Лісты ў рэдакцыю


 

НАША МЯСТЭЧКА РАДУНЬ

Беларускае культуровае жыцьцё мусіць быць ня толькі ў сталіцы, але і ў мястэчку. Тым больш у Радуні зь яе традыцыямі і калярытам.

За польскім часам Радунь была жыдоўскай. Мясцовыя габрэі трымалі маленькія прыватныя крамы ва ўласных дамах. Ад вуліцы стаяў ганак і сама крама. На ганку віселі рэклямы. Купіць тут можна было ўсё: ад запалак да лейцаў. Тавары прывозіліся пераважна зь Вільні. Заможныя жыды трымалі корчмы, а на радуньскі кірмаш у цэнтры мястэчка зьяжджаліся з усяе акругі. Мясцовая школа рабінаў навучала будучых юдэйскіх сьвятароў для ўсяе Цэнтральнае ды Ўсходняе Эўропы. Срайльмэер Гайм Гавіс Геймніц стаў клясыкам юдаісцкае тэалёгіі.

Жыдоўская Радунь загінула ў час галакосту. Хлопцы Адольфа сагналі яе насельніцтва ў гета, вывелі на ўскраіну (туды, дзе разьмяшчаліся жыдоўскія могілкі) ды застрэлілі жыдоў. Ацалеў толькі адзін.

Пасьля 1944 году ў Радунь прыцягнуліся з усходу саветы з саветкамі (голыя, у вайсковай форме, парваных кірзавых ботах і галодныя, бо кідалі масла ў гарбату) ды занялі дамы забітых жыдоў у цэнтры мястэчка. Гэтае насельніцтва ператварыла сярэднявечнае мястэчка ў савецкі "городской поселок", з яго тыповымі атрыбутамі: правінцыйнасьцю ды аднастайнасьцю.

Такім чынам, жыдоўскае мястэчка стала савецкім.

Неўзабаве хлынуў мясцовы вясковы люд, а затым аднекуль узяліся цыганы, якія заснавалі сваё маленькае паселішча. Во так жыла Радунь.

Мы доўга думалі, як можна нешта зьмяніць, і вырашылі выдаваць сваю местачковую газэту. Ужо больш за паўгады, як "Мястэчка. Першая местачковая газэта ў Беларусі" выходзіць вялікім, як для Радуні, накладам (299 асобнікаў) і карыстаецца стабільнай папулярнасьцю. Свае допісы апублікавалі больш дваццаці аўтараў -- гісторыкі і географы, філёлягі й работнікі, прадпрымальнікі й сяляне. Выдаецца наша газэтка на беларускай (тарашкевіцай), польскай і летувіскай мовах. Мы пішам пра ўсё. Асаблівую ўвагу даем актуальнай інфармацыі. Нягледзячы на складаныя ўмовы сёньняшняй Беларусі, выдалі ўжо 9 нумароў (з сьнежня 1998 году).

Вакол газэткі склалася суполка аднадумцаў: гісторык, паэт і драматург Алесь Сакалоў, філёляг і паляніст Юзаф Кірвель, гісторык і палітык Іван Піскун, географ і краязнавец, стваральнік Радуньскага гісторыка-краязнаўчага музэю Іван Фясенка, філёляг і паэт Генрых Даржынкевіч.

Нас чытаюць, пра нас гавораць, з нас сьмяюцца і нам зайздросьцяць -- адны з чорнай зайздрасьцю, іншыя -- з белай. Большасьць жа -- паважае. Кола чытачоў стабільнае, адных цікавяць актуаліі, а іншых -- сур'ёзнае, вечнае, тое, што застанецца надоўга.

"Мястэчка" пайшло ў масы. Прадпрымальніку Валеру Бучынскаму не падабаюцца разьбітыя дарогі, а таксама адсутнасьць мэра ў месцы. Найбольшае ж раздражненьне выклікае Лукашэнка, ды настолькі, што Валер аж стаў пісаць вершаваныя радкі:

Бацька, хопіць шаманіць,
народ свой дурманіць,
усё болей людзей апускаць у беднату.
Бачна, дарожку ты выбраў ня ту!

Качагар Тадзюк Струхоўскі стварае вершаваную гумарыстычна-сатырычную кроніку Радуньскага сушыльнага заводу.

Цікава, чым адрозьніваецца мястэчка ад "городского поселка". Мястэчка -- яно наша, яно непаўторнае, яно эўрапейскае, тое, што застаецца ў сьвядомасьці, у памяці. Інакш бы не прыяжджалі мяцовыя жыды ды іх нашчадкі з далёкіх Амэрык і Ізраілю, не хадзілі б вуліцамі, не разглядалі будынкаў, не здымалі б сваіх родных месцаў на камэры. Жыды маюць настальгію па мястэчку. Саветы й саветкі жывуць у "городском поселке", і таму нічаму не зьдзіўляюцца, бо не разумеюць, чаму тут можна зьдзіўляцца. Звычайны пасёлак, нічым не адрозьніваецца ад іншых, такіх жа звычайных з цэнтральным пляцам і будынкам пасялковага савету ў стылі шырспажыву сямідзясятых гадоў. Жыды тут шукаюць эўрапейскасьці ды самабытнасьці, гармоніі. Саветы й саветкі нічога не шукаюць, бо нічога ня здатныя знайсьці, бо тут няма нічога іхнага -- яны прыехалі на чужое і засяліліся ў жыдоўскія хаты.

Нарэшце я дадумаўся, чым адрозьніваюцца жыды й жыдоўкі ад саветаў і саветак. Жыды з Эўропы. Яны прыяжджаюць у Эўропу, у эўрапейскае мястэчка. Саветы з Азіі, і "поселкі" іхныя -- нешта азіяцкае. Казалі, што жыды прасілі вярнуць ім будынак мясцовага клюбу, дзе раней была школа рабінаў (пры тым, што абяцалі пабудаваць новы клюб), але саветы ім не вярнулі. Яшчэ жыды прасілі ў будынку "апорнага пункту" заснаваць музэй радуньскага габрэйства. Таксама не.

Адзін радуньскі міліцыянт у запале дыскусіі са мною абураўся, на якіх падставах жыды здымалі на камэры дамы, вуліцы, сьмецьце, бруд і г.д. Вось, маўляў, паедуць і пакажуць па заходніх СМІ, што тут так дрэнна і г.д. Як сьмеціць, то сьмецяць, а як каб людзі пабачылі, дык крыўдуюць "пасялкоўцы".

Віталь Куплевіч, м. Радунь


НАЕЗДЫ НА "СЛОВА НАЦЫІ"

24-га траўня менчукі ладзілі акцыю ў падтрымку засаджанага за краты "агента расейскае алігархіі" Чыгіра. На акцыю прыйшлі таксама хлапцы з стосам газэты "Слова Нацыі" і распачалі продаж. Адразу ля іх непадалёк прымасьціўся барадаты мужык з дыпляматам яшчэ савецкае вытворчасьці. Стаяў-стаяў, дэманстратыўна жмурыўся-касавурыўся. Нарэшце падышоў, злосна запытаўся, што за газэта, што за арганізацыя. "Вольныя Нацыяналісты!" -- "А што такое нацыяналізм?" -- "Вернасьць, адданасьць сваёй Нацыі". Тады барадаты кажа: "Валіте отсюда, тут мітінг демократов, а не фашістов". Барадзе запярэчыў Славамір Адамовіч, спытаўся, а хто ён такі. Барада пасьведчаньня ня даў, абмовіўшыся, што ён "арганізатар, з АГП".

Адметна, што за мітынгам убаку назіраў вусаты чалавек з напаўазіяцкім тварам, куратар беларускае філіі РНЕ (прозьвішча мы шчэ ня ведаем.) Пакуль агэпэшнік-лібэрал наяжджаў на беларусаў, фашыстовец спакойненька назіраў. Вось так, спадары белоруссы!

Ня любяць нас, беларускіх нацыяналістаў, расейскамоўныя лібэралы. Ну й халера зь імі. Бо расейскі фашызм можа быць зьніштожаны толькі адным. І вы ведаеце чым.

Амелька Злыдзень


* * *

Падтрымаўшы ініцыятыву НАШАЙ НІВЫ “ДЗЕНЬ БЕЗ ЧУЖОГА СЛОВА” Беларуская Музычная Альтэрнатыва прапанавала адмовіцца таксама і ад чужой музыкі. Было вырашана распачаць шырокую акцыю “СЛУХАЙ СВАЁ! ПАТРАБУЙ БЕЛАРУСКАЕ!”

Асаблівая увага ў гэтай акцыі надаецца FM станцыям. Усім сьвядомым беларусам прапаноўвалася тэлефанаваць на радыё і замаўляць беларускія песьні. Як аказалася, FM станцыі ня супраць пускаць у эфір беларускія кампазыцыі, але якасьць аўдыякасэтаў (большасьць беларускай музыкі выдаецца менавіта на іх) іх не задавальняе. Таму БМА разаслала ўсім беларускім і некаторым замежным радыёстанцыцям CD “ВОЛЬНЫЯ ТАНЦЫ: СЛУХАЙ СВАЁ!”, выдадзены сумесна з Беларускім Хельсынскім Камітэтам, на якім ёсьць запісы практычна ўсіх беларускіх гуртоў. Будзем спадзявацца, што зараз сытуацыя зьменіцца. Інфармацыю аб тым, якім чынам замаўляць песьні, можна атрымаць шточацьвер на паседжаньнях МАЛАДОГА ФРОНТУ з 19.00 па адрасе Менск Варвашэні 8. Зацікаўленым у супрацоўніцтве можна зьвяртацца: а/с 5 Менск 220085

Такім чынам: “СЛУХАЙЦЕ СВАЁ і ПАТРАБУЙЦЕ БЕЛАРУСКАЕ!”


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0