Адам Глёбус
Тэкстуальныя кантамінацыі, зробленыя на маргінэсе афарызмаў Франсуа дэ Лярошфуко
Ірацыянальнае
***
Калі нейкі чалавек беспадстаўна ненавідзіць цябе, і ты ў гэтым неаднаразова ўпэўніваўся, зрабі яму зло, каб нарэшце знайшоўся трывалы грунт для нянавісьці.
***
Выказваць недавер — глупства, лепш выкажы давер.
***
Зайздрасьць дакладна параўноўваюць з жабаю, якая сядзіць на грудзях, цісьне, не дае дыхаць, не дае жыць. Таму сьмяротныя грахі параўноўвай з гбдамі.
***
Бог, прырода, лёс — занадта часта ўжываюцца як сынонімы, а насамрэч такімі не зьяўляюцца.
***
Выпадак раскрывае ў табе як лепшае, так і горшае, але кепскае праяўляецца ярчэй.
***
Наколькі лёгка здрадзіць, настолька ж цяжка дараваць здраду, калі наагул магчыма яе дараваць, бо ўсё часьцей пераконваюся, што прэрагатыва дараваньня належыць Богу.
***
Лёгка дараваць толькі тое, што ня крыўдзіць асабіста цябе.
***
І безнадзейны баязьлівец можа атрымаць мэдаль за адвагу.
***
Калі не разумееш — не асуджай.
***
У забойцы амаль заўсёды напагатове адвакат, а ў ахвяры яго чамусьці няма.
***
Лепей ты займей яскравую загану, чым пялегаваць вялую прыстойнасьць.
***
Калі пачынаеш прыніжацца перад тыранам, гэта яшчэ раз даказвае тваю непамерную пыхлівасьць.
***
Ёсьць і такія індывіды, што знаходзяць задавальненьне, назіраючы за пакутамі іншых; таму ў заапарку кармленьне ўдава трусамі зьбірае шмат гледачоў.
***
Натоўп на стадыёне ўстае, калі бачыць падзеньне чалавека.
***
Ухваляюцца, зазвычай, рэчы нікчэмныя.
***
Можаш і не заўважыць, як абедзены стол зойме ў тваёй сьвядомасьці месца алтара.
***
«Абставіны мацнейшыя за чалавека!..» Такімі словамі кбты апраўдваюць свае злачынствы.
***
Лайдак заўсёды сьпяшаецца, бо ведае, што спозьніцца.
***
Не спадзявайся, што ўведаеш, па якой сьцежцы да цябе прыйдзе сьмерць.
***
Не давярай тым, хто зь лёгкім сэрцам разважае пра сьмерць.
***
Паводзіць сябе так, нібы ты несьмяротны, такое ж глупства, як упадаць у паніку ад думак пра немінучы скон.
***
Паверыць у несьмяротнасьць душы таксама цяжка, як прызнаць у сябе наяўнасьць сьмяротнай хваробы.
***
Паміж радзільняю і могілкамі няма аніякай розьніцы, кажуць самагубцы.