Павал Севярынец

Катастрофа памяці

Наплачацеся яшчэ з гэтай станцыяй мэтро.
Зянон Пазьняк, 1988 г.

... Ён топча чавільню віна лютасьці й гневу Бога Ўсеўладнага.
Апакаліпсыс ХІХ:15.

 

Упершыню мне стала страшна на станцыі мэтро Няміга, калі я ўбачыў гэты чорны карабель. Ён вісіць там, пад скляпеньнямі, як таран, як гіганцкая труна, на тарцы якой ледзь разьбярэш сьціснутыя радкі са "Слова пра паход Ігаравы". Ён змрочны, настолькі, што асьветленая сотнямі лямпаў станцыя здаецца цёмнаю, і інстынктыўнага мігу спадылба хапае, каб міжволі прыгнуць галаву: дамоклаў рок гатовы сарвацца й рухнуць між калёнаў, на пляцформу, запоўненую людзьмі.

І вось немая Няміга, толькі патрэскваюць сьвечкі, быццам шум лісьця, ледзь чутны чалавечы шэпт; надпісы на сьценах у падземным пераходзе памяці тых, хто загінуў 30 траўня: "Дашанька, мілая, мы ніколі цябе не забудзем!" У сьпісах няма ніякае Дашанькі. З заміраньнем сэрца прабіраючыся між зваленых на прыступках, тварамі ў калені, скронямі да плітаў, нерухомых, як трупы, сяброў, сябровак і сваякоў, між стоўпленых гледачоў і ціхіх чэкістаў, я занатоўваю з перапэцканых болем сьценаў імёны й прозьвішчы невядомых краіне ахвяраў, успамінаю такіх жа падлеткаў, якіх перабачыў у менскіх школах, згадваю Пазьняка ў Курапатах, які выкопвае чарапы, згадваю чорны карабель; пераступаю па люках — і раптам з глухім глыбінным водгукам уздрыгваю ад думкі: а можа мне дадзена ведаць больш, чым усім астатнім.

Мэтро Няміга

Катастрофа пачалася тады, калі разбуралі падземны горад.

Яшчэ Панамарэнка праз пасьляваенныя руіны выбухамі праклаў Праспэкт на Маскву, разьвярнуўшы ўсю сталіцу да ўсходу; потым, у 70-я, Паркавая магістраль, цяпер Машэрава, адгроханая да візыту прэзыдэнта Ніксана, адным махам перакрэсьліла забудову гістарычнага цэнтру й пласты старажытнага менскага Замчышча. Катакомбы мэтро правальным рэхам паўтарылі гэты аграмадны крыж, пратараніўшы падзем'і Верхняга гораду, і зьдзейсьнілі самае жахлівае, што толькі можна прыдумаць у Менску — пагружэньне ў Нямігу.

Рэчышча Нямігі, крывавыя берагі, было пахаванае яшчэ даўно ў велізарных бэтонных трубах — на ўзьбярэжжы Сьвіслачы з боку Траецкага й сёньня можна ўбачыць іх жэрлы. Расправа з замчышчам працягвалася, калі, пашыраючы воднае люстра Сьвіслачы, у раку абрынулі цэлую ўскраіну недасьледаванага дзядзінца. У 80-я забой мэтро прайшоў пад Катэдральным саборам; пад час будаўніцтва ў раскоп зь нейкае тайнае галерэі асыпаліся кнігі XVII ст. — іх разграбалі шуфлямі й выгружалі ў хлам. Вайна пад зямлёй разгортавалася; прарваўшыся з глыбіняў, грунтовыя воды падмывалі падваліны храмаў да страшных прасадак і расколінаў, разьядалі бэтон і ржавілі жалезаканструкцыі мэтрабуду; ішло няспыннае падтапленьне тунэляў, і абліцаваныя пад дрэва сьцены Нямігі скрозь пацямнелі, пайшлі ці то сьлёзамі, ці то крывавымі падцёкамі. У каменаломнях станцыі былі разгромленыя падмуркі кляштару баніфратаў, што стаяў на сярэднявечнай рынкавай плошчы, знакамітая Менская брама, ня раз штурмаваная ворагамі, рэшткі драўлянай царквы Ўсьпеньня. Шматвекавыя кладкі цэглы, падарваныя дынамітам, задубелае за паўтысячагодзьдзе бярвеньне й насычаныя чалавечымі касьцямі, золатам і ўнікальным археалягічным начыньнем пласты выграбаліся экскаватарнымі каўшамі з самага болю гораду, вывозіліся й звальваліся на ўскраінных сьметніках.

Гэта тады, пры канцы 80-х, у беларускіх інтэлігентаў, што пікетавалі мэтро, з крывёю рвалі з рук плякаты. Гэта тады ўскрытае замчышча было расьсечанае надвое: у палове корпаліся археолягі з пэндзлямі й скальпэлямі, як хірургі над градыёзным зьнявечаным целам, і баяліся не пасьпець, бо побач, са знадрыўным ровам, скрозь счарнелыя дзірваны й тоўшчы Сярэднявечча, скрозь косьці й тысячакроць наслоеныя сьляды пакаленьняў продкаў бульдозэры й экскаватары раскопвалі катлаван, брацкую магілу для сарака юных дзяўчатак, дванаццаці хлопцаў і двух міліцыянтаў.

Няміга, незьмігутная Няміга, найвышэйшыя беларускія храмы глядзяць не наглядзяцца ў тваю страшную яму. Сьвятадухаў Сабор, праваслаўны прастол краіны, зьвернуты да цябе фасадам, залатымі крыжамі, бляскам вокнаў, усёй сваёй веліччу й магутнасьцю; вежы каталіцкай Катэдры ўздымаюцца па-над Верхнім горадам, каб адтуль, са званіцаў, як на далоні, пільнаваць свой чорны правал; пазірае з-за моста Петрапаўлаўская царква, збудаваная ў 1612 годзе; тоне ў Сьвіслачы выспа сьлёзаў з афганскай капліцай, і паблісквае ад гатэлю "Беларусь" былая лютэранская кірха, цяпер — царква Марыі Магдалены.

З набліжэньнем да мэтро ад Палацу спорту па хуткай хадзе раптам падае сэрца — у пераломе ходніка ўгадваецца даліна Нямігі, той самы жудасны схіл, зь якога натоўп разьбягаўся ад граду. Для мяне — адхон у падсьвядомасьць: на першым курсе, жывучы ў інтэрнаце-"чацьвёрцы" на Машэрава, я зьбягаў ім штораніцы на заняткі, штодзень падымаўся дамоў. У мяне й дацяпер у нагах на кожнае лесьвіцы спраўна спрацоўвае практыкаваньне, развучанае на тыя сорак прыступак: подбегам у падземны правал, па няцотных пляцоўках, праз раз, і на канцы гранёнай чачоткі ўпячатаць крок у шчыт люку, каб за сьпінай аддалася рэха, асабліва таемнае й глухое.

На канцэрт трыццатага таксама зьбіраліся выпускніцы ды першакурсьнікі. Яны зьяжджаліся з усяго гораду, каб людзей паглядзець, сябе паказаць і, канечне ж, прыняць удзел у кашмарнай ціскатні, у жахлівым і радасным масавым самазабойстве правалу Нямігі. Такія стракаценькія, зухаватыя ды казытлівыя, лепшыя тынэйджары гораду Менску, зь пякучым загарам па самыя станікі й пупкі, пена ўзьбітых вяршкоў на вуснах, яны тлуміліся ля піўных шапікаў ды абапал шоў-сцэнаў, перабіралі ў руках прызавыя кардонкі, падрываліся хорам на рогат, пістонілі матам; яны так хацелі паболей жыцьця; пачуцьця, паболей, да болю, уражаньня — і чакалі, усёй душою чакалі, чаму б, нарэшце, ня здарыцца хоць раз у сто гадоў раптоўнаму, зь верашчаньнем і посьвістам на ўвесь сьвет, разгуляю!..

Неўпрыкмет прапала сонца; дыхнуў халадком, нібы хтось незнаёмы ў патыліцу, вецер, і з глухімі грымотамі праваліліся дымам па-над галовамі нізкія й глыбокія хмары. Ну, усё, зараз пачнецца, казалі многія, азіраючы неба. Праз колькі хвілінаў ад Перамогі да Кальварыі ракатнула, пракацілася пагрознае прадвесьце; дробны дождж, прыстрэльваючыся, расьсеяўся скрозь натоўп. Зьверху было добра відаць, як устрывожаны велізарны мурашнік гульбішча пашыраецца й разбрыдаецца ўсім полем туды, да мэтро.

Навальніца імкліва набліжалася; нарэшце, выбухам грымнула, сьляпуча раскалола неба над залатымі крыжамі, і ў самую гушчу моладзі хваляй рушыла завеса буйнога дажджу. Вада з бляскам залівала прыступкі. У гэты момант хтосьці адкрыў люкі, каб Няміга дыхала й чула.

Прабраўшыся праз тусоўкі прамоклае моладзі ля турнікетаў, пад роў цягніка, што пад'яжджаў з Купалаўскай, два міліцыянты мэтро выйшлі насустрач. Яны не пасьпелі пачуць наапошак пяшчотнага гулкага прабачэньня: "Асьцярожна, дзьверы зачыняюцца". Непрабіўныя шкляныя дзьверы за імі проста захлопнулі й хутчэй зашчыкнулі на мэталёвыя засаўкі.

Правал

З ускраінаў можна было ўбачыць, як бліскавіцы білі ў зямлю, цэлілі ў вышынныя гмахі і, здавалася, паражалі горад у самае сэрца.

Ахоплены панікай, канцэртны народ даўся ў мэтро, і ў гэты момант зь неба па ўсёй плошчы шарахнуў град. Балючым шквалам скрозь лісьце выгнала тых, хто хаваўся пад дрэвамі, і рыкашэтам рассыпала чароды з-пад сьценаў. Людзкі натоўп вынесла на берагі Нямігі; раз за разам хвалі з соцень людзей, уздрыгваючы на грэбні адхону, рынулі ў падзямельную цемрадзь.

Па прыступках каскадам шумела вада; людзі табуніліся на лесьвіцы, пераступалі навобмацак, пасьпяваючы ўбачыць пад нагамі цьмяныя адлюстраваньні, пераламаныя й расплывістыя; скляпеньні запаланіў рокат народу, і на дне, за паднятымі шчытамі люкаў, дзе захлыналіся вадаспады, мільганула колькі спалоханых міліцыянтаў. Нечаканы збой кроку на апошніх прыступках, сьлізкія грані й шчытавое загараджэньне, імгненная п'яная бойка на самым падножжы перасмыкнулі першыя шэрагі адначасова, як падземны ўдар. Адныя ледзь устаялі на нагах, іншыя, дружна спатыкнуўшыся, хапіліся за блізкія локці ды плечы, і вось нехта праваліўся пад нястрымны тупат астатніх. Тыя, хто пасьпеў дабрацца да дзьвярэй мэтро, ламануліся ў шкляную сьцяну. З-за яе, як у акварыюм, на іх з захопленым жахам глядзелі нейкія дзеці.

Аглушальны раскат навальніцы і палаючая бліскавіца грымнулі над самым паўтаратысячным натоўпам, згруджаным ля мэтро; моладзь папрысядала са страху; як біч Божы, з разрадам, з іскрамі паў на зямлю электрычны дрот; у пераходзе пагасла сьвятло, і ва ўсім навакольлі заняло дух цяжкае водгульле званоў, скаланутых на храмах. Прабіў час Нямігі, і лавіна натоўпу з гарлавым ровам абвалілася ў пераход.

Страшэнная цісканіна доўжылася ўсяго некалькі хвілінаў — тыя самыя некалькі залпаў піва, што спатрэбіліся маладзёну, які застаўся стаяць пад дажджом ля ўваходу з бляшанкай і глядзеў усё, як кіно; столькі, колькі хапіла мужчыну ў пераходзе, каб выпаліць цыгарэту, пакуль перад ім, рукой падаць, паміралі скалечаныя й прыдушаныя, у крыві, падлеткі; роўна столькі, за колькі вы прачытаеце гэтыя радкі. Давайце ж усе сюды, усёй грамадой, усёй нацыяй, зазірнем у правал з галавою, давайце наперад, да парапэту, каб ад кадраў масавых сутаргаў стала дыханьне, каб пацямнела ўваччу, каб усім нам зблажэла.

Ура-а!! — ззаду з рогатам убіліся ў натоўп некалькі п'яных падлеткаў; маладыя валіліся цэлымі шэрагамі на прыціснутыя ногі, сьпіны й галовы пярэдніх, немы роў, пераломваючы раўналеткам шыі, хрусталёвыя пальчыкі, плечыкі й ключыцы дзяўчатаў, скрозь зубы разьбіваючы нечыя твары і ўдарам калена расьсякаючы чарапы аб гранёную абліцоўку. Шум натоўпу, барабанны ляскат дажджу й граду патануў у агульным зьдзічэлым жаночым крыку, крыку нясьцерпнага болю, ад якога закладвала перапонкі, а груды целаў, павержаныя разгарачанаю армадай, усё напіралі; пёрлі ў пройму пераходу па скалечаных і трупах. Недапітыя бутэлькі лопаліся ў цемры, як асколкавыя снарады, разрываючы й разварочваючы ўсё жывое.

Людзі правальваліся ў стагодзьдзі Нямігі — у яму, вырытую бульдазэрыстамі разам з раскрышанымі касьцямі; глыбей, да ўдушша і пачарненьня, у таўхатню Ніжняга рынку, дзе буяняць зборышчы п'яні ў абдымку, а паводка віруе прорвамі нечыстотаў, яшчэ глыбей, пад нагрувашчаньнем целаў, у крывавы мясьніцкі рад, дзе на вачох натоўпу трушчаць канцавіны й з гартаннымі выкрыкамі чэлядзі, са спуджаным бабскім віскам перабіваюць хрыбты набрынялым тушам; і нарэшце, раздушаныя да вантробаў праз рот, пагружаліся ў грукат сякераў скрозь шаламы, шчыты й кальчугі палачанаў ды яраславічаў, у малатарню калёнай зброі, даверху накормленае чалавечынай, у чавільню віна лютасьці й гневу — раку Нямігу, якой няма.

Толькі тады, калі аграмадны калодзеж запоўніўся перадсьмяротным ровам даверху, калі зямля навакол загула ад стогну, натоўп здрыгануўся; у дзясяткі грудзей ужо скандавалі: "На-зад! На-зад!", і дужэйшыя хлопцы пачалі адчайна расьцягваць мешаніну скрываўленых целаў. Зь пекла выбіраліся тыя, хто цудам застаўся ў жывых — аглухлыя, ачмурэлыя, у крыві й без абутку, яны падалі на траву, хапіўшы паветра ў лёгкія. Кагосьці адкачвалі; на газоне раскладвалі страшныя счарнелыя трупы з выбітымі абцасамі вачыма, а зь пераходу ў вечаровае імжы дымілася цёплая чалавечая пара.

Лесьвіца ў неба

Назаўтра, апоўдні трыццаць першага, калі пасьля прэзыдэнта вымыты ад бруду й крыві пераход быў завалены ландышамі, калі там ужо паціху таўкліся ўчорашнія відавочцы, а шматлікія тэлекамэры й фатографы пільнавалі пранізьлівых кадраў (і было, было паскуднае жаданьне сунуцца ў аб'ектыў з трагічным тварам ці сьвечкай), я бачыў на верхніх прыступках сьветлавалосага хлопчыка-выпускніка гадоў шаснаццаці, у белай, празрыста-белай, што аж сьвяцілася, блузе і дымчатых сонечных акулярах. Хлопчык плакаў. За ягонай сьпінай было неба — верхавіны дрэваў, далёкія дахі й аграмадныя, азораныя сонцам нябёсы. Варта было зрабіць пару дзясяткаў крокаў, каб выбрацца зь пераходу, у ласкавы ветрык, шолах каштанаў, узьбярэжную сьвежасьць Сьвіслачы, і ўпэўніцца, што жыцьцё цудоўнае.

Паспрабуйце прайсьці прахон угару, праз натоўп, праз вал чалавечых целаў, надыханага піва й дурнога напору, пастарайцеся ўзьняцца, як бы вам ні было гэта цяжка, крычаць, хоць вас і ня чуюць, стрымліваць і выцягваць з правалу тых, хто падае, тых, хто зьбівае вас з ног — і на бліскучых верхніх прыступках, закіданых кветкамі, з сонечным асьляпленьнем уваччу вам стане ясна, што гэта такое, лесьвіца ў неба. Для Менску, для ўсяе Беларусі менавіта адсюль, з гістарычнага страшнага выгіну падымаецца шлях да Сабору, велізарных заляў у золаце ды вагнях, з усемагутным хорам; да Катэдры, дзе можна зайсьці, прысесьці на лавачку і ва ўрачыстае цішы разабрацца ў самім сабе; да Купалаўскай, да праспэкту Машэрава, дзе шчасьлівыя вулічныя эвангелісты, зазіраючы ў глыбіні душы, запросяць вас на сваё служэньне дахаты.

Тыя, хто прыяжджае сюды наведаць месца трагедыі, моўчкі топчуцца на чорных прыступках, і, на імгненьне адчуўшы, як заняло падуздых, спускаюцца назад, у падзем'е. Яны думаюць, тут усё скончылася. Бо не было масавага пахаваньня ўсім мірам, стотысячных мітынгаў жалобы, нацыянальнага перажываньня плошчамі, сем'ямі й школамі, не было таго, каб здрыгануліся разам, прачулі, што гэта мы расьпіхваем і падштурхоўваем, што гэта мы, Госпадзе, самі ломімся й прэмся ў прадоньне.

Няміга на вачох ператвараецца ў катастрофу памяці.

Таму зараз, калі неспасьціжную ціскатню ціхай сапай збываюць з парадку дня, калі ўлады заткнулі рот праўдзе й парасьпіхалі па ўручанскіх ды сухараўскіх дварох труны з разбродам зьнямелай радні, калі ў падземным пераходзе ўжо прынюхаўся пах таплёнага воску й зьвялых кветак, а на іншых станцыях ля эскалятараў і пры дзьвярох натоўпы перастаюць пасоўвацца гэтак няёмка, гэтак абачліва; калі ў горадзе абарочваюцца на цудоўных дзяўчатаў ужо бяз думкі, што там і такіх душылі, пераломвалі ножкі ў каленках і выбівалі зубы; ды галоўнае, калі ўжо блізка і ўзбуджаюць новыя хвалі пеннага піва й бурлівыя плошчы, поўныя публікі — правал памяці робіцца ўсё чарней, усё адчайней, і паражае страх за нашу краіну. Для тых з нас, хто, маючы вочы, чытае, хто ведае раны зямлі й дарогу да Госпада Бога, тых, хто бачыць страшныя сны пра свой родны горад і баіцца, што яны збудуцца — пароль "Няміга". Яшчэ раз: ня "Мір", ня "Магна" й ня "Манга-Манга" — НЯМІГА.

Бо, можа быць, нам ня так ужо шмат засталося. Можа быць, самы час: запракінуць твар у воблачныя вышыні, адчуўшы, як цісьне, як трушчыць натоўп, як ад удушша цямнее сьвет, як млее прытомнасьць, а пачварны распухлы язык вось-вось заваліцца ў горла й спыніць дыханьне, з апошніх высілкаў, з крывавага сэрца вырваць крык пакаяньня:

БОЖА! ДАРУЙ НАМ УСІМ!

І Ён дасьць сілаў узьняцца.

31 траўня — 9 чэрвеня 1999 г.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0