Выхад у горад

 

Неяк адзiн мой даўнi прыяцель, — чыстакроўны беларус, плюс носьбiт шыкоўнага шляхецкага прозьвiшча, плюс уладальнiк радавога дому на Жлобiншчыне ды яшчэ, можна сказаць, мой першы настаўнiк беларускай мовы — прычапiўся да маёй нетутэйшасьцi. «Вось уявi сабе, — казаў ён, — што твае бацькi засталiся ў свой час у Казахстане. Цi замест Беларусi завезьлi цябе, небараку, у якi-небудзь Ханты-Мансiйск. Гэта ж якога казахскага дзеяча згубiла б Алма-Ата. А ўжо ханты-мансiйская мова безь цябе, пэўна, увогуле даўно б загнулася. А яшчэ цiкавей — не супакойваўся беларускi шляхцiц — закiнуць цябе ў якi вясёлы трыццаць трэцi ды паглядзець, якiм бы ты там адраджэньнем займаўся».

Гэты маналёг я ўзгадаў пад час апошняй вандроўкi ў Гомель на прэзэнтацыю часопiсу «Arche». «Arche» мелася гаварыць, а «Наша Ніва» — сьпяваць. Я ўпершыню ехаў у гэты горад госьцем, якому месца толькi ў гатэлi. Новы лiтаратурны часопiс ляжаў у кайстры. Насупраць мяне сядзелi ягоныя галоўны рэдактар i адказны сакратар. Памiж намi — пляшка джыну «Ведрыч». Да Мар’iнай Горкi размова iшла даволi сумна —Пазьняк, хакей, замежжа. Але па меры перамяшчэньня цудоўнага рэчыцкага напою ў нашыя артэрыi, тэмы станавiлiся больш узьнёслымi — лiтаратурны працэс, айчынная клясыка, творца й час. За Бабруйскам стала ясна, што працяг лiтаратурнай гутакi патрабуе новага палiва. Я пайшоў у буфэт. «Гарэлку, калi ласка». «Калiласкi» няма. Толькi «Сталiчная». «О! Гэты тонкi гомельскi гумар!»

Па выхадзе ў родны горад мяне разьвезла. Паўднёвае буяньне каштанаў на вулiцах, водар дажджу i хмель у галаве зьмянiлi мой погляд на знаёмыя мясьцiны. Я пачаў удаваць зь сябе прызнанага генiя, п’янага ад шчасьця сустрэчы з родным кутком, якому ўсё дазволена. Гучна й шмат мацюкацца, пры сустрэчы са знаёмымi лабызаць iх так, быццам з моманту расстаньня прайшло немаведама колькi часу. Цягнула на ўспамiны.

Па абедзе я вырашыў пашпацыраваць пад цёплым дажджом, якi не сьціхае ўвесь дзень. Некалi, на пачатку 92-га году, я абыйшоў у гэтым раёне кожную кватэру. Мы хадзiлi тады зь вялiкай мiсiяй збору подпiсаў за роспуск Вярхоўнага Савету БССР.

Мы вельмi любiлi тады паразважаць пра нашу хуткую ды лёгкую перамогу, калi мы будзем езьдзiць на вольвах ды размаўляць на роднай мове. Цiкава — колькi нас тады, «каўбоеў», было? Маладых людзей, розных па крывi, амбiтнасьцi, мэтах, але якiм абрыдла жыць па-савецку? Калi лiчыць па тагачасных накладах «Крынiцы», дык недзе пад паўмiльёна. Але калi меркаваць па тых, хто хадзiў ды зьбiраў тыя подпiсы, дык пара тысячаў. Менавiта пад час тых хаджэньняў я ўпершыню ў жыцьцi загаварыў па-беларуску. Памятаю нават свае першыя словы: «Добры вечар. Мы з БНФ. Вы, безумоўна, ведаеце, што ў Беларусi надыходзяць новыя часы. Расьпiшыцеся, калi ласка». Пасланцоў новае эпохi тады сустракалi не бяз радасьцi. Прынамсi, фашысцкiм малодчыкам мяне абазвалi толькi двойчы.

Што было пасьля, добра вядома. Вяртаньне краiны ў свой часавы пояс. I гэта для мяне па сёньня вялiкая загадка. Я ж выдатна памятаю, зь якой надзеяй нас сустракалi людзi... Кепскiя, значыцца, атрымалiся з нас агiтатары. Дарэчы — амаль усе мае колiшнiя пiянэры палiтычнага Кландайку героямi свайго часу так i ня сталi. Хто падаўся на эмiграцыю, каго заеў нiшчымны быт, хто шчыруе ў дзяржструктурах.

Па дарозе на iмпрэзу я ня здолеў абысьцi сваёй увагаю маладую бляндынку, што пацепвалася пад дажджом у чаканьнi тралейбуса. Нiбы ў нейкiм заўтрашнiм сцэнары яна вясёла адказвала на мае заляцаньнi з той лёгкасьцю, зь якою беларуская мова зьлiваецца з паветрам. Перастаючы быць этыкеткай. Панi сьпяшалася на цягнiк у Рэчыцу, дзе яна зьяўляецца актывiсткаю БПСМ.

Аддаўшыся ўспамiнам, на прэзэнтацыю я крыху спазьнiўся. У невялiкай выставачнай залi мясцовага ўнiвэрсытэту з таннымi рэпрадукцыямi Рэрыха па сьценах сабралося крыху пад сотню маладых людзей. Хвiлiнаў пяць я з асалодаю назiраў за iхнымi жывымi тварамi, большая частка зь якiх мне была невядомая. Прысутных вельмi цiкавiла тое, што распавядаюць мае спадарожнікi. Ломка прэзумпцыi нецiкавасьцi беларускага, разьвейваньне iмпэрскага мiту Вялiкай Айчыннай вайны ды iншыя цiкавосткi праекту зь незразумелай грэцкай назваю «Arche». Некаторыя з прысутных прагна штудыявалi старонкi, не зважаючы на прамоўцаў. Гледзячы на iх, я яшчэ раз пераканаўся, што беларускi час i не спыняўся нiколi. I калi б мне сёньня якi чараўнiк прапанаваў памяняць мой час, я б адмовiўся. Бо менавiта гэты час — мой, беларускi. I тое, што гадоў пяць таму здавалася амаль немагчымым — ну, напрыклад, пазнаёмiцца на вулiцы з упадабанай дзяўчынай без дапамогi «вялiкага й магучага», цi пачуць мову Купалы з вуснаў мянта — сёньня для мяне такая ж будзённая рэч, як дэфiцыт нармальнай сьмятаны.

Гомельскi дзень сканчаўся ў цудоўнай кампанii, у рэстарацыi. Цэнтравы кабак абласнога цэнтру толькi распачынаў сваё жыцьцё. Цыгарэтны дым яшчэ не пасьпеў ператварыцца ў сiнi туман, пра якi лянiва сьпявалi музыкi, яшчэ можна было адшукаць столiк з чыстым абрусам. Пакуль на нашым стале вымалёўваўся цудоўны натурморт з гарэлкаю ды чырвонаю iкрой, я не безь цiкавасьцi пачаў разглядаць публiку.

Тыповы набор пэрсанажаў часопiсу «Вожык» за 73 год. Кнырападобныя заўмагi-кавалеры падлiвалi водачку сваiм багатагрудым мадамам, таксама якiм-небудзь таваразнаўцам. Каб пасьля, натрэскаўшыся эскалёпаў, трэсьцi потнымi целясамi пад завываньнi чырванамордага, валасатага салiста, якi вiдавочна забыўся надзець клёшы й чырвоную кашулю. Гэта ў iх называецца — весела правадзiць урэмя... Не разумею — як iх дасюль ня выверне ад гэтага вясельля, якое за дваццаць пяць гадоў не зьмянiла анi мэню страваў, анi iнтэр’еру сьценаў, хiба толькi крыху абнавiўшы рэпэртуар ВIА.

Праз пару столiкаў ад сябе я заўважыў свайго шляхцiца. Той iмклiва набiраўся гарэлкаю. Бурны час, за якi мы не пабачылiся нi разу, крута праехаўся па колiшнім рамантыку надыходзячай эпохi нацыяналiзму. Некалi выцягнуты iнтэлiгенцкi твар нездарова пакруглеў. Заўжды прамая сьпiна згорбiлася. У колiшнiм насьмешлiва-скептычным позiрку запанавала разгубленасьць i зашуганасьць. Можна было й не запытвацца пра сёньняшняе жыцьцё. Ён ужо наўрад цi зачытваецца «Нашай Нiваю» й заслухваецца «Новым Небам».

Я глядзеў на свайго былога сябра й нiяк ня мог пазбавiцца нейкага дурнога пачуцьця сораму. У ягоных вачах, я, напэўна, выглядаў лашчоным эмiгрантам з пошлаю запальнiчкай «Зiпо». Мы стрымана, аднымi вачыма павiталiся. Размовы б усё адно ня выйшла. Беларускую мову я засвоiў зь iншымi настаўнiкамi.

Дачакаўшыся нарэшце, калi чырвонатвары салiст скончыў крычаць пра «чужую мiлую» і аб’явiў перапынак, мая любiмая бардэса, што сядзела побач, расчахлiла гiтару.

Усё ж, што нi кажы, мне сапраўды пашанцавала з часам. Калi можна на ўвесь голас засьпяваць напiсаную на ўсе часы «Запяi мне песьню». Калi з кожным новым куплетам гоман кабака будзе зацiхаць, каб зацiхнуць увогуле. Мы дапяялi адно пад шум дажджу за вокнамi. Нам пляскалi. Мой прыяцель сышоў. Дапальваючы апошнюю цыгарэту, я лiшнi раз пераконваўся — усё, што будзе сьведчыць пра гэты час у наступныя, напэўна, больш сытыя й цывiлiзаваныя часiны, будзе толькi беларускiм. Зрэшты, сам гэты прыметнiк непрыкметна й паступова ўжо сёньня становiцца сынонiмам слова «сучасны». Сучасны пiсьменьнiк, сучасны часопiс, сучасная мова. Адстаць ад гэтага часу можна. Можна яго й не заўважаць. Нашмат больш цяжка i ўдзячна — жыць у iм. У сваiм часе. Няўжо гэта так цяжка зразумець? Цi для хутчэйшага ўразуменьня сапраўды патрэбны трыццаць трэцi? Зрэшты, хай скончыцца дзевяноста дзявяты.

Пара было на вакзал...

Зьміцер Бартосік


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0