Славамір Адамовіч

Бытавуха

Знаходка

Днямі мой знаёмы знайшоў незапоўненае пэнсійнае пасьведчаньне супрацоўніка КГБ СССР з гербам "Пагоня" на вокладцы, запоўніў, і цяпер у яго няма праблемаў з грамадзкім транспартам. Праўда, здараецца, што ў мэтро спыняць іншы раз ды спытаюць, чаму без фатаграфіі дакумэнт.

— Нельга, рэжым сакрэтнасьці, — адкажа былы дырэктар сельскай школы-дзевяцігодкі, якая сёлета зрабіла свой апошні выпуск.

Самотны голас эміграцыі

"Вось і прайшла ўжо мая першая, але, відаць, не апошняя, на вялікі жаль, амэрыканская вясна, — піша зь Нью-Ёрку беларускі чалавек. — За дзевяць месяцаў работы здолеў адкласьці толькі 1500 даляраў. На гэтыя грошы кватэры ў Менску ня купіш, так што сядзець мне тут яшчэ гады два-тры. Магчыма, удасца атрымаць палітпрытулак ці грын-карту. Віза мая ўжо два месяцы, як скончылася. Фактычна я знаходжуся тут нелегальна, таму мне ў хуткім часе альбо слуханьне справы прызначаць, альбо дэпартуюць.

У суботу, калі ў мяне выхадны, ежджу цягніком у царкву Кірылы Тураўскага, дзе жывуць пяцёра нашых хлапцоў. Гэтыя стараюцца вучыцца і працаваць, а іншыя, што па Бруклінскіх прытонах шыюцца, зарабляюць даляры і прапіваюць. Нахрэна было тады перціся ў Амэрыку?

Мы так спадзяваліся на выбары! Але ў нас усё праз сраку робіцца. І Зянон той боўтаецца, як... А нават прайграючы, трэба заставацца мужыком. Шкада і яго, і ўсіх, і сябе, нарэшце.

Дзе гэта набрацца сіл мне? Начамі па пяць-сем разоў прачынаюся, з болем у сэрцы: "Дадому! Дадому!" Як вытрымаць гэтыя гады? А "Новую зямлю" Якуба Коласа як хочацца прачытаць, ды няма пад рукамі..."

Што рабіць пасьля 20-га ліпеня?

Такое пытаньне задаюць сабе людзі ў Менску і на правінцыі. Магчыма, гэтага дня і наступных за ім падзеяў яны чакаюць ня менш, чым прыходу трэцяга тысячагодзьдзя. Адзін знаёмы мастак зьбіраецца прыехаць у Менск, каб арганізаваць у сталіцы сваю ўласную пратэставую акцыю, якая інфармавала б менчукоў пра тое, што час ППРБ скончыўся. Былы ўдзельнік ваеннай кампаніі ў Афганістане разважае ў маштабах менскіх плошчаў і праспэктаў, акцэнтуючы ўвагу грамадзкасьці на жыцьцёва важных камунальных і рэжымных аб'ектах сталіцы. "Нашы палітычныя партыі і незалежныя прафсаюзы, — піша наш аўтар, — павінны накіраваць стыхійныя выступленьні ў цывілізаванае рэчышча, але ня проста на вуліцу, а да будынка ўраду, напрыклад. Рэжыму неабходна будзе высунуць ультыматум з патрабаваньнем адстаўкі прэзыдэнта і ўраду, з наступным аб'яўленьнем свабодных выбараў. У выніку адмовы — аб'яўленьне бестэрміновай забастоўкі, спыненьне буйных прадпрыемстваў у сталіцы і абласных гарадах. Асаблівая ўвага — на выхад у эфір на каналах радыё і тэлебачаньня са зваротам да беларускай арміі, спэцпадразьдзяленьняў міліцыі і дзяржбясьпекі. Але ці змогуць нашыя рабочыя ды іхныя прафсаюзы, партыі і грамадзкія рухі аб'яднацца ў адзіны фронт супраціўленьня? Усё залежыць ад усіх нас".

Праз 20 гадоў

29 траўня ў Будслаўскай сярэдняй школе Мядзельскага раёну адбылася юбілейная сустрэча выпускнікоў 1979 году.

Нас, колішніх "акаў" і "бэкаў", набіралася з двух класаў, калі не памыляюся, чалавек з шэсьцьдзесят. На сустрэчу зьявілася, бадай, палавіна. Некаторыя ўжо ніколі ня змогуць прыехаць — зямля ім пухам. Некаторыя з залатымі зубкамі, некаторыя без зубоў, але зь пяцьцю дзеткамі на руках, як мая рыжанькая аднагодка, якая працуе ці то ў Ілаўскім доме інвалідаў, ці то на аднайменным вінзаводзе. Чэсь Ляшковіч і Пеця Хацяновіч даюць сабе рады на месцы, у Будславе. Мажны-мажны Лявон Грубовіч працуе дырэктарам дзевяцігодкі на Пастаўшчыне, гадуе чатырох дзетак. Раскошная Ліля Палачанская прыехала з Масквы, але за сталом так міла гаварыла па-беларуску, што я лішні раз пераканаўся ў нязводнасьці нашага беларускага духу. Міша Палько, некалі завадатар і бітунскі, а цяпер рэспэктабэльны прадпрымальнік, прыехаў на белым аўто з Мядзеля. Прыляцелі на сустрэчу дзьве Ірыны-выдатніцы: Сабачэўская з Віцебску і Апанасэвіч з Менску. Некалі кучаравага Фрэда хацелася пасьля трэцяй расцалаваць у лысіну, з сумным Малафеевым добра пагаварылі...

Вечарам 29-га ў Будслаўскім касьцёле бэрнардынаў ксёндз адслужыў імшу за нашае, трыццацісямігадовых, здароўе. Разьвітваючыся, мы паабяцалі сабе празь пяць гадоў быць ізноў разам.

Да трагедыі ў Менску заставалася некалькі гадзін.

Адплата

У выніку катастрофы на Нямізе людзі заяўляюць рахункі Богу і д'яблу, надвор'ю і недарэчнаму зьбегу абставінаў, алкаголю і юначаму эгаізму, гарадзкім уладам, прэзыдэнту, міліцыі, кіруючаму рэжыму. Знаёмыя загінулых, родныя, проста цікаўныя прыходзяць сёньня на месца трагедыі, клеяць на сьцены пераходу бяздарныя расейскамоўныя вершыкі, пішуць клятвы тыпу "мы всегда с тобой", румзаюць хто больш, хто менш і... ня робяць для сябе ніякіх высноваў. Больш таго, я думаю, многія грамадзяне шчыра ўдзячныя рэжыму за бясплатныя труны і хаўтуры. А за тое, што прэзыдэнт публічна запэўніў, быццам усе загінулыя былі цьвярозымі, родныя ахвяраў выберуць нашага генія цынізму ня толькі на другі, але і на дзясяты прэзыдэнцкі тэрмін. Лёгіка дэградуючага соцыюму пераплятаецца ня праўдай, а маною. Маною настолькі відавочнай і дзікай у сваёй беспардоннасьці, што нават шэф менскай міліцыі Тарлецкі ня мог яе паўтарыць усьлед за ППРБ і мусіў сказаць праўду: ахвяры трагедыі былі ўзбуджаныя ня толькі інстынктам натоўпу, але і алкаголем, якім іх шчыра частавалі на так званым сьвяце піва.

Такім чынам, катастрофа на Нямізе — гэта адплата за татальную прэзыдэнцкую ману, за зьдзекі над маладымі беларускімі патрыётамі, за 0% беларускіх школ у беларускай сталіцы, за вайну з нацыянальнымі сымбалямі, за адкрытую падтрымку ідэяў расейскага шавінізму й фашызму, якія распаўсюджваюцца ў Беларусі. Дарэчы, катастрофа на Нямізе адбылася вечарам 30-га траўня, а 27-га рэдактарам беларускіх СМІ быў разасланы "Адкрыты ліст", у якім менская група расейскіх фашыстаў выказала прэтэнзіі да асобных публікацыяў беларускіх журналістаў і паабяцала падаць у суд (!) "исковое заявление о защите чести и достоинства". Канцэнтрацыя ў адным месцы такой колькасьці маральнага і фізычнага зла ў адпаведнасьці з законам раўнавагі выбухнула іншым злом — адплатным. Эфірныя сілы помсты дазволілі палітычнаму рэжыму ПРРБ прайсьці тэст на ачышчэньне горам, але ўлада ня вытрымала духоўнага выпрабаваньня. Ужо 9 чэрвеня Лукашэнка падпісаў распараджэньне пра падрыхтоўку да фэстывалю-кірмашу "Шклоўскія дажынкі". Якраз пасьля саракавін і разгуляюцца.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0