела, але з урачыстасьцю. Як рэвалюцыянэраў, якiя на час вырвалiся з жандарскага палону.

Севярын Квяткоўскi

P.S.: Сярод слухачоў была толькi адна асоба, аб чыёй рэакцыi на канцэрт можна меркаваць адно па ўскосных прыкметах — Зянон Пазьняк. Хутчэй за ўсё, выступ яму спадабаўся, бо пасьля канцэрту старшыня БНФ сярод iншых прысутнiчаў на неафiцыйнай сустрэчы з «альбомаўцамi», якая адбылася ў карчме «Ў Швейка». А магчыма, Зянон Станiслававiч папросту засумаваў па беларусах, якiх у Варшаве значна менш, чым у Менску.


Шоў мусіць працягвацца

Прэзыдэнцкія выбары скончыліся. Што мы маем у вынiку? Калi верыць арганiзатарам, дык беларусы паставiлi сусьветны рэкорд, варты кнiгi Гiнэса. Нiдзе й нiколi ў сьвеце ў падпольных выбарах прэзыдэнта ня брала ўдзелу 4 мiльёны людзей.

Пакуль выбары рыхтавалiся, многiя зычылi iм посьпеху, у глыбіні душы прагназуючы, што яны не адбудуцца. Таму нiхто й не рабiў альтэрнатыўных прагнозаў, не заглядаў наперад. Калi ж на кампутарных манiторах, са старонак газэт i радыйнага эфiру загучалi фантастычныя лiчбы, усе вакол замiтусiлiся. Нацыя, якую падбадзёрвалi, хутчэй была схiльная ў iх паверыць, абы нешта зьмянiлася ў жыцьці. Зборшчыкi подпiсаў i людзi з выбарчымi скрынямi насамрэч абышлi тысячы кватэраў i хатаў. Апазыцыя, упершыню за столькi гадоў, выйшла са сьценаў сваiх клюбаў у народ... Яны патрапiлi туды, куды не патрапляе незалежная прэса i дзе ня ловiцца вольны эфiр. Легiтымнасьць цяперашняга рэжыму пастаўленая пад сумнеў непасрэдным шляхам. Цяпер сотнi тысячаў людзей ужо спрычынiлiся да пераменаў, а яшчэ столькі ж спрычыніцца хцелі, ды не змаглі.

Што ж адбылося? Тыя, хто не даваў веры ў посьпех гэтае кампанii, сёньня пераконваюць сябе i публiку, што гэта мiстыфiкацыя. Прывыклі, што добра быць ня можа. «Ня веру...» Асноўны матыў — я ня ведаю, як яны гэта зрабiлi. Але хіба ў скептыкаў не было магчымасьці самім пахадзiць са скрынямi па кватэрах цi пералiчыць бюлетэнi?.. Хто з тых, хто па сутнасьцi, не паверыў у свой народ, прысутнiчаў пры падлiках?

Фальсыфiкацыя? А хто i каму даваў права кiдацца гэткiмi абвiнавачваньнямi без «суда i сьледзтва». Што дзiўна, на прынцып прэзумпцыi невiнаватасьцi забылiся як тыя, што даўно ня тут, дык i тыя, што спарадычна катаюцца ў Эўропу вучыцца дэмакратыi...

Адбылося-такi грандыёзнае шоў, якое зьмянiла палiтычны клiмат у Беларусi, выявiўшы патэнцыял i маральныя вартасьцi дэмакратаў паасобна i нацыi ў цэлым. Нiхто з дэмакратычных колаў не прайграў, за выняткам аднае калярытнае асобы.

Мікола Гук, Барысаў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0