Апытаньне на вуліцах

 

50 студэнтаў гiстарычных факультэтаў БДУ i Пэдагагiчнага ўнiвэрсытэту адказалi на адно пытаньне — у якiм зь вядомых iм гiстарычных пэрыядаў яны жылi б з найбольшай ахвотай?

Высьветлiлася, што амаль палова выбiрае сучаснасьць.

— У нашым стагодзьдзі, бо яно прынясе нейкія зьмены, я спадзяюся, на лепшае.

— Найбольш прымальна жыць у наш час і ў Рэспубліцы Беларусь. Мы ня ведаем, дзе мы можам апынуцца.

— Мне цяпер падабаецца. Я жыву, і мне добра.

— Я лiчу, што менавiта ў сучаснасьцi, але нi ў якiм хаўрусе з Расеяй. Я лiчу, што нашае мiнулае было ня вельмi добрае, але й сучаснасьць ня вельмi добрая.

— Я б хацела жыць цяпер і ў Менску, больш за ўсё падабаецца гэты горад.

— Дзе жывем, там і добра, дзе ж яшчэ... Якая розьніца, дзе жыць. Так атрымалася, што ў гэты час жывем, значыць добра.

Цiкава, што толькi два чалавекi з апытаных не хацелi б жыць у Беларусi:

— У 60-я гады ў Амэрыцы... Тая культура: гiпi, свобода: усе гэтыя дачыненьні мне вельмі падабаюцца. Я хацеў бы жыць толькі там.

— Стагодзьдзі ў шаснаццатым. Я рамантычная натура, а ў гэты пэрыяд якраз — рыцары, каханьне... Думаю, у Маскве ці Пецярбургу.

А вось тыя, хто абраў будучыню:

— Будучыня. Можа, што-небудзь палепшыцца... Часы пераменаў — самае страшнае.

— Трэцяе тысячагодзьдзе — штосьці новенькае, цікавае. Проста я дастаткова добра ведаю гісторыю, там мне будзе нецікава.

— Мабыць, у будучынi. Таму што ў будучынi будзе незалежная вольная Беларусь.

Толькi дзясятая частка апытаных студэнтаў-гісторыкаў назвала сваiм улюбёным пэрыядам часы Вялiкага Княства Лiтоўскага:

— Пэрыяд ВКЛ. Напэўна, стагодзьдзе шаснаццатае, пачатак. ВКЛ у гэты пэрыяд было вельмi моцнае.

— Напэўна, у часы ВКЛ, стагодзьдзi ў шаснаццатым — росквiт нашай культуры, росквiт незалежнасьцi.

Часам маладыя людзі згадвалі Полацкае княства, часам — канец дзевятнаццатага стагодзьдзя, некалькi разоў — васямнаццатае... Толькi адзiн з рэспандэнтаў сьвядома перанёсься б у мiнулае пры ўмове, што на пэўны час:

— Жыць у апошнiя гады Рэчы Паспалiтай, каб удзельнiчаць у паўстаньнi Тадэвуша Касьцюшкi, каб пазбавiць нашую спадчыну ад такога лёсу дурнога.

Але ня ўсiх апытаных цiкавiць будучыня альбо мiнулае дзеля будучынi. Знайшлiся й прыхiльнiкi лёзунгу «Наперад, у мiнулае!»

Магчыма, наступная цытата патлумачыць, чаму ўжо колькi часу беларусы «вiсяць» памiж мiнулым i будучыняй:

— У каменным веку, тады быў камунізм, дэмакратыя. Разумееце, чым больш складаная культура, тым горш у ёй жыць.

Севярын Квяткоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0