Падручнікі посьпеху і Народная воля
Кніжная шафа замяняе мне дзёньнік (гэтую мэтоду я падгледзеў у старажытных). Кнігі на ейных паліцах стаяць у тым жа парадку, у якім яны набываліся. Гэтая пасьлядоўнасьць дапамагае аднаўляць у памяці ланцужок ілюзіяў ды бзікаў, што спадарожнічалі кожнай пакупцы. Але часам у мяне ўзьнікае сумнеў — наколькі я быў самастойным у сваім выбары, калі фармаваў уласную бібліятэку. Наколькі яна характарызуе менавіта мяне, а не "калектыўнае падсьвядомае", да прыкладу, аматараў цёмнага піва.
Вось сярэдзіна 90-х. На маёй паліцы яе пазначаюць "падручнікі посьпеху" — даведнікі па разнастайных рэклямных ды маркетынгавых тэхналёгіях. Іншыя выданьні проста губляюцца побач зь іхнымі зыркімі вокладкамі: блякла-сталёвы Стэндаль ды балотны Флябэр выглядаюць беднымі крэўнікамі. Назвы раманаў гэтых знаных французаў гучаць як папярэджаньне аб марнасьці амбіцыяў. Але ў канкурэнцыі з кідкімі слёганамі сучасных выданьняў іх не чуваць. Вось і мае сябры гэтае папярэджаньне зазвычай ігнаруюць, зачараваныя зыркімі вокладкамі на маіх паліцах.
Праўда, за апошнія пяць гадоў характар іхнай увагі эвалюцыянаваў ад эўфарычнага энтузіязму да іранічнай цікавасьці. "Падручнікі посьпеху" ўяўляюць цяпер толькі археалягічны інтарэс — як артэфакт магічнай сьвядомасьці беларускай лібэральнай інтэлігенцыі сярэдзіны 90-х. Апошняя спалучала ў сабе нованабытую веру ў цудатворнасьць заходніх сацыяльных тэхналёгіяў зь непазбытым савецкім сантымэнтам да ўлады, у дачыненьні да якой беларускі лібэрал пачувае сябе гэткім лекарам Айбалітам — мудрым і добрым. І заўжды зьдзіўляецца, калі за свае шляхотныя намеры дастае ад улады па руках. Нават гэткіх спэцыялістаў, "дзелацеляў прэзыдэнтаў", як Ганчар і Фядута, улада ад сябе турнула. А што ў тым, калі разабрацца, дзіўнага? Грубая сіла ды поўны папулізм — вось сапраўдная формула посьпеху. І сучасная беларуская ўлада ёю валодае. Іншыя "ноў-хаў" ёй не патрабуюцца. "Тэхналягічныя" ж мэтады палітычнай барацьбы, вычытаныя лібэральнай апазыцыяй з заходніх кніжак, выявілі сваю цалкавітую нястаннасьць падчас травеньскіх прэзыдэнцкіх выбараў. Лібэральны інструмэнтар не заменіць палітычнай волі. І таго, што будзе 21 ліпеня а першай гадзіне "пасьля Лукашэнкі", ды як легалізоўваць паўнамоцтвы падпольна абранага прэзыдэнта, — у заходніх лібэральных брашурах ня вычытаеш.
Усе гэтыя падручнікі, якія былі беларускімі бэстсэлерамі сярэдзіны 90-х, чакае лёс "рэчаў веку". То бок пустышак, што характарызуюць масавае ачмурэньне нейкай эпохі і якім ня лёсіць перасягнуць мяжу стагодзьдзяў. Калі яны і патрапяць у наступнае тысячагодзьдзе, дык толькі ў выглядзе неліквіднага накладу "самавучыцеляў" кшталту "Як стаць прэзыдэнтам", "Як выйсьці замуж" або "Як стаць геніяльным". Зрэшты, нават самыя благія дапаможнікі з гэтай сэрыі здатныя прадэманстраваць свайму ўладальніку выдатны маркетынгавы ўрок — і нават двойчы. Першым разам — калі вы выдаткоўваеце на гэтую кніжку ўсю сваю стыпэндыю, а ў другі — калі безвынікова спрабуеце запраторыць яе за палову кошту ў якую-кольвечы букіністычную кнігарню. Пасьпяховымі вашыя студыі можна будзе ўважаць толькі тады, калі вы самастойна напішаце ўласны варыянт дапаможніка, каб хоць неяк скампэнсаваць выдаткі за гэную "навуку". Зрэшты, сустракаюцца і прыемныя выняткі. Да прыкладу, некалі я набыў брашурку з назовам "Як стаць шчасьлівым" — і цяпер не шкадую.
Кожны мае ўласную мэтоду дасягненьня посьпеху. Адныя дзеля гэтага чытаюць нечыя інструкцыі. Іншыя ж — самі іх пішуць. Вельмі ўсьцешна, што сярод беларусаў апошніх становіцца ўсё больш. Папраўдзе, з нацыі паэтаў беларусы ператвараюцца ў нацыю экспэртаў. Як вядома, ладная частка расейскамоўных бэстсэлераў робіцца менавіта ў Беларусі. Бэстсэлермэйкерства ператварылася ў самую тэхналягічную галіну айчыннай лесаперапрацоўчай прамысловасьці. Дадамо таксама — і ў самую канкурэнтаздольную. Экспансія ейнай прадукцыі на ўсход саступае ў імпэце хіба толькі збытагрэсіўнаму маркетынгу кітайскага шырспажыву. Але ж у адрозьненьні ад кітайцаў, беларусы гандлююць эксклюзывам.
Толькі вось не зашкодзіла б пісаць на мясцовых "падручніках посьпеху" папярэджаньне, як робяць гэта ангельцы на пэўных леках, — "для выкарыстаньня толькі за межамі Беларусі". Каб далей ад ліха. Бо дужа ўжо вялікі поцяг маюць беларускія лібэралы да квазінавуковасьці. Покуль гэты попыт з посьпехам задавальняюць палітолягі з тоўстых аналітычных пэрыёдыкаў. У іх спрытна атрымоўваецца прадстаўляць палітычных пэрсанажаў сучаснай Беларусі, нібы ў батлейцы, у вобразах гераічнага архетыпу — размаітых Тэрмінатараў, Волатаў ды іншых Пакаці-Гарошкаў. А калі дадаць сюды яшчэ і рэкамэндацыі з іміджавых брашурак "Як стаць прэзыдэнтам", дык атрымаецца поўнае фэнтэзі.
Рыхтых, як было гэта ў сярэдзіне 90-х. Справай стварэньня новага рэспэктабэльнага вобразу былі забаўленыя тады ня толькі асобныя палітыкі, але й цэлыя ідэалёгіі. Ад сацыял-дэмакратаў і да панкаў — усе раптам апаразіліся прыдбаньнем лібэральнага іміджу. Слова "адэкватнасьць" ужывалася ў тагачаснай прэсе гэтак жа часта, як і імя Лукашэнкі. Дзеля гэнай адэкватнасьці частка незалежных беларускамоўных выданьняў перайшла нават на "дзьвюхмоўе". На якія толькі ахвяры, маўляў, ня пойдзеш дзеля "паблік рылэйшнз". Апошняя сталася для грамадзкіх дзеячоў сярэдзіны 90-х тым жа, чым астралёгія — для былых выкладчыкаў навуковага камунізму.
Трансфармацыі, якія праводзіліся па мэтодах "PR", пры ўсёй сваёй пазытывісцкай рыторыцы былі конча ірацыянальнымі. Бо беларускі выборца досыць уцямна даў зразумець, што на бліжэйшыя пяць гадоў ён хоча бачыць сваім лідэрам не якогась эўрапеізаванага лібэрала, а дэмагога-папуліста.
Хто, як ня клясыкі-адраджэнцы, пачынаючы з Багушэвіча, апэлявалі да народных крыўдаў ды боляў? Вось урэшце народ і азваўся, прыйшоў да выбарчых скрыняў — менавіта такі, якім яго і ўяўлялі клясыкі. Конча скрыўджаны ды з каўтуном у валасах. Што ж інтэлігенцыя? У яе было два варыянты рэагаваньня — або прызнаць сябе целам ад цела народнага, як зрабіў Лукашэнка, як зрабіў бы Багушэвіч. Або кінуць праз плячо — "народ памёр", ды распачаць актыўна "адстройвацца", як кажуць рэклямнікі. То бок, насунуць свае чорныя брылі a la рэтра з ваенторгу ды пакруціцца ў Брусэль касіць пад агентаў супраціву. Апошнім афіцыйная апазыцыя актыўна і занялася.
Посьпех Лукашэнкі тлумачыўся імі ледзь не пабочным прадуктам непаразуменьня. Маўляў, вырвалася ў дырэктара саўгаса ў хвіліну слабасьці нечакана-праўдзівае пра запушчэньне заводаў, а яго не зразумелі ды выбралі ў прэзыдэнты. Самі ж яны зрабілі стаўку на "правільнасьць" — на цалкавітае датрыманьне "тэхналёгіі" палітычнай барацьбы, як трактуюць яе апазыцыйныя экспэрты, што начыталіся заходніх брашурак.
Травеньскія прэзыдэнцкія выбары падвялі пад гэтымі пяцігадовымі экспэрымэнтамі апазыцыі крэс. Лібэральны інструмэнтар цалкам вычарпаў увесь патэнцыял сваёй эфэктыўнасьці. Ніхто з традыцыйнай апазыцыі ня можа ўцямна растлумачыць — што ж будзе ў Беларусі "па Лукашэнку".
А што ж будзе? Адказу ня знойдзеш у падручніках, яго не навучаюць на сэмінарах і трэнінгах.
Недзе ў 1996 годзе Сяргей Паўлоўскі зацеміў, што ў Беларусі няма ані ўласнай палітыкі, ані нацыянальных палітыкаў. Тое ж можна паўтарыць і сёньня. Зьмяніліся хіба толькі "ірацыянальныя чаканьні", як любяць па-навуковаму выслаўляцца "экспэрты апазыцыі". У 1996-м "дэмакратычная грамадзкасьць" трызьніла вулічнай рэвалюцыяй, у 1999-м жа — путчам. Толькі вось ані першаму, ані другому лібэральныя "падручнікі посьпеху" ня вучаць.
Сяргей Шыдлоўскі