Нас ня чуюць, бо мы маўчым

 

Важкая, можа нават вызначальная роля нашых продкаў, ці, як іх тады называлі, русінаў, у гістарычнай бітве пад Грунвальдам-Танэнбэргам бясспрэчная. Пра гэта кажуць ці ня ўсе вартыя даверу крыніцы. Нават у Длугаша, які так не любіў русінаў, з 18 названых харугваў Вітаўта ажно 14 — зь беларускіх ці ўкраінскіх земляў. Але такія факты ведаюць спэцыялісты. Для людзей паспалітых часам і ў Беларусі гэта трэба тлумачыць, даводзіць, а ў маштабе міжнародным Грунвальд сапраўды застаецца польска-літоўскім.

Прычынаў таму шэраг. На ўзроўні коду такая выразная неадпаведнасьць падзеі і яе гістарыяграфічнага міту была зададзеная дыскрэтнасьцю нашай традыцыі, зьменамі гістарычнага імя Беларусі, а потым павялічаная неразьвітасьцю беларускай гістарыяграфіі. Фактычна, толькі пасьля развалу СССР, калі ў Беларусі сваёй гісторыі стала надавацца сур’ёзная ўвага, мы пачалі шырэй пісаць пра Грунвальд. Нават тое, што змаглі, дазволіла «прыўласьціць» гэтую падзею, зрабіць фактам масавай сьвядомасьці (і назву ж сваю знайшлі — Дуброўна). Іншымі словамі, хоць часткова споўнілі тое, што палякі й літоўцы пасьпелі сто гадоў таму. Але нашыя публікацыі пра Грунвальд засталіся рэчамі «хатняга ўжытку»: навонкі яны не працавалі. Ну як сьвету ўведаць пра ўдзел беларусаў у той славутай сечы, калі мы не сказалі яму пра гэта? Ані гіды, ані аўтары энцыкляпэдычных выданьняў або сынтэзаў-падручнікаў не бяруць у рукі аўтэнтычных крыніцаў — летапісаў і кронік. Яны карыстаюцца гатовым прадуктам нацыянальных гістарыяграфіяў, у якіх — уласныя вэрсіі мінулага. Кожная нацыя эгацэнтрычная і ня дзеліцца «сваёй» гісторыяй, тым больш перамогамі.

Праблема ўскладняецца тым, што беларусы адсталі ў нацыянальным разьвіцьці ад суседзяў, спазьніліся на «прыватызацыю» гісторыі. Эўрапейская візія мінулага ўжо сфармаваная, а яе рэвізія вымагае вялізных высілкаў і адпаведнай дзяржаўнай палітыкі — унутранай і міжнароднай. Ня маючы нічога гэтага, мы не набываем і сваёй гісторыі. Мы проста не падаем сьвету голасу. Сьвежы прыклад: у найноўшай двухтамовай «Глябальнай энцыкляпэдыі гісторыяпісаньня» прадстаўленыя гістарыяграфіі і гісторыкі літаральна ўсіх краін сьвету, за выняткам Беларусі. Адзін беларускі гісторык, праўда, фігуруе двойчы — наш Даўнар-Запольскі: першы раз ва ўкраінскай, другі — у літоўскай навуцы... Ізноў жа таму, што няма сьледу нашай нацыянальнай гістарыяграфіі, нас не чутно, мы самаізаляваліся. Каб нас чулі, мусяць быць кандыцыйныя — па эўрапейскіх стандартах — прадукты, прычым на сусьветных мовах. Дасюль — ніводнай такой працы беларускіх гісторыкаў ні па-ангельску, ні па-нямецку, ні па-француску... Тое ж з Грунвальдам. Мы ня маем уласнага навуковага дасьледаваньня самой гэтай бітвы, не сказалі яшчэ ў грунвальдазнаўстве свайго слова нават па-беларуску. На каго ж тут крыўдзіцца...

Генадзь Сагановіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0