Юры Андруховіч
Постмадэрнізм — мая апошняя тэрыторыя
Сапраўды, надышоў нарэшце той час, калі постмадэрнізм у нас не крытыкуе толькі лянівы ці мёртвы. Асабіста я сябе лічу нелянівым і жывым, таму я далучыўся б хутчэй да тых, хто нападае. Пагатоў што іх тактыка здаецца пасьлядоўнай і выйгрышнай. Аднойчы я спрабаваў сыстэматызаваць і пералічыць усе (або, прынамсі, найбольш частотныя) абвінавачваньні супраць постмадэрнізму, і ў мяне выйшла, што ён:
1) заняты амаль выключна цытаваньнем, ён каляжуе, мантажуе, паразытуе на тэкстах папярэднікаў;
2) абсалютызуе гульню дзеля гульні, адкідаючы жывую непасрэднасьць творчасьці, перажываньняў, душэўнага і духоўнага, паважнасьць мастацкага апавяданьня і супэрнаратыў;
3) падрывае веру ў прызначэньне літаратуры (хто б і што б пад гэтым прызначэньнем не разумеў); вось жа, постмадэрнізм — гэта сьмерць літаратуры;
4) іранізуе наконт усяго на сьвеце, у тым ліку й самой іроніі, адкідаючы ўсялякія этычныя сыстэмы (уласна кажучы, ужо толькі «недаломкі этычных сыстэмаў») і дыдактычныя ўстаноўкі (дакладней, «рэха гэтых установак»);
5) камбінуе напаўіндывідуальнае аўтарскае «я» з рэштак іншых аўтарскіх сьветаў; вось жа, постмадэрнізм — гэта яшчэ раз сьмерць, сьмерць аўтара як творцы ўласнага індывідуальнага аўтарскага сьвету;
6) «карнавальнаю» (а насамрэч толькі посткарнавальнаю) маскаю адмяжоўваецца ад любой адказнасьці перад навакольным і за навакольнае;
7) тупа экспэрымэнтуе з моваю (-амі), мэханічна нарошчвае суму прыёмаў ды мэтадаў, а таксама іхных камбінацыяў, вось жа, зноўку — «з глыбокім смуткам паведамляем пра сьмерць...»
8) па-рабску поўзае на каленках перад віртуалам, мультымэдыйнымі безданямі й бэстыямі, прагне падпарадкаваць мастацтва электронным імпэрыям ды навек пахаваць ягоны дух у іхным інтэрпавучыньні;
9) дражніцца з масавай культурай, дэманструючы безгустоўнасьць, вульгарнасьць, ня грэбуючы «сэксам, садызмам і насільлем»;
10) руйнуе гіерархію, падмяняе асновы, пазбаўляе сэнсу, размывае межы, бярэ слова ды й саму рэчаіснасьць у двукосьсе, хаатызуе й без таго хаатычнае быцьцё, іранізуе, цытуе, каляжуе, мантажуе... ну так, гэта ўжо было.
Такім чынам, пра постмадэрнізм застаецца сказаць, што ён:
а) агнастычны, аганізуючы, амбівалентны, амэрыканскі, анэмічна нядужы, анталягічна маргінальны;
б) «бязьмежна адкрыты глухі кут», бясплённы, бі- (і болей)-сэксуальны;
в) варыятыўны, вульгарызатарскі, вечна другасны;
г) гермафрадытычны, гетэрасэмантычны, гомаэратычны, гвалтоўна-прэтэнцыйны;
д) дыскурсіўна дэфэкацыйны;
дз) дзяшовы, дзелавы;
дж) джэмападобны;
е) еўнухаморфны;
ё) ёрнік;
ж) жартацэнтрычны, жыдамасонскі;
з) закамплексавана-збачэнскі, замбавальны;
і) імітацыйны, імпатэнтны, інтэртэкстуальны, інцэстуальны;
к) кліпавы, каляжны, каляптычны, камбінаторна-кампіляцыйны, кампіляцыйна-кампутарны, канфармісцкі, кансумпцыйны;
л) лябатамічны;
м) манерны, маньерыстычны, мяртвозны, млявы;
н) надмерны, нэанэкрафільскі, нованэўратычны, нудны;
о) оптава-опусны;
п) палімпсэстычны, паразыцкі, патавы, паталягічна перасычаны, пэрвэрсійны;
р) рэкрэацыйны, рэмінэсцэнтны, разьдзяры-рота-пазяхальны;
с) сыты, сытуатыўны, структуроідны і структураідны;
т) трансвэстычны;
у) уранічны;
ф) фэльетонавы, фэмінізаваны, фэлінізаваны, фрагмэнтарны;
х) хваробатворны, хімэрызуючы;
ц) цэнтанічны, цынічны, цытатакратны;
ч) часа-падсумавальны;
ш) шаманічны;
э) эгалітарны, энтрапійны, «эліністычны», эклектычны, эпіганомны;
ю) юж сам не вем, які ешчэ;
я) яловы.
Апроч таго, яго характарызуюць як «посткаляніяльны» і «посттаталітарны», але гэта амаль нічога не праясьняе, асабліва ў нас.
Апроч таго, ён «ніякі».
Іншы раз кажуць, што нешта падобнае ўжо бывала: александрыйская эпоха, восень Сярэднявечча, дэкаданс fin-de-siиcle, любая змучана/перасычаная культурная фармацыя. Гэта можна пераканаўча прывязваць да завяршэньня пэўнага прамежнага храналягічнага адліку, напрыклад, да мяжы тысячагодзьдзяў.
Сёй-той схільны лічыць, што постмадэрнізм пачынаецца там, дзе пачынаецца, даруйце таўталёгію — аўтарская самарэфлексія. Там, дзе тэкст перастае быць сродкам і робіцца мэтай, там межы й пасты постмадэрнізму. Там, дзе аўтар забываецца на вестку і кідаецца ў замілаваньне сабой, там, дзе зьяўляецца аўтар-нарцыс, там ужо й пачатак канца. А паколькі так бывала заўжды, дык і постмадэрнізм быў заўжды, а значыць, ніколі.
Я разгублены сярод такой стракатасьці. Мне застаецца шукаць выключна асабістых прыкметаў і азначэньняў, я ўглядаюся вакол сябе — дзе я?
*
Я жыву ў спаконвеку падазраванай і зьневажанай частцы сьвету. Гэтая частка сьвету называецца Галічыной. Магчыма таму мне і не застаецца нічога іншага, як прызнаць сябе постмадэрністам. З пэрспэктывы, напрыклад, Палесься, Галічына выглядае досыць цацкава, бо Палесьсе, гэтая касьмічная паганская калыска зь ягонай арыйскай чысьцінёй каранёў і нескаламучанымі крыніцамі, зь ягонымі вызначальнымі генэтычна-культурнымі кодамі, фальклёрам, эпасам, дыялектам, азёрамі, тарфянікамі, гатычнымі хвоямі, з пасткамі на зьвяроў і людзей, з параненымі ваўкамі, — гэта нацыянальны субстрат, сякерная аўтэнтыка і шчырасьць, павольнасьць і панурасьць, даведзены амаль да поўнага спыненьня час, паўзучая камуністычная вечнасьць.
З пэрспэктывы Палесься Галічына — гэта нейкі геаграфічны даважак, польская галюцынацыя, якая заўжды прагне навязаць Украіне сваю неўкраінскую, настоеную недзе ў таемных сіёнскіх лябараторыях волю. Галічына іранічная і імаральная, таму гэта вечнае адступніцтва і прыстасаванства, пэрманэнтнае ўніяцтва, прададзеныя ў Амэрыку дзеці. З пэрспэктывы Палесься Галічына ня проста вартая жалю, — яна постмадэрновая. Але я маю іншую перспэктыву. Дакладней, ня маю яе, бо знаходжуся тут, унутры, бо гэта мой сьвет — Цэнтральная Эўропа, такі сабе геаграфічны прывід, паралельная рэальнасьць, яшчэ ўчора модная, а цяпер ужо амаль выванітаваная на інтэлектуальных фуршэтах.
Цэнтральная Эўропа, дзіця Кундэры, Мілаша і Конрада, дзіўная субстанцыя з адных толькі ідэяў, пачуцьцяў, містыфікацыяў, амэрыканская прыдумка некалькіх расчараваных дысыдэнтаў. Яна вось-вось зусім зьнікне, хай толькі палякаў са славака-вугорцамі прымуць у НАТА, а значыць, у Захад, ва «ўласна Эўропу», Украіну ж — у абноўленую славянскую фэдэрацыю; хай толькі шчоўкнуць замкі на заходніх межах другой па значэньні саюзнай рэспублікі.
*
Вось жа, гэтай Цэнтральнай Эўропы няма, дакладней, амаль няма. Аднак менавіта тут, на гэтай тэрыторыі мне заўважныя сія-тыя прыметы таго, што я разумею як «постмадэрновае» — таго, што прыйшло пасьля мадэрнізму, і ўжо адчутай пасьлятаталітарнасьці, і полікультурнасьці, спраектаванай у мінулае.
Нарэшце, я разумею сваё «постмадэрновае» і як правінцыйнае, маргінальнае — у тым сэнсе, у якім Цэнтральная Эўропа ніколі не магла й не хацела быць цэнтрам (што не замінала ёй увесь час апладняць цэнтры сваім жывым насеньнем, перавяртаць сыстэмы вартасьцяў, фармаваць плыні сьвядомасьці, прычым я тут маю на ўвазе нават ня гэтых бажавольных выскачак, не Ўоргалаў і Шагалаў), бо «Цэнтральная Эўропа — гэта асаблівы стан душы, асаблівы спосаб стаўленьня да сьвету», як кажа мой прыяцель Кшыштаф Чыжэўскі. А я наважуся дадаць: гэта такая правінцыя, дзе кожны ведае, што ён сапраўды ў самым цэнтры, бо цэнтар — нідзе і скрозь адначасова, а таму зь вяршыняў і нізінаў уласнай майстэрні можна цалкам спакойна глядзець на ўвесь іншы сьвет разам зь Нью-Ёркам ці нейкай Масквой. Вось яна — адсутнасьць любых восяў, вось людзкі хаатызм быцьця, суцэльныя «вузлы спалучэньняў» вэртыкальнага з гарызантальным і наадварот.
І гэта мне падабаецца найбольш.
Пераклаў з украінскай Андрэй Дынько. Друкуецца са скарачэньнямі.