Салман Рушдзі:

Чалавек з фэтвай

 

Салман Рушдзі — найяскравейшае ўвасабленьне сучаснага касмапалітычнага пісьменьніка-нігіліста, што сьмела ломіць усялякія традыцыі й стэрэатыпы. Яго залічаюць да «брытанскай чорнай літаратуры», створанай пісьменьнікамі-эмігрантамі ці нашчадкамі эмігрантаў з былых брытанскіх калёніяў.

Ён нарадзіўся ў індыйскім месьце Бамбэй у 1947 г. у сям’і сярэдняга стану. У 1961 патрапіў у Брытанію, дзе ад таго часу й жыве, вывучаў у Кембрыджы гісторыю, нейкі час працаваў у тэатры й рэклямнай галіне. Першы ягоны раман выйшаў у 1975 г., першы бэстсэлер — у 1981 г. (раман «Дзеці поўначы») — раман-эпас, дзе аўтар злучыў індыйскую апавядальную традыцыю з гісторыяй свайго героя, выкарыстаўшы да таго ж досьвед заходняй літаратуры (уплывы Грымэльсгаўзэна, Стэрна, Маркеса і інш.). Рушдзі зьвязаў біяграфію чалавека з падзеямі індыйскай гісторыі ад 1915 г. да сярэдзіны 70-х. У 1983 выходзіць раман «Сорам», дзе ў аснове зноўку ляжыць гістарычная лінія палітычных падзеяў у Пакістане. Узрастае доля іроніі, фарсу, жартаў, высьмейваньня ў пісьменьніцкім стылі, гісторыя ставіцца пад сумнеў. Урэшце ў 1989 друкуецца найзнакаміцейшая кніга Рушдзі «Сатанінскія вершы», што, хаця й не адзначалася мастацкімі якасьцямі сярод іншых яго твораў, але прынесла аўтару вядомасьць. Ніводзін літаратурны твор не выклікаў да сябе так шмат увагі ў найноўшыя часы, як «Сатанінскія вершы». Колькі людзей згінула празь яе, колькі скалечана. У дзевяці краінах гэты твор забаронены як блюзьнерскі.

Канфлікт вакол «Сатанінскіх вершаў» агаліў даўно існуючы літаратурна-культурны канфлікт. Супраць яго выступілі ўсе мусульмане. Хаця лібэралы й не падтрымалі фэтву, але яны адназначна асудзілі сам твор Рушдзі, які, на іх думку, узмацніў пазыцыі ісламскіх фундамэнталістаў, садзейнічаў умацаваньню брытанскага расізму й антыісламскіх забабонаў на Захадзе.

«Сатанінскія вершы» — гэта антыфэтышысцкі трактат, што ганьбіць сурагатную маскультуру мэтраполіяў, якую прапаноўваюць новай маладой эліце Індыі наўзамен разарваных рэлігійных, сацыяльных і культурных павязяў. Гэтая крытыка падчас даходзіць да цынізму. Ведама ж, простыя мусульмане не заглыбляюцца ў сэнсы і падтэксты «Сатанінскіх вершаў».

Новы раман Рушдзі «Зямля пад яе нагамі» зноў нечаканы: ён прысьвечаны рок-н-ролу. Заходнія крытыкі безагаворачна прылічаюць раман да ўласнай традыцыі, індыйскія ж бачаць у ім пошук самасьцьвярджэньня ў духу ўсходніх рэлігіяў. Менавіта пра апошні раман і гаварыў вольны пісьменьнік у нядаўнім інтэрвію часопісу «Штэрн».

 

— За вашае жыцьцё абяцана ня толькі 3 мільёны$, але й дом з садам, 10 дываноў і нямала пашы. Мы гутарым з Вамі пад аховай трох ахоўнікаў адмысловага аддзелу Scotlаnd Yard-у. Ці адчувалі Вы сьмяротную небясьпеку, калі прачыналіся сёньня?

— Ужо колькі гадоў я ня здатны да такога пачуцьця. Летась у верасьні я быў упэўнены, што фэтва ўжо стала пылам, бо між ЭС і Іранам знойдзена паразуменьне. Я адчуў палёгку, нібы хворы, якому сказалі, што знойдзены ў яго рак спыніў сваё разьвіцьцё. Але, на жаль, у Іране ёсьць аб’яднаньні фанатыкаў, якім цалкам абыякавае рашэньне іхнага ўраду. Жахлівая мроя яшчэ ня скончылася. Жыцьцё пад бясьпечнай абалонкай зьнішчае ўсялякую стыхійнасьць і для гэткіх жывых людзей, як я, зьяўляецца штодзённым катаваньнем.

 

— Вы казалі, што, калі усё скончыцца, падвергнеце сябе псыхааналізу. Не перадумалі?

— Верагодна, варта было б легчы на канапу лякарні, бо ўва мне назапасілася шмат ярасьці й горычы, якіх я не магу выціснуць зь сябе ў цяперашніх умовах. Па-нармальнаму я даўно мусіў бы зьехаць з глузду.

 

— Ці будуць адкрытыя грамадзкасьці вашыя дзёньнікі?

— Летась я меркаваў абнародаваць іх, каб такім чынам раз і назаўжды адказаць на ўсе пытаньні журналістаў наконт фэтвы. Але гэта забрала б у мяне 2 гады на прывядзеньне нататак у аўтэнтычную форму. Ды й ці сапраўды я хачу перажыць кожную дэталь майго жыцьця яшчэ раз? Я раманіст, а не дакумэнтальны кранікёр. Дзёньнікаў ня выйдзе. Гэтыя 10 гадоў — мая страхоўка на старасьць. Калі ў мяне некалі ня будуць больш атрымлівацца раманы, я вярнуся да гэтай згубнай тэмы.

 

— Фэтва стала лепшай дармовай рэклямай для Вашых кніжак. Як пачуваецца чалавек, калі становіцца найславутым пісьменьнікам сьвету, дзякуючы сьмяротнаму прысуду?

— Паверце мне: я проста ненавіджу тое, што мяне ўспрымаюць «чалавекам з фэтвай». Я ж ведаю таксама, што «Сатанінскія вершы», нягледзячы на мільённы наклад, зьяўляюцца найменш чытальным бэстсэлерам сьвету. Чым больш кніжка становіцца падзеяй, тым менш хочуць яе чытаць. Я вельмі хачу, каб маё імя зьнікла з палітычных разьдзелаў газэт і захавалася толькі ў літаратурных. Толькі там маё месца.

 

— Многія пісьменьнікі могуць працаваць толькі на ўласных пісьмовых сталах. А як працуецца Вам у бясьпечных памяшканьнях Scotland Yard-у?

— Пэўна, вас ня зьдзівіць тое, што сьмяротны прысуд не спрыяе засяроджаньню думак? Пасьля фэтвы я зь вялікай цяжкасьцю прывучыўся пісаць у самых неверагодных месцах. Аднак, калі б не пачалі выпускаць партатыўныя кампутары, я б ня мог гэтага рабіць. Рукапісныя варыянты, нейкія пробныя нататкі, даведнікі — усё, чым раней быў закіданы мой пакой, я сёньня нашу ля сябе на дыскетах. Які-ніякі досьвед з майго качэўнага існаваньня я змог скарыстаць пры стварэньні фігураў майго новага раману. Я ведаю, як адчуваюць сябе зоркі, што па два гады знаходзяцца ў сусьветным турнэ. Так і я колькі разоў прачынаўся ўранку, ня ведаючы, дзе я цяпер знаходжуся.

 

— Ваш новы раман «Зямля пад яе нагамі» апавядае гісторыю рок-музыкі празь фігуры дзьвюх выдуманых супэрзорак. Чаму ён пачынаецца 14 лютага 1989 г., у дзень выданьня фэтвы?

— Гэта прыватны жарт, што я сабе дазволіў. Кніжка пачынаецца з катастрафічнага землятрусу, а фэтва была для мяне землятрусам. Я ненавіджу дзень сьвятога Валянціна, кожны год мне цяжка яго перажыць. Таму мне хацелася надаць гэтай змрочнай даце хаця б нейкае літаратурнае значэньне.

 

— Амаль усе спробы напісаць рок-раманы праваліліся. Гэта далікатны жанр…

— Пры напісаньні ў мяне ўвесь час было адчуваньне міннага поля. Наўрад ці які іншы сюжэт прапануе так багата шанцаў выглядаць ёлупнем. Рок-песьні здаюцца чыстай павярхоўнасьцю, але напраўду зьяўляюцца духоўнай ежай мільёнаў. Натуральна, тэма неверагодна прывабная — ад віетнамскай вайны да наркатычнай субкультуры матывы зьліваюцца ў адно. Рок выражае пратэст контракультуры. Раней жаўнераў у вайну падбадзёрвалі гукі маршаў. У Віетнаме ж амэрыканскія жаўнеры ляжалі пад вагнём у джунглях і слухалі «Doors», якія апявалі цнатлівасьць дзяўчат, што таньчаць. Рок дапамог скончыць вайну. Не таму, што казаў «No more war», а таму што неўнікнёна сьвяткаваў жыцьцё. Таму, напрыклад, «Light My Fire» слухаюць і тыя, хто яшчэ й не нарадзіўся, калі Джым Морысан склаў гэтую песьню.

Мне было дзевяць гадоў, калі я ўпершыню пачуў рок. Дзіўна, што ён ня здаўся мне чужы, пры тым што я, дзіцё з індыйскай сям’і, ведаў пра Амэрыку толькі праз коміксы пра Бэтмэна. Нягледзячы на гэта, у мяне было пачуцьцё, што я слухаю сваю музыку. Рок-н-рол быў першай музыкай, што абляцела расы, культуры й кантынэнты. Цэлая плянэта рэагавала падобным чынам. Культурсацыёляг адважыўся б, відаць, на тэзу: з Элвіса пачалася глябалізацыя.

 

— Якія CD Вы ўзялі б з сабой на бязьлюдны востраў?

— «Blond On Blond» Боба Дылана, «Astral Weeks» Кэрал Кінг, «Walk On The Wild Side» Лона Рыда, «Concert In The Park» Пола Саймана і «Motown-Sampler». Нішто ня ўзносіць мяне так, як «Motown». Гэта самая захапляльная й радасная музыка сьвету. Іншых альбомаў мне зусім ня трэ было б, «Sgt. Pepper» групы «Beatles», напрыклад, ці некаторыя раньнія плыткі «Stones». Гэтую музыку я магу прайграць у галаве.

 

— Што мусяць мець зоркі, такія, як Джагер і Бона, каб заставацца папулярнымі доўгія гады?

— Галоўнае, ты мусіш ведаць, хто ты. Апошні сказ, які чуў у сваім жыцьці Дж. Ленан, гучаў так: «Ты знаеш, хто ты?» Пасьля таго, як у яго стралялі, ён ляжаў, сьцякаючы крывёю, у паліцыйным аўто, і паліцыянт зноў і зноў крычаў яму ў твар гэтае пытаньне, каб утрымаць яго ў сьвядомасьці. Ленан адказаў бы. Элвіс, наадварот, не. Ён належаў да «клюбу дурняў» рок-н-ролу разам з самаразбуральнікамі Джэніс Джоплін, Джымам Морысанам, Джымі Гендрыксам і Куртам Кобэйнам.

 

— Пра гераіню свайго раману, рок-багіню Віну Апсару вы пішаце: «Яе гатоўнасьць адкрыта размаўляць пра інтымныя рэчы — свае сэксуальныя схільнасьці, свае адхіленьні — была гэтаксама важная, як ейны талент, верагодна, нават важнейшая». Гэта тлумачыць загадкавы эксгібіцыянізм многіх славутасьцяў?

— Папулярнасьць прынцэсы Даяны вырасла да нябёсаў тады, калі яна пачала выстаўляць напаказ свае раны й крыўды. Калі я пішу, я часта думаю пра грэцкія паданьні аб багах. Гэтыя багі прыцягальныя для нас, бо яны ня кажуць, што лепшыя за нас. Хоць яны магутнейшыя, але гэткія ж пустахвальныя, слабыя й лютыя, як мы. Яны падаюцца нам павялічанымі, перабольшанымі варыянтамі саміх сябе. Адзінае, чаго патрабуюць гэтыя багі, — пакланеньня, багатварэньня. У бязбожныя часы, як сёньня, людзі шукаюць багоў-заменьнікаў. Гэта могуць быць рок-зоркі, супэрмадэлі ці акторы. Знакамітасьці мы ўшаноўваем не насуперак, а з-за іх слабасьцяў. Чым больш паразаў яны спазнаюць, тым мацней мы іх любім. Цяга нейкага музыкі да гераіну ёсьць часткай яго прывабнасьці. Калі нейкая кінадыва паволі старэе, мы атрымліваем уцеху, назіраючы яе нарцысічныя мучэньні. Яе барацьба супраць нечага нагадвае нам нашу барацьбу. І мы прабачаем зоркам іхнае абжорства, як прабачаем і сабе таксама. Яны вызваляюць нас праз свае грахі. Пазнаць сябе ў іншым — адзін з наймацнейшых чалавечых імпульсаў. На гэтым грунтуецца таямніца літаратуры.

 

— Чаму ж тады ніводзін пісьменьнік не папулярны так, як поп-зорка?

— Мы — ахвяры культуры прызнанасьці. Літаратура абяцае, што вы спазнаеце нешта вартае, калі пойдзеце ўсьлед за нейкай выдуманай фігурай, як сапраўднай. Але між людзей пашырыўся агульны недавер да ўяўленага й выдумкі. Замест таго, каб шукаць праўдзівасьці, людзі ахватней чытаюць «сапраўдныя гісторыі жыцьця». «Анна Карэніна» пакрываецца пылам у шафах, а пакуты прынцэсы Даяны робяцца чытанкай мільёнаў.

 

— Дарэчы, на сьмерць гераіні вашага апошняга раману апісанае ў ім грамадзтва рэагуе таксама, як і на сьмерць прынцэсы Даяны. Вы абазначаеце гэта Feedback Loop, малпаваньнем.

— Труп Даяны стаў найпраўдзівейшым люстэркам нашае культуры. Шчырая людзкая туга па Даяне доўжылася толькі 10 сэк. Пасьля СМІ прадэманстравалі першыя карціны жалобы. Далей ужо людзі рэагавалі не на сьмерць Даяны, а на выгляд людзей у жалобе. Вельмі хутка праўдзівая жалоба прайшла, і людзі йгралі ролю жалобных. Я глядзеў на натоўп вакол Кенсынгтонскага палацу. Колькасьць тых, хто сапраўды тужыў, усё меншала. Замест таго прыходзіла ўсё больш гледачоў, што хацелі пабачыць тых, што тужаць. Гэта агульная тэндэнцыя. Мы рэагуем ужо больш не на сапраўдную падзею, а на рэха, якое гэтая падзея выклікала ў СМІ. Мы хочам стацца часткай таго, што бачым у ТБ. Гэта я й называю Feedback Loop.

 

— Поп-музыка й кіно супольна выцясьняюць літаратуру, прынамсі па лічбах продажу. Гэта робіць Вас пэсымістам?

— Некалі пачнецца бунт супраць усё большай трывіялізацыі нашай культуры. На кніжным рынку гэта ўжо адзначаецца. У сьпісах бэстсэлераў мы знаходзім апошнім часам сапраўды добрыя кніжкі. Вершы Тэда Г’югза былі на першым месцы ў Брытаніі, прадаліся накладам у некалькі соцень тысяч асобнікаў. За акіянам тым часам сур’ёзныя аўтары, Тоні Морысан, Чарльз Фрэйзыер і Дон Дэліла, маюць агромністую публіку. Мне гэта нагадвае ЗША сярэдзіны 70-х. Тады такія амбітныя аўтары, як Сол Бэлоў, Джозэф Гелер, Філіп Рот належалі да найбольш прадавальных. Але ад канца 70-х дзесяць гадоў у літаратуры панавала лухцень. Выгляд, форма засланілі сутнасьць, а позу паблыталі са стылем. Цяпер, падаецца, чытачы насыціліся сьмецьцем. Яны хочуць, каб іх мазгі ўрэшце зноў атрымалі спажыву.

Падрыхтаваў Сяргей Богдан, Маладэчна


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0